ПАДЗЕМНАЯ ОДА
Яшчэ ў 2003 годзе Віктар Аслюк стварыў кароткі фільм «Шахта» пра знакамітыя калійныя падзямеллі Салігорска. Новая версія гэтага вобраза паўстала ў аўтарскім рэмэйку «Шахцёры» (сцэнарый Вольгі Дашук, 39 хв., 2018 г.).
Фільм пачынаецца з «кухоннай» размовы. За кубачкам гарбаты шахцёрскі дуэт — «паляшук Уладзімір Міхайлавіч, які нічога не баіцца», і яго сын — разважае пра звычайнасці абранай прафесіі. Гэты хатні пралог перапыняецца статычнай панарамай, дзе мірна суіснуюць вертыкалі індустрыяльнага гмаху і гарызантальная паверхня вады.
Але асноўнае дзеянне новай стужкі Віктара Аслюка, дакладней, экзістэнцыйнае быццё, працякае ў лабірынце салігорскай шахты. Эпізод спуску ў яе — накшталт назірання за падзеннем у вузкі цёмны калодзеж. Чуллівая камера аператара Анатоля Казазаева фіксуе ўнікальны момант, калі на тварах шахцёраў знікае ўсмешка, а ў вачах нарастае напружанасць. Аналагічная псіхалагічная мадуляцыя — ад вонкавага спакою да глыбіннай засяроджанасці — паўторыцца зноў, калі шахцёры адправяцца па артэрыях шахты да месцаў працы.
Канфлікт у фільме невідавочны. Ён пульсуе на сутыкненнях выяўленчай пластыкі і сэнсавых нюансаў. Велічная прыгажосць рэльефу шахты зіхаціць тэмбрамі фарбаў: то глыбокі чырвоны, то жамчужна-ружовы, то няўлоўна шэры ці раптам брутальны белы. Аднак для шахцёраў гэта суцэльная глухая сцяна, што гадзінамі вісіць перад вачыма. І ўвесь час нічога іншага, акрамя гэтай вельмі прыгожай, прынамсі на кінаэкране, сцяны.
Тут ніхто не свідруе адбойнымі малаткамі скамянелую пароду. Металічныя лопасці паўзучага экскаватара акуратна зразаюць тонкія пласты з тысяч крышталікаў солі, пакідаючы рытмічныя круглыя адбіткі на сценах калійнага тунэлю. Шахцёры моўчкі кіруюць машынерыяй і дыхаюць эканомна («шмат пылу, паветра не хапае»). Іх рэдкія кароткія фразы патанаюць у манатонным гуле. Так мінае змена — звычайны працоўны дзень ці ноч (пад зямлёй усё адно).
Магутная прырода не аддае свае скарбы без супраціву. Бляск крышталю, спрасаванага ў глыбіні зямлі, насамрэч атрутны. Таму шахта — фактычна пекла для чалавека: скупое штучнае асвятленне, дэфіцыт паветра і солевы пыл, які кладзецца нябачнай пудрай на скуру.
Драматычная танальнасць у фільме праступае, нібы тая калійная соль, на дэталях-акцэнтах: калючы іней з крышталікаў у вузкіх праменьчыках святла, кволыя маскі з тонкай тканіны дзеля абароны дыхання, бярушы ў вушах, рэзь у вачах, камбінезоны, што робяцца кардоннымі ад солі напрыканцы змены. Рэдкія жартаўлівыя пасажы шахцёраў узмацняюць адчуванне штучнага аптымізму.
У фільме выразна адчувальны рэжысёрскі почырк Віктара Аслюка — няспешнасць разгортвання вобраза, нешматслоўнасць, «візуальная тактыльнасць». І ўсё ж кінатвору не стае спрасаванасці, згушчэння, адмысловай «цяжкасці дыхання», якую пастаянна адчуваюць героі, што працуюць у калійных сутарэннях. Да драматычнага крэшчэнда не хапіла пары знакавых кадраў. Рэжысёр пакінуў іх у сваёй памяці: шахцёр здзьмухвае соль-пудру з ежы, каб тут жа ёй падсілкавацца; брыгада вырываецца з шахты, нібы лава з вулкана.
СЕНТЫМЕНТАЛЬНЫ ВАЛЬС
Пастаянная суаўтарка і спадарожніца Віктара Аслюка, Вольга Дашук зняла «Полацкі вальс» (39 хв.), які склаў экранную дылогію з яе фільмам «Кінааматар. Восеньскі сон» (2011).
Галоўны герой — кампазітар-аматар Васіль Граноўскі. Ён жыве самотна на краі вёскі. Гарод, пчолы, сажалка з карасямі, а над дахам пад нябёсамі — буслы, першыя слухачы саматужных песень Васіля. Калісьці ён скончыў фізкультурны інстытут, але скалечыў спіну ды змяніў спорт на музыку.
Драматургія фільма выбудоўваецца па прынцыпе «ад двара да двара», з хаты ў хату. Васіль наведваецца да суседзяў — удзельнікаў свайго вакальнага калектыву. Дакладней — удзельніц: сталых кабет з добрымі дзівацтвамі. Адна рыфмуе словы (падчас сялянскай працы «сачыняе песні»). Іншая апантана спрачаецца пра першаснасць прыпеву, але не запеву. Аднак спяваюць у кадры рэдка, няшмат і нядоўга.
У фільме часцей «прагаворваецца» выяўленне: занядбанае падвор’е (даволі характэрнае для паўночных беларускіх вёсак), старэнькі зялёны фургон для транспарціроўкі ўсяго і ўсіх (але ж сапраўдны «Фольксваген»!), зафарбаваная сівізна бабулек (важкі знак прыхарошвання — натуральнага жадання кабеты любога ўзросту), мясцовае свята (адчайная «п’яненькая» весялосць). Гэтая жыццёвая рэчаіснасць Васіля спакваля сумяшчаецца з яго мінулым. А яно «забуяла» чарнічнікам (здрада жонкі), непраходным хмызняком (дзяцінства): «Не паспеў аглянуцца, а ўжо ўсё адбылося».
Лірычная інтанацыя ў фільме Вольгі Дашук вальсуе з гумарыстычнай: Васіль звяртаецца да буслоў, каб ацанілі яго новы твор; ідзе ў заклад з суседам на зламаны тэлевізар. Камічны і адначасова кранальны эпізод, калі герой пакутуе над тэкстам гімну і ў рэшце рэшт жвава занатоўвае, прагаворваючы-абчэсваючы жардзіны «драўляных радкоў»: «Мы друг за друга — в огонь и в воду — наш славный и родной нефтепровод!»
«Полацкі вальс» — музычны опус Васіля Граноўскага — суправаджае фінал аднайменнай дакументальнай карціны Вольгі Дашук. Музыка кампазітара-аматара нібы зноў паўтарае аповед пра яго. Толькі ўжо не ад імя аўтара фільма, але ад уласнага імя героя.
Экранны расказ выбудаваны рэжысёркай як сентыментальная вандроўка побач з самотным, перыферыйным чалавекам па рэчаіснасці ягонага жыцця, калі сучаснасць знітоўваецца з мінулым у адсутнасці будучыні. А гэта ўжо адметны жанрава-стылявы прыём, то-бок прыкмета аўтарскага кіно Вольгі Дашук. Яна замыкае кола «Полацкім вальсам». Наступны крок — знайсці з гэтага кола
выйсце.
МАКАБРЫЧНЫ БАЛЕТ
Галіна Адамовіч — безумоўная фаварытка дакументальнай дзясяткі «Летапісу-2018». Яе фільм «Лебедзі» (41 хв.) — выключэнне з правілаў.
Рэжысёрка дзёрзка выскачыла са звыкла-ўтаймаванай плыні нашага дакументалізму. Парушэнне фармату (тэматычнага, жанравага, стылявога) прывяло аўтарку да... свабоды выказвання.
«Лебедзі» — амаль казачны пазыўны радыёстанцыі хуткай дапамогі ў Светлагорску. Такім чынам дыспетчар выходзіць на сувязь з белымі мікрааўтобусамі-«газелямі» з характэрнымі чырвонымі сімваламі.
Фільм Галіны Адамовіч — гэта рыўкі (ратаванне пацярпелых) і прыпынкі (паўзы паміж выклікамі). Гэта калейдаскоп лакацый (інтэр’еры жытла) і статыка казённага будынка станцыі хуткай дапамогі.
Пацыенты «хуткай» часам экстравагантныя («На якія лекі ў вас алергія?» — «На таблеткі». — «На якія?» — «На любыя». / «Зрабіце мне ўкол». — «Які?» — Як мінулым разам»), часам нават безаблічныя (вартыя жалю, бездапаможныя, дэзарыентаваныя). «Мы бачым людзей, якімі яны ёсць», — спакойна тлумачыць доктар — герой фільма. І мы, гледачы, таксама бачым азызлых і змарнелых, спалоханых і раздражнёных, голых і апранутых. Стан болю, жаху, разгубленасці, неадэкватнасці натуральны ў экстрэмальных абставінах раптоўнага адчування: «Млосна». У якасці супрацьвагі — прафесійная сканцэнтраванасць экіпажаў светлагорскай «хуткай»: дактароў, фельчараў, кіроўцаў.
Працаўнікі «хуткай» — усе сімпатычныя. І не журацца. Жартуюць і ратуюць. Ратуюць і ратуюцца. Хтосьці ў паўзах паміж выклікамі дрэмле перад тэлевізарам. Хтосьці «гартае» смартфон. Хтосьці практыкуецца на акардыёне. Гумар ды прыгаворкі — «самалячэнне» медыцынскіх работнікаў. А бадзёрае песеннае пасвістванне за кадрам (музычны лейтматыў фільма) — накшталт аптымістычнага падміргвання рэжысёркі.
«Лебедзі» скіроўваюцца ледзь не ў напрамку карнавальнай стыхіі, калі «верх» і «ніз» пастаянна мяняюцца месцамі. Тут процьма «персанажаў», твараў-«масак». Фантасмагарычныя кульбіты і экспрэсіянісцкія згушчэнні, абсцэнная лексіка і «сподні» гумар знітоўваюцца ў імклівым экранным паказе-аповедзе (шоутэлінгу). Тут пануе цялеснасць, дыянісійства, гіперрэалізм, за якімі насамрэч прыхаваная вострая сацыяльная драма.
Адлюстраванне брутальнай паўсядзённасці — не самамэта рэжысёркі. Менавіта ў такі стрэсавы свет апускаюцца дактары і фельчары хуткай дапамогі дзень і ноч. «Ні сям’і, ні радзімы, ні сцяга. Суткамі на працы», — жартуе адна з медсясцёр.
Галіна Адамовіч выбрала адкрытую сумленную пазіцыю. Яна выкарыстала мастацкі прыём ушчыльнення, гіпертрафавання, каб нарэшце адсунуць ліслівае люстэрка ды паказаць тое, што мы добра ведаем, але, як той казаў, баімся спытаць. У філіграннай, так бы мовіць — пуантылістычнай тэхніцы (акуратнымі «кропкавымі мазкамі») рэжысёрка паказала: каб загрузіць пацыента ў фургон «газелі», хуткай дапамозе патрэбная... дапамога — сваякоў, суседзяў, мінакоў. Машыны зношаны, медыцынскія прыборы заядаюць, выбар лекаў абмежаваны, заробкі нізкія.
А праблема зусім не правінцыйная. І мы бачым, чуем пра ўсё гэта з экрана. І апладзіруем аўтарцы фільма — сапраўды, у зале па завяршэнні сеанса неспадзявана загучалі гэтыя рэдкія для нашай сучаснай дакументалістыкі «пазыўныя» гледачоў.