Гэты інструмент належыць да арганаў баракальнага перыяду. Колькасць такіх арганаў настолькі малая, што іх можна пералічыць літаральна на пальцах адной рукі. На жаль, з тых часоў да нашых дзён дайшлі ў асноўным толькі праспекты, за якімі знаходзяцца інструменты больш позніх часоў, як, напрыклад, у Новай Мышы, Гродне, Лучаі, Парэччы і інш. Нягледзячы на шматлікія пашкоджанні, пра гэта гаворка пойдзе асобна, арган у Старых Васілішках захаваўся без аніякіх зменаў, за выключэннем механізма паветранагнятальных мяхоў. Гэта азначае, што, у адрозненне ад нямногіх арганаў баракальнага перыяду, якія захаваліся (напрыклад, у Будславе), у ім засталася цалкам арыгінальная дыспазіцыя. Гэты інструмент з’яўляецца тыповым прыкладам арганнага будаўніцтва XVIII стагоддзя ў Віленскай дыяцэзіі. Яно было звычайна прадстаўлена невялікімі, у межах 10-12 рэгістраў, інструментамі з адным мануалам без педалі. Некаторая колькасць інструментаў такога тыпу і сёння гучыць у касцёлах суседняй Літвы.
Арган у Старых Васілішках мае дастаткова працяглую гісторыю. Дакладных звестак пра яго майстроў няма, аднак па шэрагу прыкмет можна вызначыць, што ён выйшаў з віленскай майстэрні сям’і Янтцан, якія пабудавалі значную колькасць арганаў, у тым ліку і вялікіх. Некалькі захаваных праспектаў (на жаль, толькі праспектаў) можна і сёння ўбачыць у касцёлах Вільні. На тэрыторыі Беларусі гэтым прадпрыемствам выраблены самы вялікі з дайшоўшых да нашага часу арганаў баракальнай эпохі, які знаходзіцца ў Будславе.
Інструмент быў пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя, хутчэй за ўсё, для кляштарнага касцёла ў Васілішках. Дакладнай даты няма, але з архіўных крыніц вядома, што ў 1801 годзе ён быў перанесены з кляштара ў будынак драўлянага касцёла ў Старых Васілішках, дзе стаяў да 1905-га, то-бок да пабудовы новага касцёла, у якім і знаходзіцца дагэтуль. На працягу многіх гадоў арганам апекаваўся Антоній Выджыцкі — бацька вядомага музыканта Чэслава Немэна. Падчас дэмантажу ў ходзе рэстаўрацыі была знойзена труба з надпісам Выджыцкага, датаваным 1932 годам.
Пры савецкай уладзе касцёл быў зачынены. Арган застаўся без клапатлівага дагляду і быў вандалізаваны. Як кажуць жыхары Старых Васілішак, да яго разбурэння прыклалі рукі выхаванцы размешчанага паблізу інтэрната для дзяцей з псіхічнымі адхіленнямі. Вандалы папрацавалі настолькі актыўна, што не засталося ніводнай цэлай металічнай трубы. Больш таго, шмат труб было ўвогуле скрадзена: у некаторых рэгістрах выяўленыя страты да 50%. Акрамя вандалізацыі, інструмент атрымаў вялікія пашкоджанні праз натуральнае ўсыханне дрэва, у выніку якога драўляныя часткі пагнуліся і патрэскаліся. Апрача гэтага, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў у аргане вілі гнёзды птушкі: увесь інструмент быў пакрыты тоўстым слоем бруду, засыпаны смеццем, галінкамі, птушыным пер’ем і шкілетамі. Сакрыстыянін касцёла, пан Томаш, вельмі трапна назваў яго стан «Страшным судом». Цалкам лагічна паўстала пытанне: а ці варты ўвогуле гэты інструмент аднаўлення? Для дакладнага высвятлення абставін быў праведзены падрабязны агляд, які паказаў, што арган, за выключэннем паветранагнятальных мяхоў, не мае слядоў перабудоў; усе трубы, што захаваліся, — арыгінальныя, таму ў нас і з’явілася ўнікальная магчымасць аднавіць паўнавартасны баракальны інструмент. Такім чынам, праца была распачатая.
Першым этапам сталі поўны дэмантаж аргана (у касцёле заставаўся толькі корпус) і яго транспарціроўка ў нашу майстэрню ў Маскве. Далей працы з мяхамі, віндладай, механікай, клавіятурай. Ад нас патрабавалася ліквідаваць трэшчыны, выправіць пагнутыя часткі, а таксама нарасціць дэталі, якія ў выніку высыхання так моцна разышліся, што іх ужо немагчыма было злучыць. Давялося выканаць карэкцыю ўсіх круглых адтулін, якія з той жа прычыны сталі авальнымі. Скураныя часткі былі цалкам замененыя. У ходзе працы выкарыстоўвалася тэхналогія Дома Бедо (аўтара класічнай работы па арганабудаўніцтве XVIII стагоддзя), ёй карыстаўся будаўнік гэтага інструмента.
Характэрным прыкладам таго, з чым мы сутыкнуліся падчас працы, могуць лічыцца фігурныя бакавіны клавіятурнай рамы і рукаяткі рэгістравых уключэнняў. Іх растрэсканыя і месцамі адламаныя завяршэнні калісьці былі зробленыя ўручную. Таму для іх аднаўлення мы былі вымушаныя зрабіць індывідуальныя разцы, якія адпавядалі форме кожнага завяршэння. Што да дэкаратыўных бакавінаў клавіятурнай рамы, то іх неабходна было аднаўляць невялічкімі ўстаўкамі — як мазаіку. Частку матэрыялаў (напрыклад, каровіну косць для пакрыцця клавіш) патрэбна было замаўляць з-за мяжы.
Пасля рэстаўрацыі віндлады, механікі і клавіятуры і іх мантажу ў корпус аргана настаў час для аднаўлення труб. Як і падчас рамонту механікі, мы карысталіся прынцыпам поўнага захавання гістарычнага матэрыялу. Гэта азначае, што новую дэталь можна паставіць толькі ў выпадку адсутнасці арыгінальнай. У адносінах да труб гэта азначае ў тым ліку і тое, што, калі захавалася толькі частка трубы, яе неабходна ідэнтыфікаваць і інкарпараваць у новую трубу.
Аднак фізічная рэстаўрацыя была толькі часткай праблемы. Таксама мы мусілі аднавіць першапачатковыя камертон і тэмперацыю. Гэта стала дастаткова складанай задачай, якая патрабавала часу і разлікаў. Нарэшце атрымалася высветліць, што арган мае камертон 463 Гц (у летні час) і нераўнамерную тэмперацыю Werkmeister IV. Адкрыццём, якое найбольш здзівіла нас, стаў ціск: у гэтым аргане ён складае толькі 35-37 мм вадзянога слупа! Для параўнання: сучасныя арганы маюць як мінімум 60-70 мм. З такім надзвычай нізкім ціскам гук аргана не толькі запаўняе вялікую залу касцёла, але і дае цалкам моцнае фортэ. На момант напісання гэтага артыкула ў аргане працуюць сем рэгістраў з дзесяці. Інструмент ужо можна было неаднаразова пачуць не толькі падчас святой імшы, але і на канцэртах.
Такім чынам, у Старых Васілішках заканчваецца не проста капітальны рамонт, але навуковая рэстаўрацыя, якая дазволіла аднавіць сапраўдны баракальны інструмент ва ўсёй яго спецыфіцы. І вельмі важна, каб у далейшым гэты ўнікальны арган быў шанаваны, каб да яго ставіліся з належным клопатам і ўвагай, бо справа датычыцца не толькі асобна ўзятага музычнага інструмента, але і музычнай гісторыі, спадчыны каталіцкага касцёла і культуры Беларусі ўвогуле. А той факт, што засталося не так шмат некранутых рознымі ліхалеццямі інструментаў, толькі дадае пачуцця адказнасці за дадзены скарб.
Дзмітрый Лотаў