Інтарэс куратарак амаль навуковы — яны прапануюць аўтарскае назіранне за сям’ёй як сістэмай, змешчанай у часавую сістэму каардынат. Выстава — гэта практычны занятак па пошуку адказаў на пытанні: што адбываецца з сістэмай сям’і, калі адзін з важных элементаў сыходзіць або з’яўляецца новы; як гэта трансфармуе сістэму — неадкладна і з цягам часу; якія этапы праходзіць сістэма на працягу жыццёвага цыклу ад моманту яе зараджэння да распаду; як элементы сістэмы ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і ўплываюць адзін на аднаго.
Выставу адкрываюць тры праекты-дзённікі. Аўтар «Ціхіх дзён» — украінскі фатограф Юрый Салабай. Выбраўшы для праекта мову, блізкую да класічнай статычнай чорна-белай фатаграфіі, аўтар стварае вобраз часу чакання дзіцяці і першых дзён пасля яго нараджэння. Работы, якія ўвайшлі ў праект, з’яўляюцца старонкамі выдадзенага ў нядаўнім мінулым зіна.
Своеасаблівым адлюстраваннем працы Юрыя Салабая ў выставачнай прасторы стаў фотапраект Вольгі Савіч «Frautest». Яго назва капіруе брэнд экспрэс-тэста для вызначэння цяжарнасці і пры гэтым з’яўляецца трыб’ютам традыцыйнай ролі жанчыны ў грамадстве, жанчыны-маці. Frautest — гэта тэст на адпаведнасць, праверка жанчыны на «сапраўднасць». Тытульным аркушам становіцца выява экспрэс-тэстаў са станоўчым вынікам. Усё больш выразна праяўляецца другая палоска і стварае адчуванне нарастальнага напружання, якое дасягне свайго драматычнага максімуму ў аўтапартрэтах апошніх дзён перад родамі і вырашыцца палёгкай, фіксуючы першыя дні з нованароджаным.
Трэці праект-дзённік аўтарства мінскага фатографа Максіма Шведа — гэта фотаархіў, які фіксуе штодзённае жыццё сям’і на працягу многіх гадоў. Знаходзіцца ён у прасторы паміж мужчынскім і жаночым рэтраспектыўнымі поглядамі на чаканне дзіцяці — і ў апазіцыі да абодвух праектаў. Па форме гэта хутчэй вернакулярны фотаздымак з характэрнымі наіўнасцю і прамой дакументацыяй рэчаіснасці, у адрозненне ад чорна-белай арт-фатаграфіі, накіраванай на ўзаемадзеянне з эмацыйнай сферай. Фактычна гэта фотасправаздача аб жыцці сям’і, без факусіроўкі на нейкіх «спецыяльных момантах».
Тым не менш «Другая палова» — гэта праект-перакрут, які адным жэстам змяняе наша ўспрыманне ўбачанага і стаўленне да яго. Побач з аўтарскім тэкстам мы бачым адрэзаную частку фатаграфіі, на якой увасоблены толькі аўтар. Яго жонка і дачка засталіся на другой частцы, не бачнай гледачу. Гэта сімвал разрыву сувязі і аснова для галоўнага пытання: ці можна памяняць памяць, адмовіцца ад яе або адрэзаць непатрэбнае? Гэтае веданне змяняе наша ўспрыманне. Зноў вяртаючыся да архіва, мы больш не можам заставацца не далучанымі. Мы не проста разумеем, што гэтага жыцця больш няма, мы адчуваем, што сама памяць аб ім знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Яшчэ тры праекты выставы даследуюць адносіны паміж рознымі пакаленнямі адной сям’і. Усе яны пра тую ўнікальную сувязь, якая можа ўсталявацца паміж дзіцем і яго бабуляй.
У праекце «Leftover» Аксана Веніямінава раскрывае свет памяці праз прадметы, што засталіся пасля смерці бабулі. Нацюрморты напоўнены святлом і пустэчай; аўтарцы ўдалося дзіўным чынам перадаць адчуванне адсутнасці чалавека ў звыклай для яго абстаноўцы. Больш за тое, праект нельга назваць асабістым: усе прадметы пазнаюцца, іх універсальныя вобразы звяртаюцца да памяці некалькіх пакаленняў.
Трохі містычны мультымедыйны праект Васілісы Палянінай «Ларыса» распавядае пра новы этап стасункаў з бабуляй, што ўсталяваліся пасля яе смерці каля года таму. Відэаінсталяцыі і цэнтральная буйнафарматная выява працуюць на дэманстрацыю працэсу ператварэння рэальнага чалавека ў вобраз, які пасля змяняецца і ўсё менш яго нагадвае. Адмаўляючы разрыў пакаленняў, аўтарка паказвае трывалую нітку, што і цяпер звязвае яе з бабуляй. Метафарычная нітка ў праекце прысутнічае прадметна — на ёй вісіць бабулін пярсцёнак, увесь спярэшчаны рознымі меткамі, пакінутымі жыццём. Пярсцёнак — яшчэ адзін знак, абярэг, праз які аўтарка нібы глядзіць на сябе бабуліным позіркам.
Трэці праект, прысвечаны гэтай тэматыцы, — «Грамадства Шчаслівай Смерці» Андрэя Анро — ужо ў першых радках тэксту задае тон выказванню і змацоўвае ўсе прадстаўленыя аб’екты адзіным клеем: цуд, смерць, жаль, боль. Праект эмацыйна амбівалентны: іронія аўтара ў дачыненні да бабулі — яшчэ жывой, але якая чатыры гады пасля смерці мужа знаходзіцца ў бесперапынным чаканні смерці, — пры бліжэйшым разглядзе аказваецца болем заўчаснай страты. Глядач назірае парадокс: фізічнай смерці яшчэ няма, а адчуванне страты ёсць.
У аснове праекта вядомай чэшскай фатографкі Дзіты Пепе «Аўтапартрэт з мужчынамі» ляжыць магчымы, але неіснуючы сцэнар: «Што, калі...». На працягу больш чым 15 гадоў аўтарка даследуе, як ідэнтычнасць чалавека можа змяняцца пад уздзеяннем людзей, адносін і абставін. Праект складаецца з мноства аўтапартрэтаў мастачкі. Яна адлюстроўвае сябе ў якасці жонкі або партнёркі рэальных мужчын з розных слаёў грамадства. Дзіта пераймае эстэтыку жыцця мужчыны, спрабуючы ўявіць, як магло б выглядаць іх сумеснае жыццё. Фактычна яе праект — гэта тыпалогія чэшскай сям’і, кожная фатаграфія праўдзівая: рэальныя мужчыны, рэальныя рэчы, адзіны гульнявы элемент у іх — сама аўтарка.
Яшчэ адзін еўрапейскі праект на выставе прадставіла Таня Зомер з Іспаніі. Гэта больш за дзевяцьсот здымкаў, зробленых на працягу чатырох гадоў і выбудаваных у слайд-шоу ў храналагічным парадку. У фокусе ўвагі аўтаркі — яна сама і яе муж, пара, якая прыняла рашэнне нарадзіць дзіця з дапамогай сурагатнай маці. Гэта аб’ёмны дзённік назірання за прыродай сям’і, рэгулярны і хваравіта сумленны.
Паслядоўная структура праекта стварае наратыў, з дапамогай якога аўтарка гутарыць з гледачом. Аднак мова апавядання не абмяжоўваецца логікай пабудовы секвенцый, у мастачкі шырокі арсенал: мы бачым, як змяняецца свет у кадры з охрыстай палітры галандскага жывапісу на ясны і чысты, калі ў сям’і з’яўляецца дзіця; надпісы на вопратцы герояў абвастраюць тое, што адбываецца ў кадры; знарочыстая інтымнасць дзённікавай формы ўзмацняецца кінематаграфічнасцю гісторыі. Аўтарка жанглюе катэгорыямі «блізка-далёка»: падпускаючы гледача на максімальна кароткую дыстанцыю, адначасова з гэтым дэманструе адчужанасць, недасягальнасць свайго ўнутранага стану; яго змены можна зафіксаваць толькі з дапамогай фармальных прыкмет.
Архіўны праект «Please return», прадстаўлены Анастасіяй Маркелавай з Масквы, — гэта гімн выпадковасці і натхненню фатографа. Падчас сямейнага падарожжа па Шры-Ланцы ў адной з антыкварных крам аўтарка ўбачыла невядомы фотаархіў, мастацкая каштоўнасць якога не выклікала сумневаў. На адной з фотакартак было напісана «Please return» (просьба вярнуць), што было зразумета і прынята аўтаркай як заклік да дзеяння, містычная просьба зніклай сям’і аб захаванні памяці.
Анастасія Маркелава вярнула да жыцця памяць пра сям’ю Растаў, апошняя прадстаўніца якой пайшла з жыцця амаль дзесяцігоддзе таму. Праз стагоддзе фатаграфіі бацькі сямейства, Джуліяна Раста, мастака, фатографа і філантропа, увайшлі ў арт-праект і склалі фотакнігу. Жыццё незнаёмай сям’і стала вель-
мі асабістым перажываннем аўтаркі і, па яе словах, дапамагло ўсвядоміць сувязі, якія яе лучаць з членамі ўласнай сям’і.
Выстава арганізаваная пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, амбасады Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў.