СВЕТ ПАСЛЯ АЗГУРА
Так, Азгур — наш герой... Музей-майстэрня — не толькі і не проста мемарыяльная, але і манаграфічная інстытуцыя. Наш збор уключае выяўленчыя калекцыі і прадметы, якія маюць дачыненне да асабістага, прыватнага жыцця мастака. Азгур супаў, быў мабілізаваны XX стагоддзем. Яго творчая спадчына — гэта XX стагоддзе «ў асобах», гэта яго выбар. Унікальная сітуацыя. І мы працяглы перыяд пазіцыянавалі сябе як «музей эпохі, музей эпосе». А затым наступіў этап арт- і іншых уварванняў.
Сучасны мастак, які прэтэндуе на рэалізацыю ў музеі-майстэрні, урываецца ў прастору Азгура. Па сутнасці, працуючы з музейным зборам, ён даследуе мінулае. Гэта шлях пошуку новых сэнсаў, рэінтэрпрэтацыя, што актуалізуе традыцыйны музей. І гэта вялікае шчасце, калі спадчына становіцца важнай для сучаснага аўтара не менш, чым для гісторыі мастацтва або музейшчыкаў. Гэта ўзаемная праца, узаемнае набыццё і развіццё. У гэтым выпадку ўзнікае сінергія, і наша экспазіцыя не ўспрымаецца як дэкарацыя.
Мы сапраўды адкрываліся як мемарыяльная інстытуцыя, але ў працэсе эксперыментаў (увядзенне новага візуальнага шэрагу, гуку, пластыкі) усвядомілі, што мадэль музея-трансформера, якая спалучае мінулае і сучаснасць, — наша мадэль. Актыўна абмяркоўвалася канцэпцыя стварэння на базе музея Азгура Беларускага Цэнтра скульптуры. Але менавіта цяпер мы разумеем, што паспяховая наша будучыня — у сінхронным збалансаваным развіцці дзвюх платформ: мемарыяльнай — як Месца памяці, і эксперыментальнай — «Азгур Мадэрн».
Хачу падкрэсліць: баланс — ключавая пазіцыя. Як коратка ахарактарызаваць гэтыя дзве канцэнтрацыі? Прадмет даследавання і прэзентацыі на платформе Месца памяці — асоба Заіра Азгура і захаваных ім сучаснікаў у гістарычным кантэксце, у руху часу. Напаўненне — навукова-фондавая, даследчая дзейнасць, суправаджэнне пастаяннай экспазіцыі, інтэрнэт-праекты «Тое, што памятаем...», «#азгур_в_деталях», «#У_майстэрні» і іншыя. І, вядома, свая выставачная лінейка: праекты «Прыватныя зборы», «Манаграфія», «Археалогія беларускай фатаграфіі». У межах эксперыментальнай платформы прадмет прыцягнення іншы — аб’ём («скульптура ў пашыраным сэнсавым полі», інсталяцыі, арт-аб’екты, перформансы, медыя-і відэа-арт, саўнд-арт) і прастора, спосабы і формы іх узаемадзеяння.
«Азгур Мадэрн» — творчая лабараторыя, адкрытая для выказванняў сучасных мастакоў, прастора пластычных і перфарматыўных практык, адкрытая дыскусійная і камунікатыўная пляцоўка. Пералічу некалькі скразных праектаў: «Адкрытае мастацтва», «Скульптурнае асяроддзе», «Музей + Тэатр», «CІNEMASCOPE», «АзгурФест» і інш. Асобны прадмет гонару — адукацыйны праект «Azgur school»: аўтарскія курсы Яўгена Колчава, Валянціна Борздага, Уладзіміра Парфянка.
Дарэчы, сёння мы рассталіся з сентэнцыяй «музей эпохі, музей эпосе» і гатовыя сцвярджаць, што музей-майстэрня Азгура — музей пра чалавека і для чалавека. Наяўная прастора правакуе на разважанні пра тое, хто мы, для чаго ці каго мы, куды мы ідзем і навошта... Пытанні, актуальныя ва ўсе часы і эпохі. Столькі партрэтаў, столькі біяграфій, мадэляў пражывання свайго жыцця ў мастацтве і па-за ім.
КУЛЬТУРНАЯ ПАЛІТЫКА СЁННЯ ІСНУЕ ТОЛЬКІ ЯК ТАКТЫКА
Сучаснае мастацтва і культурная палітыка маюць велізарны патэнцыял для развіцця грамадства, проста бязмежны, невычэрпны. Але, як правіла, культурная галіна разглядаецца як рэсурсная база. Тэатральная база, музейная, цыркавая і г.д. — гэтымі паняццямі аперуюць, бо яны прадметныя і зразумелыя, імі можна кіраваць. На абстрактным, канцэптуальным узроўні з творчай сферай не працуюць. Гэта тое жорсткае абмежаванне, якое не дазваляе займацца пытаннямі дзяржаўнай культурнай палітыкі як стратэгіяй.
Як перакласці, адлюстраваць арт-, музейныя практыкі ў лічбах? Нядаўна ў мяне быў досвед судотыку з сацыялогіяй. І я перад аналітыкай пацярпела поўнае фіяска. Магчыма таму, што тое, што мы робім, у вялікай ступені — эмпатыя, прастора пачуццёвая, перажывальная, бясконца рухомая і выключна суб’ектыўная.
Калі казаць пра камерцыйныя праекты, яны не прыносяць задавальнення, шчыра: не атрымліваюцца, дый камерцыйны поспех — не звышмэта або звышзадача. Дазволю сабе банальнасць: там, дзе дамінуючай з’яўляецца камерцыя, чыстага/высокага мастацтва быць не можа апрыёры. Адна з асноўных місій музейнай інстытуцыі — эстэтычнае выхаванне публікі. Таму можна сказаць, што на дадзеным этапе свайго развіцця мы канцэптуалізуемся, зрабілі больш жорсткай селекцыю, адбор і фармату, і кантэнту праектаў.
Узаемаадносіны эканомікі і культуры, механізмы ўзаемадзеяння... Дастаткова складанае для мяне пытанне. Засяроджуся на плюсах. Дзяржаўны музей — некамерцыйная інстытуцыя, але можа займацца камерцыйнай дзейнасцю, і гэта плюс. Пазабюджэтны фонд, якім распараджаецца музей, — выдатная магчымасць стымуляваць супрацоўнікаў. Развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства — несумненна, плюс. Заахвочванне грантаўскай дзейнасці — відавочны плюс.
СПАЧУВАЮ ТЫМ, ХТО ПАВІНЕН КІРАВАЦЬ МАСТАЦТВАМ
Слова не заўсёды раўназначнае дзеянню. Скажае сэнс слова, думкі, пасылу фармальнасць, то-бок фармальная іх рэалізацыя. Я са спачуваннем стаўлюся да людзей, якім даводзіцца кіраваць гэтай складанай вытворчасцю — сучасным мастацтвам. Напрыклад, як можна кіраваць перформансам або перформерам? Як можна кіраваць працэсуальнай інстытуцыяй, што займаецца актуальнымі арт-практыкамі? Гэта неверагоднае напружанне і гэта гіперадказна. Не кожны можа разумець, гаварыць на мове гэтага мастацтва — а кіраваць як? Гэта ж жах!
У традыцыйным музеі ёсць свае непахісныя стандарты: наратыўная экспазіцыя, экскурсіі і лекцыі — усё гэта добра, надзейна, чакана і зразумела. Але як толькі ў кананічную прастору ўводзяцца/усталёўваюцца нестандартныя формы працы з прадметамі мастацтва, публіка рэагуе — яна з падобнымі фарматамі не знаёмая, а людзі любяць вядомы свет звыклых рэчаў і паняццяў. Як правіла, класічныя музеі — свет спакою і гармоніі, але будучыня не за наратыўнымі экспазіцыямі. І атракцый/атракцыёнаў таксама не павінна быць у музеі, я мяркую.
Можна нетрывіяльна распавесці аб мінулых эпохах праз музейны прадмет, і гэтая рэінтэрпрэтацыя абавязкова знойдзе свайго адрасата, будзе пачутая нашымі сучаснікамі.
ЧАСАМ НАСТАЎНІК МОЖА БЫЦЬ ЖОРСТКІМ
Ірына Мікалаеўна Паньшына, што працавала намесніцай дырэктара па навуцы Нацыянальнага мастацкага музея, — чалавек, які мае дачыненне да майго прафесійнага фармавання, хоць у нас не было прамога супрацоўніцтва. Але на маё стаўленне да культуры, да музея, да музейнага прадмета яна паўплывала непасрэдна і несумненна.
Раіса Іванаўна Уласава — навуковая кіраўніца майго дыплома ў Санкт-Пецярбургскім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна. Яна вучыла мяне працаваць са словамі/сэнсамі. Гэта было выдатна-пакутліва. З таго, што засталося ў памяці назаўсёды: два аркушы тэксту, якія я пісала два тыдні, і рэзюмэ кіраўніка — адна геніяльная фраза. І яшчэ на працягу доўгага перыяду яна неаднаразова вяртала мне адзін абзац тэксту, таму што ён быў недастаткова добры. Пасля ўсіх карэкціровак Раіса Іванаўна пераставіла адну коску, і толькі шмат пазней я зразумела, наколькі сапраўды гэта было не толькі інтанацыйна, але і па сэнсе. Лёсавызначальная для мяне сустрэча! Яна была сапраўднай гранд-дамай, цудоўнай, і гэта цуд, што яна ўпусціла мяне ў сваё жыццё.
У музейным свеце эталон для мяне — Ірына Антонава, экс-дырэктарка Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў ім. А.С. Пушкіна. Прафесіяналка, чалавек прынцыпу. Ва ўсім, што рабіла і працягвае рабіць, яна вельмі пераканаўчая, і гэта так крута. Я часта думаю пра гэта: калі ты робіш добрую справу, калі ў цябе добрыя, проста крыштальныя ідэі — што за страх або асцярогі, чаму не павінна атрымацца?!
КАЛІ ГЛЯДАЧ НЕ НАСТРОЕНЫ НА ЎСПРЫМАННЕ, МАСТАЦТВА ТРАЎМУЕ
Радыкалізм у мастацтве, вядома, заўсёды на карысць. І мастак-радыкал — герой, але асуджаны герой. Ён разбурае ўсе клішэ і шаблоны, і адпаведна не можа быць мілым і пяшчотным. З апошняга. Павел Вайніцкі (адкрыты выставачны праект «+Шкло», пачатак у 2018 годзе). Па словах Паўла, ён думаў пра арт-інтэрвенцыі з першай сустрэчы з музеем. У выніку мастак сапраўды зрабіў замах, нават разбурыў пэўныя глядацкія стэрэатыпы: вось ёсць класічная скульптура і ёсць выдатны матэрыял — шкло, якое не патрабуе многага: правільнае асвятленне — і ў выніку выдатны дэкаратыўны элемент у пастаяннай экспазіцыі. Але замест таго каб падабацца, быць прыемным гледачу, Павел стварыў аб’екты, якія гледача кранаюць. У музей традыцыйна ідуць па рэлаксацыю, па задавальненне, а папрацаваць над сваім успрыманнем — гэта ж цяжка! І ў выніку — траўма, і, зразумела, узнікае пытанне: за што?
Радыкальны мастак, вядома, прастору зачышчае. Ён вызваляе месца для будучыні. Уявіце, што вы міла гуляеце ў мілай зале... Але я — прафесійны і дасведчаны глядач, і музейная экспазіцыя мяне павінна ўзбуджаць. У адваротным выпадку стаўлюся да месца чыста тэхнічна: як прэзентуецца і суправаджаецца экспанатура, як выстаўленае святло і зрэжысаваны гук, якая праца музейнай службы. Калі няма агульнай драматургіі прасторы, работы з творам мастацтва, мне гэта не цікава. Пытанне толькі ў тым, ці гатовы глядач узаемадзейнічаць з сучасным мастацтвам, з сучасным музеем, калі будзе гатовы і ў якой меры.
АМБІЦЫЙНЫ МАСТАК ПАВІНЕН ВЫХОДЗІЦЬ НА СУСВЕТНУЮ СЦЭНУ, АЛЕ ДАКЛАДНЫХ АЗНАЧЭННЯЎ НІ Ў КАГО НЯМА
Калі яго амбіцыі апраўданыя, вядома, ён павінен выйсці з ценю і зрабіць сваё выказванне максімальна публічным. Падобнае выказванне не для прыватных, лакальных, але для вялікіх прастор. Цяпер — узрушальны час, калі сышла састарэлая тэрміналогія, змяшаліся ўсе вызначэнні і няма такіх магутных аднародных тэндэнцый, з’яў, як гэта было раней.
Напрыклад, вельмі цікава, як будзе працаваць калектыўны куратар у расійскім павільёне ў Венецыі — то-бок Эрмітаж, інстытуцыя ў якасці куратара. У Беларусі арт-інтэрвенцыі, рэалізацыя сумесных праектаў — ініцыятыва мастакоў. Самі музеі да гэткіх сур’ёзных навацый яшчэ не гатовыя. Але калі партнёрства будзе прапанавана, мне здаецца, інстытуцыі адкажуць «так».
У сучасным мастацтве мяняецца парадыгма. Назіраюцца спарадычныя праявы, якія немагчыма пакуль класіфікаваць. Мы — у гісторыі, мы чакаем, знаходзімся ў прадбачанні чагосьці новага. Калі ўбачым? Адкрытае пытанне.