ПРЫЙШЛІ ІНШЫЯ ГЕРОІ
Усе мы прывыклі да сітуацыі, калі тут цяжка нешта рабіць і нельга выйграць «Оскар». Дык вось, прыйшлі людзі, на шчасце, не знаёмыя з мясцовымі аўтарытэтамі. Вырасла іншае пакаленне, якое пляваць хацела на абмежаванні. Яны проста едуць, як Андрэй Куціла, і атрымліваюць галоўны прыз на лепшым у свеце фестывалі дакументальнага кіно. І ён ведае, што калі захоча паказаць свой фільм у Мінску, то дамовіцца з лепшай пляцоўкай, запросіць журналістаў і яшчэ куча знаёмых даб’юць яго пытаннямі, чаму яны туды не патрапілі. І тое ж самае ў фатаграфіі.
Усім здавалася, што мы жывем у свеце — умоўна — Земфіры і «Мумій Троля», а потым мы раптам убачылі, што гэты свет знік гадоў дзесяць таму. Іншы інфармацыйны пухір, іншыя героі ў нас. І мы павінны зразумець, ці бачым мы іх, ці патрэбныя яны нам. Яны ўжо самі пабудавалі іншы свет, у іх ёсць свае пляцоўкі і прыхільнікі. І гэта тая новая рэальнасць, якую трэба проста прыняць. Або застацца ў старым, «выдатным» свеце, са звыклымі героямі, са звыклымі «нельга» і «не пусцілі». Толькі ўсё гэта перакрэслена, яно рассыпалася. У прах.
Так, сфармуляваць проста, але складана прызнаць і жыць з гэтым. Гэта цяжкі выбар: застаешся ты ў камфортным свеце, дзе быў каралём сярод «нельга», ці ты кажаш: не, усё можна. Гэта той выбар, які даследуе Святлана Алексіевіч у кнізе «Канец чырвонага чалавека». Як чалавек можа прызнаць, што ўсё жыццё ён верыў, а потым аказалася, што верыў у лухту сабачую, і жыццё выдаткавана на глупства? Гэта геройскі ўчынак. Здавалася, схемы былі татальныя, але цяпер яны не працуюць.
Час сціснуўся, час паскорыўся, інтэрнэт перамяшаў усе карты...
Вядома, мы гэты свет не ўсведамляем і не разумеем, дзе будзе прыпынак, дзе знізіцца тэмп, каб мы паспелі зразумець, што адбываецца, — не праз 10 гадоў, а цяпер.
ПРАДУКТ, ЯКІ МЫ ВЫРАБЛЯЕМ, — ГЭТА КАМПОСТ
Месяц фатаграфіі ў Мінску (МФМ) вельмі ўпісваецца ў канцэпцыю зменаў. Як ініцыятар фестывалю, я для сябе сфармуляваў так: Месяц — гэта фігня. Кропка. Гэта выдатная шырма, тусоўка, усё добра, усе сабраліся, але гэта вітрына. Прыкладна 10% таго, што мы робім.
Толькі апошні фестываль прайшоў як фестываль у яго класічным разуменні: з куратарам і архітэктарам, якія разам працавалі над тым, як зрабіць экспазіцыю, з чаго глядач пачне прагляд і дзе скончыць, дзе будуць святло і гук. Гэта Дзіна Даніловіч і Валерыя Мартынава.
Усё галоўнае ў МФМ зрушана ў бок Бюро. Гэта ў першую чаргу выдатная калекцыя фатаграфій, якая, на шчасце, увесь час папаўняецца і дае прыклад, як павінна выглядаць кожная публічная калекцыя. Усе сканавана, ляжыць у інтэрнэце, ёсць апісанні і ёсць просты доступ. Тое ж самае з адбіткамі. Вось-вось з’явіцца месца, дзе можна будзе ўсё паглядзець і папрацаваць з імі.
Так, наша публічная калекцыя павінна стаць музеем. Да гэтага любая спроба атрымаць прастору для музея была ўтапічнай: проста атрымаць месца — гэта ж нічога не значыць. Дапусцім, яно ў вас ёсць, заўтра адкрыццё, і... Мы атрымліваем лубок: зноў прынеслі, хто што мог, дырэктар ці куратар павесілі сваё. Гэта ж не з таго боку ўваход! Не трэба праз сувенірную краму спрабаваць! Але калі з’явяцца калекцыя, дапусцім, з 1500 фатаграфій і хоць бы 50 імёнаў, я ўпэўнены, што з’явіцца і цікавасць прыняць, мець такое. Таму што гэта важна. Гэта дае аўтарытэт. І гэта лагічнае развіццё падзей.
Другая частка — прэмія Бюро. Яе вельмі бракавала. У журналістаў і крытыкаў не было прэмій, якія можна атрымаць за тое, што яны з дня ў дзень ходзяць на выставы і пішуць пра мастацтва. Таму мы падумалі, як адзначыць іх, як адзначыць куратараў, якіх наогул ніхто не бачыць. Бо гэта не фатографы: у нас ёсць шмат магчымасцяў паказаць сваю працу на фестывалях і перамагчы. І самае галоўнае ў прэміі — мы прыдумалі намінацыю «За ўклад у беларускую фатаграфію». Каб можна было адзначыць уклад чалавека яшчэ пры жыцці, а не ў некралогу.
Трэцяе — гэта кнігі. Як пункты адліку. Дарэчы, пры падрыхтоўцы апошняй — «Юрый Васiльеў. Служыць фатаграфii» — аказалася, што ў архіве Юрыя Сяргеевіча было адсканавана ўсяго 20 фотаздымкаў.
Сёлета ў канцы верасня з’явіцца вялізны талмуд па гісторыі фатаграфіі. Антаніна Сцебур і Ганна Самарская гэта прыдумалі, яны тры гады сядзелі ў бібліятэках і ў Архіве ў Дзяржынску і склалі каласальную працу па гісторыі фатаграфіі. Нелінейнай, паколькі лінейная гісторыя — гэта лухта. Адзін за адным, год за годам — гісторыя так не развіваецца. Ад рэвалюцый, ад войнаў, да людзей — і далей, далей, бліскавіцамі.
Як з’явіўся феномен Валерыя Лабко? З’явіўся чалавек — і вось яна, «новая хваля». Гэта хто-небудзь планаваў?! Не апарат, плёнка, рэактывы — мы ўсё гэта вывучым, і праз тры гады ў нас народзіцца вялікі фатограф. Не! Раптам паўстала ўнікальная асоба, і да гэтага часу ляцяць гэтыя пырскі, разыходзяцца кругі па вадзе.
Вакол кнігі будзе зламана шмат коп’яў: куратары вызначаць пункты прыцягнення, моманты, якія збіралі людзей, стваралі фэсты, публікацыі. Першыя часопісы і фотаклубы — гэта, дарэчы, не тое, што вы ведаеце. Гэта ўсё будзе змецена. Першыя, здаецца, у 1913 годзе пачаліся.
МФМ, то-бок прадукт, які мы фарміруем, — гэта кампост. Я доўга жыў з гэтай думкай і ўжо да яе прывык: мы ствараем кампост, а вось потым прыйдуць рабяты і пачнуць гарэзаваць — усё будзе зразумела, яны пачнуць будаваць новае. Прыняць сваю ролю, можа быць, самае складанае: так, мы працоўныя конікі, мы ў такі час нарадзіліся.
Яшчэ важна, што МФМ не бізнэс-схема, яе нельга механічна перанесці ў іншае месца. Гэта рамантычны сход спецыялістаў. Уся праца будуецца на дамоўленасцях. Інакш як можна растлумачыць, што Ігар Саўчанка падарыў у калекцыю фатаграфіі на 15 000 $? Каму гэта можна растлумачыць? Гэта не тлумачыцца. Вось узяў і аддаў. Вялікае шчасце, што мы ў нашай рэальнасці можам працаваць на чалавечых адносінах. Ты робіш важную справу, паказваеш — і цябе разумеюць. Мы дамовіліся, і гэта не карупцыя. Не той выпадак, што вось мы выдаем кнігі і зараз будзем на іх зарабляць. Не, уся «Бібліятэка МФМ» выкладзеная ў сеціва ў pdf-фармаце.
Усё даступна, калі ласка, карыстайцеся.
ПРА ЛЮДЗЕЙ, ЯКІЯ НЕ ТРАПЛЯЮЦЬ У НАВІНЫ
З маімі праектамі цяпер усё проста. Гэта значыць, што я бяру ўдзел у адным — «Unseen», арганізаваны Гётэ Інстытутам у Італіі. Такія праекты даюць галоўнае: ты пачынаеш тэму. Мы — фатографы з Італіі, Албаніі, Германіі і Беларусі — здымаем людзей, якіх звычайна не паказваюць у праграмах навін. Гэта клішэ, але іх можна назваць нябачнымі, забытымі. У Італіі гэта былі шахцёры на востраве Сардзінія. Там доўгая гісторыя: тысячы гадоў таму яшчэ рымляне здабывалі серу ў мясцовых пячорах. Потым прыйшлі тэхналогіі, усё гэта развівалася, але цяпер шахты зачыняюцца. Для вялікай колькасці людзей, якія нічога іншага рабіць не ўмеюць, гэта цяжкая гісторыя. Таму што на каменным востраве ў моры складана арганізаваць іншыя актыўнасці для гэтых людзей.
У Беларусі я здымаю тое, пра што марыў даўно: вясковыя інтэр’еры з 1950-60-70-х гадоў, дзе яшчэ няма еўрарамонтаў, пластыкавых вокнаў, залатых шпалер. Месяцы тры я пагружаны ў здымкі, і гэта «апошні вагон»: яшчэ пару гадоў — і ўсё гэта знікне. Усё забываецца: якія былі дзверы і столі, дзе віселі абразы і якія былі сямейныя фатаграфіі на сценах. Беларуская вёска змяняецца. Растуць гарады, у іх больш камфорту для людзей. Хоць лепш бы раслі вёскі і камфортныя ўмовы з’яўляліся там.
Першая выстава праекта будзе ў Мілане. Я вельмі хацеў пазбегнуць сітуацыі, калі мы спачатку едзем у забытыя месцы, а потым прывозім фатаграфіі ў свае прыгожыя сталіцы і радуемся, што добра папрацавалі. Мая інтэнцыя была ў тым, каб паказаць выставы ў тых месцах, дзе фатографы здымалі. У Беларусі мы прыдумалі, як гэта зрабіць, але ў іншых краінах я не ведаю, як гэта атрымаецца.
СТЭНЛІ ГРЫН БЫЎ ЖУДАСНА АДКРЫТЫМ
Яго я называю сваім настаўнікам, і гэты чалавек — адзін з тых, хто перакуліў маё разуменне фатаграфіі, жыцця, адносін (шматразовы лаўрэат World Press Photo, адзін з заснавальнікаў фотаагенцтва Noor Images, здымаў ваенныя канфлікты ў Афганістане, Іраку, Руандзе і інш. — рэд.). Першы раз я сустрэў яго ў Арменіі, падчас вучобы ў рамках курса WPP. Ён валодаў такой энергіяй, што толькі ўваходзіў у пакой, сядаў — і ўсе азіраліся. Гэтага немагчыма было не адчуць, гэтая хваля цябе збівала. Велізарны чалавек, чорны, у кольцах, у скураной куртцы, удзельнік «Чорных пантэр» (амерыканская леварадыкальныя арганізацыя сярэдзіны 1960-х — 1970-х гадоў. Адстойвала грамадзянскія правы чарнаскурага насельніцтва. — рэд.) — гэта ўсё ён. Мог распавесці біяграфію кожнага чалавека на сваёй фатаграфіі. Калі я зразумеў усё гэта, стала ясна, што ён ніяк не ўкладаецца ў вызначэнне «фотажурналіст». Так, ён прыносіць фатаграфіі ў газету, ён гэтым займаецца, але гэта толькі частка жыцця. У «Чорным пашпарце» — квінтэсенцыя.
Нават тынэйджары казалі, што гэта самае моцнае ў апошнім МФМ. Яны ходзяць у школу, ім 13, і яны сказалі, што гэта самае важнае з усяго паказанага ў асноўнай экспазіцыі Месяца.
Стэнлі Грын быў жудасна, абсалютна шчыры.
Пазней, на майстар-класе ў Італіі, ён сказаў, што не памятае, як клічуць яго адзінага сына. Гэта добра сведчыць пра чалавека: ён заўсёды быў на нейкай мяжы і як быццам крыху не тут. Напэўна, гадоў 15 назад заразіўся гепатытам. У расійскай турме, дзе былі хворыя на сухоты, ён здымаў без маскі. Ён працаваў на роўных са сваімі героямі.
Як з такім стаўленнем можна быць ілюстратарам і турбавацца, на дзве або на тры калонкі будзе твая карцінка? Гэта наогул не пра тое. Тады, у Манферата, мы шмат гаварылі пра фатаграфію — у класічным сярэднявечным горадзе, у замку. Быў такі досвед.
Гэта цуд, што мы паказалі яго выставу хоць бы пасля смерці, і яна дакладна пакуль адзіная на постсавецкай прасторы.
НЕЛІНЕЙНЫЯ ГІСТОРЫІ ПРА ВЕНЕЦЫЮ І НОВУЮ КНІГУ
«БЫВАЙ, РАДЗІМА!»
Мой удзел у арт-біенале ў Венецыі — прыклад той самай нелінейнасці, я і сваё жыццё так разглядаю. Спачатку мне прапаноўвалі ўдзел за грошы, і я адмовіўся: было не вельмі зразумела, што за праект, як гэта ўсё будзе. Але праз тыдзень я збіраўся ў Венецыю паглядзець біенале, таму ў адказе арганізатарам напісаў пра паездку і прапанаваў сустрэцца. Маім суразмоўцам выявілася дзяўчына Алеся з Беларусі, мы пагаварылі, яна ўсё мне распавяла, пазнаёміла з галоўным куратарам. Яны самі выбралі фатаграфіі, і я даслаў адбіткі па пошце. Прыемна ўсё ж вісець у добрай кампаніі, напрыклад побач з Сугiмота!
Калі я першы раз прыехаў у Венецыю на біенале, дапамог жанчыне несці валiзу — па мастах жа нязручна яе цягнуць. Аказалася, што мы ідзем у адзін дом, гэта сапраўдная вежа з некалькімі кватэрамі, і там жывуць арганізатары казахскага павільёна. Але мая знаёмая з валiзай была госцяй гаспадароў хаты. Мы пазнаёміліся, пагаварылі, і ў выніку маё «Паганства» паехала ў Нармандыю, у маленькі горад La Hogue. Так склалася. Усё складаецца фантастычна.
А вось з Валерам Лабко, на вялікі жаль, я не быў знаёмы — не склалася. Вакол яго заўсёды былі студэнты, усе яны нешта рабілі, абмяркоўвалі.
Калі б не Паша Мажэйка, я ніколі б не пазнаёміўся з Наталляй Дораш. Яна перадала ў калекцыю 114 фотаздымкаў, якіх ніхто яшчэ не бачыў. Жаночыя фатаграфіі 1960—70-х гадоў. Ты бачыш Гродна, але гэта ж Парыж, Берлін... Мяне яны прывялі ў шок: я ж ведаю, што там было і што адбывалася вакол, і я наогул не разумею, як гэта магчыма ?! І якія ж яны былі прыгожыя!
Маю новую кнігу «Бывай, Радзiма» дызайнерка Аня Налецка звярстала ідэальна. Але нейкая частка яшчэ патрабуе дапрацоўкі. Гэта шчасце, калі працуеш з лепшым дызайнерам у свеце і калі можна проста атрымліваць асалоду ад працэсу.
На жаль, фестываль высмоктвае ўсе сілы, але, калі б я выйграў яшчэ адну прэмію, кніга б з’явілася. Аднак пакуль яна спее, можна праз паўгода яе паглядзець, потым яшчэ раз сустрэцца з Аняй.
МАСТАЦТВА ПАДСВЕЧВАЕ БОЛЕВЫЯ КРОПКІ ГРАМАДСТВА
Ёсць разуменне мастацтва, якім яно было ў канцы XIX стагоддзя, і ёсць мастакі, якія праз мінімум 100 гадоў пасля яго знікнення працягваюць верыць, што ўсё засталося па-ранейшаму. Прыкладна як з «Чорным квадратам». Але эра чалавека, які сузірае свет, патупіўшы вочы, скончылася, і панеслася... Пачалося XX стагоддзе, і чалавек стаў пытацца: дзе мой самалёт, дзе тэлефон, я магу тэлефанаваць, я палячу ў Амерыку! І гэта ўжо немагчыма спыніць, загнаць назад. Сфармавалася светаадчуванне чалавека, які змяняе свет. Адбылася рэвалюцыя ў светаразуменнi, і паміж двума паняццямі пра мастацтва няма моста.
Зыходзячы з палярнага разумення мастацтва, адбываецца ўсведамленне, што цяпер яно займаецца вельмі шмат чым. Калі хочаш жыць у 2019 годзе, то трэба прыняць складаную логіку гэтага медыуму. Ён так развіваецца, так склаліся абставіны. Даць вычарпальныя вызначэнні даўно ўжо немагчыма, але мастацтва заняло актыўную грамадзянскую пазіцыю. Стала калі не шляхам, то спробай вырашэння сацыяльных праблем, тым святлом, якое падсвечвае болевыя кропкі ў грамадстве. Часам мінімальнымі сродкамі: напрыклад, канцэрт у дзве песні узрывае грамадства так, як нікому не снілася. Малавядомая група Pussy Riot — тое, што яна ўчынілi за шэсць хвілін у Храме Хрыста Збавіцеля, раскалола грамадства так, што да гэтага часу сабраць не могуць. Але і грамадства не застаецца ўбаку: пачынае паварот да простых рашэнняў, да папулізму, да чорна-белага свету. Грамадства напружваецца, а яго працягваюць казытаць, задаваць нязручныя пытанні. У нас такіх мастакоў мала, таму што ў РФ усё ж такі ёсць разуменне, што вось такі мастак Паўленскi, і ён можа дзівачыць. А ў нас па-ранейшаму прыгожыя рэалістычныя захады сонца на вернісажах. Гэта трэба прыняць і з гэтым жыць.
А мы павінны працаваць і ствараць кампост. Пісаць, чытаць, рабіць фатаграфію. У кожным МФМ ёсць такія праекты, якія ўмоўна можна назваць «сацыяльнымі». Напрыклад, праект Аляксандра Васюковіча аб хатнім гвалце, ён, дарэчы, таксама паказвае нябачнае жыццё ў сем’ях. Таму і я вярнуўся да вясковых інтэр’ераў — у многіх дамах цяпер вісяць карцінкі з Егіпта, але няма нават фатаграфій бацькоў. Разглядаючы «Дзявочы вечар» (група «VEHA»), глядач змушаны быў падумаць: а ў маёй бабулі таксама такое было, а дзе мой архіў? І гэта паўтаральная тэма — кожны можа прынесці свае фатаграфіі, сабраць архіў, дапоўніць. Маса падрабязнасцяў на гэтых здымках. У польскіх «Рытуалах пераходу» (Пшэмыслаў Пакрыцкi) бачныя застоллі ў сем’ях рознага дастатку. Але на хрэсьбінах бутэлькі з алкаголем схаваныя, і толькі выпадкова коркі на сталах засталіся. Таму што нельга было піць, гэта ж рэлігійны рытуал.
Упершыню ў нас сляпы чалавек стаў куратарам фатаграфічнай выставы: Наталлі Кавалевіч трэба было прысутнічаць у прасторы фізічна, хадзіць, адчуваць пахі, чуць гукі. Мы абмяркоўвалі з Наталляй, ці прыйдуць невідушчыя людзі, і яна сцвярджала, што прыйдуць. Калі ты даеш прыклад таго, чаго раней не было, гэтая думка пачынае жыць. Наталля выбрала гукі і пахі, мы ўключылі ў экспазіцыю пахі скуры і сухіх галінак у выставе Эдварда Кёртыса, пясок для тактыльных адчуванняў. Парфумер Ксенія Філіпава стала аўтаркай араматызацыі. Навошта былі жывыя і пластыкавыя кветкі ў «Кволай сiле» (куратар Матыяс Гардэр)? Каб невідушчы чалавек мог нешта адарваць або памацаць абсалютна законна. Гэта зноў пра вітрыну і пра больш глыбокія рэчы. І для мяне гэта таксама вельмі важна, вяртаючыся да тэмы кампосту.
Але я б не сказаў, што ў мяне пазіцыя асуджанага чалавека, не. Гэта стаўленне чалавека, які разумее, як ідуць справы. Цяпер. Магчыма, пазней гэта будзе па-іншаму. Нельга параўнаць фатаграфію з тэатрам і кіно — там патрэбна кааперацыя вялiкай колькасцi людзей. Але гэта з аднаго боку. А з другога, канцэптуальна, можна параўноўваць: мы жывем у той момант часу, калі фатаграфічны клуб мастацтва для снобаў-заўсёднікаў згарэў. Засталося папялішча. Можна працягваць сядзець там з шэрымі тварамі, але сцен жа няма! Гэта новая рэальнасць. Мы перамяшчаемся на машыне часу туды, дзе хацелася б жыць, — у 2019 год.