Тым больш усіх звязаных у Беларусі з кіно захапілі эмоцыі, калі з Амстэрдама прыйшла навіна: «Summa» стала лепшай у конкурсе сярэднеметражных стужак. Зняты на польскім Падляшшы фільм беларускага рэжысёра абышоў дзясятак іншых, больш дарагіх, больш насычаных падзеямі, больш палітычна ангажаваных. Знешне куды прасцейшая «Summa» прыйшлася даспадобы дасведчанаму журы мо праз тое, што ўяўляе сабою цэлы сусвет. Сусвет аднаго чалавека — і адначасова ўсяго чалавецтва.
Партрэт мастака ў старасці
«Summa» выглядае даволі сціпла. Пяцьдзясят хвілін (той самы сярэдні метр) назіранняў за жыццём вельмі пажылой, але яшчэ даволі моцнай і яркай асобы, мастака, да якога ў госці прыязджае маладая жанчына з Мінска. Падзеі разгортваюцца ў прыгожай і дагледжанай сядзібе, куды майстар пераехаў колькі год таму і дзе працягвае займацца творчасцю — маляваць і рабіць кніжныя ілюстрацыі. Зрэшты, сама сядзіба, вялікі стары драўляны дом, гаспадарчыя прыбудовы са стайняй, сажалка — усё выглядае як сапраўдны ўзор ландшафтнага мастацтва. Па рэжысёрскай задуме, з узорамі творчасці самога Струмілы глядач упершыню сутыкаецца дзесьці ўсярэдзіне стужкі, калі маладая сяброўка гаспадара наведвае зробленую са старой сінагогі выставачную залу ў суседнім гарадку. Знакаміты авангардным наробкам Анджэй Струміла раскрываецца ў фільме «Summa» не праз свае карціны, а праз сваю інтанацыю. «Summa» — гэта не столькі творчы партрэт або жыццеапісальны нарыс, колькі ўдумлівы позірк на доўгае і плённае жыццё.
На момант здымак галоўнаму герою, польскаму мастаку, які нарадзіўся яшчэ ў Вільні, было пад дзевяноста, яго наведвальніцы, беларусцы Марыі з Мінска, каля трыццаці, таму «Summa» відавочна пазбаўлена рамантычнага чынніка. Магчыма, закаханасць герояў адно ў аднаго і прысутнічае ў кадры, але не эратычнага, а мастацкага парадку, цяга адной творчай асобы да другой. Маладая дызайнерка Марыя знаходзіць відавочнае натхненне ў сціплай прыгажосці падляшскай прыроды, конях, якія з’яўляюцца адным са шматлікіх захапленняў мастака і якімі яна відавочна апантаная, у доўгіх, спакойных размовах за гарбатай. Гаспадар сядзібы, у сваю чаргу, не мяняе жыццёвы рытм, не падстройваецца пад госцю, ствараецца ўражанне, што ён і яго творчасць ужо належаць вечнасці.
Анджэй Струміла — вучань знакамітага заснавальніка польскага авангарду ХХ стагоддзя, ураджэнца Мінска Уладзіслава Стржэмінскага — паплечніка самога Казіміра Малевіча і Уладзіміра Татліна. «Summa» — тая ўнікальная стужка, якая, не ўдаючыся ў асаблівасці ды нюансы біяграфіі, абыходзячыся мінімум прыкладаў твораў, дае адчуць моц асобы мастака. Інтанацыі, эмацыйныя нюансы апавядаюць аб галоўным героі больш за біяграфічныя даведкі. Глядач атрымлівае ўнікальную магчымасць наблізіцца да яго на мінімальную адлегласць, убачыць моманты, што ўспрымаюцца інтымнымі, адчуць унутраную мелодыю вялікага талента. У «Суме» паказаная сустрэча старасці і маладосці, але яны суіснуюць разам у кадры, а не супрацьстаяць адно аднаму. Галоўны герой не выглядае на свой век — душа мастака заўсёды маладая, гаворыць нам стужка.
Паміж словамі
Фільм Андрэя Куцілы — справа тонкая, яна патрабуе вялікага экрана, а ад гледача — уважлівага, пажадана музычнага ўспрымання. Андрэй Куціла для стварэння настрою не выкарыстоўвае закадравай музыкі, гукарад суправаджае адмысловы шум ветру вакол сядзібы мастака. Гук непасрэдна на месцы здымак запісваў сам Андрэй Куціла, перазапіс выдатна зрабіў у Варшаве беларускі гукарэжысёр Арцём Бусел. Музыка ўсё-ткі гучыць, але ўнутры кадра — гаспадар дома слухае Баха, Сарабанду з «Сюіты для віяланчэлі №4 Мі-бемоль мажор». Менавіта з музыкай звязаны самы сімвалічны эпізод, які становіцца яе гучным фіналам: касета заядае ў магнітафоне, пажылы мастак дастае яе, адмотвае стужку, і Бах пачынае гучаць ізноў — жыццё працягваецца...
Карціна знаходзілася ў вытворчасці некалькі год, і яе аўтар вельмі неахвотна распавядаў пра ход яе здымак. Да апошняга моманту было незразумела, якой яна ўрэшце будзе. Першы варыянт фільма доўжыўся сто хвілін. Пасля таго як мастацкі куратар карціны, знакаміты польскі дакументаліст Яцэк Блавут параіў Андрэю Куцілу свайго вучня Паўла Клепача ў якасці мантажора, «Summa» нарадзілася нанава. Канчатковы варыянт складае палову ад першапачатковага хронаметражу, але ў ім засталося ўсё, што планаваў сам рэжысёр.
«Summa» стала больш ёмістай і сімвалічнай. Гэтая стужка — квінтэсэнцыя ўсяго папярэдняга этапу творчасці выпускніка журфака БДУ і Акадэміі мастацтваў Андрэя Куцілы, ад яго першага ўдалага фільма «Фокусная адлегласць» да тытулаваных «Днюкі» і «Гасцей». Рэжысёрскі стыль Куцілы існуе ў рэчышчы традыцыі беларускай дакументалістыкі апошніх дзесяцігоддзяў: камерны сюжэт, метад назірання як асноўны, адсутнасць закадравага каментара. Мантаж фільма пабудаваны на трапных момантах, што падгледзела камера самога Андрэя Куцілы — у сваіх працах рэжысёр абавязкова выступае і як аператар. Пераважаюць агульныя і сярэднія планы: аператар Куціла ідэальна выбудоўвае кампазіцыю кадраў, кожны з якіх варты быць нашчадкам класічнага жывапісу.
Анджэй Струміла часта называе сябе падданым Вялікага Княства, добра валодае ў тым ліку рускай мовай. Інтэрнацыянальныя героі і творчая група — «Summa» выглядае як добры прыклад глабалізацыі сучаснага кінамастацтва. І адначасова фільм Андрэя Куцілы, відаць, лепшы адказ на пытанне: «Што такое сучаснае беларускае кіно?» Каб дабіцца высокага мастацкага ўзроўню, сабраць айчынныя творчыя кадры, нашы кінематаграфісты вымушаны карыстацца дапамогай кінаіндустрый іншых краін, у дадзеным выпадку польскай. Каб дабіцца найбольшай мастацкай свабоды, аддаюць перавагу працы невялікімі групамі, ці, як Андрэй Куціла, у адзіночку, што адрознівае беларускі, хутарскі менталітэт. Нашы кінатворцы, як правіла, засяроджаны не толькі на героі, але спрабуюць адкрыць і сябе, свой унутраны свет. «Summa», такім чынам, сапраўдны твор мастацтва, бо адлюстроўвае і ўнутраны свет свайго стваральніка, лад яго думак і эмацыянальны настрой.
Асобным жанрам
«Summa» нездарма захапіла журы амстэрдамскага фестывалю: гэта ідэальнае кінамастацтва, у якім усё галоўнае, важкае, знаходзіцца не ў словах, а паміж. Лаканізм стужкі ўражвае — у ёй мінімум інфармацыі і максімум эмоцый, якія даюць прастору для разважанняў. Стужка вабіць філасофскім настроем — ад аповеду пра захад жыцця знакамітага мастака, знятага на кантрасце з зенітам маладой Марыі, глядач хутка пераходзіць да разважанняў пра імгненнасць жыцця наогул, свайго ў прыватнасці.
Наўрад ці аўтарка ідэі стужкі і суаўтарка сцэнарыя, вядомая беларуская мастацтвазнаўца Таццяна Бембель, па сумяшчальніцтве маці галоўнай гераіні Марыі Ціхаміравай, закладвала такі глыбокі сэнс у першапачатковы варыянт заяўкі карціны. Андрэй Куціла прыступаў да здымак у сядзібе Анджэя Струмілы, яшчэ не ведаючы, на якой гісторыі спыніцца, як будзе выглядаць сюжэт фільма. «Summa» — вельмі добры прыклад інтуіцыі мастака, у дадзеным выпадку аднаго мастака, які адчуў унутраную драму мастака другога.
Ад іншых карцін «Summa» Куцілы адрозніваецца спакойным, унутраным характарам адлюстраванай драмы, яе маштабам, камерным і глабальным адначасова. Слова «Summa» на лацінскай мове мае шмат значэнняў. Асноўнае з іх — вынік, канчатковы рахунак нейкай дзейнасці. Усё, што мы бачым у кадры, — якраз вынік жыццёвага і творчага шляху выбітнай асобы, шляху, блізкага да завяршэння, але яшчэ не скончанага. Адначасова «Summa» — гэта асобны жанр літаратуры, вядомы па аднайменных творах Фамы Аквінскага, Уільяма Акама, Станіслава Лема, суайчынніка і сучасніка Анджэя Струмілы. «Summa» Андрэя Куцілы — асобы жанр кінапартрэта, што становіцца люстэркам для ўважлівага і чулага гледача.