Адметная рыса беларускай прафесійнай тэатральнай культуры XVIII стагоддзя — шматмоўе. Не адно оперныя, але і драматычныя пастаноўкі выконваліся на розных мовах, у тым ліку і па-французску; асабліва шмат перакладалі і прыстасоўвалі пад мясцовыя патрэбы Бамаршэ, Вальтэра і Мальера; творы апошняга ставілі нават у школьных тэатрах (а з п’есай «Не па сваёй ахвоце лекар» у Забельскім школьным тэатры выкладчык-драматург Міхал Цяцерскі абышоўся настолькі своеадметна, што апярэдзіў «перапрацоўчую» моду на два стагоддзі; натуральна, французская класіка да сёння ладзіць іспыты беларускім пастаноўшчыкам). Наш тэатр кшталціўся і праз пошук, і праз перайманне, і праз навучанне.
У 1995 годзе суайчыннік Мальера прыехаў у беларускую сталіцу па тое самае — вучыцца: набываючы рэжысёрскую адукацыю, Фабрыс Карэй ацаніў тутэйшыя магчымасці і ўтварыў беларускае аддзяленне французскай тэатральнай асацыяцыі Demain le Printemps («Заўтра вясна»). Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Тэатро» на чале з мастацкай кіраўніцай Лідзіяй Манаковай, слынным беларускім рэжысёрам-педагогам, паўстала ў 2007 годзе. У ягоных шэрагах — артысты, рэжысёры, музыканты, перакладчыкі. Цяпер гэтыя ўтварэнні разам рупяцца пра беларускія стажыроўкі для франкамоўных выканаўцаў — прафесійных (яны доўжацца каля чатырох тыдняў) і непрафесійных (цягам дзевяці месяцаў). Штогод каля пяцідзесяці творцаў імкнуцца ў Мінск пераймаць і вучыцца, напрацоўваць досвед, завяршаючы курс увасобленымі «замалёўкамі з жыцця беларусаў і французаў, створаных беларусамі і французамі». Фабрыс Карэй сцвярджае, што перадусім ягоны праект існуе для культурнага абмену і шмат якія адукацыйныя адметнасці сучаснай Беларусі ён хацеў бы сцвердзіць у французскім побыце — прыкладам, агульны доступ да вывучэння замежных моў альбо музыкі.
Беларускай тэатральнай прысутнасці ў Францыі, краіне з велічнымі і прадстаўнічымі творчымі інстытутамі, вельмі паспрыяла Пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы на чале з заўзятым тэатралам, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Паўлам Латушкам. У 2014 годзе заўважнай падзеяй «Дзён беларускай культуры ў Францыі» зрабіўся паказ спектакля «Пан Тадэвуш» Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы пад ганаровым патранатам ЮНЕСКА на сцэне парыжскага тэатра МС93 (ён спецыялізуецца на пастаноўках усходняй Еўропы). Паэма Адама Міцкевіча гучыць на трыццаці трох сусветных мовах; для сцэнічнага ўвасаблення па-беларуску быў выкарыстаны пераклад Язэпа Семяжона, а для французскіх субцітраў — пераклад Рабера Буржуа. «Мы прывезлі Міцкевічу ў Парыж прывітанне з радзімы, на якую ён ніколі не вярнуўся і па якой сумаваў усё жыццё», — заўважыў рэжысёр Мікалай Пінігін, апавёўшы пра адметную дарэчнасць паказу, арганізаванага Пасольствам, бо якраз у 2014-м парыжскаму выданню «Пана Тадэвуша» зраўнялася 180 гадоў.
З «Дзён беларускай культуры ў Францыі» неўзабаве вылучыліся «Беларускія тэатральныя сезоны ў Францыі». Іх «першай ластаўкай», нязмушанай і лёгкай, у сакавіку 2016 года зрабілася лірычная камедыя Жана-Клода Іслера «Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў» у пастаноўцы Аляксандра Яфрэмава і калектыву сталічнага Тэатра-студыі кінаакцёра нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Французскі драматург таксама наведаў тэатр «Ад’яр» і засведчыў сваю здаволенасць высокім узроўнем сцэнічнага ўвасаблення. Падкрэсленай цікавасцю наведнікаў карысталася і выстава «Тэатр у плакаце» адзінаццаці сучасных беларускіх мастакоў. У чэрвені папулярны парыжскі тэатр Les Feux-de-la-Rampe («Агні рампы») прыняў спектакль Мікалая Пінігіна «ART» паводле вядомай інтэлектуальнай п’есы Ясміны Рэза. Яркае пражыванне сваіх роляў Алегам Гарбузам, Сяргеем Чубам і Паўлам Харланчуком-Южаковым, адметныя псіхалагічныя складнікі дачыненняў ансамбля персанажаў, трапнасць і нечаканыя павароткі рэжысёрскага прачытання выклікалі прызнанне публікі і пакінулі па сабе найлепшыя ўражанні.
У 2017 годзе мінскі праект «ТрыТфармаТ» «з аншлагам прадставіў Парыжу пацешную камедыю з меладраматычным фіналам» беларускага драматурга Сяргея Гіргеля пад назваю «13-ы гузік Напалеона». Рэжысёрка Таццяна Траяновіч удакладніла, што ігралі спектакль у зале Мэрыі 9-й акругі Парыжа недалёка ад Grande Opera (а гэта гістарычны гарадскі цэнтр). Памяшканне для паказу — нязвыкла невялікае, таму давялося памяняць мізансцэны і адмовіцца ад часткі дэкарацый. Экраны для перакладу на французскую перакрывалі пляцоўку, таму вырашылі пускаць цітры на столь. Французы назвалі гэтае рашэнне геніяльным, бо залу арганізавалі паводле прынцыпу амфітэатра: у першыя шэрагі запрасілі носьбітаў рускай мовы, а ў сярэдзіне на пад’ёме асталявалі месцы для франкамоўных гледачоў — каб зручней было засяроджваць позірк то на сцэне, то на столі. «Калі ў глядзельню панеслі дадатковыя крэслы, — распавяла Таццяна Траяновіч, — спадар Пасол здаволена адзначыў рэкордны продаж нашых квіткоў: зала мэрыі мусова змясціла каля 350 гледачоў. А мы... хваляваліся. Наш спектакль — камедыя сучасная. Яна вельмі аддалена мае дачыненне да гістарычнай тэмы. Калекцыянер, які апантана шукае трынаццаты гузік параднага мундзіра Напалеона (паводле легенды, гузік забяспечвае абсалютную ўладу над усім светам), у фінале знаходзіць сваё каханне. Але з самых першых рэплік глядзель-
ня засведчыла сваё паразуменне са сцэнай, так што давялося рабіць шматлікія паўзы — каб перачакаць выбухі рогату і апладысменты. А часам публіка рэагавала ў абсалютна нечаканых месцах! У дзень спектакля нам паведамілі: зала мэрыі да нашых паслуг толькі дзве гадзіны, таму давядзецца іграць без антракту. Але артыстам трэба пераапрануцца — чым заняць гледачоў хоць бы якіх пяць-сем хвілін? І тады Арцём Давідовіч, адзіны, каму не трэба было мяняць касцюм, на інвалідным вазку свайго персанажа выкаціў на сцэну і абвясціў музычную паўзу: пад акампанемент рэквізітнай балалайкі і музычнага інструмента, названага "казой", заспяваў шлягеры з рэпертуару Шарля Азнавура, Джо Дасэна, Мірэй Мацьё... Яго прычакала авацыя. Як і нас пры канцы пастаноўкі. Мы адразу атрымалі запрашэнне ад старшыні асацыяцыі беларусаў горада Ліёна Bel’art Надзеі Крывашанавай і праз год, падтрыманыя нашым Пасольствам у Францыі, прыехалі са спектаклем "Шлюбны дагавор" паводле аднайменнай п’есы ізраільскага драматурга Эфраіма Кішона. Для сонечных французскіх гледачоў добрая камедыя як добрае віно!»
Таццяна Траяновіч заўважае, што пастаноўку, якая іграецца за мяжой, магчыма параўнаць з прэм’ерай: рэакцыя публікі заўжды невядомая. Пра яе можна меркаваць, але ведаць пэўна — няможна. Ведаючы асаблівасці замежных паказаў, рэжысёр заўжды просіць сваіх артыстаў не панікаваць, не губляцца, не хавацца за тэкст, а дзейнічаць толькі паводле рэжысёрскай задачы, існаваць тут і цяпер. Вялікае значэнне мае пісьменны літаратурны пераклад, дакладнасць і трапнасць ягонай падачы. Як правіла, на спектаклі трапляе нейкая колькасць эмігрантаў, былых суайчыннікаў, прадстаўнікоў нацыянальнай дыяспары. Надараецца пэўны момант яднання, сустрэча землякоў. Але самае прыемнае, калі свае меркаванні выказваюць калегі, артысты і рэжысёры тэатра, дзе адбываецца паказ. Нягледзячы на моўны бар’ер, з імі вокамгненна знаходзіцца агульная мова.
А ў ліпені 2017-га беларускім пастаноўкам «Межы» і «Гэта ўсё яна» выпаў знакаміты Авіньёнскі фестываль, які семдзесят першы раз збіраў размаітыя сцэнічныя прапановы з усяго свету. Больш за тысячу спектакляў! Для тэатральных зорак і запрошаных труп фестываль мае трывалы сектар «In». Для тэатраў малавядомых існуе сектар «Off», таксама своеасаблівы рынак, дзе можна прадэманстраваць дасягненні і публіцы, і калегам, і адмыслоўцам пракату. Уладзімір Карачэўскі, на той час дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, сведчыў: каб годна прадставіць франка-беларускія праекты, ён спачатку ездзіў у Авіньён як глядач, вывучаў арганізацыю, прапановы, магчымасці, а да свайго выступу тэатр рыхтаваўся амаль два гады. Першы сумесны праект з артыстамі МГА «Тэатро» — вербацім рэжысёра Аляксандра Марчанкі «Межы» — паказалі адзінаццаць разоў. Праз яго фестывальная публіка магла ўявіць сучаснае беларускае жыццё, чые набалелыя тэмы выявіліся вельмі блізкімі еўрапейцам. Нашумелы беларускі спектакль «Гэта ўсё яна» драматурга Андрэя Іванова і рэжысёркі Монікі Дабраўлянскай, існую драму паразумення маці і сына, паводле фестывальнае дамовы паказалі дзесяць разоў. «Спачатку трэба было прайсці праз увесь горад і аддаць сустрэчным улёткі-запрашэнні, самастойна развесіць афішы, — апавядала актрыса Людміла Сідаркевіч. — Хоть на сметніцы, хоць на ліхтарныя слупы. Я сустрэла будынкі, чые фасады былі спрэс заклееныя афішамі, нават вокны. Але запрашэнні бралі з павагаю, нават дзякавалі. Праўда, мяне хутка вызвалілі ад гэтых шпацыраў — пэўна, праз цяжар выканання ролі ў пастаноўцы. Мяркуйце самі: з 10:00 да 23:30 на нашай пляцоўцы паказваюць спектаклі. Наш час — 20:30. Пазнавата? О, не! Дзякаваць богу, у гэты час не так горача. Мы самі, калі выпадала магчымасць паглядзець чыесьці творы, сядалі ў вільготныя, а то і мокрыя фатэлі — гарачыня ў Авіньёне для нас зусім нязвыклая, нягледзячы на кандыцыянеры і пастаянны клопат, каб праветрыць. Паўсюль — уважлівы і дакладны тэхнічны персанал: ніхто не дасць артысту зрабіць лішні крок і рабіць не сваю работу. Просяць папярэджваць пра ўсе патрэбы і вымогі. Усё падрыхтавана ў час і нічога не вымагае пераробкі! Французскі тэатр вельмі моцны яшчэ і за кошт сваіх вельмі прафесійных, дысцыплінаваных тэхнічных супрацоўнікаў! Але правілы паказу строгія: за пятнаццаць хвілін трэба наладзіць дэкарацыю і падрыхтаваць рэквізіт. У кожнага — свая зона працы. Кожны вызначыў яе падчас тэхнічных рэпетыцый. Проста трэніраваліся — каб хвіліна ў хвіліну — і так намастачыліся, што рыхтавалі сцэну за дзесяць хвілін, нават рэкорд паставілі: сем! Сыграць дзесяць разоў запар з адным выходным днём — вельмі складанае выпрабаванне на прафесійнасць. Дзесяць разоў запар прымушаць сябе быць існай, жывой, нанова перажываць матчыну драму! Проста нервовае знясіленне. Слёзы пырскалі рэфлекторна, даводзілася сябе стрымліваць і нават кантраляваць, каб не надарылася істэрыкі (дзесяць істэрык — гэта ўжо не жартачкі!). Але гледачы... Яны выходзілі і адразу пачыналі расказваць прысутным — тым, якія чакалі паказу іншага тэатра, што "вось гэты во спектакль трэба глядзець абавязкова!". Больш за тое, да нас не аднойчы падыходзілі адразу пасля прагляду і распавядалі свае ўражанні, нават ладзілі такія маленькія абмеркаванні. Відаць, твор моцна чапляў публіку. Французы былі надзвычай уважлівымі! Адцягваліся ад субцітраў, пільнавалі кожны рух на пляцоўцы і самыя малыя змены ў інтанацыях. Мы для іх зрабіліся своеасаблівым адкрыццём: адкрыты канфлікт пастаноўкі, эмоцыі, слёзы — вяла рэй наша тэатральная школа са сваім славутым псіхалагізмам. У Авіньён прывозяць шмат выбітных забаўляльных спектакляў — без другога плану, з адметна пастаўленымі фокусамі, яркіх, вясёлых... І вось публіка гэтых спектакляў вельмі шчыра адгукалася на нашу сучасную драму маці і сына».
У Авіньёне традыцыйна працуе глядацкае журы — з ліку самых прасунутых, актыўных і загартаваных гледачоў, аб’яднаных у грамадскую арганізацыю Tournesol («Сланечнік»). У іх усё зладжана і сур’ёзна, яны глядзяць кожны спектакль і складаюць падрабязны водгук-рэцэнзію. Амаль з тысячы пяцісот пастановак яны зважылі на сто пяцьдзясят (сацыяльнай скіраванасці альбо такіх, дзе закранаюцца праблемы выхавання, паразумення, псіхалогіі), з іх абралі пятнаццаць найлепшых, а потым — для глядацкай узнагароды — шэсць. Спектакль «Гэта ўсё яна» атрымаў авіньёнскі Tournesol і пільную ўвагу еўрапейскіх тэатральных дырэктараў.
Учэпістую патрабавальнасць французскай публікі Людміле Сідаркевіч выпала канчаткова асэнсаваць сёлетнім траўнем у Парыжы, калі «Гэта ўсё яна» паказвалі ў «Аталанце» — малой сцэне знакамітага парыжскага тэатра «Атэлье» (пляцоўкі знанага рэжысёра Шарля Дзюлена, удзельніка так званага «Картэля» знакавых французскіх рэжысёраў мінулага стагоддзя). «Мо гэта была наша фантазія, — дзівіцца артыстка, — але мы адчувалі падтрымку самога тэатральнага будынка. Нават у агульнай грымёрнай было вельмі прыемна знаходзіцца. На тэхнічны прагон прыйшлі студэнты і так захапіліся, што засталіся на спектакль, а пасля зладзілі мне ветлівую, але настойлівую апытанку — як, маўляў, я асабіста стаўлюся да праблем свайго ўяўнага сына? І пры гэтым настолькі дакладна апісвалі мае дзеянні ды інтанацыі, што выснова папрасілася такая: французскія гледачы на спектаклі... працуюць.
Нароўні з артыстамі».