У гэтых дыялогах мажорным сугуччам вырасла і ўмацавалася творчая франка-беларуская музычная садружнасць даўжынёй у 20 гадоў. А ўсё пачалося з лёсавызначальнага з’яўлення на рэпетыцыі Канцэртнага аркестра Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі віяланчэліста Жэрома Перно, лаўрэата міжнародных конкурсаў, у тым ліку імя Чайкоўскага і Растраповіча. Ён быў скораны выхаванцамі класа Уладзіміра Перліна. І вось пры падтрымцы французскіх калег ужо праз тры месяцы пасля знаёмства вучні разам з настаўнікам адправіліся ў першае гастрольнае турнэ ў Парыж.
Усё наступнае сяброўскае дваццацігоддзе ўпрыгожана шматлікімі двухбаковымі канцэртнымі праектамі: нашых юных выканаўцаў прымалі знакамітыя залы ЮНЕСКА, у тэатры Трыанон, у раскошнай зале мэрыі XVIII акругі Парыжа, у парыжскіх кафедральных саборах, у горадзе Арлеане. Сапраўды неацэнная дапамога па рамонце і рэстаўрацыі віяланчэляў была арганізавана для беларускіх музыкаў французскімі майстрамі. Неаднаразова ў Парыжскай кансерваторыі праводзіліся майстар-класы ў выбітнага прафесара Філіпа Мюлера.
Найважнейшай старонкай у гэтай музычнай франка-беларускай прафесійнай «кузні» стаў працяг навучання і ўдасканаленне майстэрства таленавітых віяланчэлістаў класа Уладзіміра Перліна ў Жэрома Перно, які сёння з’яўляецца прафесарам Парыжскай вышэйшай нацыянальнай кансерваторыі музыкі і танца і Ганаровым прафесарам Беларускай акадэміі музыкі. У сваю чаргу, згодна з рашэннем урада Францыі, Уладзіміру Перліну ў 2003-м быў нададзены ранг Рыцара ордэна «Акадэмічныя пальмы» як музыканту, які актыўна садзейнічае распаўсюджванню французскай культуры ва ўсім свеце. А ў 2013-м ён атрымаў ганаровую ўзнагароду — французскі ордэн «За заслугі ў галіне мастацтва і літаратуры». Але галоўнае тое, што іх выхаванцаў ведаюць па ўсім свеце, яны іграюць у лепшых аркестрах, а сам інструмент віяланчэль, быццам сімвал, становіцца сувязным звяном паміж краінамі, эпохамі, кампазітарамі і выканаўцамі.
У гонар 20-га юбілею супрацоўніцтва Уладзіміра Перліна і Жэрома Перно ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі ў адзін з вясновых вечароў адбыўся раскошны канцэрт. Ён аб’яднаў на адной сцэне зорны склад салістаў (выпускнікоў Рэспубліканскага музычнага каледжа з класа Перліна), дуэт Жэром Перно — Жэром Дзюкро і дырыжора Уладзіміра Перліна з ягоным Канцэртным аркестрам. Ды і праграма канцэрта адлюстроўвала шматграннасць творчых дыялогаў; ад Шуберта да Эндру Ллойда Уэбера.
У той вечар сваё майстэрства паказаў Георгій Анішчанка, вучань Перліна і выпускнік Парыжскай кансерваторыі ў класах Філіпа Мюлера і Жэрома Перно. Сёння ён з’яўляецца першым салістам і канцэртмайстрам Каралеўскага опернага тэатра ў Бруселі. Сапраўды раскошна-аксамітна гучала яго віяланчэль у каларытнай Прэлюдыі-фантазіі іспанца Гаспара Касада.
У свой час Парыжская кансерваторыя разам з Жэромам Перно сустрэлі Івана Карызну, лаўрэата прэстыжных міжнародных конкурсаў, уладальніка бронзы XIV Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага, I Міжнароднага конкурса Каралевы Лізаветы (Брусель). Пасля вучобы ў Парыжы Іван быў спецыяльна запрошаны для атрымання найвышэйшага ўзроўню прафесійнага майстэрства ў Міжнародную акадэмію Кронберг (Таўнус, Германія). У сольнай віяланчэльнай Санаце Золтана Кодаі інструмент Івана Карызны нагадваў шматколерную тэмбральна-яркую і насычаную палітру мастака, а ў яго выразна-тэатральным дыялогу-дуэце з Жэромам Перно прагучаў віртуозны фінал Санаты Соль-мажор Жана-Батыста Бар’ера.
У выкананні самага маладога саліста канцэрта, навучэнца 1-га курса Яна Хмялеўскага, віяланчэль шчыра і натхнёна «праспявала» Раманс Габрыэля Фарэ. Нагадаем пра тое, што літаральна за некалькі тыдняў да мінскага выступу пры падтрымцы Жэрома Перно ў Францыі адбылася серыя канцэртаў Яна Хмялеўскага як віяланчэліста, піяніста і кампазітара. Музычна-паэтычным мостам ад французскай лірыкі працягнуліся інтанацыі праніклівага Андантэ з віяланчэльнай санаты Рахманінава (саліст Міхаіл Радунскі).
Нарэшце, галоўныя героі франка-беларускага сяброўства — два Жэромы — Перно і Дзюкро. Харызма выканаўцаў, фантастычна віртуознае валоданне інструментамі, інтанацыйная дакладнасць і выверанасць музычнага тэксту — усё гэта прымушае закахацца ў гэты дуэт, што б яны не ігралі — знакамітыя тэмы з «Кармэн» Жоржа Бізэ, Венгерскі танец Брамса або Трыо для дзвюх віяланчэляў і фартэпіяна самога Жэрома Дзюкро (прэм’ера твора адбылася ў Мінску крыху больш за 10 гадоў таму). А колькі страсці, энергетыкі літаральна ўварваліся ў глядзельную залу падчас выканання Гранд-танга Астара Пьяцолы!
Пра свае сяброўскія сувязі з Францыяй Уладзімір Перлін гатовы расказваць гадзінамі, бо гэты творчы альянс натхняе яго па-сапраўднаму.
— Цягам усіх 20 гадоў супрацоўніцтва мы атрымлівалі пастаянную падтрымку дыпламатычных прадстаўнікоў Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі і, безумоўна, Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь. Францыя для мяне і маіх вучняў адкрываецца перш за ўсё праз імёны выдатных кампазітараў — Сен-Санса, Дэбюсі, Фарэ, Пуленка, Месіяна. Яны раскрылі для ўсяго свету глыбінныя ўласцівасці віяланчэлі, далі магчымасць пачуць нам праз сваю музыку Вечнасць. Але пры ўсім гэтым я цалкам пагаджаюся са словамі Фёдара Шаляпіна, які справядліва падкрэсліваў, што мала мець талент і прыродныя здольнасці. Істотна сустрэць на сваім шляху людзей, якія падтрымліваюць матэрыяльна, дапамагаюць развівацца і прасоўвацца. І ўсё ж такі спачатку — музыка...