ПАДЫДЗІЦЕ ДА АФІШ: МНОСТВА КАЗАК ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ, СЁЕ-ТОЕ ДЛЯ НЯЎРЫМСЛІВАЙ МОЛАДЗІ, АДНАК ЦІ ШМАТ ЗНОЙДЗЕЦЦА ДЛЯ АДМЫСЛОВАГА І ВЕЛІЗАРНАГА СЕГМЕНТА АЎДЫТОРЫІ — УЖО НЕ МАЛЕЧАЎ, АЛЕ ПАКУЛЬ ЯШЧЭ І НЕ ДАРОСЛЫХ?
«З НАГОДЫ МЁРТВЫХ ДУШ» ВЕЛЬМІ СВОЕЧАСОВА ПЕРАПЫНЯЕ ГЭТУЮ ЗАВЯДЗЁНКУ.
«Пушкін, вы сонца рускай паэзіі — вось і свяціце моўчкі!» — гаворыць адзін са сцэнічных персанажаў, акрэсліваючы, па сутнасці, даўняе стаўленне сістэмы адукацыі да выкладання ў школе літаратуры. Пасечаная па блоках (не заўсёды лагічных і зразумелых), аброслая непраходным лесам з біяграфічных звестак, закутая ў пафасныя пустаслоўныя абагульненні, школьная літаратурная праграма даўно не выклікае асацыяцый з жывымі словамі, што можна скласці ў пытанні, важныя або балючыя. Прэм’ернай пастаноўкай ТЮГ навёў масткі над прорвай паміж класікай і чалавекам, які фармуецца, адбываецца, спраўджваецца, жывучы тут і цяпер.
Тынэйджары часцяком абыходзяць тэатры з той самай прычыны, з якой і недалюбліваюць вымогі школьнай праграмы: пакуль яны спрабуюць упісаць сябе ў патрабаванні незразумелага асяроддзя, з падмосткаў распавядаюць пра нешта досыць архаічнае і неабходнае хутчэй дарослым, чым самім юнакам. Таму першай відавочнай перамогай ТЮГа стала з’яўленне ў беларускай афішы актуальнага і сапраўды папулярнага сярод падлеткаў усёй рускамоўнай прасторы пісьменніцкага дуэта — Яўгеніі Пастэрнак і Андрэя Жвалеўскага.
Другое безумоўнае дасягненне — запрашэнне ўкраінскага рэжысёра Аляксандра Баркара. Творца, што ўжо ставіў Пастэрнак-Жвалеўскага ў Расійскім акадэмічным маладзёжным тэатры, відавочна знаходзіцца на адной хвалі з падлеткамі. А гэта рэдкая якасць, бо куды часцей сутыкаешся з адчуваннем няёмкасці, калі сталы рэжысёр, імкнучыся падладзіцца пад юнацкую аўдыторыю, пачынае карыстацца слоўцамі і жартачкамі свайго (сталага) веку... У спадара Баркара атрымаўся спектакль, насычаны трапнымі жартамі, мемамі, актуальнымі алюзіямі, якія юная публіка — мяркуючы па жывой рэакцыі залы — счытвала на раз. Пры гэтым рэжысёр абсалютна не меў на мэце адно злавіць хайп: праз размову на роўных Аляксандр Баркар спрыяе падлеткам звярнуць увагу на больш глыбокія тэмы, выпрацаваць сваё стаўленне да праграмнай літаратуры і ды чытання.
Сумесная праца Баркара, Жвалеўскага і Пастэрнак над п’есай падарыла спектаклю новага героя, якога не было ў першакрыніцы: Колас (кан’юнктурны, на першы погляд, выбар, маўляў, патрэбна на беларускай сцэне паказаць кагосьці са сваіх пісьменнікаў) зрабіўся сапраўднай знаходкай пастаноўкі. Дзядзька Якуб у выкананні Дзмітрыя Ягорава не толькі носьбіт спрадвечнай тутэйшай ментальнасці, але і трапнае адлюстраванне беларускай адметнасці-маентнасці. Пастаноўка даводзіць падлеткам, што Колас — круты, проста раней вы не ўмелі яго чытаць.
Разам з песняром на падмосткі выйшлі класікі, чые прозвішчы выклікаюць у многіх школьнікаў непамерную тугу. Але са сцэны гучыць «О’кей, Гогаль!», імгненна вымываючы ўвесь наносны піетэт стаўлення да пісьменніка, за якім даўно ўжо і той творчасці не відаць. Рэжысёр паступова падводзіць публіку адкрыцця літаратуры нанова: аказваецца, неабходны для напісання школьнага сачынення твор Гогаля з’яўляецца інтрыгуючым хорарам, п’еса Чэхава можа перамагчы ў батле з дапамогай моднай ва ўсе часы іроніі, а вершы Пушкіна — гэта не матэматычная колькасць радкоў для завучвання, а жывыя пачуцці, насычаныя тым самым загадкавым каханнем, якое вабіць і адначасова бянтэжыць падлеткаў. Таму і выклікае шквал апладысментаў заўвага Пушкіна (Васіль Казлоў): «Я пісаў, таму што не мог не выказацца. А не таму што меў патрэбу “адлюстроўваць гуманістычныя ідэалы пытанняў грамадскага жыцця свайго часу ў традыцыях рэалістычнага мастацтва”».
У антаганісты выведзены зборныя вобразы масавай літаратуры — героі-маскі Коўч, Экшн, Рамантыка. Аднак яны, як і галоўны адмоўны персанаж — Другі том Мёртвых душ (Генадзь Гаранскі), — не ператвараюцца ў безагаворачных зладзеяў. Тут усё як у жыцці: ніхто не прымушае станавіцца добрым ці дрэнным, бо той ці іншы шлях цалкам залежыць толькі ад твайго асабістага выбару.
Я ўпершыню бачыла, каб на выхадзе з тэатра школьнікі забыліся на свае смартфоны і ўзрушана абмяркоўвалі спектакль, перапытвалі ў настаўнікаў, калі можна будзе яшчэ раз прыйсці паглядзець. І яны вернуцца ў залу, дзе з імі гатовыя размаўляць з пазіцыі роўных пра тое, што сапраўды хвалюе.
Настасся Панкратава