Сучасны танец — мастацтва аўтарскае. Тут не можа быць усеагульных правілаў і догмаў, а цэніцца найперш пастаянны пошук і ўвасабленне новых, актуальных сэнсаў, здольнасць ствараць на аснове назапашанага досведу асабістую мастацкую мову.
Вольга Лабоўкіна, танцоўшчыца, харэографка, педагог, заснавальніца тэатра танца «Karakuli», безумоўна, валодае гэтымі якасцямі. Назва калектыву выклікае асацыяцыі з дзіцячымі замалёўкамі, з уласцівай ім вольнай, спантаннай энергіяй самавыяўлення. Створаны ў 2008-м, за гэты час калектыў стаў лаўрэатам міжнародных конкурсаў, прыняў удзел у міжнародных тэатральных і танцавальных фестывалях «М.аrt.кантакт» (Магілёў), «Тэарт» і «ПлаSтформа» (Мінск), «IFMC» (Віцебск), «Залатая маска» (Масква), «Zelyonka Fest» (Кіеў), «Zawirowania» (Варшава), паспяхова гастраляваў у Расіі, Украіне, Германіі, Італіі, Польшчы, Швейцарыі.
Творчая дзейнасць Вольгі Лабоўкінай выклікала вялікую цікаўнасць у прафесійных колах яшчэ ў «дакаракулеўскі» перыяд. Першы раз мне давялося пабачыць Вольгу падчас выступу гродзенскага гурта сучаснай харэаграфіі «ТАД» Дзмітрыя Куракулава. Неверагодна пластычная, выразная, абсалютна натуральная ў сваім сцэнічным існаванні — яе складана было не заўважыць. «Мне здаецца, я танцавала заўсёды. Пра тое, што буду танцоўшчыцай, я заявіла ўжо ў чатыры гады, а з дванаццаці стала прыдумляць свае першыя нумары», — распавядае спадарыня Лабоўкіна.
Школа з харэаграфічным ухілам, шматлікія гурткі і набыццё выканальніцкага досведу ў розных танцавальных калектывах, вучоба на харэаграфічным аддзяленні Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, работа ў «ТАДзе», пасля — па кантракце ў Карэі, удзел у якасці артысткі і рэпетытаркі ў мюзіклах «Прарок» і «Метро», рэзідэнцыі, безліч майстар-класаў, нарэшце, заканчэнне магістратуры па курсе «Навукова-творчая лабараторыя кампазіцыі сучасных форм танца» пры Акадэміі рускага балета імя Агрыпіны Ваганавай. Працэс прафесійнага ўдасканальвання доўжыцца дагэтуль: сёлета Вольга як пераможца конкурсу маладых харэографаў у рамках Міжнароднага фестывалю «Context. Diana Vishneva» (Масква) праходзіць стажыроўку ў Цюрыхскім універсітэце мастацтваў (Швейцарыя). Галоўным сваім настаўнікам яна лічыць Дзмітрыя Куракулава, у гурце якога пратанцавала тры гады: «З таго самага дня, калі я ўпершыню ўбачыла выступ тадаўцаў са спектаклем “Манна нябесная, або У чаканні кахання”, зразумела: гэта — маё. Дзіўныя формы і настрой твора, мноства вынаходлівых падтрымак, разнастайнасць пачуццяў і эмоцый — усё гэта стала для мяне моцным узрушэннем, сапраўдным адкрыццём! Я ўсвядоміла, што нічым іншым займацца ўжо не змагу».
Там жа Вольга ажыццявіла сваю першую пастаноўку — танцспектакль «П’яныя вішні» (2004). Не маючы ў той час свайго калектыву, першыя пластычныя эксперыменты здзяйсняла на ўласным целе, выступаючы адначасова і пастаноўшчыцай, і выканаўцай. Так паўстала мініяцюра «Мары рудога чалавечка» (2004) — пранізліва-драматычны маналог пра чалавечую душу, якая так і не здолела з’явіцца на свет. Нумар адразу быў заўважаны на XVII IFMC і ўдастоены спецпрэміі «За артыстызм». «Сенсацыйным прарывам беларускіх харэографаў» назвалі крытыкі мініяцюру «За два крокі ад...» (2006), створаную ў суаўтарстве з Жаннай Маглыш, таксама экс-салісткай «ТАДа». Кідкі па форме, нечаканы па задуме, бадай, на мяжы мажлівага па тэхніцы — упершыню за ўсю гісторыю беларускага сучаснага танца дуэт не толькі трапіў у фінал міжнароднага конкурсу, а нават атрымаў I прэмію XIX IFMC (2006).
За гады дзейнасці творчая стылістыка тэатра «Karakuli» зведала значныя трансфармацыі. Калі першыя работы калектыву вылучаліся багаццем танцавальных форм, яркасцю мастацкіх прыёмаў, то працам апошніх гадоў уласцівы мінімалізм сродкаў выразнасці, эканомія танцавальнага руху, калі на першы план выходзіць танец не целам, а ўнутры цела. У гэтым сэнсе этапным у творчым жыцці тэатра стала супрацоўніцтва з вядомай шведскай харэографкай Сібрыг Доктэр. Перформанс «Там, дзе вада цячэ ўверх» (2010), пастаўлены Доктэр на артыстаў «Karakuli», вылучаўся адмовай ад відовішчных эфектаў і канцэнтрацыяй на самадастатковасці цялеснай камунікацыі, даследчай накіраванасцю пастаноўчага і выканальніцкага працэсу, у цэнтры якога аказаўся феномен групы.
Апошнім работам Вольгі Лабоўкінай уласцівы міждысцыплінарны падыход да стварэння харэаграфічнай кампазіцыі, пры якім танец губляе сваю аўтаномію і існуе на скрыжаванні некалькіх дысцыплін і медыя. Невыпадкова Вольга акцэнтуе важнасць працы не толькі з танцавальным рухам, але і з візуальнымі вобразамі ва ўсёй іх разнастайнасці: «Мне больш падабаецца называць сябе мастаком танца, чым харэографам. Спосабы і прыёмы кампазіцыі ў маіх работах бліжэй да выяўленчага мастацтва, кіно, фатаграфіі, чым да драматургіі тэатральнага дзеяння. Для мяне гэта абстрактныя візуальныя карціны, сімультанная падача інфармацыі з дапамогай руху і візуальнага шэрагу. Мастакі-абстракцыяністы працуюць з формай, рытмам, кампазіцыяй... Тое ж і ў сучаснай харэаграфіі».
Паказальны ў гэтым плане перформанс «Vasen-Extasen» (назва работы запазычана з аднайменнай экспазіцыі фотамастакоў Ганны і Бернгарда Блюмаў), створаны на памежжы contemporary dance, візуальнага тэатра і фотамастацтва (2016). Традыцыйнае выкарыстанне танца як рытмічна арганізаванай паслядоўнасці рухаў у «Vasen-Extasen» саступае месца прысутнасці перформера «тут і цяпер», самадастатковасці цялесных дзеянняў, інтэнсіўнасці камунікацыі, якая ўключае ў агульны эксперымент і артыста, і гледача. Па характары ўздзеяння перформанс можна параўнаць з музыкай мінімалістаў. Манатонны тэмпарытм, рэпетатыўнасць пластычных матываў, медытатыўнае цячэнне энергіі, памножаныя на санарыстычныя тэмбрагучнасці саўндпраекта Aortha, ствараюць трансавы, гіпнатычны эфект, патрабуючы ад гледача абавязковай паглыбленасці ў тое, што адбываецца.
Асаблівасці, акрэсленыя ў «Vasen-Extasen», атрымалі адмысловы працяг у «Паветры». Упершыню работа была прадстаўлена ў якасці мініяцюры на фестывалі «Context. Diana Vishneva» (2017), дзе стала пераможцай конкурсу маладых харэографаў. Закончанае ўвасабленне твор атрымаў у рамках сёлетняй рэзідэнцыі «Summerspace», якая адбылася ў культурным хабе «Оk16». Спектакль вылучаецца плённым узаемадзеяннем танца і прасторы, што дазваляе акрэсліць яго мастацкую спецыфіку як site-specific dance. Публіцы тут не прапануюць крэслаў, а запрашаюць перамяшчацца разам з танцоўшчыкамі па ўсім цэху.
Паветра — сэнсавызначальны вобраз спектакля. Гэта метафара свабоды, палёту, бязмежнасці, духоўнай субстанцыі, нарэшце, дыхання як неад’емнай патрэбы ўсяго жывога. Усе гэтыя семантычныя адценні прысутнічаюць у спектаклі, і гэта ператварае дзеянне ў філасофскі роздум пра чалавечае жыццё ў адзінстве яго этапаў — нараджэння, маладосці, сталасці і ўзыходжання. Кожнаму з іх адпавядае арыгінальнае мастацкае вырашэнне. Так, на пачатку мы бачым аголеных артыстаў, чые вобразы ўспрымаюцца як ідэальныя сутнасці, чыстыя душы, пазбаўленыя зямных жарсцяў. Пад мерныя гукі, што нагадваюць сэрцабіццё (саўнддызайн Дзмітрыя Ладзеса), яны паступова апранаюцца, набываючы ўласнае цела, голас і чалавечы лёс. Фінальная частка — дуэт у бязважкасці (гераіня лунае, падвешаная на тросе) — выклікае асацыяцыі з каханнем у яго вышэйшым праяўленні, калі пачуццё ўздымае і набліжае чалавека да нябёсаў.
«Паветра» ўражвае вытанчанай візуальнай стылістыкай, прадуманасцю і перфекцыянісцкай выверанасцю кожнага элемента (мастак-дэкаратар Максім Крук). Спектакль хочацца разглядваць паступова, не спяшаючыся — ад дэталяў да цэлага і наадварот, нібыта карціну. Манахромная гама, падвешаныя ў прасторы драцяныя каркасы прадметаў надаюць прасторы сімвалізм і ўзмацняюць адчуванне паветранасці.
Пасля прэм’еры тэатр не збаўляе творчай актыўнасці. У бліжэйшых планах — удзел у IFMC і Міжнародных сустрэчах тэатраў танца ў Любліне, а таксама майстар-класы Вольгі Лабоўкінай у межах Тыдня сучаснага танца ў Самары і пастаноўка спектакля «Аазіс» у Краснадарскім дзіцячым тэатры танца.