Шматлікія конкурсныя ды пазаконкурсныя кінапраграмы сёлетняй Мостры, здаецца, шчасліва пазбеглі неабходнасці ў празмернай ахове. Праграма фестывалю была адной з самых цікавых і разнастайных за апошнія гады. У ёй шчасліва спалучыліся як Вялікі Галівуд у не самых горшых сваіх праявах, так і радыкальныя аўтарскія жэсты, пошукі маладых ды стужкі з краін, якія прынята лічыць экзатычнымі.
Таму звычайны для кінафестываляў такога ўзроўню ажыятаж, тысячы акрэдытаваных журналістаў і прадстаўнікоў кінаіндустрыі, аматараў з усіх канцоў Італіі ды іншых краін выглядалі ў кантэксце сёлетніх паказаў абсалютна слушна. Заслоны ды турнікеты, вершнікі, натоўпы фанатаў ды папарацы — усё нагадвала кадры з нейкай стужкі, магчыма, з фелініеўскага «Салодкага жыцця» або «Восем з паловай». Сёлета ў Венецыі кіно вярталася ў часы былой славы не толькі на словах, але і на справе.
Зрэшты, Венецыі ў гэтым годзе ўдалося абысці сваіх сталых канкурэнтаў — Каны ды Берлін. Тое стала магчыма пасля байкоту апошнімі стужак, фінансаваных буйнымі глабальнымі анлайн-кінатэатрамі. Гэткім чынам у галоўны конкурс Венецыі патрапілі фільмы Альфонса Куарона ды Ёргаса Ланцімаса, карціна класіка брытанскага кіно Майка Лі, новы доўгачаканы твор Карласа Рэйгадаса. Вырашылі выкарыстаць Венецыянскі МКФ як прэм’ерную пляцоўку для сваіх праектаў Дэм’ен Шазель ды браты Коэны. Але і на галівудскае кіно рознага гатунку Венецыя не забылася. Колькасць гучных імёнаў агаломшвала. Да чырвонага дыванка было практычна не прабіцца. На прэс-канферэнцыю аўтараў найбольш нашумелых прэм’ер трэба было прыходзіць загадзя. Фестывальны вір кіпеў ад узыходу да заходу, і рэйсавыя цеплаходы-вапарэта з адмысловай сімволікай выстройваліся ў чаргу, каб давезці ад прыстані ля плошчы Сан-Марка да Лідо ўсіх жадаючых.
Семдзесят пяты фестываль відавочна атрымаўся.
«ЯК З’ЯВА МАСТАЦТВА»
Пра тое, што фігура аўтара ў кіно, таго самага Auteur, аб якім сталі голасна гаварыць у 1950-я, паступова сыходзіць, вядома, здаецца, усім. Індустрыяльны падыход, калі нават знаныя пастаноўшчыкі-эксперыментатары выкарыстоўваюць стандартныя рашэнні, усё часцей дамінуе нават на фестывалях класа «А». У конкурснай праграме Венецыянскага фестывалю да паўнавартасных, бескампрамісных і дзесьці бязлітасных да гледача аўтарскіх выказванняў асабліва былі набліжаны ўсяго дзве працы.
«Наш час» мексіканца Карласа Рэйгадаса, як і папярэднія стужкі гэтага рэжысёра, уключае ў сябе цэлы сусвет. Рэйгадас, відавочна, успрымае магчымасць здымаць кіно як добрую нагоду для самарэфлексіі. У цудоўнай, непараўнальнай прасторы новай карціны ён прапануе гледачу самыя інтымныя моманты свайго жыцця, бо сам са сваёй жонкай і мантажорам Наталіяй Лопез надзвычай ярка і ў шэрагу эпізодаў вельмі шчыра і адкрыта выконвае галоўныя ролі. Сюжэт аб няпростых адносінах сямейнай пары фактычна хаваецца сярод неверагодных пейзажаў мексіканскай прыроды (бліскучая па таленце праца аператара Дыега Гарсія) і нораваў экзатычнага для вока еўрапейца ранча, дзе гадуюць бычкоў для мясцовай разнавіднасці карыды. Падзеі стужкі, відаць, размешчаны ў храналагічнай паслядоўнасці, хоць эмацыйна карціна пабудавана яўна нелінейна, як і свядомасць кожнага з нас. Рэйгадас прапануе не звычайную для кіно кніжку з ілюстрацыямі, якія перагортваюць на экране, а вельмі шырокую прастору для прыкладання разваг ды эмоцый кожнага гледача. «Наш час» зроблены так глыбока, што, здаецца, уздзейнічае абсалютна на ўсе рэцэптары і пачуцці. Стужка — маленькае жыццё, перажытае разам з аўтарам у глядзельнай залі. Аўтар гэтых радкоў паставіў бы яе на першае месца сярод іншых у конкурснай праграме.
Другой моцнай аўтарскай працай стаў «Захад сонца» Ласла Немеша. Саракааднагадовы венгерскі рэжысёр прадставіў у Венецыі толькі другую сваю поўнаметражную стужку, куды больш складаную ды бескампрамісную ў мастацкім плане за «Сына Саула», з якой ён трыумфальна выступіў у Канах тры гады таму. «Захад» — вельмі складанае, мадэрнісцкае выказванне на дзве з паловай гадзіны, дзе форма яўна спаборнічае са зместам. Падзеі карціны адбываюцца ў Будапешце напярэдадні Першай сусветнай вайны. Але, як і ў стужцы Рэйгадаса, галоўнае тут не сюжэт. Ласла Немеш ідзе яшчэ далей у жаданні перадаць найперш асабістыя адчуванні і эмоцыі ад заяўленай тэмы. Як і ў яго першай стужцы, глядач назірае за падзеямі — падарожжам маладой дзяўчыны па венгерскай сталіцы ў пошуках разгадкі сямейнай гісторыі — з дапамогай прыёму суб’ектыўнай камеры. Прычым большая частка задняга плана падаецца аператарам Маціяшам Эрдэлем у расфокусе. Такім чынам рэжысёр вырашае абсалютна практычнае пытанне па аднаўленні ў кадры матэрыяльнага асяроддзя венгерскай сталіцы стогадовай даўніны.
У нечым гэтая стужка Немеша нагадвае сталую творчасць Аляксея Германа старэйшага. Але можна з упэўненасцю сказаць, што яна абсалютна арыгінальная, а сам Немеш — ці не адзіны буйны аўтар сусветнага ўзроўню, імя якога прагучала ў 2010-я.
Паказальна, абедзве карціны былі праігнараваны прафесійным журы галоўнага конкурсу на чале з мексіканцам Гільерма Дэль Тора. Што тычыцца Ласла Немеша, то яго стужка была ўганаравана прызам журы FIPRESCI — прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці кінакрытыкаў. Рэйгадас з’ехаў з Венецыі без аніякіх узнагарод — упершыню за доўгі час ён не атрымаў нічога на фестывалі класа «А». Лепшага доказу зыходу фігуры Аўтара з вялікага кіно, пераход яго да стану маргіналаў і спецыялізаваных кінафорумаў і знайсці нельга. Спадзяемся, аднак, зыход гэты часовы.
Трыумфатарам юбілейнага фестывалю стаў яшчэ адзін мексіканец, Альфонса Куарон. Яго стужка «Рым» была паказана яшчэ ў першы конкурсны дзень і пратрымалася на першых радках да самага фіналу ва ўсіх трох рэйтынгах: італьянскай і міжнароднай прэсы, а таксама ў рэйтынгу мясцовых гледачоў.
Альфонса Куарон у сваім жыцці з лёгкасцю пераходзіў ад аўтарскага кіно, знятага на радзіме («І тваю маці таксама»), да галівудскіх інтэрнацыянальных блакбастараў («Гары Потэр і вязень Азкабана», «Дзіця чалавечае», «Гравітацыя»). «Рым», нарэшце, увабраў у сябе як прыкметы бескампраміснага аўтарскага падыходу, так і добра зразумелую глабалізаванай аўдыторыі форму.
Рэжысёр атрымаў галоўны ў Венецыі прыз «Залаты леў» за лепшую стужку не дарма: яго фільм амаль бездакорны ва ўсіх сваіх элементах. Куарон зняў менавіта аўтарскае кіно, бо сам выступіў не толькі ў ролі аўтара сцэнарыя, але і аператара і мастака-пастаноўшчыка. Чорна-белы «Рым» пераносіць нас у часы дзяцінства рэжысёра, 1970—71 гады, у заможны квартал Мехіка Colonia Roma, адсюль і назва стужкі.
Старанна падабраныя дэталі, ігра прафесійных і непрафесійных акцёраў, вывераныя рухі кінакамеры, якая раз за разам панараміруе ўздоўж бездакорна выбудаваных мізансцэн. Калі стужка Рэйгадаса — гэта паэзія, а Немеша — мадэрнісцкая проза, то Куарон прапанаваў фестывальнай публіцы добры рэалістычны раман, адначасова цікавы і праўдзівы, без звычайных жанравых штампаў.
У ГІСТАРЫЧНЫМ РАКУРСЕ
Гістарычная аснова ляжыць у аснове мноства паказаных у Венецыі стужак. Адной з самых чаканых была «Фаварытка» Ёргаса Ланцімаса, грэчаскага рэжысёра, які ўжо трэці па ліку праект стварае ў англамоўным асяродку. Стужка атрымала Гран-пры журы «Сярэбраны леў», другі па значнасці на фестывалі. Увага да яе была прыцягнута яшчэ і выканаўцамі галоўных роляў — сусветнымі зоркамі Эмай Стоўн, Рэйчал Вайс, Алівіяй Колман. Апошняя за роль каралевы Ганны атрымала ў Венецыі Кубак Вальпі — прыз за лепшую жаночую ролю. Вядомы канцэптуальнымі, пафаснымі ды шматсэнсоўнымі творамі Ёргас Ланцімас на гэты раз выпусціў вельмі жывую гісторыю, што, несумненна, стане адным з касавых лідараў сезона. Пры гэтым рэжысёр здолеў не здрадзіць самому сабе — у «Фаварытцы» ёсць і канцэптуальнасць, і моцная інтэлектуальная аснова, і філасофскае гучанне. Знятая ў Вялікабрытаніі стужка была задумана ці не восем гадоў таму, і які рэжысёр Ланцімас сапраўдны — гэты ці той, якога мы бачылі ў «Лобстары» або «Забойстве свяшчэннага аленя», — так і засталося пакуль невядомым.
«Фаварытка» мае абсалютнае постмадэрнісцкае гучанне, яна прасякнута гумарам і не дае гледачу супакою ніводнай хвіліны. Прытым стужка ідзе ўсяго дзве гадзіны, што робіць яе адным з самых кароткіх з конкурсных фільмаў. Так, трэба адзначыць нязвыклую працягласць конкурсных стужак сёлетняга фэсту. Лічбавыя тэхналогіі, відаць, добра спрыялі павелічэнню хронаметражу фільмаў. Самай доўгай, больш за тры гадзіны, стала яшчэ адна карціна на гістарычную тэматыку — «Твор без аўтарства» Фларыяна Хенкеля фон Донерсмарка. Гэты нямецкі рэжысёр адзінаццаць год таму атрымаў «Оскар» за сваю антытаталітарную драму «Жыццё іншых». На гэты раз ён ізноў паспрабаваў прасачыць за лёсам людзей, якія патрапілі ў пастку таталітарнай дзяржавы і грамадства. Праўда, паспрабаваў зрабіць гэта ў стылі, што нагадвае аб серыяльнай прадукцыі. Стужка Донерсмарка сапраўды лепш бы глядзелася на тэлевізійным экране. Перыпетыі жыцця маладога нямецкага мастака, які адчуў на сабе і сваім бачанні свету цяжкасць і гітлераўскага, і савецкага рэжыму, а потым невыноснасць выбару свабоднага грамадства, падаюцца рэжысёрам у занадта меладраматычным ключы.
Унесці ў свой новы фільм элементы меладрамы спрабаваў і колішні трыумфатар Венецыі з яго «Ла-ла Лэндам» Дэм’ен Шазел. У «Чалавеку на Месяцы» амерыканскі рэжысёр пераносіць нас у часы так званай бітвы за космас і расказвае гісторыю знакамітага астранаўта Ніла Армстранга, уключыўшы ў яе не толькі сцэны касмічных палётаў ды наземных трэніровак, але і сцэны з асабістага жыцця галоўнага героя, адносін з жонкай. Стужку Шазела можна назваць галівудскай у самым лепшым сэнсе гэтага слова. Вельмі добра створаная з тэхнічнага пункту гледжання, з цудоўна пабудаваным матэрыяльным асяродкам шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя і вельмі якаснай ігрой Раяна Гослінга, карціна нездарма была пастаўлена адкрываць праграму 75-га Венецыянскага фестывалю.
Па сутнасці, «Чалавек на Месяцы» стаў рэканструкыяй падзей амерыканскай касмічнай праграмы. Гістарычнай можна назваць і «22 ліпеня», драму брытанскага рэжысёра Пола Грынграса. Гэта таксама рэканструкцыя — ужо іншых падзей, якія адносяцца да навейшай гісторыі. Стваральнікі карціны паспрабавалі перанесці на экран трагедыю на нарвежскім востраве Утоя 2011 года і яе наступствы для дэмакратычнай супольнасці. Сёлета гэта ўжо другая стужка, дзе распавядаецца аб тэрарыстычным акце Андэрса Брейвіка. Першай была нарвежская карціна «Утоя. 22 ліпеня», якую прэзентавалі гэтым лютым на фестывалі ў Берліне. Узнікае ўражанне, што заходняе грамадства яшчэ не пазбавілася ад маральнай траўмы, нанесенай гэтымі падзеямі. І стужка Грынграса павінна дапамагчы пазбыцца яе, перажыўшы і асэнсаваўшы ўсё нанова.
На фоне работ Шазела і Грынграса «Петэрлоа» брытанскага ветэрана Майка Лі выглядае куды больш глыбейшым ды аб’ёмным. Таксама рэканструкцыя, вельмі маштабная і дасканалая па ўсіх параметрах, дэманструе падзеі 1819 года ў Манчэстары, калі дзясяткі тысяч простых людзей сабраліся разам, каб выступіць за свае гарантаваныя законамі правы, і былі жорстка разагнаны войскамі. У выніку падзея ўвайшла ў брытанскую гісторыю як «Манчэстарская бойня». Майк Лі заўсёды быў творцам, які прытрымліваўся левых пазіцый у мастацтве. У «Петэрлоа» ён не здраджвае самому сабе — фільм пазбаўлены пафасу, але, у адрозненне ад іншых гістарычных рэканструкцый у кіно, стужка дазваляе рабіць пэўныя вывады, пераносіць падзеі двухсотгадовай даўніны на дзень сённяшні.
Найноўшай гісторыі ЗША была прысвечана работа Брэдзі Корбета «Голас Люкс» (Vox Lux) з Наталі Портман у ролі папулярнай спявачкі Селесты. Пралог карціны адбываецца ў 1999 годзе, фінал — у 2017. Брэдзі Корбет — адзін з тых новых амерыканскіх аўтараў, якія спрабуюць размаўляць у галівудскім кіно сур’ёзным тонам. Праз гісторыю станаўлення поп-зоркі ён паспрабаваў даць эмацыйны партрэт духоўнаму ды ідэйнаму крызісу ў ЗША на пачатку ХХІ стагоддзя. Стужку нельга назваць прарывам у кінематаграфічным мастацтве, але арыгінальнасць аўтарскага падыходу гарантуюць ёй месца менавіта на фестывальным экране.
Яшчэ адно паглыбленне ў гісторыю ў конкурснай праграме «Венецыя-75» адбываецца ў «Рэвалюцыі на Капры» італьянскага рэжысёра Марыа Мартоні. Як і Ласла Немеш, стваральнікі стужкі спрабуюць знайсці прычыны катастроф ХХ стагоддзя ў самым яго пачатку. У фільме Мартоні падзеі разгортваюцца на фоне неверагодных па прыгажосці пейзажаў знакамітага вострава Капры, дзе збіраюцца прыхільнікі розных поглядаў, што стануць асноўнымі ў наступныя дзесяцігоддзі — ад марксізму да псіхадэлічнага спосабу разумення свету. Да глыбіні і ўзроўню аўтарскай распрацоўкі Немеша Мартоні не дацягвае, яго стужка застаецца прыгожай, цікавай, але ўсяго толькі адной з шараговых карцін з праграмы фестывалю.
У ТРЭНДЗЕ ВЕСТЭРН
У конкурсе Венецыянскага фестывалю, як і ў мінулыя гады, было шмат фільмаў, якія можна з пэўнай дакладнасцю аднесці да жанравых. Што характэрна, гэта ніяк не сапсавала агульнага ўражання ад праграмы, а, наадварот, уносіла сваю долю інтрыгі. Цікава: вельмі папулярным сярод фестывальных жанраў стаў вестэрн ды яго віды.
Напрыклад, «Салавей» аўстралійкі Джэніфер Кент атрымаўся моцным трылерам таксама на гістарычнай аснове. Рэжысёрцы ўдалося перанесці вестэрн з Амерыкі ў свае родныя абшары. Падзеі «Салаўя» адбываюцца ў першай палове ХІХ стагоддзя на Тасманіі. Замест каўбояў і пасяленцаў тут дзейнічаюць англійскія салдаты і каланісты, замест індзейцаў — прадстаўнікі карэнных народаў. Вядомая па культавым фільме жахаў «Бабадук» Джэніфер Кент і тут не шкадуе нерваў гледача: яе новая стужка перапоўнена жорсткімі, натуралістычнымі сцэнамі, але насамрэч з’яўляецца яркім маніфестам супраць гвалту моцных над слабейшымі.
Ва ўзбуджанай апошнімі галівудскімі скандаламі атмасферы фестывалю «Салавей» большасцю аўдыторыі быў успрыняты як феміністычны маніфест. Не ва ўсіх гледачоў ён выклікаў станоўчыя эмоцыі. На фінальных цітрах прагляду для прэсы раздаліся незадаволеныя воклічы і нават абразы ў адрас рэжысёркі. Трэба адзначыць, што арганізатары хутка навялі парадак і тут жа пазбавілі акрэдытацыі найбольш актыўнага парушальніка этыкету.
Журы не магло не адзначыць стужку Джэніфер Кент у такой сітуацыі. Рэжысёрка атрымала спецыяльны прыз журы, а маладая актрыса Байкалі Ганамбар, якая выканала эпізадычную ролю, — прыз за лепшы акцёрскі дэбют імя Марчэла Мастраяні.
Яшчэ адным доўгачаканым вестэрнам стала камедыя Ітана і Джоэла Коэнаў «Балада пра Бастара Скрагса». Стужка фактычна з’яўляецца альманахам —шэсць гісторый пра пакаральнікаў Дзікага Захаду павінны былі стаць тэлевізійным серыялам з рознымі пастаноўшчыкамі, але ў выніку сталі чарговай аўтарскай працай знакамітых братоў-рэжысёраў. Адсюль і вельмі рознае гучанне і ўзровень кожнай з частак фільма. Калі нейкія з іх сапраўды прэтэндуюць на завершанасць і мастацкую дасканаласць, то іншыя выглядаюць неабавязковымі. У выніку «Балада пра Бастара Скрагса» атрымала прыз за лепшы сцэнарый, хоць сцэнарнай выкшталцонасці і агульнай канцэптуальнасці стужцы якраз і не хапае.
Трэцім вестэрнам сёлета ў Венецыі сталі «Браты Сістэрс» французскага рэжысёра Жака Адзіяра. Гэтую стужку ён паспяхова зняў у галівудскіх умовах на англійскай мове з амерыканскімі зоркамі — Джейкам Джыленхолам, Джонам Сі Рэйлі, Хаакінам Феніксам. Як і «Салавей», як і «Балада пра Бастара Скрагса», «Браты Сістэрс» — антывестэрн. Дэкарацыі Дзікага Захаду тут
толькі фон і падстава для больш глыбокіх высноў. Адзіяру ўдалося зняць
вельмі якасную псіхалагічную драму пра ўзаемаадносіны сваякоў, у якой, дзеля відовішчнасці, знайшлося месца характэрным кінематаграфічным атракцыёнам. Трэба адзначыць, фільм зроблены па рамане канадскага
пісьменніка Патрыка Дэвіта. І гэта яшчэ адзін аргумент на карысць вялікай літаратурнай формы як асновы для паспяховых кінематаграфічных твораў. Журы, як і публіцы, стужка Адзіяра вельмі спадабалася, і яно ўзнагародзіла француза «Сярэбраным ільвом» за лепшую рэжысуру.
У прасторы жанру, праўда, спецыфічнага, усходняга, працуе таксама і культавы японскі рэжысёр Сінья Цукамота. Яго імя на пачатковых цітрах зал на прэс-праглядзе сустрэў моцнай авацыяй. «Забойства» не расчаравала верных прыхільнікаў творчасці Цукамота, які ў сваёй творчасці ўзняў жанр самурайскага ды крымінальнага трылера катэгорыі В да ўзроўню высокага фестывальнага мастацтва. Новая стужка Цукамота мае ўсе прыкметы адмысловага жанру — падзеі разгортваюцца ў японскай вёсцы сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Галоўны герой, малады самурай, вымушаны па ходу дзеі не толькі змагацца за сваё жыццё і годнасць, але і вырашаць пытанні вышэйшага маральнага гатунку. Знята «Забойства» ў мінімалістычнай, вельмі дынамічнай манеры на танную лічбавую камеру, таму яе эстэтыка выглядае свежай ды вельмі незвычайнай, што неверагодна ўзрушыла фестывальную публіку, але журы стужку ніяк не адзначыла.
Да жанравых эксперыментаў трэба аднесці і няўдалую спробу італьянца Лукі Гуаданьіна зрабіць рымейк культавай «Суспірыі» Дарыя Арджэнта. Спроба пагуляць з сэнсамі і зорны калектыў акторак, упрыгожваннем якога стала Тыльда Суінтан, а таксама вялікі бюджэт не дапамаглі нядаўняму трыумфатару «Оскара» зрабіць цікавае і не пустое кіно. Новая «Суспірыя» спрабуе інтрыгаваць дадатковымі сэнсамі і палітычнымі алюзіямі, аднак як відовішча распадаецца на асобныя часткі ды сюжэтныя лініі. Увагі заслугоўвае толькі музыка, якую напісаў да стужкі лідар групы Radiohead Том Ёрк. Зрэшты, менавіта яна і пакіне «Суспірыю» Лукі Гуаданьіна ў гісторыі кіно.
СУТЫКНЕННЕ З РЭАЛЬНАСЦЮ
На ўсіх афішах і прома-матэрыялах падкрэслівалася, што Венецыянскі кінафестываль — толькі частка буйнога мерапрыемства: Венецыянскага біенале. Сёлета ў самой Венецыі, найперш у комплексе Арсенала, гарадскім парку Жардзіні, а таксама ў дзясятках павільёнаў па ўсім горадзе адбывалася яго архітэктурная частка. У адрозненне ад большасці аўтараў конкурсных стужак, удзельнікі біенале не баяліся быць арыгінальнымі, прадставіўшы свой канцэпт развіцця свету.
Свет хутка змяняецца, і нам непазбежна давядзецца мяняцца разам з ім. Пра непаразуменні ў сутыкненні з новымі выклікамі расказвала стужка Аліўе Асаяса «Двайныя жыцці». Гэтая вельмі французская, размоўная стужка ў лёгкай форме дэманструе разгубленасць інтэлектуальных еўрапейскіх колаў ад сітуацыі, калі іх звыклае становішча пачынае патроху змяняцца. Перавага фільма Асаяса ў тым, што рэжысёр не малюе нейкіх апакаліптычных пейзажаў. «Двайныя жыцці» не выходзяць за межы інтэлектуальнай самаіроніі, але прымушаюць задумацца. Жульет Бінош у гэтым фільме выканала бліскучую ролю.
Менавіта з-за выканальніцкага майстэрства Уільяма Дэфо застанецца ў гісторыі карціна «Ля брамы вечнасці» Джуліяна Шнабеля. Дэфо ў фільме Шнабеля іграе самога Вінсэнта Ван Гога ў арльскі перыяд яго жыцця. На прыкладзе рэакцыі мясцовых жыхароў на незразумелага ім сучаснага мастака аўтары стужкі таксама робяць своеасаблівую спробу паказаць сутыкненне грамадства з будучыняй у выглядзе ўзораў наватарскага мастацтва. Нягледзячы на пэўныя творчыя знаходкі, фільму замінае пэўны пафас і банальнасць дыялогаў, аўтары якіх, відаць, не чыталі пра Ван Гога нічога, апрача энцыклапедыі ў інтэрнэце. Фільм, тым не менш, атрымаў неверагодна станоўчыя водгукі ў амерыканскай, у першую чаргу, прэсе, а Уільям Дэфо — Кубак Вальпі за лепшую мужчынскую ролю.
Дарэчы, прыз за сваю ігру заслугоўваў расійскі акцёр Яўгеній Цыганоў у стужцы Наталлі Чупавай і Аляксея Мяркулава «Чалавек, які здзівіў усіх». Фільм ішоў у другой па значэнні конкурснай праграме «Гарызонты» і выклікаў неадназначнае стаўленне венецыянскай публікі. Між тым рэжысёрам удалося зняць вельмі ёмкае выказванне пра тую самую праблему — сутыкненне грамадства з чымсьці невядомым і нязвыклым. «Чалавек, які здзівіў усіх» — экзістэнцыяльная драма высокага ўзроўню, адзін з лепшых рускамоўных фільмаў гэтага года. Журы адзначыла яго, узнагародзіўшы прызам за лепшую жаночую ролю цудоўную актрысу Наталлю Кудрашову, хоць адзнакі заслугоўвае акцёрскі ансамбль стужкі цалкам.
НАЗАД У МІНУЛАЕ
Год таму ў Венецыі упершыню праводзіўся конкурс Venice Classic, у якім удзельнічалі адрэстаўраваныя стужкі — шэдэўры сусветнага кіно мінулага часу. Ацэньвала іх журы з 25 студэнтаў італьянскіх універсітэтаў, што абрала пераможцам карціну Элема Клімава «Ідзі і глядзі», створаную ў Беларусі. Сёлета сімвалічная беларуская прысутнасць у Venice Classic была адзначана карцінай Ларысы Шапіцька «Узыходжанне» па аповесці Васіля Быкава «Сотнікаў».
А вось дзень сённяшні прадстаўляў ураджэнец Баранавіч Сяргей Лазніца, зорка сучаснага аўтарскага кінематографа. Пасля Берліна і Канаў, дзе ён паказаў свае новыя стужкі, Венецыю чакала прэм’ера яшчэ аднаго фільма —мантажнай дакументалістыкі «Працэс». Ён быў змантаваны са стужак, знятых дзеля спецыяльнага прапагандысцкага фільма пра так званы «працэс Прампартыі» 1930 года. Работа Сяргея Лазніцы — досвед калектыўнай рэфлексіі над застарэлымі грамадскімі комплексамі ў глядзельнай зале. Двухгадзінная мантажная стужка з геніяльнай працай беларускага гукарэжысёра Уладзіміра Галаўніцкага дае магчымасць угледзецца ў твары ахвяр грандыёзнага таталітарнага механізма. Лазніца дэманструе феномен двудумства як спосаб калектыўнага самаразбурэння нацыі. «Працэс» зроблены, як і заўсёды ў Лазніцы, без пафасу і лішніх эмоцый. І апошняя акалічнасць уражвае мацней за ўсё.
У пазаконкурснай праграме, дзе і быў прадстаўлены «Працэс», было яшчэ некалькі дакументальных стужак, у тым ліку відовішчны атракцыён Віктара Касакоўскага «Акварэлія» і чарговы антрапалагічны экскурс класіка дакументалістыкі Фрэдэрыка Уайзмана ў жыццё простых амерыканцаў «Манровія. Індыяна». Усе яны, як і фільм Сяргея Лазніцы, былі прадстаўлены ў галоўнай глядзельнай зале фестывальнага палацу. Тэндэнцыя, відавочная па праграмах ды іншых кінафорумаў класа «А»: аўтарская дакументалістыка наступае на пяткі застыламу ў сваіх формах ігравому кіно. Рэальнасць спрабуе прарвацца на вялікі экран праз кардоны ды агароджы.