Другая і трэцяя часткі выставы — інсталяцыя і адаптацыя музейнага саду.
Музей архітэктуры, дзе праходзіла выстава, раней быў бернардынскім кляштарам. Першапачатковая функцыя будынка натхніла Тарасэвіча на эксперымент. У месцы, дзе некалі стаяў алтар, аўтар усталяваў драўляную скрыню, з якой выцякала чырвоная фарба. Яна пералівалася і цякла ў апсіду. У апсідзе размясціліся 12 шчытоў, падключаных да электрычнасці, яны свяціліся чырвоным колерам. Праз калідор усё гэтае жывапіснае чараўніцтва пералівалася ў райскі сад, дзе калісьці адпачывалі і маліліся манахі. Дарожкі саду сталі суцэльным жывапісным палатном для мастака, іх колеры пераходзілі з аднаго ў іншы, але функцыянальнасць захавалася, па іх можна хадзіць, і гэты мастацкі твор — рознакаляровы кляштарны сад — застанецца ў музеі.
«Я паказваю прыроду з як мага большай доляй сінтэзу — праз сучасны жывапіс. Мае працы маюць характар сузірання. Мы, мастакі, якія выйшлі з Вялікага Княства Літоўскага, заўсёды былі моцныя сілай колеру і духоўнасцю. Таму мой стыль даволі натуральны для нашых абшараў. У Польшчы, напрыклад, жывапіс сімвалічны, адчуваецца вялікі ўплыў каталіцтва, канфлікты з Берлінам і Масквой. У маіх працах гэтага няма», — тлумачыць Лявон Тарасэвіч.
А што ёсць? «У беларускай мове ёсць цудоўны выраз — выяўленчае мастацтва. Бо мастак толькі выяўляе, а думкі паўстаюць у грамадзе, дзе жыве чалавек. Гляньце, што рабілі Ротка, Шагал, Малевіч. Гэта моцна адрозніваецца ад таго, што мы можам пабачыць у той жа Польшчы. У нас больш містыцызму, сінтэзу, задумлівасці, чым у цэнтры Еўропы».
Дзмітрый Гурневіч