Франтавік Пётр Таранда, чалавек няпростага лёсу, фатаграфаваў вялікую частку жыцця ў Баранавічах і ў роднай вёсцы Зарытава (Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці; 1921—2001). У яго архіве больш за 1000 фотаздымкаў. Калі ўлічыць, што ў апошнія гады мы бачылі правінцыйную фатаграфію Паўла Валынцэвіча і беларускую калекцыю Зоф’і Хамянтоўскай, то відавочна: гісторыя нацыянальнага фотамастацтва набывае ўсё большы аб’ём і лакальныя асаблівасці. Запаўняюцца лакуны, прычым не афіцыйнай хронікай, з нейкіх прычын забытай, а аматарскімі архівамі — сямейнымі, вясковымі і хутарскімi, сядзібнымi, фабрычнымі сюжэтамі. Вось як у Таранды: работніцы швейнай фабрыкі, аднавяскоўцы.
І што, здавалася б, такога ўжо цікавага? Мяркую, множнасць інтэрпрэтацый архіва. Для пачатку, вядома, эфект часу, якi сыходзіць: парадокс у тым, што не вы яго пражылі, але вы праводзіце. Было б ілюзіяй лічыць, што гэтым можна пераадолець разрыў пакаленняў, але пэўная настальгічная практыка па невядомым мінулым, пагадзіцеся, ёсць.
Не будзе выніку/інтэрпрэтацыі, калі самую выдатную ідэю не ўпісаць у культурны кантэкст з улікам пэўных поглядаў на рэчы, падыходаў людзей да ўласнай рэпрэзентацыі. А культурны кантэкст «мірнага часу» — гэта ж не толькі баранавіцкія навіны з БССР 1950—1960-х, гэта агульнасавецкае захапленне паэзіяй і космасам, прышэсце Хэма ў барадзе і з люлькай, рамантыка паходаў і песень пад гітару. Мне падалося, што візуальна вельмі блізкі Тарандзе італьянскі неарэалізм у кінематографе (1945—1952), ды і па канцэпце побач: паваенная рэчаіснасць, беднасць, увага да простых людзей.
Цікавасць да архіва, безумоўна, узнікае як рэакцыя на сучасную інфармацыйную прастору, на плынь бессэнсоўнага лічбавага шуму. Ёсць адчуванне, што ў эпоху смайлікаў, піктаграм, спрошчанай прамовы з мэмамі дакументальная фатаграфічная мова без нарцысізму застаецца самай змястоўнай з больш-менш даступных. І праблема тут у прынцыповым разрыве паміж культурным кантэкстам да 1990-х і медыяльным асяроддзем першага дзесяцігоддзя XXI стагоддзя. Тым, што заснавана інтэрнэтам і інтэрнэтам жыве без абмежаванняў. Але цяпер мы не будзем развіваць гэтую тэму.
Сучасны глядач узіраецца, літаральна ўкараняецца ў архіўныя кадры, знаходзячыся, скарыстаемся тэрмінам філосафа Алены Пятроўскай, у стане чакання сэнсаў. Нават маючы свае стужкі на далёкіх паліцах, у галерэі мы мяняем стаўленне да такога ж архіва, прычым любога перыяду. А з Пятром так і атрымалася: яго фатаграфічную спадчыну актуалізаваў пляменнік Мікалай Таранда з дапамогай Грамадскага аб’яднання фатографаў і куратаркі Алены Пратасевіч.
У чарговы раз экспазіцыя ў галерэйнай прасторы, а менавіта публічны інтарэс да неафіцыйнага, персанальнага жыцця, якім не распешчаны пакаленні тых самых 1950—1970-х, змяняе ракурс глядацкага ўспрымання. Прымушае шукаць у архіўных адбітках нейкія сацыяльныя абагульненні, лірыку або драму.
Парадоксы часу, хутчэй за ўсё, не дадуць сучаснаму воку ўбачыць цэласную карціну, але фрагменты яе відавочныя: прыватнае жыццё, калі траўмы вайны, гвалту і рэпрэсій, усіх пасляваенных нягод яшчэ жывыя і не хутка будуць пераадолены. Таранда прытрымліваецца традыцыі прамой дакументальнай, вулічнай, але пры гэтым зрэжысараванай фатаграфіі. Збольшага гэта гарадскія рэаліі, дзе ёсць гумар, какецтва і адчуванне даверу ў кампаніі добрых знаёмых. Пошук і прад’яўленне вобразаў сябе і родных, якія пазіруюць на фоне возера, агульнага свята, дыхтоўнага дома — гэта разуменне «годнага» вонкавага выгляду, пошук таго «мірнага», што ацалела ў людзях і вяртаецца ў іх жыццё. У соцыум, як зразумела з адлегласці нашага часу, мiр вернецца значна пазней.
За кулісамі афіцыйнай сцэны, у правінцыі, сярод звычайных людзей — што падахвочвала фатографа здымаць? Прычым гадамі, спалучаючы гэтае захапленне з ігрой на музычных інструментах аж да апошніх гадоў, калі вельмі пагоршыўся зрок. І без надзеі, трэба разумець, на публічнае прызнанне, на выставы... Напэўна, гэтага мы ведаць не можам, але, мяркуючы па ўсім, энергічны чалавек Пётр Таранда бачыў паўсядзённае жыццё сваіх Баранавічаў як асноўную крыніцу цікавасці для заняткаў фатаграфіяй. Бачыў у ёй стымул, рухальную сілу сваёй несуцішнай творчай рэалізацыі. Не губляючы адкрытасці погляду, але і разумеючы пэўныя сацыяльныя шаблоны — як без іх у эпоху пераможнай прапаганды! — ён практычна свабодна дакументаваў зменлівую сітуацыю. Поруч з сябрамі і гараджанамі ён захоўваў патрэбную дыстанцыю, не падвяргаючы свае мадэлі стрэсу, у параўнанні з тым, што адбывалася ў глыбіні гэтых сітуацый і працэсаў.
Дзякуючы гэтаму правінцыя, простыя людзі маюць свой голас і свой партрэт.