БОЛЬШАЯ ЧАСТКА ЯЕ КНІГ ПІСАЛАСЯ ЦІ НЕ ПАРАЛЕЛЬНА СА СЦЭНАРЫЯМІ СТУЖАК, ЯКІЯ ПА ІХ БЫЛІ ПАСТАЎЛЕНЫ. АЛЕКСІЕВІЧ-КІНАДАКУМЕНТАЛІСТКА ЗАЎСЁДЫ БЫЛА ПОБАЧ З АЛЕКСІЕВІЧ-ПІСЬМЕННІЦАЙ. УНІКАЛЬНЫ ДАКУМЕНТАЛЬНЫ СТЫЛЬ НОБЕЛЕЎСКАЙ ЛАЎРЭАТКІ, ПРА ЯКІ ЎВЕСЬ ЧАС ГУЧНА СПРАЧАЮЦЦА ПРЫХІЛЬНІКІ ЛІТАРАТУРЫ, СФАРМАВАНЫ, БЕЗУМОЎНА, НЕ БЕЗ УПЛЫВУ ПРАЦЫ Ў КІНО — НА СТУДЫІ «ЛЕТАПІС» І ТЭЛЕВІЗІЙНЫМ АБ’ЯДНАННІ БЕЛАРУСКАГА ТЭЛЕБАЧАННЯ ЯШЧЭ Ў 1980-Я. У РАДКАХ КНІЖАК СВЯТЛАНЫ АЛЕКСІЕВІЧ ЁСЦЬ ТОЙ НАЙВЫШЭЙШЫ ЎЗРОВЕНЬ ЭМАЦЫЙНАЙ НАПОЎНЕНАСЦІ, ШТО ХАРАКТЭРНЫ МЕНАВІТА ДЛЯ ЯКАСНАЙ МАСТАЦКАЙ ДАКУМЕНТАЛІСТЫКІ.
Пісьменніцы не прывыкаць працаваць з замежнымі кінематаграфістамі. Яшчэ задоўга да знакамітага рашэння нобелеўскага камітэта яна працавала з нямецкімі дакументалістамі над стужкай «На руінах утопіі», з японцамі над тэлевізійным праектам «Расія. Жыццё маленькага чалавека». Два гады таму ўбачыла свет карціна люксембургскага рэжысёра Поля Круштэна «Галасы Чарнобыля» па матывах «Чарнобыльскай малітвы». Стужка высоўвалася Люксембургам на прэмію «Оскар».
«Lyubov — каханне на рускай мове» («Lyubov — kärlek på ryska») шведа Стафана Юлена заслугоўвае калі не галоўных, то, прынамсі, вельмі высокіх узнагарод. Яна стваралася цягам пяці гадоў, то-бок яе вытворчасць пачалася за тры гады да нобелеўскіх урачыстасцяў 2015-га. Як і многія іншыя фільмы па творах Святланы Алексіевіч, стужка Юлена наўпрост звязана з яе кнігай, праўда, пакуль не напісанай.
Пра тое, што пісьменніца працуе над новай кнігай пра каханне пад назвай «Цудоўны алень вечнага палявання», яна аб’явіла на пачатку двухтысячных. Але, выходзіць, гэта будзе самая працяглая яе праца — за гэтыя гады яна паспела выпусціць апошнюю серыю сваёй эпапеі «Галасы Утопіі» «Час сэканд-хэнд», выдаць новы пераклад пенталогіі на беларускай мове (самы паспяховы праект у гісторыі айчыннага краўдфандынгу), з’ехаць і зноў вярнуцца ў Беларусь. «Lyubov» не проста пабудаваная на матэрыяле кнігі, якая пакуль не пабачыла свет, — яна дэманструе, як гэта кніга ствараецца.
У аснове кніг Святланы Алексіевіч ляжыць метад інтэрв’ю, шчырай гутаркі. Большасць спрэчак пра сутнасць творчасці пісьменніцы якраз вядзецца вакол азначанага метаду. Гледачам стужкі Юлена, знятай на замову Шведскага тэлебачання і якая ўпершыню пабачыла свет летась, выпала ўнікальная магчымасць непасрэдна паназіраць за працай Святланы Аляксандраўны.
У адрозненне ад метаду работы ўсіх іншых літаратараў, галоўнае ў творчасці Алексіевіч адбываецца не за пісьмовым сталом, а за сяброўскай гарбатай з героямі яе кніг. «Lyubov» складаецца з шэрагу размоў пісьменніцы з персанажамі стужкі. Святлана Алексіевіч выступае не толькі як закадравы інтэрв’юер, яна практычна ўвесь час прысутнічае ў кадры.
Стафан Юлен — дакументаліст з імем. Вядомасць ён атрымаў у 1985 годзе, калі выпусціў стужку «Інуіт» пра этнічных жыхароў Грэнландыі. Яго новая карціна здымалася адмыслова для тэлебачання, але рэжысёру ўдалося пазбегнуць вельмі частых у такіх выпадках «гаворачых галоў». «Lyubov — каханне на рускай мове» можна рэкамендаваць для пачаткоўцаў як добры прыклад размоўнай, але вельмі мастацкай кінадакументалістыкі для малога экрана. Рэжысёр трапна стварае галоўны элемент мастацкага кіно — эмацыйную атмасферу ўнутры кадра. Ён умела чаргуе буйныя і агульныя планы, аддае належнае паўзам, якія самі па сабе гавораць часам гучней за любыя словы.
Кожнаму з удзельнікаў аддаецца належнае. Стужка ідзе гадзіну дваццаць дзевяць, але не выглядае манатоннай, мае сваю драматургію. Каля паўтара дзясятка герояў і гераінь, з іх большасць беларускія, большасць знаёмыя са Святланай Алексіевіч не адзін год, таму надзвычай шчырыя ў сваіх аповедах. Шчырая і сама аўтарка. У адным з эпізодаў, калі герой выказвае думку пра каханне, якое само па сабе найперш страх згубіць блізкага чалавека, аб’ектыў засяроджваецца на гаворачым без слоў твары пісьменніцы. Адзін за адным героі спрабуюць адказаць на галоўнае пытанне стужкі: «Што такое каханне?» Свой асобны адказ знаходзіць кожны. Але самае каштоўнае — тое невымоўнае, што можа зафіксаваць толькі кіно і што знаходзіцца паміж словамі — у паўзах, позірках.
Цікавасць выклікаюць інтэрмедыі паміж эпізодамі — памочніца Алексіевіч здымае сценаграму размоў са старэнькага касетнага дыктафона, якім пісьменніца карысталася падчас працы апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. Тэкст пераносіцца на паперу з дапамогай партатыўнай друкаркі, відаць, той самай, на якой ствараліся першыя кнігі Алексіевіч. Метафара нараджэння літаратуры атрымалася слушнай: быццам бы без удзелу пісьменніцы жыцці і эмоцыі яе персанажаў трапляюць наўпрост на паперу.
Атмасферу ў стужцы ствараюць віды сучаснага Мінску, вядомыя, але быццам чужыя, што патрапілі ў кадр праз вока прыезджага. Асобна трэба адзначыць адмыслова заказаную для стужкі ў Санкт-Пецярбургу музыку, пранізліва-шчымлівую, якая задае фільму Стафана Юлена і Святланы Алексіевіч непаўторную інтанацыю.
У стужцы выкарыстаны фрагменты яшчэ адной працы Юлена па сцэнарыі Святланы Алексіевіч, што здымаецца паралельна. Карціна на любімую Алексіевіч тэму «чырвонага чалавека» мусіць убачыць свет праз пэўны час. У «Lyubov» увайшло некалькі эпізодаў, якія тычацца рамантычных пачуццяў ды інтымнага жыцця ў Краіне Саветаў. Так, сярод герояў фільма толькі адна сямейная пара маладога ўзросту, поўная надзей на будучыню, у якой усё каханне яшчэ наперадзе. Пісьменніцу працягваюць цікавіць пакаленні, што некалі жылі ў адной вялікай краіне, якая заставалася ў палоне ілюзій.
Фільм Стафана Юлена і, верагодна, будучая кніга Святланы Алексеевіч (фрагменты з яе ўжо публікаваліся) быццам сцвярджаюць: каханне ў кожнага сваё, непаўторнае. Але абавязкова перажытае, тое, што выпакутавана, пройдзена з неверагоднымі складанасцямі. І адначасова — тое, дзеля чаго толькі і трэба жыць.
Святлану Алексіевіч часта называюць «пісьменніцай катастроф». У аснове яе творчасці ляжаць экзістэнцыйныя моманты чалавечага існавання, перадусім, сапраўды, сканцэнтраваныя ў сітуацыях вайны або тэхнагеннай, сацыяльнай катастрофы. Сучасны свет стаў куды больш бяспечным за свет, у якім жылі папярэднія пакаленні. Каханне і звязаныя з ім драмы застаюцца, бадай, галоўнымі экзістэнцыйнымі момантамі ў быцці сучаснага чалавека. Фільм «Lyubov — каханне на рускай мове» атрымаў станоўчыя водгукі ад шведскіх гледачоў. На адмысловым паказе ў Мінску Стафан Юлен сказаў, што хоча зняць шведскую версію стужкі. Невядома, ці будзе ён ствараць яе з дапамогай беларускай пісьменніцы. Сама Святлана Алексіевіч абвесціла пра планы працы над сваёй наступнай і, як яна паведаміла, апошняй кнігай — пра смерць.
Побач са смерцю заўсёды знаходзіцца адзін з цэнтральных персанажаў «Lyubov — каханне на рускай мове» — мастак Уладзімір, які ўжо шмат год адзін выхоўвае хворую дачку. Рускае слова «любовь» у дадзеным эпізодзе раздвойваецца на беларускія «любоў» і «каханне». Шчымлівая гісторыя сыходу нявернай каханай змяняецца неверагодным сюжэтам пра выратаванне пакінутай дачкі. Жыццё ў выніку перамагае смерць. Верагодна, гэта і трэба лічыць галоўнай высновай з працы Святланы Алексіевіч і шведскіх дакументалістаў.