Акурат у дзень нараджэння музыканта на сцэне Вялікай залы філармоніі была прадстаўлена амаль пяцігадзінная шматкаляровая музычная карціна, аўтарам якой выступіў юбіляр разам з сябрамі, калегамі і вучнямі, кожны з якіх лічыць за гонар выйсці з ім на адну сцэну. Праграма вечара была пазбаўлена ўрачыстых прамоваў і аказалася цалкам прысвечана выдатным музычным опусам кампазітараў розных краін.
Сёння выпускнікі класа Юрыя Гільдзюка, лаўрэаты прэстыжных міжнародных конкурсаў, працуюць па ўсім свеце. Яны працягваюць развіваць выканальніцкія і педагагічныя прынцыпы свайго настаўніка, лепшыя традыцыі айчыннай і рускай фартэпіянных школ. Кожны з іх падрыхтаваў уласны музычны падарунак, аб’яднаўшы ў выкананні вышэйшы ўзровень тэхнічнага майстэрства з віртуозным валоданнем мастацтва кантылены, стылю эпохі і высокімі ідэямі інтэрпрэтацыі. Цікава адзначыць, што і раяль гэтым вечарам гучаў па-рознаму, а многія піяністы сапраўды здолелі дасягнуць дакладна-выразнага гучання, што даволі няпроста, калі згадаць пра акустычныя асаблівасці вялікай залы.
Канцэрт адкрыла выступленне дуэта Аляксандра Палякова і Аляксандра Данілава. Сімвалічныя звонавыя грымоты ўрачыстага фіналу Першай сюіты «Светлае свята» Рахманінава абвясцілі пачатак юбілейнага вечара. У выкананні Аляксандры Паўлюкавец, Анастасіі Аляксейчык, Ганны Сырневай, Лідзіі Вайцюшкевіч, Кірыла Гярольда прагучалі Таката мі-мінор Баха, прэлюдыі Шапэна і Рахманінава, фрагмент Санаты-казкі до-мінор Метнера, Прэлюдыі Пятра Падкавырава. Кожны з піяністаў прадставіў свой, арыгінальны погляд у прачытанні музычнага цэлага. У юбілейным калейдаскопе самы юны ўдзельнік канцэрта, навучэнец Рэспубліканскага музычнага каледжа Альгерд Грышчанка пераканаўча-віртуозна выканаў «Рытмы вуліцы» Галіны Гарэлавай. У іх гучанні выканаўца акцэнтаваў энергію маладосці і няспыннага руху.
Музычная паэтыка «Эцюдаў» Скрабіна з іх ірванымі фразамі і адчуваннем лунання над матэрыяй, патэтыкай і экзальтаванасцю была ўвасоблена Таццянай Захаравай-Даан, якая сёння працуе ў французскім Руане. Аляксей Пятроў амаль што падбег да раяля і літаральна ўляцеў без лішняй падрыхтоўкі ў віхурава-вогненную стыхію «Паэмы» ор.36 Скрабіна. У яго інтэрпрэтацыі асабліва адчувалася эстэтыка піяністычнага стылю кампазітара, з характэрнымі паўпедалямі, рэгістравымі блікамі, пявучым тушэ.
Рамантычная эпоха была прадстаўлена вытанчанай шуманаўскай «Навелетай» ор. 21 з яе арабесачнай фактурай і тонкай нюансіроўкай у інтэрпрэтацыі Яна Супаненкі. Ягонаму выкананню былі ўласцівыя адсутнасць залішняй сентыментальнасці, уменне будаваць форму цэлага, высокі ўзровень тэхнічнага майстэрства і пачуццё стылю. Піяніст Сяргей Смірноў, які сёння канцэртуе па ўсім свеце, зачараваў цудоўнай кантыленай у «Мелодыі» Грыга, што гучала, нібы паўночная «песня без слоў», і пацеркава-бліскучым россыпам «Экспромта» Соль-бемоль мажор Шуберта.
Для свайго сольнага выступлення Аляксандр Данілаў удала абраў Трэцяе скерца Шапэна, дзе прадэманстраваў баладна-рэчытатыўную выразнасць і эмацыйную экспрэсію твора. Тонкім пастэльным гукапісам паўстала Прэлюдыя «Тэраса, што асвятляецца святлом месяца» Дэбюсі ў інтэрпрэтацыі Арцёма Шаплыкі, які здолеў стварыць характэрную празрыстую імпрэсіяністычную смугу. Фантасмагарычнасць ірэальных начных сноў і вобраз маленькага клапатлівага гобліна Скарбо з «Начнога Гаспара» Равэля віртуозна акрэсліліся ў манеры выканання Алены Навуменка. Вялікі бліскучы вальс Мі-бемоль мажор Шапэна прагучаў з дапамогай Андрэя Сікорскага, які цяпер працуе прафесарам акадэміі музыкі Чжэньчжоўскага ўніверсітэта. Дарэчы, за ўнёсак у развіццё культуры і навукі правінцыі Хэнань (КНР) музыкант быў ганараваны нацыянальнай прэміяй «Жоўтая рака».
Сапраўдным сюрпрызам для Юрыя Гільдзюка зрабілася віртуознае шоу, якое падрыхтаваў для свайго настаўніка Аляксандр Палякоў. У яго выкананні феерычным россыпам пасажаў зазіхацела Другая Венгерская рапсодыя Ліста. Падчас яе мастачка-артыстка Святлана Саўчук стварала арыгінальны перформанс. Адточанымі рухамі наносіла чорныя мазкі на чорнае палатно, пакідаючы публіку ў разгубленасці да апошняй секунды, калі на фінальных акордах рапсодыі мастачка перавярнула палатно дагары нагамі, хутка абсыпала яго залатымі бліскаўкамі, і тут... перад здзіўленымі гледачамі раптам з’явіўся вельмі дакладны па падабенстве партрэт юбіляра!
Фартэпіянны дуэт Алены Віткоўскай-Вінель і Аліны Вінель упрыгожыў канцэрт лацінаамерыканскімі рамантычнымі фарбамі Раманса Карласа Гуаставіна. А вось асаблівы класічны дух надаў вечару тонкі дуэт Святланы Галубоўскай (альт) і Алены Лузан, шыкоўнай канцэртмайстаркі, якая адчувае прыроду саліста і вядзе з ім раўнапраўны дыялог.
Нікога не пакінуў абыякавым выступ знакамітага піяніста Андрэя Паначэўнага, які спалучае паспяховую канцэртную дзейнасць з выкладчыцкай працай у Даласкім універсітэце (Ірвінг, ЗША). Музыкант паўстаў сапраўдным медыумам у прачытанні пранікнёна-інтымнага Інтэрмеца (ор.118 №2) Брамса. Абсалютная цэласць задумы, гарманічныя суадносіны «рацыа» і «эмоцыа», незвычайнай глыбіні якасць гуку адкрылі бяздонную ў сэнсавым дачыненні музыку Брамса, дзе пераплятаюцца далікатная кантылена, магутныя пласты акордаў і тонкае вязьмо поліфанічных ліній. Гэта было сапраўднае адкрыццё.
Юбіляр выходзіў на сцэну ў камерна-ансамблевых нумарах, расстаўляючы ў праграме вечарыны глыбокія мастацка-каштоўнасныя акцэнты. Яго ўменне і любоў іграць у ансамблі агульнавядомыя. У канцэртным рэпертуары Юрыя Гільдзюка асаблівае месца займаюць вялікія манаграфічныя цыклы — поўныя зборы скрыпічных і віяланчэльных санат Бетховена, санат для скрыпкі і фартэпіяна Моцарта, ансамблевыя шэдэўры кампазітараў класікаў і сучасныя опусы. Вось такую поўную палітру любімых аўтараў і калег-сяброў абраў майстар для святочнага канцэрта.
Знакам даўняга сяброўства і цеснага творчага супрацоўніцтва даўжынёй больш як у чвэрць стагоддзя стаў дуэт Юрыя Гільдзюка і Ёганеса Геферта, аднаго з вядучых арганістаў сучаснай Германіі, загадчыка кафедры пратэстанцкай музыкі ў Вышэйшай школе музыкі Кёльна. Глыбокія філасофска-лірычныя адценні былі агучаны ў арганна-фартэпіянным дыялогу Larghetto з Другой сімфоніі Бетховена.
П’еса для цымбалаў і фартэпіяна сучаснага грэчаскага кампазітара Георгаса Хадзіміхелакіса, напоўненая найноўшымі выканальніцкімі прыёмамі, у Мінску прагучала ўпершыню. У гэтым кантэксце асаблівую павагу выклікае постаць цымбалісткі Ангеліны Ткачовай, вядомай яркай інтэрпрэтатаркі авангарднай музыкі, папулярызатаркі нашага нацыянальнага інструмента ва ўсім свеце.
Юрый Гільдзюк — выканаўца-ансамбліст высокага класа, ён умее чуць і партнёраў, не прыніжаючы свайго безумоўнага лідарства. У такой сутворчасці піяніста з Мінскім струнным квартэтам (у яго цяперашнім складзе — Кацярына Мішчанчук, Валянціна Навуменка, Алена Прановіч, Паліна Фарасцяная) прагучалі Думка і Скерца з Другога фартэпіяннага квінтэта Дворжака. У пранікнёным разважанні над Санатай мі-мінор Моцарта раскрыліся лепшыя якасці шматгадовага партнёрства са Сцяпанам Яковічам, дацэнтам Маскоўскай кансерваторыі, першай скрыпкай Квартэта імя Глінкі. Дуэт Гільдзюка і Яковіча прадэманстраваў выдатную гукавую культуру і высакародна-арыстакратычны інтэлектуальны ансамбль. Характэрнай асаблівасцю піянізму Юрыя Гільдзюка з’яўляецца яго валоданне самай рознай тэмбравай палітрай, што дазваляе ўвасобіць музычна-стылёвы характар твораў любой эпохі.
Фінальным клічнікам святочнага канцэрта — у старанна зрэжысараванай кульмінацыі вобразна-гукавога кругазвароту — зрабіліся Раманс і Тарантэла з Другой сюіты Рахманінава ў выкананні фартэпіяннага дуэта Андрэя Сікорскага і Андрэя Паначэўнага. І ў гэтай гукавой стыхіі яшчэ больш ярка выявіўся музычны партрэт самога Юрыя Гільдзюка, чыя знешняя стрыманасць і нават пэўная строгасць адкрываюць натуру шчырую, адданую музычнаму мастацтву. Натуру піяніста і настаўніка, імя якога з’яўляецца гарантам высокай якасці і прафесіяналізму.