«Адны адзначаюць паэтычны падыход з паўночнай цікавасцю да прыроднага, ментальнага і эзатэрычнага, а іншыя — традыцыі пiктарэалiзму, якія культывавалiся шмат дзесяцігоддзяў. Выбар сацыяльных тэм можна трактаваць як спробу дыстанцыявацца ад пiктарэалiзму, але і як рэакцыю на сацыяльна-палітычныя выклікі. Як вынік мы атрымалі праекты, якiя балансуюць паміж арт-інтэрпрэтацыямі і фотарэпарцёрскiмi даследаваннямі... Работы пяці аўтараў FK (штогоднік «Латвійская фатаграфія». — Л.Г.) тычацца адносін паміж рэальнасцю і выдумкай».
Лакацыі
Загалоўная выстава RPM «Новы шык» размясцілася ў Доме кангрэсаў, і я ўпершыню задумалася пра статуснасць пляцовак фестывалю.
Нацыянальная бібліятэка Латвіі ўжо адкрылася для «Культурызму», а «Новая эротыка» ў Музеі фатаграфіі — праз дзень. У Нацыянальнай бібліятэцы, такой жа знакавай для Рыгі, як і ў нас, — падкрэслена сучасныя, зручныя выставачныя пляцоўкі, прынамсі тыя дзве, што я пабачыла. А Музей фатаграфіі, наадварот, вельмі патрыярхальны, ён знаходзіцца ў гістарычным будынку Старога горада. Музей дэкаратыўнага мастацтва і дызайну — таксама, там нават сярэднявечча. І неяк мяне вельмі кранае гэтая акалічнасць.
«Nice Place», дзе адбылася прэзентацыя альбома FK, як стала зразумела, модная і вельмі ўтульная прастора, зноў самы цэнтр. Як і «Мiceijs» з выдатным канцэптуальным перформансам ад графіці-мастака Vour: пад аднадзённую акцыю зала галерэі была аддадзеная цалкам, а ўся праграма доўжылася яшчэ тыдзень.
Гэта толькі першыя дні RPM, але нефармальны характар і адначасова цэнтральныя лакацыі падзей прымушаюць задумацца пра месца музеяў і галерэй у культурнай прасторы Рыгі, пра ўвагу да Месяца фатаграфіі, які, у сваю чаргу, факусуе цікавасць на латвійскіх фатографах. І няхай мы разумеем, што ўсе гэтыя падзеі прывязаныя да індустрыі турызму, факты відавочныя.
І яшчэ аб фарматах стратэгічных: так, МФ міжнародны, але ў праграме не прывазныя выставы замежных iнстытуцый, а ўласныя і калектыўныя, дзе сярод удзельнікаў — аўтары з розных краін. Няма рэтраспектыў, няма персанальных праектаў з узнагародамі «за ўклад у мастацтва». На арт-сцэне — новая генерацыя. Высновы рабіць, зрэшты, рана, бо гэта толькі пачатак.
«Новы шык» — шырокія мазкі і тонкія налады
Ключавы «шык» — гэта 12 праектаў, аб’яднаных разважаннямі аўтараў аб значэнні фатаграфічнай мовы і медыйных магчымасцях фатаграфіі ў эпоху посттэхналогiй. Усё падвяргаецца сумневу, дэканструкцыі і нават разбурэнню — ідэнтычнасць, стыль жыцця, сэксуальнасць, культура і эстэтыка, публічнае і прыватнае, спажыванне і стварэнне. Найбольш вядомы па падыходзе і манеры здымкі праект Лілі Лiмiян (РФ) «Майстар-сэрвіс»: гэта пафасныя падвойныя партрэты алігархаў і іх слуг. Ліля патлумачыла мне кантэкст: «Як правіла, адзін са сваякоў дапамагае каму-небудзь з сям’і “падняцца”, але сам з часам, нягледзячы на вышэйшую адукацыю і іншыя асабістыя гісторыі, спускаецца ўніз па сацыяльнай лесвіцы. І вось брат ужо становіцца проста кіроўцам, сястра — пакаёўкай, няняй і г.д.». Усяго ў праекце 25 здымкаў, 25 прыкладаў няроўных узаемасувязей у прасторы дома, дзе людзі досыць шмат часу праводзяць разам. Самапрэзентацыя заможных людзей — асобная тэма, яна на мяжы фолу, адкрыта безгустоўная, у духу малінавых пінжакоў 1990-х. Уся калізія чытаецца імгненна, сацыяльны пасыл відавочны, а праект Лілі Лiмiян, выпускніцы Школы Родчанкi, намінаваўся на прэмію Кандзінскага і атрымаў высокую ацэнку крытыкаў.
У гэтым жа — дакументальным — ключы зроблена інсталяцыя «Шчасце» Ірыны Паповай, расійскай мастачкі, якая жыве ў Амстэрдаме. Яе матэрыял — мноства архіўных здымкаў 1980-90-х і сучасных сэлфi, узятых з сацсетак. Гэта таксама даследаванне аўтара і самапрэзентацыя мадэляў, а ў шырокім сацыяльным абагульненні — калектыўнае ўяўленне пра прыгажосць, гендарны баланс, радзей — пра дзяцей, спорт і г.д. «Шчасце» канцэнтруе ў сабе прыватнае жыццё як адлюстраванне свету грамадства, якое, нібы пражэктар, можа асляпляць або дабірацца да падрабязнасцяў прыватнага, агрубляючы яго выразнымі контурамі. Даволі таксічнае відовішча.
Больш тонкія арт-налады ў Марго Монк («10 пасля 10»; Эстонія) і Касі Бельскай (б/н; Польшча): яны працуюць з фрагментамі фотаздымкаў, збіраючы іх у дзіўныя «саюзы», з нечаканым прачытаннем і часам процілеглым сэнсам. Абедзве аўтаркі паглыбляюцца ў стылістыку рэкламы і fashion-эстэтыкі, старанна адбудоўваючы ў ёй напружаныя, часам балючыя адносіны. Візуальна гэта счытваецца, але патрабуе далейшага асэнсавання — аўтарскі пасыл у іх праектах не ляжыць на паверхні.
Акцэнты на адчужаную — модай, камерцыялізацыяй — ідэнтычнасць тут спакаваныя ў калажы без канкрэтыкі сацыяльна арыентаваных серый. Хоць пільная ўвага, ціск і спекуляцыя на жаночай цялеснасці, мабыць, турбуе аўтарак у найбольшай ступені — і гэта ўжо сацыяльны клопат з крытычнай адсылкай у бок медыя.
Мая Тамі (Фінляндыя) ідзе ў глыбіню эксперыменту з прэснаводнай гідрай. Мікраскапічнае стварэнне (памер цела 1-20 мм) здольнае да натуральнай прыгажосці і рэгенерацыі, што і назірае Мая як «Валанцёр № 4». Мабыць, «новы шык» тут у праверцы факту на сапраўднасць, а фатографка працавала на мяжы мастацтва і навукі з прафесарам Робертам Сілва ў Сіракузскім універсітэце. У выніку ў апошнім кадры гідра знікае.
Блізкі па кантэксце Андрэс Лаўрыновiч з «Сhromatic disappointment» (Латвія), што можна перавесці як «храматычнае расчараванне», то-бок расчараванне ў колеры. Гэта штучна афарбаваны пейзаж, які не пакідае шанцаў для пазнавання яго ў якасці жывога прыроднага ландшафту. Андрэс імкнецца да канцэптуальных работ, i хоць гэта не sсiеnce-art, як у Тамі, але абодва яны любяць вялікія экспазіцыйныя фарматы, уключаючы задрапіраваны тэкстыль у якасці матэрыялу. Атрымліваюцца вельмі відовішчныя візуальныя аб’екты, важны акцэнт для вялікага праекта ў актыўнай прасторы Дома кангрэсаў.
Культурнае цела ў культурным месцы — гэта падмена!
Куратарка «Культурызму» Эліна Спроге адразу прызнае, што не хацела паказваць фатаграфію дзеля фатаграфіі, а вырашыла зрабіць нешта адмысловае менавіта для Галоўнай бібліятэкі. Тэма ўзнікла як проціпастаўленне цялеснага і інтэлектуальнага пачаткаў, што пры максімалізме юнацкага ўзросту аўтараў наўпрост выключае адно аднаго. «Нашы мадэлі тут ніколі не сустрэнуцца. Таму класічныя напампаваныя тулавы змешчаныя як прадукт для спажывання ў цэнтр тартоў з крэмавымі ружачкамі, а субтыльныя целы — на пластычны тэкстыль».
У праекце ўдзельнічаюць некалькі аўтараў: выкарыстоўваюць грэчаскія надпісы, ідэі з трэнажорамі, шарыкамі пад патокам, абавязковае відэа і нават надзіманы басейн.
Выстава вельмі эмацыйная і інтэлектуальна сталая для маладых аўтараў. Выдатная, вывераная экспазіцыя, якасная візуальная фактура, яркія інсталяцыі. Вядома, увесь час памятаеш, што ты — усяго толькі госць у велізарнай Нацыянальнай бібліятэцы, але сумленнае слова, яе статус толькі выйграе ад смеласці ў выбары праекта RPM для паказу.
«Воўна і шоўк» як слоўнік «новай эротыкі»
Паслядоўна і яшчэ больш канцэнтравана развівае тэму вялікі выставачны праект «Воўна і шоўк. Новая эротыка».
Новая эротыка так мала падобная да «старой»... Проста неверагодна! Зыходзячы з таго ж канцэпту цялеснага, «навізна» разгарнулася зусім у іншай эстэтычнай плоскасці, адвярнуўшыся ад гламурна-рамантычнага да нервова-, балюча- разгубленага героя і сюжэта. Бледныя целы, брутальныя падрабязнасці — больш за ўсё гэтыя гісторыі сведчаць пра страхі і адзіноту. Візуальна гэта антыэратызм, то-бок вектар, рэальна павернуты ў процілеглы бок.
Аўтарка канцэпцыі і куратарка Яна Кукайн разам з сукуратаркай Расай Янсане дэталёва распісалі ўсё, што адносіцца да сучаснага разумення эратызму: «дзеянне, клопат, жаданне, супрацоўніцтва, экстаз, адукацыя, эмансіпацыя, роўнасць, зваротная рэакцыя, інтэрактыў, права, аргазм, задавальненне, адказнасць, бяспека, пачуццёвасць, суб’ектывацыя — гэта толькі некалькі тэм у новым слоўніку эротыкі. Пералік невычарпальны, ён адкрыты для новага вопыту, розных дыскурсаў і дыялектаў сэксуальнасці».
У праекце ёсць працы класікаў з калекцыі музея, ёсць зусім новыя серыі. Куратару RPM Арнiсу Балчусу належыць аўтарства фрагментаў серыі «Я, сябры, закаханыя і іншыя» 2003 года.
Перфарматыўныя, нефармальныя
Яшчэ раз — «Nice Place», а менавіта прэзентацыя «Латышскай фатаграфіі 2018» у гасцінай сярэдніх памераў. У ёй змяшчаюцца кніжныя стэлажы, бар, невялікая выстава на адной сцяне. І яшчэ адна сцяна для экрана. Столікі кававыя, яны ж — для працы.
Зборнік FK — альбомнага тыпу, з асноўнай візуальнай часткай і некалькімі тэкстамі. Аналітычныя падставы ад куратара, вялікае агульнае інтэрв’ю з аўтарамі і нават невялікія эсэ плюс цікавая вёрстка — і выглядае ўсё гэта цалкам па-наватарску.
Кніга збіраецца такім чынам: пераможца конкурснай часткі RPM бягучага года атрымлівае права публікацыі на наступны год і дапаўняе сваю серыю працамі іншых аўтараў. Іх агульнасць часам цяжка паддаецца вызначэнню, але ў цэлым гэта супрацоўніцтва па жаданні, па сяброўстве. У 2018-м аб’ядналіся Юрыс Земецiс, Алнiс Стакле, Томс Хар’ё, Ліга Спундэ і Андрэс Лаўрыновiчс. І галоўнае, што гучная назва «Латвійская фатаграфія» — гэта толькі маладая фатаграфія, без персанальных частак дзеля заслужаных майстроў і г.д. Толькі новае пакаленне і мова фатаграфіі, якая цалкам адпавядае часу і нават зазірае наперад.
Андрэс, па-ранейшаму схільны да візуальнай канцэптуалізацыі, распавёў мне, што збірае кампазіцыі з уласных фатаграфій і скрыншотаў з фільмаў. Яму цікава вылучаць у іх фантазійныя знакі. На мой погляд, гэта цалкам сюррэалістычны ход думкі. У серыі такая ж абсурдысцкая назва (Choked up and if my heart stops I will be reborn as a dolphin...), і логіку тут дакладна не знойдзеш.
Томс Хар’ё прысвяціў серыю «In the truth» рэлігійнаму жыццю ў суполцы, дзе выхаванне маладых людзей становіцца свайго роду абаронай у свеце без маральна-этычных арыенціраў. Томс распавядае, што сям’я сапраўды займалася яго развіццём, і на жыццё абшчыны ён глядзіць знутры, ведаючы ўсе яе правілы і звычаі. Але яго блізкі круг, як і сам аўтар, цалкам сучасныя людзі. «Папраўдзе», Томс жыве на мяжы двух узроўняў публічнасці: з замкнёнасцю адной супольнасці і свабодамі іншай. Мова, якой ён распавядае сваю гісторыю, адэкватная сітуацыі сённяшняга дня, разуменню візуальнай культуры і медыя.
Да перфарматыўных ідэй я яшчэ аднесла б адкрыццё «Новага шыку», калі з вялікай, наскрозь сонечнай прасторы ты трапляеш у поўную цемру тэатральнай залы. Больш за ўсё гэта нагадвае партал, уваход у які абсалютна непрадказальны. Але ў глыбіні залы ледзь-ледзь вылучаюцца постаці... Прайшоўшы цалкам усю глядацкую частку, падымаешся на сцэну: тут асветлены толькі стол, бармэн, і пачынаецца фуршэт. Вельмі прыбраны, строгі. Можна лічыць гэта ўспамінам пра цёмныя пакоi ў практыцы аналагавай фатаграфіі, можна святло/цемру трактаваць неяк інакш, але падзея адбылася! І Арнiс Балчус з задавальненнем адзначыў, што аналогія прадумана ва ўсіх нюансах.
Вандалізм з іншага боку
Маю недаверлівасць да перформансу канчаткова рассеяў праект стрыт-арту ад мастака Vour. Па канцэпцыі і выкананні гэта трохтактнае дзеянне, але не графіці тут акт вандалізму, а знішчэнне вулічнага мастацтва гарадской адміністрацыяй. Адбываецца гэта пры папушчальніцтве грамадства ў асобе фатографаў, якія без эмоцый здымаюць і саму графіку, і яе зафарбоўванне (выглядала як забойства!).
На практыцы канцэпцыя рэалізуецца таксама паэтапна: спачатку збіраецца публіка, ужо цалкам разагрэтая пару гадзін таму прэзентацыяй FK. Тры выдатныя работы, пра вулічны лёс якіх можна было толькі здагадвацца, упрыгожваюць асобныя сцены. Іх натхнёна фатаграфуюць гледачы, і кардонныя манекены фатографаў прысутнічаюць побач, у зале, — гэта важны момант.
На другім такце пачынаецца вандалізм: акуратнае, наўмыснае злачынства. З вёдрамі бяліл, удваіх, хаваючы падлогу і ўсё вакол плёнкай, каб не выпацкаць «правільнае» і «карыснае». У фінале застаюцца безаблічныя бясколерныя сцены, action скончаны, людзі губляюць увагу да таго, што адбываецца. І толькі кардонныя постаці з фотакамерамі застаюцца ў пустой галерэі.
Нежаданне зразумець новую мову мастацтва, медыя, адэкватныя сённяшняму дню, абгортваюцца пустэчай — тэарэтычна з такім мэсэджам пагаджаешся лёгка, але і кранае ён глыбока, шчыра i дзейсна.