Беларускі глядач старэйшага пакалення лепш ведае знакамітых літоўскіх акцёраў, але не стужкі, якія сталі гонарам нашых паўночных суседзяў яшчэ ў савецкія часы. Што адбываецца ў сучасным літоўскім сінематографе, мы папрасілі распавесці кіназнаўцу Санату Жалнеравічутэ. Яна лічыць, што сітуацыю да лепшага відавочна змяніла адкрыццё Літоўскага кінацэнтра пры Міністэрстве культуры краіны.
— Калі ў 2012 годзе быў адкрыты адмысловы цэнтр па падтрымцы кінематаграфіі, колькасць літоўскіх стужак, якія выходзяць на экраны краіны, павялічылася. Кожны год цяпер з’яўляюцца 4-5 поўнаметражных ігравых стужак, якія атрымліваюць фінансавую дапамогу ад Кінацэнтра. З дапамогай гэтай установы шырыцца і прысутнасць нашага кіно на міжнародных фестывалях. Што тычыцца кірунку, у якім рухаецца літоўскае кіно, то нейкага агульнага напрамку пакуль не існуе. Паралельна ёсць і жанравыя стужкі, і рознай ступені паспяховасці спробы рабіць фестывальнае кіно. Так ці інакш, цяпер у нас назіраецца пэўнае ажыўленне ў кінематографе, што не можа не цешыць.
Літоўская кінематаграфія ранейшых часоў натхнялася ў асноўным здабыткамі нацыянальнай літаратуры ды фальклорам. Можна прыгадаць стужкі таго ж класіка літоўскага кіно Арунаса Жабрунаса. Дзе знаходзяць крыніцы сваіх сюжэтаў літоўскія кінематаграфісты цяпер?
— Часы, калі нашы кінематаграфісты, такія як узгаданы Арунас Жабрунас або Альгімантас Пуйпа, звярталіся да класічных літоўскіх раманаў, бадай што, прайшлі. Маладое пакаленне глядзіць у розныя бакі, нейкай адзінай асноўнай лініі не існуе. Кожны шукае свой кірунак. Напрыклад, два гады таму вельмі добрую дэбютную стужку ў стылі еўрапейскага постдоку «Святы» зняў Андрус Блажавічус. Яна ўздымае абсалютна актуальную, вострую праблему жыцця ў маленькіх, эканамічна дэпрэсіўных гарадах.
Летась літоўскія кінатэатры наведала чатыры мільёны гледачоў. Зусім не благі паказчык! Зразумела, галоўнае месца на экранах, як і ў астатнім свеце, трымаюць галівудскія блокбастары. Але ў Літве, як і ў Латвіі ды Эстоніі, дарэчы, з другой паловы 1990-х назіраецца феномен так званых «нацыянальных хітоў». За межамі краіны пра гэтыя стужкі ведаюць толькі прафесіяналы. А ў самой Літве яны ўпэўнена займаюць першыя радкі бокс-офіса побач з глабалізаванымі кінакоміксамі. У чым прычына поспеху такіх хітоў?
— Так, у Літве штогод выходзяць фільмы, звычайна жанравыя, якія збіраюць у залах вялікую колькасць гледачоў. У мінулым годзе, напрыклад, дзве літоўскія карціны наогул занялі першыя радкі па агульных зборах. Гэта «Тры мільёны еўра» Тадаса Відмантаса і «Зэро 3» Эміліса Велівіса. Калі першая стужка — удалая спроба зрабіць мясцовы аналаг галівудскага масавага кіно, то фільм Велівіса — нешта сярэдняе паміж маскультурай і арт-хаусам, яўны рэверанс у бок твораў Квенціна Таранціна. Ёсць у спіску глядацкіх сімпатый літоўцаў і больш цікавыя прыклады. «Эмілія з Алеі Волі» Данатаса Ульвідаса заняла летась пачэснае чацвёртае месца па колькасці збораў. Гэты фільм — гістарычная драма, расказвае пра сумнавядомыя падзеі ў Каўнасе ў 1972 годзе, калі спачатку ў горадзе, а потым па ўсёй Літве адбыліся масавыя выступленні насельніцтва супраць савецкай улады. Данатас Ульвідас некалькі год таму ўжо скарыў сэрцы літоўскіх гледачоў стужкай «Тадас Блінда. Пачатак легенды». «Эмілія» не столькі рэканструкцыя, колькі спроба аднавіць гістарычны кантэкст і атмасферу савецкай Літвы. Асабіста я не прыхільніца гэтай карціны, шмат што ў ёй выглядае занадта штучна.
Ці можна казаць пра папулярнасць фільмаў аб таталітарным перыядзе ў жыцці вашай краіны? Мо такім чынам літоўскае кінамастацтва і гледачы спрабуюць нанава перажыць пэўную застарэлую калектыўную траўму і пазбавіцца ад яе?
— Магчыма, так. Бо ўзгадаю яшчэ адну падобную стужку, што выйшла ўжо сёлета ў лютым. «Гара соваў» Аўдруса Юзенаса распавядае гісторыю гімназістаў, якія вымушаны прыстасоўвацца да новага жыцця ў пасляваеннай Літве канца саракавых — пачатку пяцідзясятых і ўступаюць у барацьбу з рэжымам. Гэтая карціна не такая папулярная, як папярэдняя, але, відавочна, больш цікавая ў мастацкім плане. Можна сказаць, што гэтыя прыклады патрыятычнага кіно добра ілюструюць новы запыт грамадства і дзяржавы, які ўзнік у апошнія два-тры гады. Шмат літоўцаў па-ранейшаму з’язджаюць з краіны, і такія стужкі ў часы агульнай разгубленасці павінны падтрымліваць пачуццё нацыянальнай годнасці.
Літоўскі кінацэнтр выдаткоўвае значныя сродкі на падтрымку фільмаў. Летась мясцовая кінаіндустрыя атрымала фінансаванне на 4,6 мільёны еўра, сёлета плануецца выдаткаваць 6,4 мільёны. Якім чынам і на што ідуць гэтыя грошы?
— Існуе спецыяльная камісія, якая размяркоўвае сродкі па кінапраектах. Першыя два гады існавання Кінацэнтра я мела гонар яе ўзначальваць, таму добра знаёмая з гэтай працай. Камісія складаецца не толькі з кіназнаўцаў ды кінакрытыкаў, але і з рэжысёраў, аператараў, у складзе могуць быць мастакі кіно, кампазітары і прадстаўнікі іншых кінематаграфічных прафесій. Кожныя два гады склад камісіі абнаўляецца. Грошы на стужкі Кінацэнтр атрымлівае ад Міністэрства культуры краіны. Яны выдаткоўваюцца паэтапна, адносна стадый вытворчасці з перыядам распрацоўкі праекта ўключна. Апрача гэтага, Кінацэнтр падтрымлівае фестывальную дзейнасць, працу па захаванні нацыянальнай кінематаграфічнай спадчыны. Зразумела, каб зрабіць добрую стужку, адных грошай ад Кінацэнтра цяпер звычайна недастаткова. Таму ў нас, як у іншых еўрапейскіх краінах, шырока распаўсюджана капрадукцыя. З апошніх часоў можна ўзгадаць і сумесныя праекты з Грузіяй — у нас здымаў карціну Заза Урушадзэ, з Ірландыяй — куды з’язджаюць у працоўную міграцыю шмат літоўскіх грамадзян, і Расіяй — такія лідары сучаснага арт-хауснага кіно, як Іван Твярдоўскі, Наталля Мешчанінава, знаходзяць у Літве творчую і фінансавую падтрымку сваім нестандартным сюжэтам, што не ўпісваюцца ў кантэкст расійскага масавага кіно. Добрым прыкладам можна лічыць капрадукцыю на леташнім праекце Сяргея Лазніцы «Рахманая», які ўдзельнічаў у асноўным конкурсе Канскага фестывалю. Мантажна—таніровачны перыяд гэтай карціны праходзіў у Вільнюсе, дзе ўжо даўно жыве і вельмі паспяхова працуе беларускі гукарэжысёр Уладзімір Галаўніцкі — з ім лічаць за гонар працаваць лепшыя рэжысёры Еўропы і свету, у тым ліку наш майстар фестывальнага кіно Шарунас Бартас.
На якім свеце знаходзіцца цяпер літоўская дакументалістыка?
— Літва мае шэраг добрых неігравых стужак, што мелі розгалас у свеце. Тэндэнцыя тая самая, як і ў ігравым кіно, — дакументалісты ўсё часцей шукаюць замежных партнёраў ды едуць на здымкі ў іншыя краіны. Напрыклад, карціна Арунаса Мацеліса «Цудоўныя няўдачнікі: іншы свет» пра невядомы бок жыцця знакамітай гонкі «Джыра д’Італія» стваралася цягам некалькі год з дапамогай капрадзюсараў з некалькіх еўрапейскіх краін (стужка перамагла ў асноўным конкурсе Мінскага Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад-2017». — А.С.). Таксама здымаўся за межамі Літвы фільм Мантаса Кведаравічуса «Марыупаль» пра жыццё аднайменнага ўкраінскага горада падчас крызісу. Да гэтага Мантас Кведравічус разам з фінскімі прадзюсарамі зняў карціну «Барзак» на таксама актуальную чачэнскую тэму. Трэба адзначыць стужку «Старажытны лес» Міндаўгаса Сурвілы (была паказана ў Мінску сёлета ў красавіку на фестывалі Паўночных і Балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне». — А.С.). Гэты відавы фільм пра прыродны асяродак літоўскіх лясоў здымаўся таксама працяглы час самім аўтарам і нечакана сабраў шмат гледачоў на вялікім экране, прынамсі ў нашым цэнтры кіно Skalvija.
Дарэчы, што тычыцца літоўскіх кінатэатраў. Што яны з сябе цяпер уяўляюць і якое месца сярод іх займае Skalvija?
— Кінапракат у Літве знаходзіцца збольшага ў прыватных руках. Сучасныя мульціплексы прапануюць пераважна жанравае кіно. Але ў кожным буйным горадзе ёсць арт-хаусныя цэнтры. Skalvija — адзіны такі цэнтр у Вільнюсе. Ён існуе на грошы ад пракату стужак і атрымлівае пэўную дапамогу ад муніцыпальных уладаў. У Skalvija мы ладзім прэм’еры, праводзім некалькі кінафестываляў, у тым ліку міжнародны фестываль дакументальнага кіно. Апрача гэтага, у нас ёсць свая кінашкола. Новых кінематаграфістаў у Літве рыхтуюць на адмысловым факультэце Акадэміі музыкі. Некалькі год запар Skalvija ладзіць свае адукацыйныя курсы з практычнымі заняткамі. Спадзяемся, робім унёсак у будучае Літвы як кінематаграфічнай краіны.
Саната Жалнеравічутэ — кіназнаўца і кінакрытык, праграмная дырэктарка цэнтра кіно Skalvija ў Вільнюсе, каардынатарка Віленскага Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно (VDFF), аўтарка кнігі «Ілюзіёны Вільнюса. Гісторыя кінатэатраў горада».