У гэтай студыі займалася Кіра Даўётайтэ, заснавальніца калектыву «Саната», у якім распачала сваю творчую дзейнасць Бірутэ Летукайтэ. «Гэта быў галоўны чалавек у маім жыцці, — узгадвае Бірутэ. — У той савецкі час мы жылі, нібыта ў турме, не маючы аніякай інфармацыі пра развіццё сучаснага танца за мяжой, а Кіра нам шмат чаго распавядала — пра Айседору Дункан і свабодны танец, пра сваю настаўніцу Данутэ Насвіцітэ. На мяне гэта ўсё надзвычайна ўздзейнічала, можна сказаць, змяніла ўсё маё жыццё». У 1970-я з’явілася магчымасць наведаць міжнародныя летнія курсы ў легендарнай Школе танца Грэт Палукі ў Дрэздэне, дзе Летукайтэ пазнаёмілася з тэхнікамі Мэрса Канінгема, Марты Грэм, Лестэра Хортана, Хасэ Лімона і інш.: «Для мяне гэта стала самым вялікім шокам, — распавядае Бірутэ. — Я ўбачыла, што не толькі балет мае ўласную тэхніку, а і сучасны танец абапіраецца на канкрэтныя тэхнікі, на моцную прафесійную глебу. І я зразумела, што трэба даганяць свет, які пасля вайны пайшоў далёка наперад, а мы ўсё яшчэ танцуем даваенны Ausdrunktanz і лічым гэта сучасным танцавальным стылем. У выніку я пачала ад сябе патрабаваць больш, чым патрабавала наша настаўніца, і ў мяне з’явілася жаданне рабіць штосьці сваё».
Паступова вакол Бірутэ фармуецца група аднадумцаў, з імі яна сыходзіць з «Санаты» і ў 1980-м стварае ўласны калектыў, які пазней атрымаў назву «Аўра». Аднак этапным для тэатра Летукайтэ лічыць 1982 год, калі адбыўся першы публічны канцэрт калектыву: «Я прысвяціла гэты выступ сваёй настаўніцы. Падчас яго мы выконвалі творы Даўётайтэ і некаторыя з маіх работ. З гэтага моманту пачалася гісторыя “Аўры”, што працягваецца і дагэтуль».
Вядомы літоўскі танцавальны крытык Віта Мазурайтэ ў адным з артыкулаў красамоўна параўнала «Аўру» з ледаколам, які пракладае новыя шляхі. Сапраўды, многае ў гісторыі літоўскага contemporary dance калектыў ажыццявіў упершыню і раней за ўсіх: стаў першым прафесійным і адзіным муніцыпальным тэатрам сучаснага танца ў Літве, першым выступіў арганізатарам разнастайных адукацыйных і сацыяльных мерапрыемстваў. Сярод найбольш значных — праекты «Ціхія крокі» з удзелам людзей сталага ўзросту і «Ба-чыш-не-ба-чыш», у якім былі задзейнічаныя сляпыя і людзі са слабым зрокам, творчая лабараторыя «Прасвятленне схаванага» ў межах акцыі «16 дзён супрацьстаяння гвалту над жанчынамі».
Менавіта з «Аўры» ў Літве пачынаецца дзяржаўнае прызнанне альтэрнатыўнага класічнага балета contemporary dance. Падзеяй у гісторыі апошняга стала арганізацыя Бірутай Летукайтэ ў 1989-м першага ў краіне Міжнароднага фестывалю танца мадэрн (з 2011-га — Міжнародны танцавальны фестываль «Аўра»), які дагэтуль штогод праводзіцца ў Каўнасе. У розныя гады тут выступалі такія вядомыя танцкампаніі, як Sasha Waltz&Guests (Германія), Sylvio Dufrayer Dance Сompany (Італія), Kamea Dance Company (Ізраіль), Marcel Leemann Physical Dance Theatre (Швейцарыя), A.lter S.essio (Францыя), Companie Thor (Бельгія) і інш.
Нарэшце, «Аўра» — першы ў літоўскім contemporary dance тэатр з інтэрнацыянальным складам выканаўцаў. Сёння ў трупе працуюць 10 артыстаў з ЗША, Расіі, Францыі, Кітая, Літвы, Італіі, Філіпінаў. Інтарэс да тэатра з боку танцоўшчыкаў з іншых краін вельмі высокі: «Калі мы год таму праводзілі міжнародны набор у трупу, то атрымалі звыш 600 заявак. Усё гэта папросту немагчыма было прагледзець! — распавядае Летукайтэ. — Інтэрнацыянальны склад калектыву, безумоўна, мяняе яго твар, яго мастацкую стылістыку. Артыстам з розных куткоў свету ўласцівы іншы культурны досвед, тэмперамент, мысленне, іх целы маюць іншую пластыку, энергію руху. Дзякуючы гэтаму дыяпазон маёй творчасці як харэографа значна пашыраецца».
Адметнай пастаноўкай, пасля якой пра Летукайтэ загаварылі як пра аднаго з найбольш яркіх сучасных харэографаў, стаў спектакль «Асептычная зона, або Літоўскія песні» (2003). Грамадзянскі па сваім гучанні твор уздымаў балючую тэму нядаўняга камуністычнага мінулага краіны і няпростага шляху да незалежнасці. За гэты спектакль Бірутэ Летукайтэ атрымала вышэйшую тэатральную прэмію Літвы — «Залаты крыж сцэны» ў намінацыі «Лепшы харэограф». «Асептычная зона» не адзіная работа з выразна сацыяльным вымярэннем у рэпертуары «Аўры». Так, у «Медэі» (2011) вядомы міф становіцца для Летукайтэ падставай для даследавання тэмы мацярынства і інтымных праблем сучаснай жанчыны, а ў спектаклі «Мора» (2012), натхнёным аднайменнай сімфанічнай паэмай Мікалоюса Чурлёніса, асэнсоўваюцца сучасныя трансфармацыі ў адносінах чалавека і прыроды.
Асаблівасцю пастановак «Аўры» з’яўляецца іх адмысловая танцавальнасць, разнастайная праца з рухам. Сёння, калі танцам можа лічыцца любое фізічнае дзеянне або бяздзеянне перформера на сцэне, работы тэатра рэабілітуюць менавіта танцавальны рух ва ўсёй разнастайнасці яго праяў. Напрыклад, у спектаклі «Змена правіл гульні» (2018) Летукайтэ працуе з абмежаванасцю руху. Ён вылучаецца арыгінальным сінтэзам танца і прыёмаў візуальнага тэатра. Аб’ёмныя, кубістычныя касцюмы, створаныя вядомай нідэрландскай мастачкай Гудай Костэр, трансфармуюць і дэфармуюць рух, уступаюць у канфлікт з целам, пазбаўляючы яго свабоды. Сцэнічныя строі становяцца метафарай рознага кшталту абмежаванняў і перашкод у жыцці чалавека — унутраных, сацыяльных, палітычных, культурных, фізічных.
Істотнай асаблівасцю мастацкай палітыкі тэатра з’яўляецца супрацоўніцтва з рознымі харэографамі. Так, у рэпертуары «Аўры» ёсць спектаклі ў пастаноўцы Раймонды Гудавічутэ (Літва—Германія), Карэна Керкховена (Аўстралія), Рэнаны Раз (Ізраіль), Барбары Буржэ (Канада), Дэбары Лайт (Вялікабрытанія), Кенза Кусуды (Японія—Нідэрланды), Вангеліса Легакіса (Грэцыя) і інш.
Акрамя таго, з тэатра выйшла мноства артыстаў і харэографаў, якія папоўнілі разнастайныя танцавальныя кампаніі ў Літве і за мяжой. Сярод іх Мантас Стабачынскас (Dansema Dance Theatre, праект «Stage Strangers»), Раймонда Гудавічутэ (незалежны харэограф, Літва—Германія), Марыюс Пінігіс (Тэатр танца Віціса Янкаўскаса, Dansema Dance Theatre), Ліза Балясная (незалежны харэограф, Літва—Бельгія) і інш.
Тэатр запатрабаваны ў Літве і за мяжой, яго графік распісаны на год наперад. У бліжэйшых планах — удзел у Ночы культуры (Вільнюс), гастролі ў Ганконгу, Малайзіі, Мексіцы, Швецыі, Балгарыі... Мо прыспеў час завітаць і ў Беларусь? Апошні раз «Аўра» выступала ў нас у 2001 у межах Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску.