Сам будынак быў адкрыты ў 1968 годзе як Палац выстаў, які з’яўляўся філіялам Літоўскага музея мастацтваў да 1988-га. З 1992 года Палац стаў Цэнтрам сучаснага мастацтва. З 1997-га САС атрымаў у дар архіў Флюксуса ў памяць пра сузаснавальніка арганізацыі Джорджа Маціюнаса.
У Цэнтры сучаснага мастацтва выпускаецца часопіс CAC Interviu на літоўскай і англійскай мовах, ёсць чытальная зала, што таксама з’яўляецца месцам для дыскусій і прэзентацый. З 2012-га працуе CAC Cinema, праграма, прысвечаная пошуку новых фільмаў і прац аўтараў з розных кантынентаў для пашырэння дыялогу паміж мастацтвам і кіно.
У 2001, 2007 і 2011 гадах САС падрыхтаваў літоўскі павільён на Венецыянскім біенале. У 2009 годзе прадставіў праект Frieze ў Лондане, у 2012-м — «Black Pillow» на Ліверпульскім біенале. CAC таксама супрацоўнічаў з установамі ў Чэхіі, Германіі і Эстоніі, каб прадставіць турыстычны праект FLUXUS East (2007—2008), і быў партнёрам, супрадзюсарам і месцам правядзення міжнародных выстаў «Holiday In» (2007), «Пра мабільнасць» (2006), «Папулізм» (2005) і «Хто, калі мы не...?» (2004—2005).
Наша гутарка з дырэктарам САС Кястуцісам Куйзінасам адбылася падчас правядзення найбуйнейшага міжнароднага праекта — 13-га Балтыйскага трыенале.
Як адбывалася трансфармацыя Палаца выстаў у Цэнтр сучаснага мастацтва?
— Час тады быў пераломны, мяняліся назвы многіх устаноў. Але змяніць назву — гэта адно, складаней знайсці новы змест. У нас жа было наадварот: старая шыльда ўжо не адпавядала той дзейнасці, якой мы збіраліся займацца ў гэтым будынку. Складана было растлумачыць прызначэнне інстытуцыі, грунтуючыся на старым назове. Мы не музей, у нас няма калекцыі, але мы збіраліся паказваць тэндэнцыі сучаснага мастацтва, мастацтва, якое адбываецца «тут і цяпер».
Я праглядаў спісы выстаў у амерыканскіх часопісах у пошуках тэрміна. Узнікла думка назваць месца, дзе я працаваў, Інстытутам сучаснага мастацтва, але спыніліся на Цэнтры. Гэта 1992 год, мы былі першымі ў Літве, дый ва Усходняй Еўропе такіх цэнтраў было вельмі мала.
За мінулы час мы многага дасягнулі. Летась адзначалі сваё 25-годдзе — і выпусцілі другі том фотаальбома, дзе паказана ўся наша гісторыя.
Памятаю, як толькі памянялі назву, прыехала група амерыканскіх куратараў, і я, паказваючы ім памяшканні, распавядаў, што тут будзе Цэнтр сучаснага мастацтва. Тлумачыў ім, што ў нас у Літве няма гэтага феномену — сучаснае мастацтва, але мы збіраемся працаваць у тым кірунку.
У 1992 годзе прастора нагадвала ваш мінскі Палац мастацтва з усімі гэтымі выставамі, далёкімі ад апошніх тэндэнцый сучаснага арту. Тады, у тым «катле» было незразумела, што з сябе ўяўляе літоўскае мастацтва, якія задачы перад сабой ставіць.
Пачалі працаваць з самым маладым пакаленнем. Змянілі сам прынцып арганізацыі. Мастакі прывыклі, што можна было прыйсці ў Палац і напісаць заяўку на правядзенне выставы. Пасля стварэння Цэнтра выставы сталі куратарскімі. Здавалася б, невялікая змена, а яна да многага прывяла. Гэты падыход істотна адрозніваўся ад сістэмы, якая дзейнічала раней, калі ўсё вырашалася калектыўным ацэньваннем, галасаваннем.
Больш за ўсё нас крытыкавалі за тое, што мы сталі паказваць толькі авангарднае мастацтва, а таксама — вельмі мала мясцовага. Бо мы сталі працаваць паводле заходніх стандартаў, прынятых для Цэнтраў сучаснага мастацтва ва ўсім цывілізаваным свеце. Мяняліся не толькі праграмы, але і самі выставачныя плошчы, якасць самога будынка, які першапачаткова праектаваўся як Палац выстаў. Нам дасталася ў спадчыну шыкоўная мармуровая падлога: што туды ні паставіш — усё губляецца, са сценамі таксама давялося нешта рабіць.
Але мастакоў contemporarу art было ў тыя часы сапраўды няшмат?
— Так, з літоўскімі аўтарамі трэба было працаваць. І да гэтага часу некаторыя маюць патрэбу ў парадах, некаторыя больш самастойныя. Аднак галоўнае — сучаснае мастацтва цесна звязана з пытаннямі прадукцыі, тэхнічным забеспячэннем, правядзеннем даследаванняў. Таму калі за творцам стаіць нейкая інстытуцыя са сваімі рэсурсамі, тады ў яго з’яўляюцца зусім іншыя магчымасці. Напрыклад, для 13-га Балтыйскага трыенале амаль трэць аб’ектаў зроблена адмыслова.
Як за гэтыя 26 гадоў існавання САС змянілася сітуацыя з інстытуцыямі сучаснага мастацтва ў краіне?
— Мы па-ранейшаму значнае месца прыцягнення — самы вялікі Цэнтр у балтыйскіх краінах. Але з часам з’явілася Нацыянальная галерэя, Акадэмія мастацтваў пабудавала свае выставачныя залы. Прыватныя галерэі сталі дзейнічаць больш актыўна і ўдзельнічаць у міжнародных кірмашах, запрашаць творцаў на рэзідэнцыі. У кастрычніку адкрыецца новы прыватны музей мадэрнага мастацтва. Новыя інстытуцыі дазволілі засяродзіцца на нашых непасрэдных задачах, бо раней мы спрабавалі ахапіць усё. Нам даводзілася паказваць выставы, звязаныя з гісторыяй ХХ стагоддзя, Эндзі Уорхала, напрыклад. Як толькі мы трапілі ў міжнародную сетку інстытуцый сучаснага мастацтва, завязаліся новыя кантакты. Нам было лёгка працаваць, таму што было мала канкурэнтаў не толькі ў Літве, але і ва Усходняй Еўропе. Нас ведалі і маглі быць упэўненымі: мы не падвядзем пры арганізацыі праекта, прыйдзе шмат наведвальнікаў і застануцца добрыя водгукі. Тым больш у нас была яшчэ адна перавага: маладая аўдыторыя. Еўрапейская публіка Цэнтраў мадэрнага або нават найноўшага арту — у асноўным людзі сярэдняга ўзросту.
У чым вашы ўнікальныя функцыі, чым вы адрозніваецеся ад іншых інстытуцый?
— У Вільнюсе наўрад ці знойдзецца нешта падобнае. Ёсць надзея на Каўнас, які будзе культурнай сталіцай Еўропы ў 2022 годзе, і з гэтай нагоды, верагодна, пабудуецца новы цэнтр сучаснага мастацтва або адаптуецца існуючы будынак Каўнаскай карціннай галерэі, якая належыць музею Чурлёніса і ўзведзена напрыканцы 1970-х як месца для часовых выстаў. Але, на жаль, музей амаль не выкарыстоўвае гэты будынак. Як правіла, падчас правядзення маштабных мерапрыемстваў з’яўляецца палітычная воля і грошы. Але мы ніколі не пазіцыянавалі сябе канкурэнтамі з інстытуцыямі, размешчанымі, напрыклад, у Шаўляі або Клайпедзе. Значна больш уважліва сочым за тым, што адбываецца ў Ратэрдаме, Франкфурце або Бруселі, бо ЦСМ у гэтых гарадах больш нагадваюць САС, а іх праграмы звязаныя з нашымі. Наша дзейнасць выбудаваная на міжнародных прынцыпах.
Балтыйскае трыенале сёння — буйны інтэрнацыянальны праект, але яго вытокі сыходзяць яшчэ ў часы Савецкага Саюза... Як ён эвалюцыянаваў?
— У савецкі час у нас было вельмі шмат розных біенале і трыенале. Усе яны сышлі з арт—сцэны, акрамя Балтыйскага і трыенале жывапісу, якое праводзяць за рамкамі нашых сцен, таксама ў новай якасці, з новымі канцэптамі. У краінах Балтыі адбываўся своеасаблівы падзел: у Вільні было трыенале жывапісу, у Таліне — графікі, у Рызе — скульптуры. І да гэтых трох вялікіх рэгулярных мерапрыемстваў дадавалася яшчэ Балтыйскае трыенале, якое пачыналася як моладзевае і называлася адпаведна — «Юнацтва». Моладзі дазвалялася эксперыментаваць, тым больш у Літве сітуацыя была досыць ліберальнай у параўнанні з іншымі рэспублікамі Савецкага Саюза. Таму тут і не было сапраўднага андэграўнду, абстракцыя ж дапушчальная. Першыя трыенале я, вядома, не памятаю, але ўжо ў 1991-м я напісаў артыкул пра гэтую падзею. Ад той выставы засталася толькі назва, і сёння гэтае шоу — адзін з самых вялікіх міжнародных праектаў, якія мы робім. Дзесьці з 2000 года сталі ўдзельнічаць аўтары з розных кантынентаў, у тым ліку мастакі з Новай Зеландыі, Пуэрта-Рыка і гэтак далей. Але пачыналася яно як выстава трох краін, пасля 1990-х стала аб’ядноўваць краіны, размешчаныя вакол Балтыйскага мора, былі запрошаны творцы з паўночных краін і з Расіі, Германіі. А ў 2000-м адбылося Балтыйскае трыенале, якое называлася «Цэнтр прыцягнення». Нямецкі куратар Тобіас Бергер ішоў стандартам вялікіх міжнародных шоу, і атрымаўся вельмі моцны праект з багатай суправаджальнай праграмай.
Наша назва часта ўводзіць у зман людзей, якія лічаць, што ўдзельнікі — выключна балтыйскія мастакі. Але ўсе вялікія міжнародныя мерапрыемствы ў асноўным называюцца паводле горада, дзе праводзяцца. Біенале Стамбула, Венецыянскае, Сан-Паўлу і гэтак далей, а гэта — Балтыйскае.
Так, сапраўды, на 13-м Балтыйскім трыенале мала літоўскіх мастакоў.
— Куратар мог нікога і не запрашаць з Літвы. Былі такія парадаксальныя трыенале, напрыклад, у 2005 годзе, калі французскі куратар не паклікаў ніводнага латыша або эстонца. 13-е трыенале вяртаецца да геаграфічнага фармату: выстава будзе праходзіць у трох цэнтрах сучаснага мастацтва трох балтыйскіх сталіц. Мы разам выбіралі куратарскі праект, часта сустракаліся і абмяркоўвалі дэталі.
Чаму абралі канцэпцыю менавіта Вінцэнта Анорэ?
— Важнай была не толькі канцэпцыя, мы глядзелі і на партфоліа: з якімі мастакамі ён працаваў, якія праекты рэалізаваў. Вінцэнт Анорэ — былы дырэктар арт-фонду Дэвіда Робертса і куратар «Тэйт Мадэрн», цяпер займае пасаду галоўнага куратара галерэі «Хейворд», а гэтая галерэя стала яшчэ больш вядомая, бо яе дырэктар Ральф Ругоф абраны галоўным куратарам Венецыянскага біенале.
У сваёй канцэпцыі Вінсэнт Анорэ разважае пра пошук новага пачатку, таму што ўстойлівых паняццяў больш не існуе. Выстава не выглядае прыязнай, хутчэй — постапакаліптычнай. Жоўтае святло, якое вас сустракае, мне вельмі нагадвае Blade Runner 2049 — вядомы рымейк легендарнага фільма ў галіне навуковай фантастыкі.
Думаю, з куратарам мы патрапілі ў цэль, праект выдатны, і ўсе партнёры з гэтым згодныя. Хоць кожны з іх нам прапаноўваў свайго куратара, і камусьці давялося згаджацца з агульным рашэннем.
Ці ёсць якое-небудзь прынцыповае адрозненне ад папярэдніх праектаў?
— Трыенале 2015 года было больш канцэптуальным і менш візуальным — больш эфемерным, прысутнічала шмат праектаў, звязаных з тэкстамі, а не з фізічнымі ўласцівасцямі прац. Для падрыхтоўкі нашай сённяшняй выставы было задзейнічана вельмі шмат транспарту, перавозак. Гэта нешта новае для трыенале. А можа, вяртанне да таго, што было.
Ці сочыце вы за тым, што адбываецца ў Беларусі?
— Геаграфічнае становішча не зменіш, таму так — сачу. Але на вялікіх форумах, тыпу Венецыянскага, можна заўважыць, што ваша мастацтва не змянілася з тых часоў, якім я яго памятаю, — з 2010 года. Так, як гэта было прадстаўлена ў Венецыі. Усё цячэ ў старым рэчышчы.
Пазамінулы раз быў добры праект, звязаны з архівам вайны, шкада, што вы яго не бачылі.
— Магчыма. Усё вельмі складана ахапіць. Вяртаючыся да геаграфічнага становішча. Як з гэтым можна працаваць... Прывяду наша трыенале ў прыклад. Ніхто раней адмыслова не ездзіў на трыенале, але калі мы вырашылі ўключыць гэтую падзею ў міжнародны каляндар, то да нас адразу стала прыязджаць і больш прэсы, і больш гледачоў, тых аматараў сучаснага мастацтва, якія раз’язджаюць па розных біенале, кірмашах. Калі з’яўляешся ў міжнародным спісе, гэта шмат што змяняе. Сёлета ў нас на адкрыцці было каля ста акрэдытацый, ні на якой іншай выставе мы не маглі б дасягнуць такой лічбы. Гэта толькі людзі, што прыехалі на адкрыццё і прэс-канферэнцыю.
У 2010 годзе вы курыравалі выставу сучаснага беларускага мастацтва «Дзверы адчыняюцца»...
— З пытальнікам!
Так, «Дзверы адчыняюцца?». Як вы сёння да яе ставіцеся?
— У мяне засталіся самыя цёплыя ўспаміны пра гэты праект. Я сустрэў шмат цікавых людзей і займеў сяброў у Мінску і іншых месцах, дзе я праводзіў даследаванні і працаваў над экспазіцыяй. Я даведаўся, як шмат беларускіх мастакоў у краіне і за мяжой маюць багаты патэнцыял: яго трэба раскрываць у адпаведных, больш спрыяльных варунках.
Добра, што выстава была паказана не толькі ў Літве, але і ў Польшчы. І для мастакоў—удзельнікаў яна магла нешта памяняць у кар’еры, магчыма, стаць новым пачаткам ці нават шанцам.