ЁН СПЯВАЕ НА НАЙБУЙНЕЙШЫХ ПЛЯЦОЎКАХ ЕЎРОПЫ: У РЫМЕ, БРУСЭЛІ, ФРАНКФУРЦЕ, ТЭЛЬ-АВІВЕ, МАНПЕЛЬЕ, ТРЫЕСЦЕ, БРАЦІСЛАВЕ, ВАРШАВЕ, ТАЛІНЕ. ІЛЛЯ — ЛАЎРЭАТ МІЖНАРОДНЫХ КОНКУРСАЎ ВАКАЛІСТАЎ У РАСІІ ДЫ ІТАЛІІ, СЛАВАКІІ ДЫ АЎСТРЫІ, УДЗЕЛЬНІК ЗНАКАМІТЫХ МІЖНАРОДНЫХ ФЕСТЫВАЛЯЎ. МІЛЬЁНЫ ТЭЛЕГЛЕДАЧОЎ САЧЫЛІ ЗА ВЫСТУПЛЕННЯМІ БЕЛАРУСКАГА САЛІСТА Ў КОНКУРСЕ «ВЯЛІКАЯ ОПЕРА» НА РАСІЙСКІМ КАНАЛЕ «КУЛЬТУРА» І СТАЛІ ЯГО ПРЫХІЛЬНІКАМІ.
Ілля, ці маюць дачыненне да музыкі вашы бацькі, прадстаўнікі папярэдніх пакаленняў у вашай сям’і?
— Маці, архітэктар па прафесіі, спявала ў царкоўным (пратэстанцкім) хоры, рэпетыцыі якога я любіў слухаць у дзяцінстве. Яна перадала мне сваю любоў да музыкі і тэатра. Бацька служыў салістам у хоры Беларускага радыё. Ён паступіў у музычную вучэльню ў 35 гадоў, а да гэтага рабіў майстрам-чырвонадрэўшчыкам. Прапрацаваў у акадэмічным хоры Беларускага тэлебачання і радыё пад кіраўніцтвам Віктара Роўды некалькі гадоў, а потым сям’я пераехала за мяжу. У музычнай школе вучыліся і два малодшыя браты — па класе акардэона і віяланчэлі. Цяпер малодшы іграе ў аматарскім аркестры. А калі зазіраць у далёкае мінулае, ведаю: мой прапрадзед быў запявалам у палку ў перыяд Першай сусветнай вайны.
А чаму вы не з’ехалі з сям’ёй за мяжу?
— Паступіў у музычную вучэльню і застаўся ў Мінску. Маім педагогам быў Адам Мурзіч, у яго займаліся ў свой час нашы вядучыя майстры сцэны Алег Мельнікаў, Станіслаў Трыфанаў. Першы конкурс, які я выйграў яшчэ студэнтам вучэльні, — «Убельская ластаўка» ў Чэрвені.
Потым была вучоба ў Акадэміі музыкі і асістэнтура-стажыроўка ў класе народнага артыста Беларусі Пятра Рыдыгера. Ён мой другі бацька ў прафесіі. Я скончыў два курсы кансерваторыі як дырыжор-харавік, а на трэцім пачаў займацца сольнымі спевамі. Гады ў кансерваторыі праляцелі хутка. Вучыўся і паралельна працаваў у Вялікім тэатры Беларусі, куды прыйшоў як стажор з партыяй Яўгена Анегіна. Я выконваў яе ў выпускным спектаклі Опернай студыі, мяне пачулі і запрасілі праспяваць Анегіна на тэатральнай сцэне — гэта быў апошні спектакль перад тым, як тэатр закрыўся на рэстаўрацыю.
З якімі цяперашнімі беларускімі опернымі салістамі вы разам выпускаліся?
— Мы прыйшлі ў тэатр адначасова з Юрам Гарадзецкім. Ён спяваў Уладзіміра Ленскага, а я — Анегіна.
Ці можна сказаць, што гэтая партыя адна з вашых каронных?
— Так. Гэта першая значная роля, яна стаіць для мяне асабняком. Тытульная партыя, якую адносяць да так званага «фрачнага рэпертуару». Яна патрабуе шматлікіх намаганняў: у ёй няма за што схавацца, і, калі крыху не дапрацаваў, вобраз атрымліваецца фармальны. Да гэтай партыі перыядычна вяртаешся, пастаянна пераасэнсоўваеш. У дадатак артыст, выконваючы ролю героя-арыстакрата, павінен умець адпаведна трымацца на сцэне.
Нядаўна праспяваў Анегіна ў Варшаве ў спектаклі Марыюша Трылінскі. Гэта было аднаўленне яго пастаноўкі, якая доўгія гады карыстаецца поспехам. Спектакль выведзены за межы эпохі, там шмат цікавых сцэнічных рашэнняў: Ленскі з’яўляецца з патэфонам у руцэ, з жоўтымі кветкамі, у парусінавым касцюме, а Анегін — у доўгім чорным сурдуце. На сцэне працаваў артыст мімансу, які ўвасабляў Анегіна ў старасці, ён быў сівы, з выбеленых тварам, у фраку попельнага колеру, і глядзеў збоку на тое, што адбываецца. У гэтай актуалізаванай пастаноўцы ўсё было ў меру і дарэчы. Мы паказвалі спектакль у Польшчы, а затым ён быў прадстаўлены ў Дубаі.
Голас — гэта талент, першапачаткова дадзены абраным, ці ўсё ж вынік, які можна атрымаць, паставіўшы перад сабой мэту і ўпарта працуючы?
— Кожны з нас мае індывідуальны голас, якім мы карыстаемся пры стасунках. Але голас пеўчы — перакананы ў гэтым! — адзін з дароў, дадзеных звыш.
Вы выконваеце лірычныя барытонавыя партыі. Якія з іх для вас самыя любімыя, дарагія? Ці ёсць вопыт працы з драматычным рэпертуарам?
— Не ўяўляю сябе па-за спевамі, таму люблю ўсе свае партыі. Мае героі вельмі розныя: Анегін і Ялецкі, Раберт і Жэрмон, Мізгір, Сільвіа... Не так даўно адбылася опера «Багема», дзе я ўпершыню выконваю партыю Марселя. Было вельмі цікава працаваць з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Аляксандрам Цітэлем. Ён патрабаваў ад нас увесь час кантактаваць з іншымі персанажамі. Ведаць, хто што спявае, і на гэта рэагаваць, каб на сцэне атрымаўся дыялог, а не набор маналогаў і рэплік, не звязаных паміж сабой. Рэжысёр патрабаваў існаваць у прапанаваных абставінах, прапрацоўваць логіку ўчынкаў свайго героя, выбудоўваць унутраную біяграфію. У слабых персанажах шукаць моцныя бакі, у моцных — слабыя. Бо няма характараў чорных ці белых, у кожным ёсць комплекс розных якасцей, звычак, схільнасцей. І гэтае разуменне адразу надае рэльеф вобразам, якія ствараюць на сцэне артысты.
Не магу сказаць, што не сплю па начах з-за таго, як выканаў ці не выканаў тую ці іншую партыю. Мая любоў — роўная, спакойная, паўнаводная рака. Драматычны голас можа сабе дазволіць спяваць з надрывам, «на разрыў», на мяжы, у яго на тое хапае магчымасцей. Лірычны голас такімі ўласцівасцямі не валодае, але ў яго ёсць дыяпазон, дзе ён больш выразны, цікавы, пераканаўчы, дзе ён можа прадэманстраваць больш дэталяў, адценняў, тонкія моманты, якія здольны паказаць і абыграць. А драматычны голас можа гэтым тонкасцям не даць рады.
Праўда, некалькі гадоў таму я прымаў удзел у пастаноўцы спектакля «Плашч» Пучыні, што адбылася ў Нацыянальнай оперы Манпелье. Я спяваў Мікеле — партыю для драматычнага барытона, я б сказаў «на выраст», з якой, тым не менш, нядрэнна справіўся.
Гэта была актуалізаваная версія? Як вы ў прынцыпе ставіцеся да актуалізацыі?
— Пастаноўку ажыццяўляла Мары Эф Сінероль — маладая, перспектыўная оперная і кінарэжысёрка, якая супрацоўнічае з вядучымі еўрапейскімі тэатрамі. Спектакль меў шмат рэжысёрскіх знаходак, магутны драматычны падтэкст, цікавую сцэнаграфію. Артысты працавалі не толькі на сцэне — нас здымалі і на відэакамеры, у тым ліку ў басейне, пад вадой, рабілі буйныя планы.
Я знаходзіўся на сцэне ўвесь час, хоць гэта не прапісана ў партытуры. У дырыжора Рані Кальдэрона, прыхільніка традыцыйнага падыходу, і рэжысёркі ўзнікалі сур’ёзныя дыскусіі з нагоды актуалізацыі. Дырыжор быў перакананы: у опернай пастаноўцы неабходна раскрываць задуму кампазітара. Рэжысёрка, наадварот, лічыла: мы павінны пераасэнсоўваць тое, што напісана.
Мне такі вопыт працы падаўся цікавым. Думаю, каб данесці звышідэю мастацкага твора да сучаснага гледача, у пэўнай ступені можна дапускаць інтэрвенцыі ў літаральны тэкст. Калі мы мяняем форму, але нязменным застаецца змест, як у «Плашчы», тады гэта апраўдана. Мы жывем у эпоху візуалізацыі і паскарэння тэмпаў. Застаецца менш сіл і часу на тое, каб займацца асэнсаваннем убачанага, прачытанага, рэфлексаваць.
Таму, дарэчы, кожнаму пакаленню вельмі важна дакранацца да класікі, адкрываць яе для сябе, здабываючы вечнае і ў той жа час актуальнае. І для гэтага ў сучаснай рэжысуры ёсць адпаведныя інструменты. Але актуалізацыя класікі дзеля таго, каб перакрэсліць вечнае і зрабіць добры хэпенінг, каб глядзелася кідка і было ў трэндзе, інавацыя дзеля інавацыі, каб чымсьці здзівіць, — гэта вельмі сумна. Скамарохі, напаўаголеныя дзяўчыны, сэксуальны падтэкст — гэта ўжо прадказальна і не цікава публіцы. Бываюць такія пастаноўкі, у якіх усё рэжа слых і вока і не застаецца нічога ад жывога матэрыялу, калі відаць, што заблукалі ўсе. У такім хаосе ўсё пераўтвараецца ў складана вытлумачальныя эфекты, якія рэжысёр разумее, але глядач за тры гадзіны не можа іх расшыфраваць.
Але здараюцца надзвычай цікавыя актуалізацыі, як, напрыклад, «Фаўст», пастаўлены рэжысёрам Стэфана Пода ў Тэль-Авіве ў мадэрнісцкім ключы. З шыкоўнымі італьянскімі касцюмамі, цікавым светлавым рашэннем і сцэнаграфіяй. У гэтых умовах абсалютна камфортна працаваць, усё зразумела і лагічна. І гледачы задаволеныя. Некаторыя ж занадта сучасныя пастаноўкі публіка ўспрымае халаднавата і сыходзіць у сярэдзіне спектакля. Італьянцы, напрыклад, не любяць гэтых усіх навацый паўночнай Еўропы, яны любяць паслухаць і ацаніць галасы, разумеючы сюжэт і гістарычную эпоху. З традыцыйных пастановак мне запомніліся «Вертэр» Маснэ ў Тэатры Вердзі ў Трыесце і «Луіза Мілер» Вердзі ў Турыне, якую аднаўляў рэжысёр Дзяніс Крыф. У такой лёгка інтэрпрэтаванай абстаноўцы было зручна і прыемна папрацаваць.
У якой ступені важна для опернага спевака мець імпрэсарыа? І ці ёсць імпрэсарыа ў вас?
— Важна. Мала якія спевакі сёння робяць паспяховую кар’еру без агенцтва. Мой папярэдні імпрэсарыа сам знайшоў мяне пасля конкурсу, які я выйграў у Славакіі. Некалькі гадоў мы з ім працавалі, але наша супрацоўніцтва не аказалася такім плённым, як хацелася б. А потым пазнаёміўся з маім цяперашнім імпрэсарыа — падчас конкурсу Competizione dell`Opera, фінал якога праходзіў у беларускім Вялікім тэатры. Ён працаваў у складзе журы. Мы вельмі хутка пасябравалі. Нашай супрацай я задаволены.
Куды рухаецца опера сёння? Гэта ўзыходжанне ці наадварот?
— Я бачу ў свеце рознаскіраваныя тэндэнцыі. З аднаго боку, ва ўсіх краінах ідзе зразанне дзяржаўных субсідый на музычны тэатр. З іншага боку, опера выходзіць на нетрадыцыйныя для сябе пляцоўкі, дзе адбываецца яднанне опернага мастацтва, кінематографа, сучаснай музыкі і танца. Думаю, ідзе далейшае развіццё мастацтва оперы, нягледзячы нават на тое, што фінансаванне прыкметна знізілася. А рынак — у Еўропе ён розны. Ведаю, у Італіі і Германіі добрая напаўняльнасць глядзельных залаў. Напрыклад, з шасці паказаў опер «Луіза Мілер» і «Вертэра» тры-чатыры спектаклі былі аншлагавыя, на астатніх зала была запоўненая на 80 адсоткаў. Гэта вельмі добрыя лічбы. У Тэль-Авіве ўсе пастаноўкі прайшлі з аншлагамі. Упэўнены, што будучыня ў оперы ёсць.
Вы першым з беларускіх оперных спевакоў прынялі ўдзел у папулярным праекце «Вялікая опера» на расійскім канале «Культура». Хто запрасіў вас туды?
— Гэта прыемны ўспамін і цікавы адрэзак творчага жыцця. Яшчэ да «Вялікай оперы» мы пасябравалі з дырыжорам Уладзімірам Іванавічам Федасеевым і яго Вялікім сімфанічным аркестрам. У нас адбылося некалькі цікавых праектаў: навагодні канцэрт у зале імя Чайкоўскага ў Маскве, канцэрт «Песні ваенных гадоў» у Зялёным тэатры на ВДНГ у гонар Дня Перамогі: я з задавальненнем выканаў «Зямлянку», «Жураўлі», «Бяры шынель, пайшлі дамоў», «На безыменнай вышыні», дуэтам з Васілісай Бяржанскай «Вечар на рэйдзе». З аркестрам пад кіраўніцтвам Федасеева я выканаў кантату «Масква» ля сцен храма Хрыста Збавіцеля.
Мы таксама сябруем з Фабіа Мастранджэла, якога называюць «самым вядомым італьянскім дырыжорам у Расіі». На працягу некалькіх сезонаў Фабіа прымаў удзел у тэлепраекце «Вялікая опера» — быў сябрам журы і галоўным дырыжорам аркестра. У нас з ім прайшлі канцэрты ў Новасібірскай філармоніі, Маскоўскай філармоніі, фестываль «Класіка над Волгай», у якім удзельнічалі фіналістка «Вялікай оперы» Васіліса Бяржанская і пераможца трэцяга сезона Салтанат Ахметава. Паўсюль нас вельмі добра прымалі.
Вельмі моцны ўспамін на ўсё жыццё застаўся ад стасункаў з Аленай Васільеўнай Абразцовай. Калі працавалі над «Вялікай операй», яна казала: «Ілля, чакай, будзем у Мінску спяваць «Пікавую даму»». Праграма запісвалася ў лістападзе, а ў снежні мы павінны былі выступаць у спектаклі на беларускай сцэне. Ужо выйшла афіша, але спявачкі не стала.
Вы згадвалі пра выкананне ваенных песень. У якой ступені лёгка ці, наадварот, складана вы пераключаецеся з аднаго жанру на другі?
— Сур’ёзныя эстрадныя песні выконваць няпроста — няма часу разварушвацца, ёсць чатыры хвіліны, каб распавесці невялікую гісторыю душы. І тут таксама трэба нешта ў сабе шукаць, даставаць з глыбіні сэрца, бо без гэтага людзі не будуць цябе слухаць. Глыбіня стаўлення спевака да таго, што ён выконвае, адчуваецца адразу — ці ёсць у чалавека, што сказаць слухачам, або яму лепш устрымацца. У 2010 годзе я стаў пераможцам Першага конкурсу вакалістаў імя Мусліма Магамаева. Выйграў, напэўна, бо трапіў на ідэальны для мяне конкурс і быў цалкам у сваёй талерцы — оперны спявак, што любіць класічную эстраду, якую яшчэ называюць савецкай.
Часам слухаеш, як спяваюць Клаўдзія Шульжэнка, Леанід Уцёсаў, і не можаш адарвацца. Што ў іх выкананні так зачароўвае слухачоў?
— Калі кажаш ад сябе і пра сябе, пра свае пачуцці, гэта адразу прыцягвае ўвагу. Як, напрыклад, некалі Аляксандр Вярцінскі або Марк Бернэс. Чалавек можа выкладаць дзясяткі ці сотні цікавых навуковых фактаў, якія ён пачуў, напрыклад, на каналах Natural-TV ці Discovery Science, але гутарка будзе нецікавай. А калі ён дзеліцца ўласнымі перажываннямі — тут ёсць алхімія. У песні таксама без гэтага нельга, таленавіта зроблена тое, што выклікае рэха, водгук у душы, калі глядач выходзіць пасля канцэрта ўзрушаны. А калі артыст выходзіць на сцэну «пусты», наўрад ці ён кране гледача.
Хтосьці з вялікіх калісьці пісаў, што да 30 гадоў мужчына бярэ, а пасля 30 пачынае аддаваць свету. Ці згода?
— Сапраўдны прафесіянал вучыцца ўсё жыццё. Оперныя спевакі ў такім узросце «набіраюць», набываюць майстэрства і ўдасканальваюць голас — гэта сто адсоткаў. Адам Асманавіч Мурзіч казаў мне нядаўна, што і педагогі вучацца ўсё жыццё — напрыклад, калі сядзяць у журы на конкурсах, слухаюць дзяцей, назіраюць, як працуюць іншыя педагогі. Але трыццаць гадоў — гэта такі ўзрост, калі з’яўляецца сям’я, і трэба адказваць не толькі за сябе.
Ці навучаюцца музыцы вашы дзеці?
— Сын займаецца ў гімназіі-каледжы пры Беларускай акадэміі музыкі на аддзяленні харавога дырыжыравання, спявае ў хоры хлопчыкаў гімназіі — тамсама, дзе і я спяваў калісьці. Іх хор ужо выступаў на канцэрце з нагоды ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне». Сын уважліва слухае, калі я займаюся вакалам з яго мамай, і нават часам спрабуе падпяваць. Апроч музыкі, Лука вельмі любіць матэматыку, у яго добра ідзе праца з лічбамі. Нам хочацца, каб ён знайшоў сваю сцяжыну, а мы будзем дапамагаць яму і глядзець, да чаго ў яго ляжыць сэрца. А пакуль ён дзіця і не зусім яшчэ разумее, куды імкнуцца, мы даем яму базавую i спецыяльную музычную адукацыю, самую лепшую, якая ёсць у нас у краіне на дадзены момант. Дачка Алівія, пакуль яшчэ дашкольніца, займаецца класічным танцам.
Якой літаратуры вы аддаяце перавагу? Ці ёсць любімыя аўтары?
— Гесэ, Булгакаў, Дастаеўскі. Праўда, не так шмат чытаю, як хацелася б. Ды і сацыяльныя сеткі не дрэмлюць. Спачатку ты чытаеш іх, а потым яны цябе.
Распавядзіце пра вашы любімыя гарады і краіны.
— Думаю, нас прыцягваюць не гарады, а ўспаміны і ўражанні, якія мы там перажылі. Падабаецца Мюнхен — у мяне там жывуць сябры. З задавальненнем успамінаю Манпелье з ягоным водарам мора, травы, квітнеючых вінаграднікаў. Цікавы горад Брэгенц, дзе я таксама працаваў. І, вядома, дом, Мінск — мая радзіма з усімі яе плюсамі і... плюсамі.
Вольга Савіцкая