«Сенсацыя! У Мінск едуць літаграфіі Далі, кераміка Пікаса, прынты нейкай там знакамітасці і “жывыя карціны” Ван Гога!» Сур’ёзна? З 1990-х, хоць бы па дарозе на Маскву ці з паваротам на Кіеў, тут было вельмі мала добрых міжнародных праектаў. У асноўным выставы перакаці-поле...
На «Арт-Мінск» змагла прыехаць выстава маскоўскага мастака Сяргея Катрана, даволі затратная і іншым чынам тут малаверагодная. Шмат аўтараў рэалізавалі свае творчыя планы ў прыстойных экспазіцыйных умовах. Усяго было задзейнічана 18 пляцовак, каля паловы — для персанальных выстаў. Галоўная падзея — шырока рэкламаваны «куратарскі праект Стэфана Антанэлі», які адбыўся ў Палацы мастацтва. З 250 прац ён адабраў 150, зладзіўшы вялікую групавую экспазіцыю на ўсе паверхі.
Арганізатары фестывалю (гэта варта засведчыць) не ставілі перад сабой ніякіх амбітных ці хоць бы зразумелых для вузкіх спецыялістаў мэт. Яны запусцілі пробны шар, каб паглядзець, што атрымаецца. «Зробім шмат усяго — і нешта з гэтага будзе», — так, ледзь не літаральна, было сказана на прэс-канферэнцыі. Фактычна «Арт-Мінск» — гэта карэкцыя «Восеньскага салона», сур’ёзна крытыкаванага прафесійнай супольнасцю. Старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка паведаміў: арганізатары пачулі крытыку пра тое, што фармат «Салона» накладае ўзроставыя абмежаванні, таму вырашылі правесці новае мерапрыемства для ўсіх аўтараў і без продажу, які так ці іначай замінае творчай рэалізацыі аўтараў.
Афіцыйная інфармацыя наступная: «Фестываль ператварыў увесь горад у адзіную галерэю, дзе кожны глядач можа пазнаёміцца з творчасцю сучасных беларускіх і замежных аўтараў. Усяго ў фестывалі бяруць удзел 250 мастакоў, адабраных з больш чым 800 прэтэндэнтаў. Да адкрыцця “Арт-Мінска” аддрукаваная спецыяльная карта, каб кожны мог азнаёміцца з праектамі ў галіне сучаснага мастацтва, якія праходзяць на розных сталічных пляцоўках. У іх ліку — Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, Мемарыяльны музей-майстэрня З.І. Азгура, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, галерэі “БелАрт”, “А&V”, “Прадмесце”, “Арт-Порт”, “ДК”, “Blique” і “Арт Хаос”. Творы, адабраныя экспертным журы на аснове дасланых заявак, акрамя Палаца мастацтва, можна ўбачыць у экспазіцыі НЦСМ (пр. Незалежнасці, 47). І з 4 мая — у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (пр. Незалежнасці, 116)».
Раз «Арт-Мінск» заяўлены як міжнародны фестываль сучаснага мастацтва, то, згодна з лепшымі традыцыямі падобных мерапрыемстваў, быў запрошаны незалежны куратар. І тут пачынаюцца істотныя адрозненні ад міжнароднага фармату, на які арганізатары ўсё ж арыентаваліся (акцэнт на «сучаснае» мастацтва, тыповая назва, шырокі ахоп гарадскіх пляцовак, замежныя аўтары і міжнародны куратар). І я задаю сабе пытанне: чаму ў нас атрымліваецца «Месяц фатаграфіі» і «Тэарт», а з мастацкім складнікам «штосьці не так»? Вінаваты ва ўсім Zeitgeist. Ну і тое, што ўсё рабілася «ўпершыню».
Бадай, галоўная прапанова фестывалю — іншы погляд на беларускае мастацтва. Італьянскі куратар быў пакліканы запозна, ён мусіў не прыдумваць тэму, а вычляняць ідэю з кантэксту, не адбіраць работы, а адсейваць. Вынік атрымаўся сімптаматычны: экспазіцыянеру ўдалося сутыкнуць неспалучальнае, разбурыць устойлівыя іерархіі і выбудаваць гісторыю з даволі экзатычных для сябе твораў.
Не маючы магчымасць задаць межы, здаецца, і не жадаючы гэтага рабіць, Стэфана Антанэлі склаў экспазіцыю з паасобных раздзелаў, у якіх ён дасягае вастрыні сюжэта, прымушаючы работы камунікаваць у мэтах стварэння новых сэнсаў.
З васьмісот заявак, дасланых на ўдзел у фестывалі, куратар хацеў бы пакінуць усе, бо перакананы: мастацтва — гэта «пра эксклюзіўнасць». «Тое, што вы бачыце тут, — тлумачыў Антанэлі, — гэта не выбарка мастакоў і гэта не азначае, што мастакі, якія прадстаўлены тут, горшыя ці лепшыя за іншых. Мяркую, у кожнага аўтара ёсць права выяўляць сябе, і іх мастацтва мае права на існаванне. У кожнага ёсць свая ідэя пра тое, якім павінна быць мастацтва: прыгожым, эмацыйным ці правакуючым. Думаю, мастацтва павінна выбудоўваць адносіны паміж арт-аб’ектам і людзьмі, то-бок вамі. І гэта тое, што я імкнуўся зрабіць у гэтай экспазіцыі — стварыць адносіны паміж працай і вамі»... Мэту сваю ён пазначыў проста: «Я займаюся арганізацыяй размовы, усталёўваючы стасункі паміж творамі». Для спадара Стэфана існуе толькі адзін фільтр, праз які праходзіць сапраўдная праца: адчуванне духу часу, што выяўляецца ў супярэчнасці і парадоксе. Пэўныя творы самі ўтрымліваюць гэтыя дзве рэчы, а для некаторых куратар ствараў іх сам, бо існавалі аб’екты, якія запатрабавалі дадатковай інфармацыі. Многія працы нашага мастацтва давялося сутыкнуць паміж сабой, каб выказванні аўтараў займелі нейкі сэнс.
Ці стане «Арт-Мінск» уплывовай падзеяй?
Вынікі пакуль невідавочныя. Лозунг «Мінск глядзіць» не ўтрымлівае нічога, акрамя малаінфарматыўнай канстатацыі (іншым часам таксама адбываецца дакладна такая ж колькасць разнародных выстаў), міжнародны фармат пашыральны, усё ж мы як прастора, што пазначае еўрапейскую terra incognita, можам быць даволі прываблівымі.
Галоўны вынік, якога я тут не бачу, — стымуляванне арт-працэсу. Аднак стаяла задача — задаволіць гледача, што і было пазначана ў буклетах: «Міжнародны фестываль сучаснага мастацтва “Арт-Мінск” аб’яднаў больш дзесяці пляцовак па ўсім горадзе, для таго каб мінчане змаглі атрымаць асалоду ад работ майстроў з Беларусі і краін СНД».
Што ж рабіць мастакам, асабліва ў адсутнасці арт-рынка? Падобнае пытанне задаў Канстанцін Селіханаў на лекцыі Стэфана Антанэлі ў прасторы «Ок16». «Рынак існуе, — пачаў іранізаваць Антанэлі. — Я бачыў тут магазіны Armani, рэстараны, казіно. Значыць, ёсць людзі, якія могуць набываць мастацтва. Калі тут ёсць магазін Armani, значыць, ёсць пакупнікі, што могуць дазволіць сабе касцюм ад Armani. Іначай тыя, хто займаецца маркетынгам, адсюль бы сышлі. Аднак, хутчэй за ўсё, у гэтага пакупніка дома вісяць карціны брытанскіх, амерыканскіх ці італьянскіх мастакоў. Вы можаце паспрабаваць убачыць сэнс ствараць аб’екты, якія гэтыя людзі пачалі б набываць. Вы можаце называць гэта камерцыйным артам, але таксама — сваёй стэроіднай сілай. У Італіі ў нас ёсць мастак, што над усімі паздзекаваўся, Маўрыцыа Катэлан. Ён прадае скульптуры з уласным тварам, які высоўваецца з падлогі, па тры мільёны еўра. Ён сказаў, што заканчвае сваю кар’еру, і падараваў Мілану скульптуру, якую сам усталяваў перад Міланскай біржай, сімвалам фінансавага свету. Скульптура дзесяці метраў зроблена з белага карарскага мармуру. І выяўляе скіраваную ў бок біржы далонь, сабраную ў кулак з узнятым сярэднім пальцам. Ён валодае фінансавымі магчымасцямі і вось займеў шанец “паслаць” фінансавы свет. Я мяркую, вы знаходзіцеся ў рынку, які развіваецца. Уцягнутасць Белгазпрамбанка ў культурны візуальны працэс — гэта не пра інстытуцыі. Банк ведае, што каштоўнае, а што не. Гэта яго праца. У Італіі мы маем досвед, калі стасункі банкіраў і мастакоў былі вельмі блізкія. Тое адбылося пяцьсот гадоў таму. Банкіра клікалі Ларэнца дзі Медзічы. І калі ён стаў мець дачыненне да мастацтва, паўстала тое, што мы называем Рэнесансам. Такім чынам, тут ёсць эканамічныя гульцы, зацікаўленыя ў мясцовай культуры. Падтрымаць вас — гэта іх абавязак. Яны могуць набыць вашы работы за маленькі кошт, стварыць вялікую калекцыі і праз дзесяць гадоў кошт прац павялічыцца. І ніякі іншы фінансавы інструмент не можа ім гэтага даць. І я ўпэўнены, што так і будзе».