У стварэнні тэатральнага бестселера Мікалая Пінігіна ўдзельнічаў мастак Барыс Герлаван. Ён прапанаваў сцэнаграфічнае вырашэнне ў выглядзе фасадаў узбуйненых батлейкавых скрыняў — такім чынам выканаўцы самі нагадвалі жывых батлеяў. У «Рэвізоры» мастак Марыус Яцоўскіс усталяваў нешта сярэдняе між кароўнікам і маўзалеем з трафарэтнымі лябедзькамі на блакітных варотах. Збудаванне паўстае адначасова і відзежай знявечанай батлейкі,
і нагадвае то гвалтоўна адбудаваны касцёл, то кінуты вайсковы аб’ект. Альбо па-нашаму, па-сучаснаму адрэстаўраваную браму-мураванку, чым паддае спакусы згадаць пра браму неўміручасці (меўся на ўвазе такі аб’ект у вядомым спектаклі купалаўскай сцэны) для персанажаў драматурга Гогаля, якія адказна паразумеліся, паладзілі і пагадзіліся з патрабаваннямі рэжысёра Пінігіна. Гэта сведчыць, што інтэрпрэтацыйны рэжысёрскі тэатр, нягледзячы на перфарматыўныя практыкі, яшчэ далёкі ад сканання. А дыхае эканомна хіба таму, што патрапляе ўслухоўвацца ў час.
Персанажы Гогаля дзейнічаюць у ідэальнай прасторы камунальнага гарадскога падпарадкавання: усё шэра, чыста, гола. Трава або расліна ў вока не лезе — ані фікусам, ані каноплямі. Зяленіва з’яўляецца ў сцэне лазні, дзе Гараднічы абвяшчае сваю надта непрыемную звестку — ссохлым да стану венікаў, ды на банкеце ў гонар Хлестакова — у выглядзе гуркоў, асуджана закатаных па слоіках побач з таматнаю чырванню. Натуральнае, яркае, жыццядайнае — пад кантролем. Сцэнічную пляцоўку — як сцежку ў свет — абмяжоўвае старасвецкі электрычны слуп з парцалянавымі кубачкамі ізаляцыі, а таксама звыклая гарадская недабудоўля — вежы-вышкі з патарчакамі арматуры. Скасавурыўшыся на глядзельню, туды падымаюцца паліцэйскія Вухавёртаў і Свістуноў у выкананні Паўла Астравуха і Паўла Паўлюця — так званыя сілавікі. Зрэшты, памяркуем пра гэтых хлопцаў па абыходжанні Гараднічага: той штурхае іх нагою ў грудзі. А самі яны порстка абслугоўваюць банкеты, цягаюць сталічнаму інкогніту ванну, караюць да крыві карчомнага афіцыянта... Робяць. Стараюцца.
Асяроддзе падпарадкуе сабе чалавечыя адметнасці: выгляд, думкі, мову. Чалавек-прадукт прадказальны: тутэйшыя апранаюцца ў падобныя двухборт-
ныя пільчакі, шалёна моляцца, перамаўляюцца трасянкаю, над якой заўважна папрацавала перакладчыца Марыя Пушкіна. Праўда, выбітнае валоданне літаратурнай беларускай не замінае хіпстару Хлестакову пачувацца й заставацца мыльнай бурбалкай, але выкананне ролі Аляксандрам Казелам надае гэтай бурбалцы адметнага зіхацення.
Сярод рэчаў і гарнітураў трапляюцца так званыя анахранізмы, прыкладам форма паліцэйскіх афіцэраў — савецкая, узору 1930-х: белыя кіцелі і фуражкі з сінімі аблямоўкамі. Маюцца і аранжавыя будаўнічыя каскі, і слухаўкі ад нябачнага гаджэта. Дадайце да іх стылёвыя асаблівасці тэксту ды музыку Андрэя Зубрыча — і атрымаеце ўвасабленне грунтоўнага бясчасся, якое трапляецца не адно за межамі сталічных кальцавых дарог: «У каралеўстве час ідзе, а каралеўства ў часе — дзе?» І як адтуль прастаць сцежкі ў свет?
Сучасны тэатр — паводле тэарэтыкаў і аналітыкаў — пакліканы ствараць прастору для адвольных уражанняў глядзельні, каб яна самастойна выпрацоўвала эмоцыі ды сэнсы. Класічны «Рэвізор» іх таксама не навязвае. Але падказвае. Падбухторвае жадаць. Схіляе да асацыяцый, параўнанняў і ведання гістарычнага кантэксту.
Антон Антонавіч перажывае скалананне, расчараванне, стрэс. У драматычным маналог,у скіраваным у залу, ён жахаецца ўласнай недасканаласці. Ягоныя сямейніцы і падначаленая хеўра, зранжыраваная «па чыне і званні» — на перамены ў саміх сябе і не прэтэндуюць. Ні ў Гогаля, ні ў Пінігіна сярод іх няма вартых і нявартых, тых, што маюць рацыю і наадварот, — усе добрыя цацы, усе — тутэйшыя, якім і ўежна, і ўлежна, і, галоўнае, вайны няма.
Першая сцэна Гогаля вырашана як чынавенскі рытуал своеасаблівага ачышчэння і ступені допуску: Гараднічы звязвае падначаленых у лазні, дзе напалову аголеныя і тым самым безабаронныя чыноўнікі выслухваюць ліст з папярэджаннем пра рэвізора — з боку Гараднічага гэта вельмі прадуманае дзеянне. Гэткае звязанне-згуртоўванне перыядычна падтрымліваецца пэўнымі рытуаламі пры сталах; у фінале першага акта п’янога Хлестакова нясуць у лазню на дзвярох, пры іх Бабчыньскі пільнаваў яго ў карчме (выдае на абрад пахавання, якога падсвядома так прагнуць чыноўнікі, бо сталічныя начальнікі кроў псуюць — кішэні чысцяць). Нясуць не абмываць — мыць. Тым самым далучаць сябе саміх да асобы важнецкага інкогніта са сталіцы — як да сцежкі ў свет. Другі акт распачынае рытуал малення — збіўшыся ў натуральны хор, чыноўнікі дружна жагнаюцца і рупяцца пра размеркаванне роляў у наступнай сцэне хабару. Калісьці ў спектаклі Валерыя Раеўскага гэты хабар Гараднічы арганізоўваў сам для пэўнага персанажа Хлестакова. У Пінігіна адкупаюцца не так ад Хлестакова, як ад «нябачнай рукі рынку», што імгненна можа ахвяраваць любым чыноўнікам. Нават знакамітая сцэна прапаноўвання хабару пэўна рытуалізавана — кожны падлівае ў ванну аголенаму Хлестакову вадзіцы са свайго вядра і потым дае грошы, а той, не лічачы, кідае іх сабе за спіну.
Сіла рытуалу з лазні прасякае спектакль і трымаецца да апошняга застолля, калі кампанія Хлопава (Аляксандр Паўлаў), Ляпкіна-Цяпкіна (Ігар Дзянісаў), Землянікі (Аляксандр Зелянко), Шпекіна (Міхаіл Зуй) і Дабчыньскага з Бабчынь-
скім (Мікалай Рабычын і Андрэй Дробыш) рыхтуецца да вяселля, а робіцца сведкам прафесійнай немаентнасці свайго правадыра, якому няма чым вокамгненна звязаць нанова і жорстка ўтрымаць хаўрус. Акела не пацэліў.
Апошнюю прамову свайго персанажа Віктар Манаеў падымае да існых драматычных вышынь: нікчэмнасць сталічнага хлуса абрынае трывалы шэры свет, усе статусы і вымогі. Багамі, дакладней, «анёламі з машыны» з’яўляюцца сілавікі, апранутыя ў дворніцкія ватоўкі з нягеглымі куртатымі крыламі (на такіх не ўзляціш), паведамляюць пра чыноўніка са сталіцы. Чынавенства дранцвее. Літаральна. Так, што іхнія целы вымятаюць з пляцоўкі. Логіка сцвярджае: гэта зачыстка. Верагодна, менавіта гэтае дзеянне-выклік так зварушае сучасную глядзельню: энтрапія ў замкнёнай сістэме дасягнула найвышэйшай ступені, сістэма на вачах знішчыла самую сябе. Але мяшаецца ў справу эмоцыя і міфалагізаваная свядомасць мяркуе, што гэта расчыстка: «І прыйдзе новых пакаленняў // на наша месца чарада…»
Ну а як? Пра ўражанне сучасны тэатр апавядае. І пра стварэнне некаторай вольнай прасторы. Астатняе — разнастайныя сэнсы ды эмоцыі — выпрацоўваюць самі гледачы. Ну і прастаюць сцежкі ў свет.