А пачыналася ўсё з натхнення і імпэту зацікаўленых маладых выканаўцаў, якія жадалі граць музыку і ўзбагачаць культурнае асяроддзе краіны. Алег Янчанка аб’яднаў вакол сябе таленавітых музыкантаў. Разам яны рэпетавалі і канцэртавалі. Паступова назапашваўся вопыт сумесных выступленняў. Трэба было шукаць формы стабільнай працы, і ў 1968-м калектыў атрымаў афіцыйны статус і стаў называцца «Мінскі камерны аркестр».
Шмат у гісторыі калектыву салістаў, канцэртаў, падзей. Цяперашні мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага камернага аркестра ўпершыню пачуў яго гучанне ў той час, калі сам быў падлеткам, і нават уявіць не мог, што калісьці будзе стаяць за яго дырыжорскім пультам.Яўген Бушкоў — заслужаны артыст Расіі, выдатны скрыпач і дырыжор, які нарадзіўся ў сям’і музыкантаў. А яшчэ ён равеснік Дзяржаўнага камернага аркестра. Можа, таму ён так лёгка знаходзіць паразуменне і з калектывам як адзіным цэлым, і з кожным музыкантам паасобку. Пад кіраўніцтвам Яўгена Робертавіча аркестр няспынна крочыць наперад: асвойвае новыя праграмы, выступае з сусветна вядомымі салістамі, гастралюе па ўсім свеце і выконвае прэм’ерныя творы.
Вы з маленства пачалі займацца музыкай. Якім памятаецца дзяцінства? Ці было яно ў вас наогул?
— Маё дзяцінства было шчаслівым. Азіраюся назад і разумею: мне пашанцавала, бо яно аказалася напоўнена менавіта тым, што мне патрабавалася. Не вельмі захаплялі рэчы, якія мае бацькі маглі прывезці з-за мяжы. Як музыканты яны шмат гастралявалі. Што насамрэч мяне цікавіла, дык гэта мадэлі маленькіх аўтамабіляў. Бацькі прывозілі іх з замежных вандровак. Я прыдумаў гульню, якой быў захоплены: ладзіў сапраўдныя чэмпіянаты з удзелам машынак. Увесь чэмпіянат агучваў у стылі каментатараў спартыўных спаборніцтваў — Мікалая Озерава, Віктара Маслачэнкі. Збоку гэта смешна і гучала, і выглядала. Падабалася гуляць у двары ў хакей, праўда, без канькоў і на маленькай пляцоўцы. Так што дзяцінства было насычаным.
Бацька часам хваляваўся: ён хацеў, каб я і больш займаўся, і больш гуляў. Калі тры гадзіны я гуляў на вуліцы і прыходзіў з ружовымі шчокамі, ён быў задаволены. Але ў той жа момант распавядаў: «У Амерыцы ёсць скрыпач, у якога няма ног, ён не можа хадзіць. І ўвесь час, пакуль ты тут гультайнічаеш, ён сядзіць і займаецца». А часам бацька прыходзіў дадому з працы і казаў: «Ну што, бледнатвары, хоць калі-небудзь ты на вуліцу выйдзеш?»
Калі пачаліся вашы заняткі на скрыпцы?
— У пяць з паловай гадоў. Я нават не ведаў, ці існуюць на планеце людзі, якія не граюць на гэтым інструменце. Калі нараджаешся ў сям’і музыкантаў, дзе ўсе граюць на скрыпцы, не ўяўляеш, ці ёсць іншыя інструменты. Пачынаючы з чатырох гадоў цікавіўся ў бацькоў, калі ўжо пачну граць.
Вы маглі б працягваць быць паспяховым скрыпачом, але абралі іншы варыянт. Як і калі пачаўся ваш дырыжорскі шлях?
— Маё першае выступленне ў гэтай якасці адбылося ў 1999-м у Францыі, калі трэба было тэрмінова замяніць старэйшага калегу, выдатнага музыканта Аляксандра Рудзіна. Як атрымалася вытрымаць гэты іспыт — і да гэтага часу не ўяўляю. Але наступныя некалькі гадоў прысвяціў сур’ёзным заняткам дырыжыраваннем пад кіраўніцтвам вопытных прафесіяналаў: Дзмітрыя Кітаенкі ў Швейцарыі і Віктара Ямпольскага ў ЗША.
Вашы дзеці таксама абралі музыку. Як яны зрабілі свой выбар?
— Дачка запатрабавала скрыпку ў чатыры гады. Сын пачаў граць на скрыпцы ў тры гады. Спачатку граў на прутках: адзін трымаў, як скрыпку, а другім вадзіў па ім, як смычком. Я зрабіў выгляд, што не чуў, калі дзіця ўпершыню спытала ў мяне пра скрыпку. Але ж праз тыдзень ён зноў прыйшоў і настойліва запатрабаваў. Сын жыў у сям’і, дзе сярод сваякоў усе былі скрыпачамі. Толькі адна з бабуль піяністка. Таму ён, як і я ў свой час, лічыў, што ўсе на свеце займаюцца музыкай. І калі ўпершыню сустрэўся з не-музыкантам, то доўга яго распытваў, чым жа той займаецца.
Вы нарадзіліся ў музычнай сям’і. Ці адчувалі, што на вас ускладаюцца асаблівыя надзеі?
— Калі чытаў кнігу «Жыццё выдатных скрыпачоў» Раабена, уразіў аповед пра Яшу Хейфеца, аднаго з лепшых у гісторыі выканаўцаў. Памятаю выраз: «Які з яўрэйскіх бацькоў не марыць вырасціць са свайго сына знакамітага на ўвесь свет скрыпача?! Не быў выключэннем і мой тата». Мой бацька напалову рускі, напалову яўрэй. У ім змагаліся гэтыя два пачаткі. Калі ён убачыў, што ў мяне ёсць здольнасці да музыкі, у яго загарэліся вочы і ён захацеў, каб я стаў скрыпачом, знакамітым на ўвесь свет. З другога боку, ён бянтэжыўся, што я раблю поспехі. І ніколі не прасоўваў мяне. Я ведаў, што ён мяне падтрымлівае і неверагодна ганарыцца маімі дасягненнямі. Але калі варта было зрабіць штосьці, выкарыстоўваючы ўласныя сувязі, кудысьці парэкамендаваць, ён адчуваў агромністую нязручнасць.
Потым, калі я стаў дарослым, было некалькі выпадкаў, калі бацька дапамагаў і браў на сябе адказнасць парэкамендаваць мяне некаму. Але ў людзей вакол склалася іншае ўражанне. Яны думалі, маўляў, абсалютна ўсе мае поспехі — дзякуючы таму, што ў мяне такія бацькі. Вельмі распаўсюджаны пункт гледжання. Бо навошта, калі твой бацька — гэта такая сіла?! Але ж я ведаў: яго моц была накіравана на тое, каб дапамагаць іншым. Ён дапамог у стварэнні «Віртуозаў Масквы». Рабіў усё, каб рэалізоўваць задумы Уладзіміра Співакова. Працаваў так, як не працаваў ніводны імпрэсарыа. За маім бацькам мастацкія кіраўнікі жылі як за каменнай сцяной.
А ці ёсць у вас спадзяванні наконт таго, як будуць развівацца вашы дзеці як выканаўцы?
— Сын мяне парадаваў і здзівіў. Яго здольнасці, звязаныя з ігрой на скрыпцы, з’явіліся ва ўзросце, які ў мой час лічыўся запозненым: яго выканаўчы рост адбыўся пасля 14-15 год. А найбольшы ўзлёт Марка як музыканта прыпадае на апошнія 2-3 гады. Гэта адбылося пасля конкурсу Елізаветы, конкурсу ў Манрэалі. Прычым тое супала з заканчэннем вучобы. З вялікім задавальненнем гляджу на яго кар’еру, выступленні. Галоўнае, што прыносіць мне радасць — усведамленне: ён займаецца абсалютна сваёй справай. На дачку Мішэль таксама гляджу шырока расплюшчанымі вачамі. Яна іграе на двух інструментах — на скрыпцы і фартэпіяна. Прычым кожны займае ў яе свядомасці раўназначнае месца. Яна не можа жыць без музыкі. Музыка напаўняе яе нават у той момант, калі яна не грае.
Ці засмуціліся б вы, калі дзеці не абралі музыку справай жыцця?
— Задаваў сабе такое пытанне. У мяне ёсць старэйшая дачка, якая стала доктарам. Прытым што некаторы час яна займалася музыкай — іграла на фартэпіяна і флейце. І быў момант, калі магла выбраць музыку. Але зразумела: гэта не яе.
Быў бы засмучаны, калі б дзецям не былі дадзены гены, што дазваляюць атрымліваць задавальненне ад працэсу выканальніцтва. Музыка — крыніца неверагоднай асалоды. І калі ў чалавека няма рэцэптараў, якія адказваюць за атрыманне асалоды ад спалучэння гукаў, гармоніі, то яго жыццё нашмат бяднейшае. Для гэтага ўспрымання зусім не абавязкова займацца музыкай, быць артыстам і выступаць. Не настойваю, што справа майго жыцця — каб кожны з дзяцей зрабіўся вядомым на ўвесь свет скрыпачом ці піяністам. Дачка ў мяне пытаецца: «А ці будзеш ты мяне любіць, калі перастану граць на скрыпцы ці раялі?» Кажу, што любіў яе чатыры гады да таго, калі яна пачала займацца музыкай.
Ужо шмат гадоў у Маскоўскай і Беларускай філармоніях з поспехам ладзяцца канцэрты цыкла «Класіка — гэта класна!». З чаго ўсё пачалося?
— З дзяцінства я слухаў музыку не толькі дома, але і з ранняга ўзросту хадзіў на канцэрты. Таму што бацька працаваў у дзяржаўным аркестры і выступаў кожны тыдзень. Здаралася, пяць разоў на тыдзень я трапляў на канцэрты. Прычым не толькі на сімфанічныя. У мяне нават захаваўся сшытак. У ім былі разлінаваны тры калонкі, дзе па 25-бальнай шкале я ацэньваў уражанні ад канцэрта. Сістэма ацэнкі была як у фігурыстаў: асобна за тэхнічнае выкананне, мастацкую частку і агульнае ўражанне. Ці маглі выдатныя артысты, прызнаныя майстры ўявіць, што маленькі хлопчык сядзіць у зале, іх ацэньвае і акуратна запісвае?!
Я шмат чуў і многае быў здольны адрозніць. Трапляў на канцэрты для дзяцей і, здаралася, вельмі на іх сумаваў. Таму імкнуся стварыць адпаведную атмасферу падчас праграм для дзяцей. Каб ні ў аднаго дзіцёнка не было адчування нуды. Калі шмат слухаеш, вывучаеш, то шмат разумееш. У тым ліку і тое, што хацеў сказаць артыст праз сваё выкананне музыкі.
Калі мы становімся дарослымі, то прыходзім у залу не для таго, каб у соты раз паслухаць твор, які ведаем. Мы хочам пачуць, як яго выканае менавіта гэты саліст ці калектыў. Трэба, каб юным слухачам хацелася паўдзельнічаць у працэсе канцэртаў. А для гэтага ўсе сродкі прыдатныя: трэба і граць добра, і падбіраць праграмы, каб яны не былі занадта складанымі для першага ўспрымання. Бо менавіта яно фарміруе ўражанні на ўсё жыццё. На мае канцэрты прыходзяць дзеці ад двух з паловай гадоў. І потым пачынаюць пытаць у бацькоў: «Калі наступным разам пойдзем слухаць дзядзю ў чырвоным швэдары?» (Яўген Бушкоў падчас выступленняў цыкла «Класіка — гэта класна!» выступае менавіта ў чырвоным швэдары. — Ю.К.) І такія сітуацыі вельмі цаню. Займаюся падобнымі канцэртамі на працягу пятнаццаці гадоў, і ўжо вырасла пакаленне, у якога з’явіліся ўласныя дзеці.
Камерны аркестр ладзіць таксама і цыкл «Граюць нашы дзеці»...
— Да гэтай штогадовай праграмы далучыўся на трэцім годзе яе існавання. Неверагодная асалода — назіраць за тым, як растуць юныя музыканты. У нас нават змяніўся склад удзельнікаў, бо хтосьці паехаў вучыцца ў іншыя краіны. Падрастаюць новыя выканаўцы, якія толькі пачынаюць выступаць з аркестрам.
Падчас канцэртаў мне асабліва падабаецца стан бацькоў, што разам з дзецьмі рыхтуюць праграмы. Яны займаюцца аркестроўкай і самі акампаніруюць уласным дзецям. Калі б усе музыканты так акампанавалі салістам, то, на мой погляд, выканальніцтва вельмі ўзбагацілася б. Бо часта мы бываем сведкамі таго, як музыканты выдатных аркестраў намагаюцца паказаць сябе, а не дапамагчы салісту.
Якім быў камерны аркестр, калі вы ўпершыню яго пачулі?
— На жаль, цяпер складана знайсці нейкія дакументальныя сведчанні канцэртаў у першыя гады існавання аркестра. Але, на шчасце, можна адшукаць не адзін запіс таго кульмінацыйнага перыяду, калі аркестр прыязджаў у Маскву, каб выступіць са Святаславам Рыхтэрам на фестывалі «Снежаньскія вечары». Там адбылося маё знаёмства з калектывам, калі мне споўнілася 15 гадоў. Гэта быў моцны калектыў з выдатнай культурай, надзвычайным узроўнем прафесіяналізму, разуменнем таго, як павінен гучаць камерны аркестр. Вядома, у тым была велізарная заслуга мастацкага кіраўніка аркестра Юрыя Цырука. Здзівіўся, калі пачуў гэты мінскі калектыў.
Меркай якасці ў той момант з’яўляліся «Віртуозы Масквы», якіх я добра ведаў. Праз два-тры гады пасля стварэння аркестр стаў вядомы на ўвесь свет. На іх якасць выканання меўся попыт. Але рэпертуар «Віртуозаў» не быў надта шырокім. Яны гралі выбраныя для гэтага складу творы. Гралі бездакорна з пункту гледжання ансамблевасці, якасці інтанацыі. Гэта не значыла, што тыя творы нельга пачуць у інтэрпрэтацыі іншых калектываў. І тут прыязджае аркестр, які сваім рашэннем прывозіць у Маскву Рыхтэр. Ён сказаў, што хоча граць менавіта з Мінскім камерным аркестрам. І тое выступленне было неверагодным не толькі ў плане якасці, але па ўзроўні музіцыравання.
Як вы зрабіліся мастацкім кіраўніком нашага камернага?
— Пасля гэтага канцэрта з Рыхтэрам доўгі час не чуў пра аркестр: распаўся Савецкі Саюз, парушыліся цесныя сувязі, больш не было абменных выступленняў. У 2008-м мне патэлефанаваў Сцяпан Яковіч, скрыпач, з якім разам вучыліся ў кансерваторыі. Ён павінен быў іграць у Мінску калядны сольны канцэрт. Дырыжор Мінскага камернага аркестра Інга Эрнст Райль не прыехаў, і тады Яковіч прапанаваў мне праз тры дні выручыць яго і аркестр. Я быў вольны, таму прыехаў, канцэрт адбыўся. Падалося, што мы з аркестрам засталіся задаволеныя адзін адным. Потым мяне запрасілі выступіць з іншай праграмай. І таксама ўсё прайшло вельмі добра. Аркестр іграў моцна, на добрым узроўні, было відавочна, што гэта каманда і ў кожным інструменталісце закладзена традыцыя камернага музіцыравання. І раптам летам 2009 года мне прапанавалі стаць мастацкім кіраўніком калектыву.
Часта камерны аркестр становіцца першым выканаўцам твораў сучасных кампазітараў. А часам кампазітары нават прысвячаюць вашаму калектыву асобныя сачыненні. Чым абумоўлена такая цікавасць з боку сучасных аўтараў?
— Думаю, працэс звязаны з тым, якія творы аркестр бярэ для ўвасаблення. Мне падабаецца выконваць сучасную музыку. Уважліва прыслухоўваюся да таго, што мяне чапляе. Здараецца, ты з’яўляешся ініцыятарам напісання сачынення, калі размаўляеш з кампазітарам і распавядаеш пра свае ідэі і творчыя мары. А часам адбываюцца і чыста фармальныя замовы. Як гэта было, напрыклад, да 45-годдзя калектыву, калі мы заказалі твор Міхаілу Бронеру. Наколькі я ведаю, ён упершыню на замову напісаў Канцэрт для беларускіх цымбалаў. Вельмі цікавы момант чакання, калі ведаеш, што для аркестра пішуць сачыненне, але не ведаеш, якім яно атрымаецца. Гэта падобна да адчуванняў бацькоў падчас цяжарнасці. Адным з самых яркіх момантаў для мяне было знаёмства і праца з партытурай «Кросен Макошы» Канстанціна Яськова. Супрацоўніцтва з ім стала новай ступенню ў развіцці аркестра. Мы ўпершыню ўвялі ў Белдзяржфілармоніі такую форму супрацоўніцтва, як composer in residens — доўгатэрміновая сумесная праца калектыву і кампазітара.
У лютым у Белдзяржфілармоніі адбыўся вялікі святочны канцэрт, прысвечаны 50-годдзю аркестра. Ці ўсё, што запланавалі, у ім увасобілася?
— Сышліся дзве ідэі. Мы правялі невялікую аналогію з хакеем, калі праходзяць лігі «Усе зоркі НХЛ», дзе сустракаюцца гульцы розных пакаленняў. Публіка з захапленнем прыходзіць паглядзець на сваіх былых куміраў. Падумаў, што мы, музыканты, можам зрабіць нешта падобнае і запрасіць тых, хто раней быў звязаны з камерным аркестрам. Прыехалі музыканты з Ізраіля, Германіі.
Другая ідэя ўзнікла дзякуючы зацікаўленасці новай музыкай. Падчас юбілейнага канцэрта адбылося некалькі прэм’ер. Прычым некаторыя прагучалі ўпершыню не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце! Думаю, што стварэнне новых сачыненняў, прысвечаных аркестру ці прэм’ерна аркестрам выкананыя, фарміруюць музычную гісторыю. Калі потым музыканты будуць разгортваць ноты і бачыць: гэты твор прысвечаны таму ці іншаму аркестру, — тое і ёсць гісторыя. Наша праграма была складзена з сачыненняў аўтараў, з якімі супрацоўнічаем на працягу многіх гадоў, — кампазітары Эрык Фрайтаг, Карл Мерк Карлсэн, Элмар Лампсан, Айрат Ішмуратаў, Галіна Гарэлава.
Якія якасці, на ваш погляд, неабходна мець кіраўніку аркестра, каб у калектыве адчуваліся ўзаемаразуменне, творчасць і здольнасць гучаць «у адной танальнасці»?
— Важна па-сапраўднаму любіць музыку і паважаць інструменталістаў, якія яе выконваюць. А яшчэ павінны быць цікавыя праграмы, яркія салісты і запрошаныя дырыжоры — яны ствараюць стымулы.
Гутарыла Юлія Карда