Сапраўды, карункавыя сурвэтачкі, насценныя дываны з «Паляўнічымі на прывале» і выгравіраваныя на метале партрэты выклікаюць як пачуццё захаплення і настальгіі, так і жаданне заплюшчыць вочы: кіч затрымаўся дзесьці паміж мастацтвам і культурным смеццем. Прадукцыя серыйнай вытворчасці суправаджае кожнага па жыцці, прывучаючы да «прыгожага» і дэкарыруючы шэрасць нашай паўсядзённасці, і амаль заўсёды застаецца няўбачанай. Кіч, яшчэ вядомы як ар’ергард ХІХ—ХХ стагоддзяў, стаў вынікам індустрыйнай рэвалюцыі, якая не ведала нацыянальных межаў, і сёння носіць ганарлівае імя «першай універсальнай культуры». З’яўленне ля пад’ездаў бутэлечных буслоў і кветачак — простанароднае ўяўленне пра мастацтва, але рэчы трэба называць сваімі імёнамі. Мастацтва правакуе ўнутранае развіццё праз асэнсаванне вонкавага свету — яно складанейшае за ўпрыгажэнне нашай рэчаіснасці ці яе капіяванне.
На выставу ўзоры масавай творчасці прынесці маглі ўсе ахвочыя, але некаторыя мастакі адгукнуліся на заклік уласнымі творамі — рэфлексіямі на прапанаваную тэму. Так аб’екты Ганны Сілівончык сталі суседнічаць з леапардавай накідкай і ярка-зялёнымі абцасамі, а на сцяне побач са знакамітым стварэннем Алены Харунжык, Святланы Буевіч і Вольгі Рудвені, якое стала вядомым пад назвай «Жывёлкі Беларускія» яшчэ ў «Падземцы», вісяць савецкія плакаты ды размаляваныя талеркі. Здавалася б, мастакі дакладна запазычваюць прыёмы кічу, а заўважыць розніцу паміж сапраўдным і псеўда нескладана: калі ў гледача з’яўляюцца вобразы, асацыяцыі і пытанні, перад ім не прыклад кічу, а праца мастака — з выразнай назвай, са сваім стаўленнем ды інтэрпрэтацыяй.
Аднымі з адметных аўтарскіх экспанатаў сталі «Кентаўрэсы» Паўла Вайніцкага, напалову коні, напалову жанчыны. Аўтар расказаў пра свае намеры: «Мая прафесійная мастацкая адукацыя, атрыманая ў асноўным у Беларусі, зусім не ўздымае над «культурай мас», якая нас атачае. Хутчэй наадварот — разам з падаўляльнай большасцю тутэйшых майстроў я ствараю лакальную культуру кічу, што дамінуе ў краіне. Кажучы пра кіч, я маю на ўвазе бязглуздае дэкарыраванне рэчаіснасці — «каб было прыгожа» — у супрацьлегласць мастацтву, неабходнаму чалавецтву для ўзаемадзеяння з рэальнасцю, мастацтву, якое задае пытанні. «Кентаўрэсы» зроблены для ўпрыгожвання, у іх не закладзены складаныя ідэі. Мяне цікавіла, ці можна арыгінальна зміксаваць наяўныя народныя традыцыі з рэгіянальнай школай гутніцтва. На шклозаводзе ўмеюць рабіць конніка, а я быў прыдумаў дзяўчыну з магутным бюстам, і, у прынцыпе, апроч чыстага трукацтва, гульні з гістарызмамі ды тэхналогіямі, у статуэтках нічога больш няма. Прычына, паводле якой я аддаў работы на выставу, — прынцыповыя меркаванні, бо я лічу кіч сур’ёзнай праблемай, што працягвае калечыць светаўспрыманне суграмадзян, пачынаючы з дзяцінства. Неабходна расказваць людзям пра такую з’яву, як кіч, — і няважна, якім чынам: лаяцца, іранізаваць, нават перабольшана трымацца яго, каб выявіць яго вычварную сутнасць.
Узровень свядомасці сучаснага грамадства цалкам дазваляе разважаць крытычна, і ў выніку мы маем магчымасць займацца мастацтвам як нечым сур’ёзным, а не патыкаць масавым густам і працягваць прадукаваць кічавыя хароствы. Ну так, кіч — таксама плынь мастацтва, і мы апынаемся на слізкай глебе, калі пачынаем раздаваць ацэнкі. Вельмі хочацца сказаць, што кіч — гэта дрэнна, але ж гэта не так: кіч — адменнік мастацтва, які набыў папулярнасць і стаў паўсюдным. Яго можна рабіць таленавіта, ім можна ўпрыгожваць шэрую рэальнасць, але інтэлектуальнасці, неабходнай сучаснасці, у ім няма».
Аляксандра Піліповіч-Сушчыц