Мастацка-прамысловая шкловытворчая школа ў Каменіцкім Шэнаве, у якой Петр Стаха выкладае больш за 10 гадоў і кіруе факультэтам разьбы і плаўлення шкла, — адзін з трох базавых адукацыйных цэнтраў мастацкага шкла Чэхіі. Вядомая з сярэдзіны ХІХ стагоддзя, школа мае бездакорную рэпутацыю старэйшай профільнай установы Еўропы. Рэгіён Паўночнай Чэхіі славіцца даўнімі і багатымі традыцыямі шкларобства. Сёння тут ледзь не праз кожныя пяць кіламетраў можна сустрэць шкляныя студыі, фабрыкі, навучальныя ўстановы, музеі і... шкляную скульптуру. Каменіцкі Шэнаў разам з Новым Борам і Жалезным Бродам стаў легендарнай эксперыментальнай базай для мастакоў і сведкам імклівага развіцця руху студыйнага шкларобства другой паловы ХХ стагоддзя. Школа расквітнела сапраўдным сузор’ем найвядомейшых мастакоў, сярод якіх Уладзімір Капецкі, Іржы Шугаек, Ян Экснар, Францішак Янак, Іва Розсіпал, Лада Семечка.
Позірку гледачоў мінскай выставы адкрываліся выхапленыя святлом масівы шкляных абстрактных скульптур. Глыбокі канцэнтраваны колер аб’ектаў часам нібы растае ў тонкіх слаях матэрыялу. Спецыфічны метад фармавання скульптуры, распрацаваны Петрам Стахам, дазваляе разглядаць брутальныя рэльефныя ўключэнні праз оптыку шкляных паверхняў. Працы мастака «Цыркуляцыя», «Варта Антарктыкі», «Адзін з тых дзён» сталі сапраўднымі хітамі фотахронік і сэлфі гледачоў. Аб’екты маладых майстроў свабодна пачуваліся ў прасторы. Празрыстасць матэрыялу не дае аніякіх намёкаў на сапраўдную вагу работ, між тым некаторыя з іх перавышаюць 30 кг. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць вырабляць вялізныя масівы. Матоўш Волак працуе з манументальнымі формамі, і ў экспазіцыі прадстаўлены найменшыя з іх.
Самым доўгачаканым складнікам для вузкага кола прафесіянальнай суполкі айчынных мастакоў і даследчыкаў стала абмеркаванне тэхнікі выканання твораў — маліравання (ад лац. mollio — мякнуць). З сярэдзіны ХХ стагоддзя на развіццё такога прынцыпу мадэлявання шклянога прадмета вызначальны ўплыў аказалі эксперыменты Станіслава Лібенскага і Яраславы Брыхтавай у 1940-50-я. Шліфаваныя масівы літых блокаў іх аўтарства ўвайшлі ў гісторыю студыйнага шкларобства. На пачатку ХХІ стагоддзя ўнікальным носьбітам і знаўцам традыцый чэшскага маліраванага шкла з’яўляецца Петр Стаха. Разам са сваім выпускніком, а сёння калегам Дзмітрыем Цыбенкам маэстра правёў майстар-клас. Дзмітрый, напрыклад, расказаў, што толькі на механічную апрацоўку паверхні «Цені колераў» ён патраціў каля 50 гадзін! А папярэдні этап маліравання шкла ў спецыяльнай печы займае 2-3 тыдні мінімум.
Атрымаўшы сапраўдную эстэтычную асалоду ад пабачанага, паспрабую ўзгадаць айчынныя традыцыі і рэплікі гэтай тэхнікі ў беларускім мастацтве. Іх можна разгледзець праз дзве тэмы: культурна-гістарычныя ўмовы з’яўлення тэхнікі літага шкла на «Нёмане» і праз вытокі абстрактнай шкляной скульптуры.
«Нёман» назапасіў грунтоўны досвед ліцця дэкаратыўнай шклапластыкі і модуляў для патрэб манументальнага мастацтва спосабам так званага «гарачага маліравання». Прыгатаванае шклаварамі і тэхнолагамі шкло ў расплаўленым выглядзе залівалася ў патрэбныя формы. А ўсё распачалося напрыканцы 1950-х з прапановы вядомых літоўскіх вітражыстаў Казіса Маркунаса і Альгімантаса Стоўшкаса. Пад іх праекты на «Нёмане» і былі спраектаваны спецыяльныя газавыя апечкі, у якіх амаль да сярэдзіны 1990-х мелася магчымасць паступова ахалоджваць літыя блокі. Ужо ад пачатку 1960-х замацаваныя ў цэментныя і жалезабетонныя канструкцыі колата-літыя вітражы мастакоў прэзентаваліся ў Літве і Расіі. У музеі «Нёмана», дарэчы, захаваліся два літоўскія колата-літыя вітражы, умацаваныя ў бетон сцяны.
Свой метад ліцця шкла распрацавалі мастакі шклозавода «Нёман». Уладзімір Мурахвер часцей за ўсё звяртаўся да ўмоўнасці дэкаратыўных рэльефаў. Мастак выканаў і шэраг манументальных аб’ектаў з лаканічнымі геаметрычнымі модулямі. Вольга Сазыкіна трансфармавала спосаб рэльефнага ліцця ў запатэнтаваную аўтарскую тэхніку з уключэннем у шкламасу фрагментаў раслін, бытавых прадметаў і шкловалокнаў. Галіна Сідарэвіч свае працы стварала на аснове ўзаемадзеяння гарачай шкляной масы з сухімі хімічнымі элементамі-фарбавальнікамі і драцяной графікай. Пэўны зварот да метаду маліравання шкла мы бачым у прыкладах знакамітага ціхавыдзіманага нёманскага шкла, да якога звярталіся амаль усе вытворчыя мастакі. Вельмі характэрнай з’явай сталі працы эстонскіх майстроў, якія прысвяцілі частку свайго жыцця «Нёману»: Сільвіі Раўдвее і Керсці Вакс.
Вельмі паспяхова да працэсу падключыліся і прадстаўнікі манументальнага мастацтва: Нінэль Шчасная, Уладзімір Стальмашонак, Гаўрыла Вашчанка, Ірына Кузняцова, Вераніка Віткоўская. Айчыннымі майстрамі былі створаны сотні метраў густоўных аздабленняў архітэктурных і інтэр’ерных праектаў: станцыі метрапалітэна, тэатры, музеі, гатэлі, дамы культуры, санаторыі… У адрозненне ад чэшскага маліраванага шкла, дзе вельмі часта прысутнічала ручная шматэтапная апрацоўка паверхняў, для беларускага літага шкла характэрна захаванне жывой, аптычна рухомай паверхні, мяккай фактуры і далікатнай графічнасці.
Літыя вітражныя модулі для аб’ектаў саюзнага значэння выконвалі на «Нёмане» прыбалтыйскія, армянскія мастакі, піцерцы і масквічы. І хаця чэшскі вопыт маліравання шкла заставаўся недасягальным па тэхналагічных і канструкцыйных уласцівасцях і нярэдка быў вядомы аўтарам толькі з чэшскага часопіса Glass Review — «Нёман» вынайшаў насамрэч унікальны метад выпрацоўкі літога шкла пры фантастычным дыяпазоне каляровых магчымасцяў.
Што да вытокаў абстрактнай шкляной скульптуры ў беларускім мастацтве, згадаю эстэтыку мастацка-прамысловых форм «Нёмана» пачатку ХХ стагоддзя, якія мастацтвазнаўца Мая Яніцкая акрэсліла як «формы на стыку мадэрну, канструктывізму і кубізму». Натуральным развіццём мадэрнісцкіх традыцый становяцца праявы фармальнай пластыкі ў працах Уладзіміра Жохава ў 1970-х. Мацнейшы ўплыў не толькі на сучаснікаў, але і на наступныя генерацыі шкляроў здзейсніў абстрактны геаметрызм Аркадзя Анішчыка.
Вяртаючыся да чэшскай выставы, адзначу цэлы шэраг цікавых гістарычных перакрыжаванняў у развіцці чэшскага і беларускага шкла. Мудрагелістае ўзаемадзеянне абставін і персаналій прасочваецца, напрыклад, ад канца ХІХ стагоддзя. Адкуль паходзіць адзін з заснавальнікаў гуты «Нёман» Юліус Столе? Так, з Паўночнай Чэхіі!
Алена Атрашкевіч-Златкавіч