Пётра Васілеўскі: На выставе было мала прац новых і зробленых да яе спецыяльна. Ці гэта непазбежнасць, звязаная з невялікім часам, што даваўся на арганізацыю, ці — у нейкай ступені — непадрыхтаванасць нашай культурніцкай грамады да ўспрымання гэтай даты?
Рыгор Сітніца: І тое, і іншае. Было б дзіўна, каб у наc існаваў кансэнсус у стаўленні да гістарычных падзей, якія на працягу ўсёй савецкай эпохі свядома замоўчваліся ці прадстаўляліся ў скажоным выглядзе. Я хацеў, каб мы не паўтарылі досвед трыццацігадовай даўніны, калі на падобных выставах дамінавалі творы ілюстратыўнага, асветніцкага характару, што на той час было, безумоўна, актуальна. Таму я заклікаў людзей адказаць сучаснай пластычнай мовай. Напрыклад, мяне ўзрадаваў Леанід Хобатаў, які ўвасобіў тэму праз колеравую кампазіцыю ў выглядзе сцяга. Твор атрымаўся драматычны, глыбокі па сэнсе, паказвае перыпетыі гісторыі. Вось такіх прац я чакаю.
Сваю важную, факталагічную ролю выканалі фотаздымкі ўдзельнікаў той гістарычнай падзеі. На выставе было шмат сэнсавых і візуальных пластоў, яна разнастайная і сучасная. Прыкра, што мае вучні, на якіх я ўскладаў шмат надзей, не адгукнуліся. Што б тут ні адбывалася, ім «у лом» ісці ў Палац мастацтва і ўдзельнічаць у гэтай «маргінальнай» дзеі. Паводле іх шкалы каштоўнасцяў 100 гадоў БНР — падзея не вартая разгляду. Таму мяне ўсцешыла, што амаль 70-гадовы фармаліст Хобатаў шыкоўна адказаў на гэты выклік. А сённяшнія прасунутыя маладыя людзі, у якіх, здавалася б, павінна быць і ўсведамленне, і рэагаванне, — на жаль, не. Мы ж нездарма назвалі выставу «Код: 25.03.18», бо лічым, што гэта частка генетычнага коду беларусаў, а генетыка дадзена ад прыроды.
Прыносілі вельмі розныя работы, але мы адабралі самыя годныя, збудавалі цэласную экспазіцыю. Цэнтрам яе стаўся паліпціх Гаўрыіла Вашчанкі «Крылы», твор метафарычны, прывязаны да тэмы не канкрэтна. Калі хочацца канкрэтыкі — выдатная серыя Міхася Басалыгі, які знайшоў вельмі пераканальную форму. Экспазіцыя атрымалася на любы густ. І мы з Леанідам Хобатавым крыху памарылі: цікава было б абмежаваць задачу і прапанаваць на гэтую тэму зрабіць творы выключна нефігуратыўныя. Хоць густы сапраўды ва ўсіх розныя, хадзіла жанчына і наракала, што не напісалі «крэпкіх» работ, — відаць, з прывычкі бачыць манументальнае вырашэнне вялікіх тэмаў. Усе маюць права думаць па-рознаму, праўда — пасярэдзіне. Экспазіцыя, на маю думку, выйшла сучаснай.
Пётра Васілеўскі: Мне пашчасціла дапамагаць Леаніду Хобатаву ладзіць экспазіцыю. І я сутыкнуўся з цікавым стаўленнем мастакоў: прыносіць аўтар твор, партрэт, напрыклад, што не мае ніякага дачынення да тэмы, і цяжка яму патлумачыць, чаму партрэт яго сябра не можа быць прыняты.
Рыгор Сітніца: Усё ж некаторыя партрэты мы ўзялі, напрыклад, цудоўныя творы Генадзя Козела. Я разважаю такім чынам: гэта выстава — прысвячэнне гістарычнаму святу, і калі б мы выставілі творы Жоўтак, Раздзялоўскай, прыгожыя нацюрморты, кветкі — таксама было б прысвячэнне. Гэтыя працы самі па сабе ствараюць адчуванне свята, прасякнутыя ўрачыстым настроем. Але я прасіў, каб нейкая ўскосная прывязка да тэмы ўсё ж была. Калі робіце краявід Мінска, то можна ўвасобіць знакавыя месцы — той жа Купалаўскі тэатр. Дар’я Бунеева прынесла невялікі твор, на ім на тумбе ля тэатра можна прачытаць: «Першы ўсебеларускі сход», і гэта не літаральны ход, праца не ілюстратыўная.
Пётра Васілеўскі: На адкрыцці было шмат людзей, якіх я многа гадоў не бачыў, яны сабраліся, каб згадаць мінулыя дні. Яны прышлі як на свята. Некаторыя былі расчараваныя, некаторыя проста знайшлі нагоду сабрацца і не так важна ім было, што на той сцяне вісіць. І мне падумалася, што многія з гэтых гледачоў дагэтуль успрымаюць нацыянальную тэму праз этнаграфічнае вырашэнне і не разумеюць: тая ж вышыванка сёння павінна быць «от куцюр». Нацыянальныя тэмы павінна выяўляцца на ўзроўні высокай эстэтыкі, а не проста канстатацыі пэўнага факта. Ці можна спадзявацца, што новая генерацыя мастакоў, з кім вы сутыкаецеся па працы, усё ж дойдзе да той ідэі, якую прапанавала гэтая выстава?
Рыгор Сітніца: Я моцна ў гэтым сумняваюся. На выставе моладзі зусім мала, і я бачу тэндэнцыю, што многія з гэтага новага пакалення скіраваныя на камерцыйны поспех. Мы ж працавалі на ідэю. Мажліва, выспеюць такія творы і ў іх, але хто ініцыюе гэты працэс? Здавалася б — сёння ёсць магчымасць атрымліваць любую інфармацыю, не параўнаць з нашым часам, калі мы перадавалі адзін аднаму нейкія перадрукоўкі, каб даведацца пра нейкія гістарычныя факты. Але агульнае «апапсенне» нашага соцыуму не пашкадавала і нас, і знайсці сярэдзіну, каб твор быў і нацыянальным, і востра сучасным, — даволі цяжка.