Ні з якой прычыны. Калі жывы і ў стане рухацца, — наперад! Менавіта такой падзеяй успрымаўся грамадскасцю сольны канцэрт Надзеі Кучар, што адбыўся ў сярэдзіне лістапада ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Невыпадкова на ім можна было пабачыць дырыжораў, кіраўнікоў хароў, вакалістаў (сталых і маладых), крытыкаў — усіх, хто мае прафесійныя стасункі з музыкай.
Для тых, хто пакуль мала ведае імя спявачкі, патлумачу. Надзея — яшчэ маладая артыстка. Ёй 34 гады. Нарадзілася ў Мінску. Як музыказнаўца скончыла Мінскі музычны каледж. Тры гады спявала ў хоры Опернага. Або не заўважылі, або голас тады быў іншы, чым цяпер. Навучалася ў Пецярбургскай кансерваторыі. Яе педагог Тамара Навічэнка выхавала раней Вераніку Джыоеву і Ганну Нятрэбка. Надзея здабыла першыя месцы на прэстыжных вакальных конкурсах (у тым ліку ў Магілёве, Алма-Аце, Казахстане, Пецярбургу і Чэбаксарах). Два гады таму, у чэрвені 2015-га, яна выйграла Міжнародны конкурс оперных спевакоў у Кардзіфе. З усяго свету сабралі 350 кандыдатаў, з іх вылучылі 20 найбольш перспектыўных. Цікава: з’яўляючыся з 2007 года салісткай Пермскай оперы, Надзея, тым не менш, прадстаўляла падчас спаборніцтва Беларусь. Перамога адкрыла спявачцы дзверы ў вышэйшую оперную лігу, далучыла да ліку артыстаў, якіх жадаюць пачуць у лепшых тэатрах свету.
Але больш канкрэтна пра мінскі сольнік. Чым ён здзівіў? Найперш арыгінальным рэпертуарам, дзе дамінавалі французскія кампазітары. Увогуле яны гучаць у філарманічных праектах нячаста. Заўважу, канцэрт не быў агромністы па часе. Толькі дзве гадзіны, калі вакальныя нумары чаргаваліся з аркестравымі, — і ніякіх вам «бісоў»!
Але вечарына складалася з рарытэтных, рэдка выконваемых арый і фрагментаў. Шарль Гуно — арыі Джульеты і Маргарыты. Сцэна і легенда Лакмэ з аднайменнай оперы Леа Дэліба. Арыя Таіс з аднайменнай оперы Жуля Маснэ. Арыя Саламеі з ягонай жа «Ірадыяды». Ніводнай з гэтых партытур нельга цяпер пачуць і пабачыць у Мінску ў поўным варыянце. Згадала, што апошнім разам я слухала «Лакмэ» цалкам, як кажуць, «за савецкім часам». Па тэлебачанні, у цыкле перадач «Падарожжа па старонках опер».
Візуальнае ўражанне ад зорнай салісткі — высокая, тонкая, стройная (гэта істотна, бо часам голас успрымаеш, толькі замружыўшы вочы). Не мяняла сцэнічныя строі, не дэманстравала аздабленні. Уражанні слыхавыя, дзеля якіх і збіраецца публіка. Заўважу, голас Кучар — не «сценабітны». Хоць, магчыма, падчас выканання ў філармоніі спявак свядома ўсё-такі крыху зніжае яго магутнасць. Але ў фіналах арый, фрагментах эмацыйнага ўздыму вакалістка лёгка перакрывала аркестр.
Уражанне, што сапрана Надзеі вельмі «культурнае», выштукаванае. Віртуознасць і ступень валодання вакальным майстэрствам — за межамі ўяўлення. Гук заўжды разнастайны і насычаны прыгажосцю. Згушчаны ці непрыкметна растае ў прасторы. Празрысты або трапяткі. Зіхатлівы ці «матавы». Той, які славіць шчасце кахання, або трымціць перад невядомай, неакрэсленай будучыняй.
Асабліва яркімі падаліся фрагмент з «Лакмэ», дзе так прачула і тонка быў перададзены спявачкай і аркестрам арыентальны характар музыкі, і фінальны нумар, куплеты Алімпіі з «Казак Гофмана» (калісьці гэты спектакль ішоў на нашай сцэне, а гераіню выконвала Людміла Колас).
Пявуння Алімпія — лялька, якая мае аблічча жанчыны. Часам «завод» у лялькі сыходзіць, і яна бездапаможна хіліцца долу. Усе камедыйныя моманты былі абыграныя спявачкай віртуозна і выклікалі радасны смех залы. А яе нязмушаныя вакальныя фіярытуры — авацыі.
Падобныя праграмы выклікаюць павагу і захапленне вакалістамі, што не ходзяць пратаптанымі сцежкамі. Нячутыя ці даўно чутыя музычныя фрагменты пашыраюць кругагляд, адкрываюць новыя далячыні. І нагадваюць, які велізарны і неабдымны сусвет класічнай оперы. Атрымліваецца, з гэтага сусвету мы засвоілі невялічкую тэрыторыю. Бо падчас пастановак у родным горадзе назвы нібыта ходзяць па коле. Гэта 10-15 оперных хітоў.
Нельга не згадаць яшчэ двух герояў вечарыны. Гэта сімфанічны аркестр Беларускага радыё (дырыжор Андрэй Галанаў). А між аркестравых нумароў адзначу той бляск і імпэт, з якімі былі ўвасоблены Антракт з «Кармэн» Бізэ і «Вакханалія» з «Самсона і Далілы» Маснэ. У нумарах экспрэсіўных, напоўненых неверагоднай энергетыкай Галанаву, здаецца, няма роўных. Годным салістам паўставаў і скрыпач Павел Бацян з ягоным мяккім, пластычным гукам і разняволенай віртуознасцю (асабліва ў двух сачыненнях Сен-Санса).
Што адчуваеш, пра што думаеш, калі пасля імпрэзы выходзіш з ярка асветленай залы ў восеньскую цемру? Імкнешся як мага даўжэй захаваць у сабе, не распляскаць адчуванне гукавога і мастацкага цуду, да якога незнарок, неспадзявана дакрануўся. Радуешся: наша зямля па-ранейшаму багатая на ўнікальныя спеўныя таленты. Ганарышся: перамога ў Кардзіфе ўзнесла Надзею Кучар на оперны Алімп. Вядома, шкада, што яна не салістка нашага тэатра. У Мінск яе цяпер час ад часу запрашаюць — летась спявала Марфу ў «Царскай нявесце», сёлета на Оперным форуме — Царыцу ночы ў «Чарадзейнай флейце».
А каб Надзея Кучар працавала ў нас, ці атрымала б яна дзве «Залатыя маскі»? Ці спявала б партыі ў операх Беліні, Галеві, Маснэ, Афенбаха, Даніцэці і Глінкі, якія не ідуць у Мінску? Пытанні рытарычныя. Як бачым, іншыя калектывы змаглі прапанаваць нашай суайчынніцы больш багаты і разнастайны рэпертуар і большую прастору для самавыяўлення. Таму будзем ганарыцца віртуознай спявачкай, сачыць за яе трыумфамі і новымі партыямі. І, вядома, чакаць новых выступленняў на радзіме.
Таццяна МІХАЙЛАВА