Вецер «Трамантаны»
Калі праект, з’яднаны адным эпіграфам і праграмай-ідэяй, паўстае ў трэці раз, пераконваешся: гэта ўжо заканамернасць, падзея, якую чакаюць па абодва бакі рампы і рыхтуюцца да яе паслядоўна і сістэмна на працягу года. Нагадаем: ініцыятарамі і арганізатарамі праекта зрабіліся кампазітары Галіна Гарэлава, Вячаслаў Пяцько і Міхаіл Канстанцінаў, бліскучы выканаўца-інтэлектуал на ўдарных інструментах. «Трамантана» перспектыўная і неабходная, гэта было зразумела ўжо падчас першага праекта ў 2015 («Мастацтва», № 3, 2016). На трэцім вітку спіралі важна адзначыць, што творчая ідэя захаваная: прэзентаваць музыку сучасных беларускіх кампазітараў, адкрываць новыя гукавыя прасторы, прадстаўляць опусы, адмыслова напісаныя для гэтай падзеі. «Трамантана-III», як і папярэднія, змагла паказаць кантрасныя вобразна-змястоўныя, жанрава-стылявыя, тэмбравыя пошукі ў галіне акадэмічнай камернай музыкі. Творы дзесяці беларускіх аўтараў былі прадстаўлены ў канцэртнай праграме. Трэцяя «Трамантана» адлюстравала і гендарны баланс: як тонка прыкмеціў вядучы Вячаслаў Пяцько, большую частку праграмы склалі кампазітары-жанчыны (шэсць супраць чатырох). Мо таму ў фонасферы вечарыны асабліва глыбокім падаўся філасофска-лірычны акцэнт.
Вакальны цыкл Алены Атрашкевіч «Чатыры жаночыя песні» для голасу і балалайкі (на вершы Аліны Легастаевай) успрымаўся як бясспрэчная кампазітарская ўдача. Вобраз-сімвал славянскай Жанчыны, яе лёс, каханне, перажыванні і неверагодная сіла натуры вырашаюцца ў народнай стылістыцы, але на аснове цалкам арыгінальнага аўтарскага матэрыялу. Кампазітарка звярнулася да першасных пластоў фальклорнага кірунку ды інтанавання і паўстала сапраўдным «майстрам роднай мовы» (Барыс Асафьеў). «Музычныя вобразы цыклу, — згадвае Алена, — нарадзіліся літаральна за адзін дзень і адразу загучалі ў свядомасці гатовымі часткамі, якія засталося толькі запісаць». Інтэрпрэтацыя цыклу аказалася неверагодна гарманічнай і душэўнай. Пранікнёны моцны голас, прыгожае валоданне багаццем аўтэнтычных прыёмаў народнага вакалу і яркая артыстычная натура вакалісткі Валянціны Альшанскай натуральна спалучаліся з далікатным, трапяткім тэмбрам балалайкі ў віртуозным выкананні Марыны Ільіной.
Самыя тонкія грані фальклорных традыцый знайшлі адлюстраванне і ў творы Ларысы Сімаковіч — дыптыху «Веснаванне» для скрыпкі сола. Марына Новак здолела перадаць сам дух абнаўлення, адраджэння і таямнічы працэс набліжэння вясны, яе сімвалічных скокаў, захаваных у гэтай санарыстычнай партытуры.
Паглыбленне ў медытатыўную прастору, звязаную з філасофіяй гуку, адбылося ў опусе Алены Гуцінай «Музыка ветру для флейты і спеўнай тыбецкай чашы» (выканаўцы Лізавета Каваленка і Міхаіл Канстанцінаў). А ў выразным маналогу «Recito» для фагота сола (Іван Блахін) кампазітаркі Кацярыны Шымановіч быў увасоблены глыбокі ўнутраны свет абранага тэмбра-вобраза, і ў некаторай ступені змянілася ўяўленне пра традыцыйнае амплуа гэтага інструмента.
Лірыка-псіхалагічным цэнтрам усяго праекта зрабілася выкананне «Сямі элегій Лі Бо» Галіны Гарэлавай для гітары і ўдарных (Павел Бельскі і Міхаіл Канстанцінаў). У гэтай «ціхай музыцы» кампазітарка імкнецца да магчымай канцэнтрацыі, празрыстасці фактуры, лаканічнасці музычнай думкі. У цыкле пануе элегічны тон выказвання, які дазваляе пачуць дыялог традыцый, культур і голас памяці. Філасофская лінія канцэрта доўжылася і была па-свойму раскрытая ў сямі вакальных маналогах Аліны Безенсон «Мы развучыліся слухаць цішыню» на вершы Наталлі Іллюшынай для голасу, фартэпіяна і ўдарных.
Прэм’ерай у Беларусі стала адначасткавая фартэпіянная Саната № 4 Валерыя Воранава (опус 2003 года). Гэтае музычнае разважанне, музыку-прадчуванне, калі, па словах аўтара, «не маеш магчымасці нічога змяніць», выразна і эмацыйна выканала таленавітая піяністка Аляксандра Паўлюкавец. Сольны фартэпіянны імпульс быў падхоплены арыгінальным цыклам «Рэфлексія і фуга» Віктара Войціка. У яго віртуозных паліфанічных кантрапунктах (саліст Яўген Гальцоў) перапляліся і знайшлі адлюстраванне перакрыжаванні акадэмічнай і джазавай культур.
Жывую і непасрэдную рэакцыю слухачоў выклікала тэатралізаваная сцэнка, вакальная сатыра ў жанры жахлівай песні «Павукі» Вячаслава Пяцько на словы Максіма Багдановіча ў выкананні Сяргея Доўгушава і Яўгена Гальцова. «Героі» песні — зласлівыя павукі, якіх паэт сілай свайго паэтычнага ўяўлення ўбачыў у дажджавых хмарах.
Фінальнае шматкроп’е ў «Трамантане-III» было пастаўлена творам Андрэя Цалко «Пакора» (камерны апакаліпсіс для баяна і акцёра). Гранічна экспрэсіўны, экзістэнцыйны музычны перформанс у выкананні кампазітара і артыста Міхея Насарогава адбываўся ў цемры, якая сімвалізавала паглыбленне ў бездань нябыту. І ўсё ж, нягледзячы на драматычны эпілог вечара, хочацца верыць, што новыя музычныя вятры «з-за гор» ужо пачалі дзьмуць у бок наступнай «Трамантаны».
Карманаў, Падгайская, Шастаковіч
Юбілейны канцэртны сезон Музычнай капэлы «Санорус» працягвае здзіўляць разнастайнасцю праграм, смелымі эксперыментамі і радаваць прэм’ерамі.
Расійскі кампазітар Павел Карманаў, выпускнік Маскоўскай кансерваторыі, пастаянны ўдзельнік міжнародных фестываляў сучаснай музыкі, і галоўны дырыжор капэлы Аляксандр Хумала ўпершыню ў Беларусі прадставілі адзін са сваіх яркіх і запатрабаваных сачыненняў — араторыю «Пяць анёлаў» (2013). Яна створана ў памяць пра дзяцей царскай сям’і Раманавых, забітых і далучаных да ліку святых. Як лічыць кампазітар, гэтая музыка не павiнна ўспрымацца з палітычным ці агітацыйнымі акцэнтам: «Я прачытаў шмат успамінаў пра Мікалая II і яго дзяцей. У выніку атрымаўся зборны і светлы вобраз. Я не задумваў рэквіем, які аплаквае загінулых. Мая араторыя — пра анёлаў у раі, гэта спевы анёла. Музыка большасці частак жыццярадасная, лірычная і крыху па-дзіцячы наіўная».
Манументальная кампазіцыя араторыі мае пралог і эпілог, а яе цэнтральныя пяць нумароў — гэта вобразы царскіх дзяцей. Вербальную аснову склалі традыцыйныя малітвы, вершы розных паэтаў, а таксама верш цэсарэўны Вольгі. У светлай, кранальнай і гарманічнай партытуры дамінуе ідэя перамогі сілы духу, велічнага ў сваёй прастаце. Выкананне араторыі Паўла Карманава было на дзіва пранікнёным і шчырым, асабліва адзначым юнага саліста дысканта Матфея Малішэўскага.
Яшчэ адной прэм’ерай вечара, гэтым разам сусветнай, стаў опус Вольгі Падгайскай «Ноч насупраць» для фартэпіяна (Аляксандр Музыкантаў) і камернага аркестра. Супрацоўніцтва Музычнай капэлы з Вольгай Падгайскай неверагодна плённае, многія яе сачыненні былі народжаныя ў садружнасці з Аляксандрам Хумалой і ўпершыню выкананы калектывам. Сімвалічная ідэя «Ночы насупраць» — глыбокае ўнутранае суперажыванне трагічным падзеям, сведкамі якіх па волі лёсу мы часта аказваемся, — знайшла адлюстраванне ў канцэнтраванай шматузроўневай партытуры.
У той жа вечар неверагодна свежа і актуальна прагучаў Першы канцэрт для фартэпіяна, трубы і струннага аркестра Дзмітрыя Шастаковіча, опус у некаторай ступені задзірыста-правакацыйны. На адным дыханні быў выкананы тэмпераментны віртуозны паядынак трубача Паўла Дзятко і піяніста Аляксандра Музыкантава.
Снежная лірыка і месяцовае святло
Візуальна-музычная інсталяцыя «Месяцовы П’еро» дазволіла дакрануцца да дзівоснага і гарманічнага музычна-віртуальнага дыялогу Вольфганга Амадэя Моцарта і Арнольда Шонберга. У злучэнні гэтых імёнаў, акрамя відавочных кантрастаў — перш за ўсё ў музычна-інтанацыйных вобразах, жанравых рашэннях, гісторыка-часавай аддаленасці, — ёсць і паралелі-збліжэнні. Абодва прадстаўнікі Венскай (і Нававенскай) кампазітарскай школы, абодва наватары і смелыя эксперыментатары. Імкненне да дасканаласці кампазіцыі, сінтэз матэматычнага рацыяналізму і глыбокай унутранай экспрэсіі па-свойму зблізілі музычныя планеты Моцарта і Шонберга, эпохі класіцызму і ХХ стагоддзя, а іх спадчына прыцягвае ўсё новыя пакаленні выканаўцаў, даследчыкаў і слухачоў. Таму так важна сёння развенчваць міфы і няслушныя ўяўленні, што музыка першага з іх занадта простая, а творы другога неверагодна складаныя для ўспрымання. Пра стаўленне да ўласных опусаў з іроніяй казаў і сам Шонберг: «Маю музыку варта слухаць таксама, як іншую, забыўшыся пра тэорыі, дванаццацітонавы метад, дысанансы, а таксама, хацеў бы я дадаць, па магчымасці — пра аўтара».
У канцэпцыі праекта пад кіраўніцтвам Аляксандра Хумалы «недасяжная» веліч 41-й сімфоніі «Юпітэр» Моцарта кантраставала з далікатным, гратэскавым экспрэсіянісцкім светам вакальнага цыкла «Месяцовы П’еро» Шонберга. Сцэнічная прастора была падзелена на тры выканальніцкія сектары (для камернага ансамбля, салісткі і сімфанічнага аркестра). Падчас гучання музыкі Шонберга ў поўнай цемры журботна высвечвалася фігура вакалісткі, а на экране ў паралельным свеце ажываў мультыплікацыйны герой П’еро (відэа-арт — Вольга Салахеева). Моцартаўская сімфонія асвятлялася яркімі сафітамі, увасабляючы До-мажорную энергію «Юпітэра».
З нялёгкай выканальніцкай задачай асаблівай тэхнікі распеву тэксту Sprechgesang, музычным новаўвядзенні Шонберга, паспяхова справілася Наталля Ісялёнак. У створаным ёю вобразе Месяцовага П’еро адчувалася шчырасць і неверагодная сугестыўная сіла. Адзначым асаблівае імкненне ўсіх выканаўцаў да чысціні інтанацыі і стылёвай дакладнасці, яснай фразіроўкі і глыбіні прачытання задумы, што ідзе ад дырыжора Аляксандра Хумалы. Яму ўласцівая эмацыйная самааддача, а пастаянны вопыт працы з сусветнымі аркестравымі калектывамі адточвае тэхніку, забяспечвае шырыню музычнага далягляду. А таму гучанне «Саноруса» сёння цікавае і перспектыўнае.
Рэакцыя залы сведчыла: эмацыйнае паглыбленне ў музыку адбылося. І тыя з слухачоў, хто змог рушыць услед за кампазітарскай думкай і яе інтэрпрэтацыяй, сапраўды атрымалі невыказную эстэтычную і інтэлектуальную асалоду.