І справа тут не ў юбілеі (куды больш важкія даты спраўлялі летась сталічная філармонія і Акадэмія музыкі), а ў скіраванасці калектыву на новыя для Беларусі творы. Дырыжор Аляксандр Хумала ўпарта працягвае прывучаць публіку да спасціжэння невядомага, робіць для яе музычныя экскурсы ў сучасную кампазітарскую творчасць, выконваючы партытуры беларускія і замежныя, у тым ліку з мала вядомай для нас Паўночнай Еўропы. Вось і свой юбілей капэла адзначала скрозь прэм’ерамі, дзе была і Канцэртная сімфонія «Вецер ахінуў лес» Вольгі Падгайскай, напісаная для нечаканага складу: аркестр, арган, змяшаны хор, сольнае фартэпіяна.
Жанр сімфоніі, у тым ліку беларускай, перажывае сёння чарговы віток пераасэнсавання, прычым надзвычай грунтоўнага. Ранейшыя яго мадыфікацыі працягвалі бетховенскую лінію сімфанізму, што адпавядала логіцы аратарскага майстэрства. Вяршыняй такога развіцця ў беларускай музыцы зрабіліся экспрэсіўныя, па-філасофску засяроджаныя, іранічна трагічныя сімфоніі Дзмітрыя Смольскага, які заўчасна пакінуў нас у верасні.
У творчасці Вячаслава Кузняцова, пачынаючы з 1990-х, склалася «ціхая» сімфонія, пабудаваная на дробных санорна-каларыстычных адценнях, што ствараюць не феерыю яркіх фарбаў, а тонкія «пералівы» аднаго-двух пастэльных тонаў. Менавіта яго Пятая сімфонія, напісаная ў 2013-м для хору, аргана і струнных, можа лічыцца гэткім «правобразам» згаданага твора Падгайскай (дарэчы, яна вучаніца Кузняцова, па класе якога і скончыла ў 2005-м нашу Акадэмію музыкі, а праз год — магістратуру пры ёй). Але ёсць прынцыповае адрозненне: тое, што ў Кузняцова «зашыфравана» ў надзвычай прыгожых, але інтэлектуальна эстэцкіх, у чымсьці матэматычна-філасофскіх збудаваннях, у Падгайскай «перакладзена» на больш простую мову мінімалізму, інтуітыўна эмацыйных адчуванняў: паветра-вецер, галінкі-дрэвы, подых-шамаценне лісця. А над усім — дабрыня, прыгажосць і любоў.