У іх ліку харавы вечар «Адценні хараства» Яўгена Паплаўскага з удзелам польскіх кампазітараў з Познані і Кракава — Агнешкі Здроек-Сухадольскай, Лідзіі Зялінскай, Войцеха Відлака, Марцэля Хыжынскага. Большая частка твораў прагучала на Беларусі ўпершыню. У выкананні калектываў Мінскага музычнага каледжа імя Глінкі (дырыжор Аляксей Снітко) і Харавой капэлы імя Шырмы (дырыжор Дзмітрый Хлявіч) выявіліся новыя магчымасці хору як цэласнага арганізма, былі відавочныя разважанні над філасофскай тэмай духоўнай прыгажосці і высокага прызначэння Мастака, які, па словах Яўгена Паплаўскага, «уласнай творчасцю вядзе за сабой». Музычны вечар адбыўся ў межах III Міжнароднага маладзёжнага адукацыйнага праекта «Да вяршынь творчасці», што ладзіўся ў сярэдзіне лістапада ў Мінскім музычным каледжы. Падчас мерапрыемства адбыліся сустрэчы, канцэрт электраакустычнай музыкі з сачыненняў польскіх і беларускіх кампазітараў.
У зале Акадэміі музыкі ў сакавіку прайшла вечарына памяці выдатнага спевака і педагога Валерыя Кучынскага, у якой прынялі ўдзел яго сябры і калегі — Валерый Уколаў, Іна Зубрыч, Наталля Гайда, Рыгор Сарока, Эдуард Зарыцкі. Цёплыя шчырыя ўспаміны і музычная частка праграмы перамяжоўваліся з відэазапісамі натхнёных спеваў Кучынскага. І такім чынам узнікаў глыбокі дыялог пакаленняў і традыцый.
У юбілейных імпрэзах айчынных кампазітараў вылучу філарманічны аўтарскі вечар Сяргея Бельцюкова, на якім была выканана харэаграфічная фантазія «На Каляды» для вялікага сімфанічнага аркестра, твор, што мае святочны характар; медытатыўнай-філасофскі опус «Шаалінь» для ўдарных, арфы і струнных, напісаны кампазітарам пад уражаннем ад паездкі па Кітаю і наведвання старажытнага манастыра. Эмацыйна-віртуозным акцэнтам вечара зрабілася прэм’ера Фартэпіяннага канцэрта (салістка Вольга Папова), а паглыбленне ў бездань Сусвету ў «Касмічнай сімфоніі» адбылося ў літаральным сэнсе, бо паралельна з партытурай разгортваліся праекцыі зорнага неба. Адзначу ўдумлівае і якаснае гучанне Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Юрыя Караваева.
У Міжнародны дзень музыкі адбыўся канцэрт «Радасны свет дзяцінства» Віктара Войціка, яшчэ аднаго сёлетняга юбіляра. У зале сапраўды адчуваліся асаблівая энергетыка і творчыя імпульсы, што зыходзілі ад юных выканаўцаў. З якім задавальненнем і разуменнем яны інтэрпрэтавалі вобразныя, шчырыя і эмацыйныя сачыненні кампазітара!
Калі звярнуцца да буйной формы, не магу не адзначыць снежаньскую маштабную пастаноўку харавой сімфоніі-дзейства «Перазвоны» Валерыя Гаўрыліна. Студэнцкі хор Беларускай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Інэсы Бадзяка ў творчым тандэме з рэжысёркай Ірынай Гаранец і харэографам Сяргеем Мікелем узмацнілі закладзены ў партытуры тэатральна-сцэнічны складнік. Ідэя харавога тэатра, актуальная для сучаснага мастацтва, выяўлялася таксама праз перформанс і танец, а тэмбры беларускай дудкі і акарыны ў інструментальных інтэрмедыях, напісаных Гаўрыліным для габоя сола, выклікалі глыбокія асацыятыўна-сімвалічныя гукавыя вобразы.
І вядома, жалобнай нотай гучыць у памяці згадка пра славутага опернага спевака Дзмітрыя Хварастоўскага, які напрыканцы года пайшоў з жыцця. Як не ўспомніць інтэрпрэтацыю ім вакальнага цыкла Георгія Свірыдава «Отчалившая Русь», трагічна-пранікнёную і сапраўды геніяльную?