На жаль, гэта тычыцца Трыенале сучаснага мастацтва, дакладней — рэспубліканскай выставы «Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала»: хаос, адсутнасць яснага прынцыповага адбору. Не ратуе сітуацыю і новая прэмія ў галіне сучаснага мастацтва.
І наадварот: добра арганізаваная, цудоўная экспанаваная выстава чэшскага мастацтва ў НЦСМ не выклікала ніякіх пачуццяў, акрамя адчування бачанага-перабачанага.
Для сябе я вылучыў некалькі выстаў, галоўным чынам персаналь-
ных. Графіка Кетэ Кольвіц у мастацкім музеі, безумоўна, стала падзеяй года.
Там жа чакана высокі па якасці і сіле жывапіс Анатоля Кузняцова. Такімі ж характарыстыкамі можна адзначыць першую за апошнія гады выставу Наталлі Залознай у галерэі «А&V». Праўда, засталося адчуванне, што гэта не самы радыкальны яе жывапіс, але для тых, хто не ў «Фэйсбуку», ён мог стаць адкрыццём.
Варта згадаць стыльную выставу памяці Галіны Гаравой у музеі Азгура. Яе мастацтва з часам не страціла сваю сілу і выяўляе вакол сябе пустату.
Атрымліваецца пэўны амаж былым сябрам групы «Няміга», таму што як не згадаць цудоўны партрэт Зоі Літвінавай сваёй сяброўкі Святланы Катковай на выставе партрэта ў Палацы мастацтва. Ці ўражальны праект Тамары і Ганны Сакаловых і Алега Юшко. У праекце Сяргея Кірушчанкі «Выхоўваць новыя густы» аўтар нібы робіць крок у мінулае. Але ў гэтым кроку — дакладнасць і прадуманасць. У спалучэнні ранніх пошукаў з зусім апошнімі новымі адкрыццямі ўзнікла новая формула, быццам адэкватная месцу і кантэксту. Што мяне радуе: мастак спрабуе быць іранічным (як мы любім гэтае прыкрыццё), але, тым не менш, застаецца сур’ёзным і якасць жывапісу не мяняецца.
Скажу пра тое, што мяне па-сапраўднаму ўразіла. На выставе «Імёны» ў культурным цэнтры «Корпус» праходзіла інсталяцыя-перформанс Кірыла Дзёмчава «135 гадзін», дзе мастак ляжаў прыкаваны да ложка, каб прыцягнуць увагу да людзей, што сталі закладнікамі ўласнага цела. Я паглядаў на інсталяцыю (менавіта — паглядаў) і мне станавілася насамрэч не па сабе. Я разумею, недзе гэта ўжо магло быць, але нейкая незразумелая магія распаўсюджвалася вакол гэтага аб’екта з рэальным мастаком.
На гэтай жа выставе моцнае ўражанне зрабіла праца Сяргея Шабохіна.
Таксама варта згадаць выставу «Чысціня і гігіена» ў НЦСМ, ідэйнай натхняльніцай якой стала Марта Шматава. Сканцэнтраванасць на жаночым складзе аўтарак не абядніла праект, а, наадварот, пацвердзіла меркаванне: у нашай арт-супольнасці толькі жанчына адстойвае сваю пазіцыю паслядоўна, нягледзячы ні на што. Запомніліся Кацярына Сумарава ў новым — нежывапісным — амплуа, Таццяна Кандраценка з рашучым эксперыментам і пранізлівы «Помнік» Таццяны Радзівілка.
Канстанцін СЕЛІХАНАЎ