Найбольш значнымі міжнароднымі праектамі варта прызнаць адразу некалькі экспазіцый.
1. «Свет нябесны на зямлі» — выстава ікон, якая дэманстравалася ў музеях Ватыкана і набрала за тры месяца рэкордную колькасць наведвальнікаў — каля двух мільёнаў.
2. «Радзівілы: лёсы краіны і роду» з асабістай калекцыі Мацея Радзівіла (Варшава) з рэдкімі творамі партрэтнага жывапісу самага магутнага магнацкага роду Беларусі.
3. Беларуская серыя акварэляў Напалеона Орды з Кракаўскага нацыянальнага музея, якую польскія калегі ўпершыню наважыліся адправіць у Беларусь.
4. «Пераадольваючы існаванне» аўтараў ХХ стагоддзя Эрнста Барлаха і Кетэ Кольвіц, падрыхтаваная Гётэ-інстытутам, якая выклікала нямала рэфлексій пра жыццё мастакоў у таталітарнай фашысцкай дзяржаве, іх стаўленне да вайны і пакутніцтва. Гэтая выстава, што старанна рыхтавалася два гады, прыклад прадуманай канцэпцыі і тлумачальных тэкстаў (яна суправаджалася маладзёжнай творчай лабараторыяй), якія ўзмацняюць паўнату гучання работ двух геніяў мінулага стагоддзя.
Дзве даты — 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі і 950-годдзе Мінска — былі адзначаны фондавымі выставамі «Горад. Архітэктура. Мы». Апошняя вылучылася каталогам, у які былі ўключаныя больш за 700 твораў з фондаў музея, прысвечаных гісторыі горада. Дзякуючы гэтай публікацыі значна пашырылася іканаграфія сталіцы, папоўнілася забытымі ці рэдкімі выявамі Мінска 1920—2000-х гадоў.
На выставе «Ленін-17 на Леніна, 20» зроблены скрупулёзны адбор асаблівага пласта савецкага мастацтва — выяўленчай «ленініяны», якой у музеі за 70 гадоў савецкай улады назапасілася больш за тысячу адзінак захоўвання. Ленін — ідэалагічны і маральны абраз двух-трох пакаленняў — прадстаўлены тут у розных іпастасях — і правадыром, і аратарам, і філосафам, і чалавекам — жывым і мёртвым.
Стогадовым юбілеям былі прысвечаны праекты «Сяргей Селіханаў» і «Стагоддзе Антона Бархаткова», менш вядомага наведвальнікам Міхаіла Блішча, выставы да 70-годдзя прызнаных майстроў — мастака-лірыка Мікалая Ісаёнка і абстракцыяніста Анатоля Кузняцова, Міхаіла Рагалевіча і Валерыя Шкарубы.
Паводле новай шкалы паспяховасць выставачнай палітыкі музея ўлічвае, як ні дзіўна, не колькасць наведвальнікаў, не толькі агульную колькасць паказаў, але і іх якасць — выстаў з каталогам больш за 75 старонак, паказаных потым у іншых месцах, а таксама працэнт з’яўлення не вядомых раней твораў з запаснікаў музея, публічны рэзананс. Такім крытэрыям адпавядаць няпроста, і ўсё ж... Асаблівасць апошніх гадоў — наяўнасць каталогаў, што ўводзяць часовы выставачны матэрыял у навуковы абарот, бясконца падаўжаючы ўжо віртуальнае жыццё праектаў.
Надзея УСАВА