ДЛЯ БЕЛАРУСІ НАШ «ЛІСТАПАД» — КІНАМЕРАПРЫЕМСТВА НУМАР АДЗІН. СЁЛЕТНІ ФЭСТ БЫЎ ВОСЬМЫМ ДЛЯ КАМАНДЫ НА ЧАЛЕ З ПРАГРАМНЫМ ДЫРЭКТАРАМ ІГАРАМ СУКМАНАВЫМ. ПАЧЫНАЮЧЫ З 2010 ГОДА «ЛІСТАПАД» ЗНАЧНА ЗМЯНІЎСЯ. ЗАРАЗ ЁН СТАЎ АДНОЙ З ЛЕПШЫХ КУЛЬТУРНЫХ ПАДЗЕЙ У КРАІНЕ, НУ А Ў СФЕРЫ АЙЧЫННАГА КІНО ГЭТА, БЕЗУМОЎНА, ГАЛОЎНАЯ ПАДЗЕЯ, З ЯКОЙ ПАКУЛЬ НЕ Ў СТАНЕ СПАБОРНІЧАЦЬ БЕЛАРУСКІЯ КІНАПРЭМ’ЕРЫ. АЛЕ НАРАКАЦЬ НА ІНШАЗЕМНЫЯ ФІЛЬМЫ НА «ЛІСТАПАДЗЕ» ЎЖО НЕ ДАВОДЗІЦЦА: НАЦЫЯНАЛЬНЫ СКЛАДНІК НА ММКФ ЗА АПОШНІЯ ГАДЫ СТАЎ ВІДАВОЧНА МАЦНЕЙШЫМ І ВЫКЛІКАЕ ВЯЛІКУЮ ЎВАГУ ФЕСТЫВАЛЬНАЙ АЎДЫТОРЫІ. ПРАЦЯГВАЕ «ЛІСТАПАД» І ГАНАРОВУЮ МІСІЮ ПРАДСТАЎЛЯЦЬ МІНЧАНАМ НА ВЯЛІКІМ ЭКРАНЕ ЛЕПШАЕ З СУСВЕТНАГА КІНО. МІНСКІ ФЕСТЫВАЛЬ СЛУШНА ЗАДАЕ МЯСЦОВУЮ КІНАМОДУ І ПРАЗ СВАЮ ІНДУСТРЫЯЛЬНУЮ ЧАСТКУ АДКРЫВАЕ БЕЛАРУСКІМ ПРАФЕСІЯНАЛАМ АКНО Ў СВЕТ ГЛАБАЛЬНАЙ КІНАВЫТВОРЧАСЦІ.
Калі наступіць заўтра
Самы яскравы прыклад таго, што гады працы «Лістапада» не канулі ў Лету, — стужка маладой беларускі Юліі Шатун. Карціна «Заўтра», у якой апавядаецца пра жыццё адной правінцыяльнай сям’і, упрыгожыла нацыянальны конкурс і — упершыню сярод беларускіх фільмаў — прадставіла нашу краіну ў міжнародным конкурсе «Лістапада» «Маладосць на маршы». Значна саступаючы іншаземным стужкам у тэхнічных параметрах, «Заўтра» — абсалютна актуальнае еўрапейскае кіно. Гэта несумненная ўдача адборшчыкаў і маленькая сенсацыя «Лістапада-2017». Маладая выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, культуролаг з адукацыі, з дапамогай сваёй сям’і стварыла ўзорны мікрабюджэтны фільм. «Заўтра», зняты ў актуальным стылі постдак з вялікім пачуццём матэрыялу і рытму, — аповед пра правінцыйную свядомасць. Складана знайсці за апошні час больш дакладны эмацыйны малюнак менталітэту і псіхалогіі сярэднестатыстычнага беларуса.
Асноўны позірк беларускіх пачаткоўцаў, як і іх старэйшых калег, перадусім скіраваны ці на сталічны мегаполіс і яго жыхароў, ці на адыходзячую ў нябыт традыцыйную вясковую культуру. Актуальнасць стужкі Юліі Шатун менавіта ў тым, што яна абрала сваімі героямі людзей з буйнога раённага цэнтра. Менавіта ў такіх гарадах, як родны для рэжысёркі Мазыр, і жыве па статыстыцы большая частка насельніцтва нашай краіны. «Заўтра» — вельмі ўдалы партрэт сярэднестатыстычнага беларуса, пажылога мужчыны ў пошуках працы. Цяжкія, на першы погляд, жыццёвыя абставіны не дазваляюць, аднак, шкадаваць галоўнага героя і яго жонку. «Заўтра» дэманструе «маленькага чалавека» і яго выбітны талент прыстасавання да панурай, шэрай штодзённасці.
«Заўтра» Юліі Шатун дзіўным чынам пераклікаецца з мінулагодняй стужкай «Орша-Мінск-Орша» маладой дакументалісткі, выпускніцы Акадэміі мастацтваў Юліі Ралко. Фільму Ралко, праўда, так і не давялося патрапіць у праграму «Лістапада». Між тым гэтыя карціны аб’ядноўвае неверагодна трапнае пачуццё бягучай рэальнасці. Невыпадкова, што яны з’явіліся на свет амаль адначасова. І ў «Заўтра», і ў стужцы Юліі Ралко галоўным героем выступае само правінцыйнае жыццё, цяжкае, падвіслае паміж часамі. У Юліі Шатун не было магчымасці рыхтаваць адмысловыя дэкарацыі, акцёраў, не мела яна і падтрымкі прафесійнай здымачнай групы. Таму ў фільме зафіксавана паўсядзённая рэальнасць, вуліцы нашых гарадоў, людзі ў грамадскім транспарце. Рэжысёрка карысталася пераважна працяглымі агульнымі планамі з мінімумам дыялогаў. «Заўтра» мае вельмі таленавітую драматургію, стужка зманціравана ў павольным, але вельмі дакладным рытме і не адпускае да самых фінальных цітраў. Асобна трэба адзначыць ігру выканаўцаў галоўнай ролі — бацькі і брат рэжысёра арганічна існуюць у кадры, што зноў такі выклікае паралелі з дакументалістыкай.
Відавочна, сутыкненне з правінцыйнай паўсядзённасцю ў «Заўтра» шакавала і выклікала непрыемныя эмоцыі ў многіх шараговых гледачоў фестывальных паказаў. Але журы нацыянальнага конкурсу і Гільдыя кінакрытыкаў і кінаведаў Беларускага саюза кінематаграфістаў ацанілі дэбют Юліі Шатун найвышэйшымі ўзнагародамі.
Ягадкі ўвосень
Поспех Юліі Шатун — яскравы прыклад працы цяперашняй дырэкцыі «Лістапада», прычым не толькі ўдалага адбору. У сваіх інтэрв’ю маладая рэжысёрка падкрэслівае, што неабходны досвед і цікавасць да здымак кіно яна атрымала ў тым ліку на паказах Мінскага міжнароднага. Гэткі самы шлях да кіно быў і ў шмат каго з астатніх удзельнікаў сёлетняга «Лістапада».
«Беларусьфільм» у нацыянальным конкурсе прадстаўляў альманах дэбютаў «Мы». Як і кінасезон цалкам, гэта дазваляе казаць пра тое, што ў Беларусі нарэшце з’явілася (ці вось-вось з’явіцца) новая генерацыя кінематаграфістаў. Яе нефармальным лідарам можна лічыць ужо дасведчанага Андрэя Куцілу — яго яскравая праца «Цар гары» ўпрыгожыла сабою дакументальную частку нацыянальнага конкурсу. Героі фільма, маладыя беларусы, жывуць на далёкім хутары і імкнуцца быць аўтаномнымі ад праблем сваіх бацькоў, грамадства, дзяржавы.
Менавіта вобразы беларусаў — маладых, пажылых, вядомых, забытых і вернутых — прыцягвалі аўтараў айчыннай праграмы мацней за ўсё. Важнейшы з іх, «Янка Купала» Віктара Аслюка, — вельмі дакладны і горкі калектыўны партрэт нацыі на фоне юбілею літаратурнага генія. Яму ва ўнісон гучыць таксама адзін з лепшых фільмаў апошняга часу Нацыянальнай студыі «Летапіс» — «Агмень» Юрыя Цімафеева, тонкі і паэтычны рэквіем па адыходзячаму сельскаму пакаленню нашых суайчыннікаў.
Беларуская правінцыя натхніла на творчасць ці не палову ўдзельнікаў. Моцным экранным выказваннем атрымаўся «Фанат» Андрэя Кудзіненкі. Аўтар фільмаў «Масакра» і «Акупацыя. Містэрыі» выступаў у неігравым жанры толькі ў самым пачатку сваёй кар’еры. А зараз зняў вельмі яркі, кінематаграфічны аповед пра жыццё маладога беларускага правінцыяла, сапраўднага героя нашых дзён, які драматычна, не на жыццё, а на смерць, змагаецца з перашкодамі на сваім шляху.
Вясковай правінцыі і яе сыходзячай натуры так ці інакш прысвечаны карціны «Васіліна» Аўгінні Манцэвіч, «Край жанчын» Аляксея Палуяна, роўд-муві «Вакол Беларусі на роварах з маторамі» Барыса Нікалайчыка. Апошняя атрымала прыз за лепшы дакументальны фільм нацыянальнага конкурсу, відаць, уразіўшы журы сваёй нязмушанай інтанацыяй. Дзесьці на краі беларускага сусвету спрабуе адказаць на адвечнае пытанне арт-група Chronotop у сваім мудрагелістым фільме «А хто я?». Здзівіў тонкай музычнай паэтыкай на грані відэа-арту Арцём Лобач у карціне «Фрагменты. Кампазіцыі». Падымаюць сур’ёзныя старонкі нядаўняга таталітарнага мінулага нашай краіны вельмі якасна зробленая дакументальная публіцыстыка Марты-Дарыі Клінавай і Іллі Бажко «Страчаная паэзія» і «Вернікі» Ягора Сурскага.
У ігравым нацыянальным конкурсе відавочным фаварытам выглядаў вышэйзгаданы фільм Юліі Шатун. Але прыемна здзівіў кароткі метр Нэлы Васілеўскай «Сябры па перапісцы», прымусіў паглядзець на Беларусь вачыма замежніка, звонку, «Paranoid Android» Улады Сяньковай і дазволіў прасякнуцца атмасферай здымак беларускага незалежнага кіно «Сумленны погляд» Дзмітрыя Дзядка. Цікава, што нейкіх агульных правілаў ды стылю для аўтараў «новай беларускай хвалі», як дзе-нідзе пачалі называць генерацыю маладых беларускіх кінематаграфістаў, не існуе. Кожны з іх шукае свой шлях у кіно, абірае свае арыенціры, імкнецца быць падобным да розных лідараў сучаснага кінамастацтва.
У сутарэннях глабалізацыі
Глядач, трэба адзначыць, вельмі ўдзячна адгукнуўся на магчымасць паглядзець новыя беларускія стужкі. Залы на праглядах айчынных карцін не пуставалі, прычым як на конкурсных, так і пазаконкурсных праглядах. Зразумела, тое тычылася і міжнароднай праграмы «Лістапада-2017».
Сем год таму, калі адбыўся рэбрэндынг Мінскага Міжнароднага, было прынята рашэнне кардынальна не змяняць канцэпцыю асноўнага конкурсу. Геаграфія «Лістапада» стала шырэйшая за рускамоўную прастору, але ўключыла ў сябе стужкі з краін былога сацыялістычнага лагера, чые грамадскія праблемы і пытанні зразумелыя беларускаму гледачу. Сапраўды, працы нашых суседзяў па геаграфічнай карце і па гістарычным лёсе глядзеліся з асаблівымі пачуццямі. Але, відаць, надышоў час, калі мы можам з упэўненасцю сказаць: цяпер мы ўключаны ў сусветны кантэкст і фестывальнае кіно з краін Старой Еўропы, напрыклад, для нас не менш блізкае.
Зрэшты, асноўная рыса сусветнага кінематографа — глабалізацыя і міжнародная кааперацыя. Гэта было добра відаць па стужках «Лістапада-2017», большасць з якіх была створана ў капрадукцыі дзвюх-трох (а то і больш) краін. Эканоміка сучаснай кінавытворчасці вымагае актыўных пошукаў сродкаў, і выпадкі, калі карціна знята ў адной краіне рэжысёрам з іншай пры падтрымцы фондаў яшчэ з некалькіх, — зусім нярэдкія. Адсюль і фестывальная кінамова, якая паступова прыходзіць да агульнага назоўніка. Што, зразумела, не ёсць надта добра, бо кіно павінна быць разнастайным.
У гэтым сэнсе паказальны трыумф эстонскай стужкі «Лістапад» рэжысёра Райнера Сарнэта. Яна атрымала Гран-пры фэсту і яшчэ шэраг пачэсных прызоў, у тым ліку за лепшую аператарскую работу і музыку. Пры тым, што ў яе стварэнні, апрача эстонцаў, прымалі ўдзел кінематаграфісты Нідэрландаў і Польшчы (кампазітар Міхал Яцашэк якраз з апошняй), гэта сапраўды нацыянальны твор. Ён зняты па папулярным рамане пісьменніка Андруса Ківірахка і ўяўляе з сябе казачную візуальную фантасмагорыю. На фоне пераважна рэалістычных і злабадзённых твораў асноўнага конкурсу эстонскі «Лістапад» уразіў — у тым ліку, відаць, і журы — сваім нязмушаным хараством і арыгінальным бачаннем.
А вось «Лагодная» Сяргея Лазніцы, таксама фантасмагорыя, але ўжо ў выглядзе жорсткай сацыяльнай і палітычнай сатыры, пакінула журы без эмоцый і засталася без узнагарод. Зрэшты, значная частка публікі і акрэдытаванай на фестывалі прэсы паставіліся да стужкі добра вядомага на «Лістападзе» сваімі ігравымі і дакументальнымі працамі ўраджэнца Баранавічаў нават негатыўна. І зразумела чаму. «Лагодная» — квінтэсэнцыя аўтарскай пазіцыі ў дачыненні да крымінальнай культуры і парадкаў постсавецкага грамадства, да якіх Лазніца ставіцца максімальна негатыўна. Відавочны публіцыстычны пасыл многімі гледачамі быў прыняты за аўтарскую мізантрапію. Насамрэч «Лагодная» мае глыбокія літаратурныя карані, апелюе не толькі да класікі расійскага кіно, такога як стужкі Аляксея Германа-старэйшага, Кіры Муратавай, але найперш да класікі літаратурнай — Гогаля, Дастаеўскага (што адлюстравана ў назве), Салтыкова-Шчадрына. Стужку можна лічыць своеасаблівым працягам першага ігравога вопыту Сяргея Лазніцы «Шчасце маё» (Гран-пры «Лістапада-2010»). І, відавочна, яна з’яўляецца новым узорам рэжысёрскага майстэрства Лазніцы: «Лагодная» мае цудоўны акцёрскі ансамбль, амаль дзве з паловай гадзіны карціны пралятаюць як адно імгненне.
Тым не менш прыз за лепшую рэжысуру атрымаў літовец Шарунас Бартас за стужку «Іней». Паплечнік і ў нечым вельмі блізкі да светапогляду Сяргея Лазніцы, Бартас зняў халоднае роўд-муві, што не пакідае надзеі на хэпі-энд. Пара маладых літоўцаў адпраўляюцца ва Украіну, каб на шляху разабрацца найперш за ўсё з самімі сабой — з нацыянальнай самаіндэнтыфікацыяй, жыццёвымі каштоўнасцямі. Карціна, якая непрафесіяналам можа падацца надта няроўнай і спантаннай, ідэальна апелюе да дзвюх галоўных тэм у мастацтве: Эрасу і Танатасу. Шарунас Бартас ізноў нават не спрабуе спадабацца гледачу, напаўняе экран вельмі адстароненымі, заблытанымі пачуццямі. Але яго «Іней» вельмі добра ілюструе цьмяны стан розуму і эмоцый г.зв. «новых еўрапейцаў», яны ўжо не разумеюць, што адбываецца ў былых суайчыннікаў, і яшчэ не разумеюць, як стаць сваімі, упісацца ў еўрапейскі кантэкст.
Зразумела, агульначалавечыя каштоўнасці і гісторыі спрацоўваюць у кінематографе любой краіны. Аднак, каб яны стрэлілі і сталі блізкія іншаземнаму гледачу, патрэбны талент і імпэт пастаноўшчыкаў. На «Лістападзе-2017» было шмат фільмаў, дзе геаграфічная і нацыянальная экзотыка адыходзіла на другі план перад праблемамі, добра зразумелымі незалежна ад мовы, якой карыстаюцца іх героі.
Са стужак, што аказаліся пад асаблівай увагай і прафесійнага журы, і мінскай аўдыторыі, трэба згадаць расійскую «Цеснату» Канцеміра Балагава. Нядаўні дэбютант, самы паспяховы на гэты дзень гадаванец адмысловага рэжысёрскага курсу Аляксандра Сакурава ва ўніверсітэце Нальчыка, зняў надзвычай драматычную гісторыю, у якой пераплецены адразу некалькі вострых тэм. Нягледзячы на тое, што дзеянне адбываецца на бурлівым Паўночным Каўказе другой паловы 1990-х, кожны кадр «Цеснаты» ўспрымаецца нават балюча. Бо маладому рэжысёру, як нікому іншаму, удалося паказаць амаль інтымную стадыю блізкасці паміж роднымі ва ўсіх сэнсах людзьмі, глыбока пранікнуць у сутнасць псіхалогіі чалавека як грамадскай і прыватнай істоты. У «Цеснаце» відавочны рысы са стужак Аляксандра Сакурава, чый уплыў на першыя крокі Балагава ў рэжысуры бачны няўзброеным вокам.
Сямейная драма «Парарока» Канстанціна Папэску знята ў натуралістычным стылі добра вядомай ужо дзесяцігоддзе «румынскай новай хвалі». Магчыма, менавіта шырокая вядомасць і мноства міжнародных узнагарод, якія атрымалі ідэйныя паплечнікі Папэску па мастацтве, у тым ліку ў мінулыя гады на «Лістападзе», —Крысці Пую, Крысціан Мунжыу, Раду Жудэ ды іншыя, — перашкодзілі годна ацаніць менавіта рэжысёрскі ўзровень «Парарокі». Працяглая, на дзве з паловай гадзіны, карціна сканцэнтравана на псіхалагічным стане галоўнага героя, што страціў дачку, і выбітна знята ручной камерай.
Таксама румынскі «Чарльстон» Андрэя Крэцулеску атрымаў ад журы конкурсу дыплом «Маладосць на маршы». Але, відавочна, мог бы прэтэндаваць на ўзнагароды глядацкага журы. Знятая ў набліжанай да жанравага кіно манеры, гэтая карціна вельмі тактоўна, а разам з тым эмацыйна і арыгінальна паказвае драму развітання з блізкім чалавекам.
Тварам да гледача
«Лістапад-2017», гэтаксама як і многія іншыя еўрапейскія і амерыканскія фестывалі, паступова паварочваецца ў бок жанравага кіно. Аўтарская кінамова за апошнія гады перажывае відавочны крызіс, таму стваральнікі стужак усё часцей адмаўляюцца ад элітарнасці і радыкальных эксперыментаў і ахвотна вяртаюцца да гісторый, больш лёгкіх для ўспрымання масавай аўдыторыяй.
Расійская «Арытмія» рэжысёра Барыса Хлебнікава і сцэнарысткі Наталлі Мешчанінавай нездарма стала фільмам цырымоніі адкрыцця ХХІV Мінскага міжнароднага кінафестывалю. Любоўная драма пары ўрачоў разгортваецца на фоне паўсядзённай рэчаіснасці правінцыяльнага горада і добра зразумела сваімі рэаліямі. Роўна як і сямейны крызіс яшчэ маладых герояў, бліскуча сыграных Аляксандрам Яцэнкам і Ірынай Гарбачовай. Апошняя была прызнана лепшай актрысай ігравога конкурсу «Лістапада-2017». У Мінску «Арытмія» прадказальна стала адным з глядацкіх фаварытаў і атрымала спецыяльны прыз журы.
Кубінскія рэаліі пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя — яркі фон для гісторыі кахання пажылых герояў у «Кандэларыі» калумбійскага рэжысёра Джоні Хендрыкса Інестросы. Стужка атрымала прыз глядацкіх сімпатый, яшчэ некалькі гадоў таму — галоўны на «Лістападзе». Глыбокая і эмацыйная ігра Веронікі Лін і Альдэна Найта была ацэнена таксама і спецыяльным дыпломам журы за лепшы акцёрскі дуэт.
Агляд ігравога конкурсу «Лістапада-2017» трэба завяршыць карцінай «Кентаўр» кыргызскага рэжысёра Актана Арыма Кубата. Стужка слушна атрымала высокую ўзнагароду — Прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За гуманізм і духоўнасць у кіно» і адзін з самых высокіх радкоў у глядацкім рэйтынгу. Вельмі кранальная, знятая з чаплінаўскімі інтанацыямі гісторыя не падобнага да іншых, «лішняга чалавека» пабудавана па канонах класічнага кінематографа ХХ стагоддзя, кінематографа, ад якога мы паступова пачалі адвыкаць, але які вяртаецца да нас, у тым ліку і на старонках фестывальных каталогаў.
О спорт, ты — «Лістапад».
Дакументальныя паказы «Лістапада-2017», як і летась, праходзілі пры вялікай увазе аўдыторыі. Прафесіяналізмам адрозніваліся конкурсныя і пазаконкурсныя стужкі. Галоўнай тэмай дакументальнай часткі сёлетняга фэсту можна назваць тэму пераадольвання самога сябе, пераадольвання свайго цела, слабасцяў і комплексаў. У праграме, вельмі тактоўна сабранай Ірынай Дзям’янавай, не было такога ярка выражанага фаварыту, як мінулагодні «Аўстэрліц» Сяргея Лазніцы. Але было шмат стужак, якія, несумненна, пашыралі гарызонт глядацкага мыслення.
«Апошні вальс», дэбютная праца студэнткі ВГІКа Юліі Бабковай, нездарма атрымаў некалькі дыпломаў «Лістапада». Маладой рэжысёрцы ўдалося вельмі тактоўна распавесці пра апошнія месяцы жыцця геніяльнага кампазітара Алега Каравайчука. У выніку ў яе атрымаўся вельмі кранальны партрэт творцы, які шмат год жыў фактычным пустэльнікам у дачным пасёлку пад Санкт-Пецярбургам. Пра пустэльнікаў распавядае і новая стужка Вольгі Дашук «Чалавек з фотаапаратам». Дакладней, праз прызму творчасці журналіста і фотамастака Сяргея Плыткевіча рэжысёрка студыі «Летапіс» здолела таленавіта распавесці адразу некалькі ўнікальных гісторый спецыялістаў па дзікай прыродзе, што жывуць і працуюць у не кранутых цывілізацыяй кутках Беларусі. Асобна трэба адзначыць працу сталага аператара дуэту Вольгі Дашук і Віктара Аслюка Анатоля Казазаева. Яго ўклад у беларускую дакументалістыку цяжка пераацаніць, а кадры, зробленыя для стужкі Вольгі Дашук, могуць увайсці ў падручнікі аператарскага майстэрства.
Унікальным прыкладам назірання за сваімі героямі на працягу амаль чатырох дзясяткаў год вылучаецца адна з лепшых карцін «Лістапада-2017» «Гісторыя шлюбнага жыцця» дакументалісткі з Чэхіі Гелены Тржэшкавай. Застаецца дзівіцца не толькі цярпенню рэжысёркі і яе герояў, якія прымалі членаў здымачнай групы раз у некалькі год і дзяліліся на камеру сямейнымі, часам даволі інтымнымі, рэчамі, але і ўменню маладой яшчэ аўтаркі выбраць у далёкім 1980 годзе менавіта тых герояў, з якімі потым адбудзецца так шмат цікавых і вельмі драматычных падзей.
Адным з самых заўважных фільмаў праграмы стала «Гармонія» Лідзіі Шэйнінай, выпускніцы знакамітай школы Новага кіно Марыны Разбежкінай і Міхаіла Угарава. Стужка знята літаральна ў межах адной піцерскай кватэры, дзе жыве сям’я з малымі дзецьмі ды пажылой свякроўю. Цікаўнасць выклікае не толькі сямейная драма, што разгортваецца на некалькіх квадратных метрах, але і неверагодна малая для дакументалістыкі адлегласць, на якую аўтарка здолела падысці да сваіх герояў. Вельмі натуральна паводзяць сябе перад аб’ектывам і героі балгарскай карціны Таніслава Хрыстава «Добры паштальён». Невялічкая вёска на мяжы з Турцыяй становіцца полем трагікамедыі, вартай шэкспіраўскага пяра. Шкада, але гэтая цікавая стужка ніякімі ўзнагародамі ў Мінску адзначана не была.
А вось «Горад сонца» рэжысёра Раці Анэлі атрымаў спецыяльны прыз журы і прыз ФІПРЭСІ, міжнароднага журы прафесіянальнай кінапрэсы, якое ўпершыню працавала на «Лістападзе». Грузінская карціна апелюе да чыстага кіно — доўгімі агульнымі планамі яна распавядае найноўшую гісторыю ўнікальнага горада Чыатура, былога прамысловага гіганта і цяперашняга закладніка няўцямнага эканамічнага становішча.
У дакументальнай частцы конкурсу «Лістапада» было адразу тры стужкі на спартыўную тэматыку. У венгерскай «Ультра» Балаша Шымані паказаны ўдзельнікі ультрамарафону на 246 кіламетраў паміж грэчаскімі Афінамі і Спартай. Галоўнае пытанне, якое задае рэжысёр, — што прымушае непрафесійных спартсменаў удзельнічаць у такім звышэкстрэмальным спаборніцтве? Яшчэ адзін герой, хто выпрабоўвае сваю сілу і волю, у творы харваткі Баяны Бурнач «Маё жыццё без паветра». Рэжысёрка сем год здымала жыццё і трэніроўкі чэмпіёна па глыбакаводным ныранні. У выніку атрымалася цікавая поўнаметражная стужка, запаволенасць дзеі ў якой кампенсуецца добрай рэжысёрскай працай.
Яшчэ больш, восем год, здымаўся і фільм-пераможца дакументальнага конкурсу — «Дзіўныя няўдачнікі: іншы свет». Літоўскі рэжысёр Арунас Мяцеліс раскрывае таямніцы адной з самых паважаных гонак у свеце веласіпеднага спорту — «Джыра дэ Італія» — і паказвае жыццё тых спартсменаў, якія апрыёры не павінны на ёй перамагчы, бо з’яўляюцца асістэнтамі будучых чэмпіёнаў — галоўных чальцоў сваіх каманд. Асістэнтамі, але не статыстамі — без іх гонка выглядала бы не такой відовішчнай і цікавай. Зрэшты, менавіта за магчымасць убачыць тое, што хаваецца за звыклымі дэкарацыямі, мы і павінны дзякаваць дакументальнаму кіно.