ПОЛЬСКАЕ КІНО ДАЎНО СТАЛА НАЙВАЖНЕЙШАЙ ЧАСТКАЙ КУЛЬТУРНАГА ВОБРАЗУ НАШЫХ ЗАХОДНІХ СУСЕДЗЯЎ. З КАНЦА ПЯЦІДЗЯСЯТЫХ ГАДОЎ МІНУЛАГА СТАГОДДЗЯ, КАЛІ НА ЭКРАНАХ НАШЫХ КІНАТЭАТРАЎ, А ПОТЫМ ТЭЛЕВІЗАРАЎ З’ЯВІЛІСЯ СТУЖКІ АНДЖЭЯ ВАЙДЫ, ЕЖЫ КАВАЛЕРОВІЧА, АЛЯКСАНДРА ФОРДА, ВОЙЦЕХА ХАСА, А ПОТЫМ КШЫШТАФА КЯСЛЁЎСКАГА, ЕЖЫ ГОФМАНА, КШЫШТАФА ЗАНУСІ, АГНЕШКІ ХОЛАНД, ЮЛЬЮША МАХУЛЬСКАГА, РАДАСЛАВА ПІВАВАРСКАГА, ТЭЛЕВІЗІЙНЫЯ КАРЦІНЫ «ЧАТЫРЫ ТАНКІСТЫ І САБАКА», «СТАЎКА БОЛЬШАЯ ЗА ЖЫЦЦЁ», ПОЛЬСКАЕ КІНО НЯЗМЕННА ПРЫСУТНІЧАЛА Ў СВЯДОМАСЦІ БЕЛАРУСКАГА ГЛЕДАЧА. ЯНО БЫЛО НЕ ТОЛЬКІ ДОБРАЙ ДАБАЎКАЙ У ТАГАЧАСНАЕ КІНАМЕНЮ, АЛЕ І ЗАХАПЛЯЛЬНЫМ АКНОМ У ЗАХОДНІ, ІНШАЗЕМНЫ СВЕТ — НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА ЎСЮ «НАСКАСЦЬ» МНОГІХ ПРАБЛЕМ І ПЫТАННЯЎ У ПОЛЬСКІХ СТУЖКАХ, ЯНЫ ЗАЎСЁДЫ ЎСПРЫМАЛІСЯ ЯК САПРАЎДЫ ЕЎРАПЕЙСКІЯ. А ЯГО ЗОРКІ — БЭАТА ТЫШКЕВІЧ, ДАНІЭЛЬ АЛЬБРЫХСКІ, ЗБІГНЕЎ ЦЫБУЛЬСКІ, ПОЛА РАКСА, СТАНІСЛАЎ МІКУЛЬСКІ, ЕЖЫ ШТУР, БАГУСЛАЎ ЛІНДА, АНДЖЭЙ СЭВЭРЫН — НА АДНЫМ УЗРОЎНІ З ГАЛІВУДСКІМІ. ПРЫ ГЭТЫМ ПОЛЬСКАЕ КІНО БЫЛО ДАСТУПНЫМ І ЗРАЗУМЕЛЫМ. НОВЫЯ ЧАСЫ НЕ ЗМЕНШЫЛІ ЦІКАВАСЦІ БЕЛАРУСКАГА ГЛЕДАЧА. ФЕСТЫВАЛЬНЫЯ ПАКАЗЫ І АДМЫСЛОВЫЯ ТЫДНІ Ў НАШЫХ КІНАТЭАТРАХ ЗАЎСЁДЫ ЗБІРАЮЦЬ ВЯЛІКУЮ АЎДЫТОРЫЮ. ДЗЯКУЮЧЫ ПЕРАМОГАМ ПОЛЬСКІХ КІНЕМАТАГРАФІСТАЎ НА МІЖНАРОДНЫХ ФЕСТЫВАЛЯХ КЛАСА «А» ЎВЕСЬ ЧАС НА СЛЫХУ І НОВЫЯ ІМЁНЫ, І НАЗВЫ СТУЖАК. АЛЕ, ПРЫЗНАЕМСЯ, НАШЫ ВЕДЫ ПРА ТОЕ, ШТО ЎЯЎЛЯЕ КІНАМАСТАЦТВА ПОЛЬШЧЫ ЯК З’ЯВА, НАДТА ФРАГМЕНТАРНЫЯ І ПРЫМУШАЮЦЬ ЧАКАЦЬ ЛЕПШАГА. ТАМУ МЫ ПРАПАНУЕМ ЧЫТАЧАМ НАШАГА ЧАСОПІСА НЕВЯЛІКАЕ ПАДАРОЖЖА ПА СУЧАСНЫМ ПОЛЬСКІМ КІНО І КІНАІНДУСТРЫІ ЗАХОДНІХ СУСЕДЗЯЎ.
Любоў да свайго
Парадаксальна, але, не займаючы першых радкоў сусветных рэйтынгаў па колькасці насельніцтва ды плошчы, Польшча мае адну з самых развітых кінаіндустрый. Што казаць, дастаткова паглядзець спісы ўдзельнікаў самых прэстыжных міжнародных кінафэстаў і пераможцаў кінапрэмій. Вось толькі самыя гучныя прыклады апошніх гадоў. У 2015-м лепшай стужкай на замежнай мове Амерыканскай кінаакадэміяй была прызнана і атрымала запаветную статуэтку «Оскар» карціна Паўла Паўлікоўскага «Іда». Летась стужка Міхала Марчака «Усе ночы без сну» атрымала прыз за лепшую рэжысуру міжнароднага дакументальнага конкурсу на найпрэстыжнейшым фестывалі незалежнага кіно «Сандэнс» у ЗША. Сёлета безумоўны трыумф чакаў польскіх кінематаграфістаў у Берліне. У лютым на адным з трох галоўных еўрапейскіх фэстаў была адзначана стужка Агнешкі Холанд «Покат» («След звера»), Холанд атрымала «Срэбнага мядзведзя» за лепшую рэжысуру. «Крышталёвага мядзведзя» атрымала карціна Рафала Капялінскага «Пацалункі матылька», адмысловыя прэміі для маладых і таленавітых атрымалі актрыса Зоф’я Віхлач і рэжысёр і сцэнарыст Куба Чэкай.
Сучаснае польскае кіно выдатна інтэгравана ў глабальную сістэму кінаіндустрыі ды фестывальнага руху. Але галоўным дасягненнем можна лічыць тое, што які год запар у Польшчы менавіта стужка нацыянальнай вытворчасці ўзначальвае касавыя зборы. Летась гэта была авантурна-крымінальная карціна Патрыка Вегі «Пітбуль. Небяспечныя жанчыны», працяг папулярнай з 2005 года серыі з некалькіх стужак. У 2015 — камедыя Мацея Дэйчара «Лісты да М. — 2». Фільмы сваёй вытворчасці займаюць першыя месцы па касавых зборах з пачатку 2010-х, сенсацыйна абыходзячы па паказчыках галівудскія блокбастары. Мясцовае жанравае кіно, асабліва камедыі, вельмі папулярнае ў Польшчы. Але не толькі яны гарантуюць ад 15% да 25% касавых збораў — неверагодны для шмат якіх краін Еўропы паказчык.
Польскі глядач відавочна засяроджаны на сваім — краіне, яе гісторыі і культуры. Шмат у чым польскае кіно і дасюль жыве ў часы, калі кіно было сродкам аб’яднання грамадства, а не толькі адной забавай, — часы, якія, як лічыцца, у большасці іншых кінематаграфій свету даўно мінулі. Польскія кінематаграфісты, аднак, ці не кожны год прапануюць свайму гледачу сюжэты з нацыянальнай гісторыі, у тым ліку найноўшай. Тут можна прыгадаць цэлы шэраг стужак — ад апошніх карцін Анджэя Вайды «Валэнса. Чалавек з надзеі» і «Паслявобразы» да нашумелых «Валыні» аднаго з лідараў новага пакалення польскай кінарэжысуры Войцеха Смажоўскага і «Смаленска» Антонія Краўзэ. Па-ранейшаму карыстаюцца попытам і часы Другой сусветнай вайны. Тут ізноў можна правесці паралелі з беларускім кіно, для якога тэма ваенных саракавых традыцыйна з’яўляецца магістральнай.
Польскае кіно апошняга дзесяцігоддзя звернута тварам да шараговага, можна сказаць, масавага гледача. Аўтары стужак з задавальненнем карыстаюцца жанравымі схемамі і не саромеюцца крытыкі ў занадта простым падыходзе да складаных пытанняў. Верагодна, менавіта таму мясцовы глядач адказвае ім такой вялікай увагай, а найвышэйшы ўзровень і стогадовая культура кінавытворчасці скараюць фестывальныя журы па ўсім свеце.
Яшчэ адна рыса сучаснага польскага кіно — яго ўключанасць у сусветную кінаіндустрыю. Звязана гэта ў першую чаргу з тым, што палякі заўсёды ахвотна спрабавалі сябе ў іншых краінах. Кінематограф тут не выключэнне. Наадварот, свае самыя знакамітыя стужкі Раман Паланскі, Агнешка Холанд, Ежы Скалімоўскі зрабілі ўжо ў працэсе замежнай кар’еры, а сучасны Галівуд немагчыма ўявіць без выбітнай аператарскай працы Славаміра Ідзяка, Януша Камінскага ды Анджэя Секулы. У новыя часы вартасць кааперацыі з іншымі краінамі толькі ўзмацнілася. І польскія прадзюсары з поспехам адшукваюць партнёраў за мяжой. Спадзяемся, у іх лік усё часцей і часцей будуць трапляць і беларускія кінематаграфісты.
Залатыя львы Гдыні
Карыстаючыся нагодай і дзякуючы падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску нашаму часопісу ўдалося наведаць 42-гі фестываль польскага ігравога кіно, які праходзіў сёлета з 18 па 23 верасня ў Гдыні. Фактычна гэта галоўная кінематаграфічная падзея ў Польшчы. Як лічыцца, яна закрывае і яна адкрывае новы кінагод. На фэсце паказваюць самае лепшае, што ствараецца ў польскім ігравым кіно, адкрываюць новыя імёны, у тым ліку і для астатняга свету. Толькі ўнутрыпольскай падзеяй фестываль у Гдыні не назавеш, бо ён максімальна прыстасаваны для замежных гасцей, паказы стужак і ўся неабходная інфармацыя дублюецца на англійскую мову. Хоць яго наведваюць не толькі спецыялісты — практычна кожны з паказаў, у тым ліку і ў сучасным мульціплексе побач з фестывальным цэнтрам, суправаджаўся неверагодным інтарэсам мясцовай публікі. Займаць месцы на большасці паказаў трэба было загадзя, а кожны сеанс праходзіў пры неверагоднай увазе тутэйшай аўдыторыі, якая, безумоўна, валодае высокай культурай фестывальнага прагляду.
Ужо тры гады запар штабам фэсту і асноўнай конкурснай пляцоўкай, а таксама месцам для прэс-канферэнцый ды сустрэч кінематаграфістаў з’яўляецца новы будынак мясцовага кінацэнтра побач з такім жа новым і высокатэхналагічным будынкам Музычнага тэатра, у некалькіх залах якога таксама праходзілі конкурсныя і пазаконкурсныя паказы. Аднак фестывальная прастора не вычэрпвалася прыгожым раёнам знакамітага Гдыньскага порта — амаль увесь цэнтр вядомага марскога горада быў упрыгожаны адмысловымі банерамі з сімволікай фестывалю. Велізарнае палатно з афіцыйным плакатам звешвалася з гатэля насупраць конкурсных пляцовак, а сцежкі паміж імі былі занятыя фотавыставамі ды прэзентацыямі мінулага і сучасных магчымасцяў польскай кінаіндустрыі. Фестываль — гэта лепшы спосаб прарэкламаваць і прадставіць сябе. Гдыня-2017 у гэтым сэнсе была вельмі карыснай, у тым ліку і для вытворцаў: розныя тэматычныя мерапрыемствы і індустрыяльныя пляцоўкі складалі вартае дапаўненне паказам.
На гэты раз фестываль прайшоў яшчэ і пад знакам ушанавання памяці Анджэя Вайды, які быў адной з галоўных дзейных асоб усіх папярэдніх гадоў. Творчасці бадай што самага вядомага польскага рэжысёра ХХ стагоддзя былі прысвечаныя спецыяльныя паказы яго карцін, у тым ліку адной з самых знакамітых стужак рэжысёра «Попел і алмаз» у адмысловай праграме «In Memoriam». Там жа былі паказаныя дакументальная стужка «Анджэй Вайда. Маё натхненне» і некалькі інтэрв’ю, у якіх рэжысёр дзеліцца сакрэтамі майстэрства і распавядае пра здымкі іншых сваіх знакамітых фільмаў.
Плакат з характэрным сілуэтам вялікага рэжысёра нагадваў усім наведвальнікам пра слаўнае мінулае. Але польскае кіно відавочна скіраванае ў будучыню — гэта можна было зразумець па асноўнай конкурснай праграме поўнаметражных стужак. Яна прадставіла адразу некалькі новых імёнаў.
Абсалютным пераможцам 42-га Фестывалю польскага ігравога кіно ў Гдыні стала дэбютная карціна Пятра Дамалеўскага «Ціхая ноч», якая атрымала адразу 7 узнагарод. Стужка Дамалеўскага — галоўнае адкрыццё Гдыні-2017. Гледачы і крытыкі засталіся ад фільма ў захапленні; нічога дзіўнага, што і журы фестывалю паддалося чарам гэтай абаяльнай гісторыі пра складаныя сямейныя адносіны і сілу кахання.
Сюжэт карціны разгортваецца на працягу ўсяго адной каляднай ночы. Адам, які працуе за мяжой, наведвае бацькоўскую хату ў польскай вёсцы. Ад самага пачатку ён хавае сапраўдную прычыну гэтага нечаканага візіту, але неўзабаве пачынае распавядаць сваякам пра свае планы. Інтрыгі ў сюжэт дадае тое, што родныя Адама не асабліва ладзяць адно з адным.
За «Ціхую ноч» рэжысёр-дэбютант атрымаў галоўную прэмію фэсту — «Залатых ільвоў». Гэтую ўзнагароду ўручалі апошняй, аднак да яе фільм Дамалеўскага паспеў сабраць яшчэ некалькі важных прызоў.
Прэмію за лепшую мужчынскую ролю атрымаў Давід Агроднік. Акцёр, што за апошнія гады праславіўся экспрэсіўнымі ролямі, на гэты раз зрабіў стаўку на стрыманую манеру гульні. З дапамогай ледзь прыкметных жэстаў і шматзначных поглядаў ён стварыў вобраз героя, якому мы спачуваем і чый боль падзяляем.
Фільм Дамалеўскага ацанілі таксама журналісты, сябры Федэрацыі дыскусійных кінаклубаў і прадстаўнікі сеткавых кінатэатраў, што ўзнагародзілі карціну сваімі прэміямі. Акрамя таго, «Ціхая ноч» атрымала ўзнагароду журы Конкурсу маладых, а сам Пётр Дамалеўскі ўганараваўся «Крыштальнай зоркай Elle».
Арыентаванасць польскага кіно апошніх гадоў на камерныя, сямейныя гісторыі пацвердзіла і карціна яшчэ адной дэбютанткі — Ягоды Шэльц. Узнагарода для яе стала адным з галоўных сюрпрызаў Гдыні-2017. Шэльц атрымала прыз за лепшы рэжысёрскі дэбют і лепшы сцэнарый. Яе фільм «Вежа. Ясны дзень» — гэта незвычайны аповед пра сямейныя таямніцы і пра сустрэчу, ад якой залежаць радзінныя стасункі. Аднак карціна Шэльц цікавая не зместам, а стылем. Ён балансуе паміж містыкай і меладрамай. Па ходу дзеі стужкі быццам бы нічога не адбываецца, але глядач увесь час знаходзіцца ў пэўным напружанні.
Вельмі складаную сямейную гісторыю распавядае і Уршуля Антоняк у сваёй эстэцкай драме «Паміж словамі». Герой гэтай карціны ў выкананні ўзыходзячай зоркі польскага кіно Якуба Гершала — малады юрыст-паляк жыве і працуе ў Берліне. Сустрэча з бацькам, якога ён ніколі не бачыў (вельмі добрая роля Анджэя Хыры), натхняе маладога чалавека на пошукі свайго «я». Галандзец Ленерт Хілеге атрымаў на фестывалі заслужаны прыз за лепшую аператарскую працу: карціна Антоняк заснавана на пластычнасці вобразаў, а розныя адценні шэрага (фільм чорна-белы) сталі адным з ключоў да інтэрпрэтацыі сэнсу стужкі.
Цэлых пяць узнагарод кінафэсту ў Гдыні атрымала карціна Лукаша Палькоўскага «Найлепшы» — біяграфічны фільм пра Ежы Гурскага, наркамана, які стаў выдатным спартсменам і пераможцам самых цяжкіх у свеце спаборніцтваў па трыятлоне.
Марэк Варшэўскі атрымаў прэмію за лепшую сцэнаграфію, а Каміля Камінская, якая сыграла маладую доктарку, — за лепшую дэбютную ролю. Карціна Панькоўскага таксама выявілася фаварытам гданьскай публікі: ёй дастаўся прыз гледачоў і «Залаты клакер», узнагарода для фільма, што сабраў больш за ўсё апладысментаў. Акрамя таго, «Найлепшы» атрымаў Прэмію фестываляў польскага кіно за мяжой.
Яшчэ адзін трыумфатар фэсту — «Птушкі спяваюць у Кігалі». Іаана Кос-Краўзэ і Кшыштаф Краўзэ сталі лаўрэатамі прэміі «Сярэбраныя львы» за другі лепшы фільм фестывалю. Кшыштафу Краўзэ ўзнагароду прысвоілі пасмяротна — ён сышоў з жыцця ад цяжкай хваробы яшчэ ў 2014 годзе, і яго ўдава дапрацоўвала гэтую карціну. Стужка, падзеі якой разгортваюцца ў 1997 годзе ў Афрыцы, стала першай польскай карцінай на звышактуальную тэму ўцекачоў. Узнагароду за мантаж атрымала Катажына Лесьняк, а прэмію за лепшую жаночую ролю падзялілі дзве актрысы: Іавіта Буднік і Эліяна Умугірэ. Узнагароды цалкам заслужаныя, паколькі абедзве артысткі ўвасобілі на экране персанажаў, поўных супярэчнасцей і ўнутраных канфліктаў. Трэба дадаць, што гэта ўжо другая іх агульная прэмія: раней за свае ролі яны атрымалі ўзнагароды Міжнароднага кінафестывалю ў Карлавых Варах.
Яшчэ адзін заслужаны, але ўжо больш прадказальны прыз атрымала Агнешка Холанд і яе суаўтарка Кася Адамік за карціну «След звера», дэтэктыўную казку па рамане Вольгі Такарчук.
«След звера», або «Покат», — дынамічны дэтэктыў, падзеі якога адбываюцца ў невялічкай горнай вёсцы. Галоўная гераіня ў вельмі пераканаўчым выкананні Агнешкі Мандат сыходзіцца ў няроўным двубоі з сіламі зла. Стужка сапраўды ўражвае вельмі хуткім разгортваннем падзей і закранае ў тым ліку і сямейныя праблемы. Але яе рух у бок жанравага кіно настолькі відавочны, што аблашчаны на Берлінале-2017 фільм на сваёй радзіме глядзеўся ў фестывальным кантэксце куды прасцей за многіх сваіх канкурэнтаў.
Прэмію за лепшую мужчынскую ролю другога плана сёлета атрымаў Лукаш Сімлят за ролю ў стужцы «Амак» — трылеры Касі Адамік. Вердыкт журы для многіх стаў поўнай нечаканасцю, паколькі фаварытам да апошняга лічыўся Аркадыюш Якубік, які выдатна сыграў бацьку ў «Ціхай ночы» Дамалеўскага. Што тычыцца лепшай жаночай ролі другога плана, то тут нічога нечаканага не было. Узнагарода дасталася Магдалене Паплаўскай — акторцы, якая з года ў год даказвае, што валодае велізарным талентам. У «Панічных атаках» Паўла Маслёны (адным з самых недаацэнены фільмаў фестывалю) Паплаўска сыграла маладую жанчыну, якая на вачах у гледачоў развітваецца са сваімі ілюзіямі. «Панічныя атакі» многія лічылі фільмам-фаварытам Гдыні-2017. Гэтая абсурдыская камедыя вельмі вылучалася сярод усіх удзельнікаў конкурснай праграмы сваім нечаканым чорным гумарам і арыгінальным стаўленнем да рэальнасці.
Яшчэ адным сюрпрызам фэсту ў Гдыні стала прэмія за лепшы саўндтрэк. Яе атрымаў італьянскі кампазітар Сандра Ды Стэфана за музыку да антыўтопіі Бода Кокса «Чалавек з чароўнай скрыначкай» — любоўнай гісторыі, дзеянне якой адбываецца ў Варшаве ў 2030 годзе. Узнагарода за лепшыя касцюмы адправілася ў рукі Агаты Цуляк, што адказвала за касцюмы да фільма Мацея Сабяшчанскага «Згода», у якім распавядаецца пра трагічны лёс жыхароў пасляваеннай Сілезіі.
«Згода» ў прынцыпе вельмі добры ўзор высокай якасці сучаснага польскага кіно. Сюжэт пра пакуты людзей, што патрапілі з пекла аднаго таталітарнага рэжыму ў іншы, разгортваецца на фоне выбітна зробленага пасляваеннага асяродку сярэдзіны саракавых. Тэма перажывання свайго мінулага, характэрная для ўсяго польскага мастацтва, у стужцы Мацея Сабяшчанскага знаходзіць асаблівае месца. Асаблівая чуллівасць польскага кіно, яго рэфлексіўнасць да падзей мінулага лепш за ўсё заўважныя па дакументалістыцы, выражаны ў гэтым фільме найбольш поўна.
Сярод самых незвычайных карцін конкурснай праграмы Гдыні-2017 хацелася б таксама адзначыць анімацыйную стужку «Твой Вінсэнт» польскай рэжысёркі Дароты Кабелі і брытанца Х'ю Вельхмана. Гэты фільм, цалкам складзены з «ажылых» работ Вінсэнта Ван Гога, ствараўся сотняй польскіх аніматараў цягам некалькіх гадоў. У выніку атрымалася неверагоднае відовішча, ад якога немагчыма адвесці вачэй. У гэтай стужцы заварожвае сам візуальны шэраг — сюжэт пра высвятленне прычын заўчаснай смерці мастака відавочна прайграе на фоне шэдэўраў вялікага жывапісца.
«Твой Вінсэнт» стаўся адным добрым прыкладам разнастайнасці і высокага ўзроўню развіцця польскага кінамастацтва. Як, у прынцыпе, і сам фестываль у Гдыні — не толькі шыкоўнае свята кіно для гасцей гэтага прыморскага горада, але і лепшы доказ вірлівага і надзвычай цікавага жыцця адной з самых актыўных кінематаграфій свету.
Інстытут абароны кіно
Цікава, што праблемы польскага кіно ў дзевяностыя гады былі шмат у чым падобныя да праблем, з якімі сутыкнуліся кінематаграфіі былога СССР, у тым ліку беларуская. За тыя дзесяць гадоў, што прайшлі ў новых палітычных ды эканамічных рэаліях, польскай кінаіндустрыі прыйшлося змірыцца з рэзкім зніжэннем дзяржаўнага фінансавання. Цэнзуры не стала, але эканоміка ў пераходны перыяд негатыўна адбілася на ролі кіно ў грамадскім жыцці. На польскіх кінастудыях здымаліся танныя копіі галівудскіх баевікоў, а прызнаныя мэтры — Ежы Каваляровіч, Анджэй Вайда, Кшыштаф Занусі — з цяжкасцю прыстасоўваліся да новай рэальнасці.
Другое дыханне польскі кінематограф здабыў у 2005 годзе, пасля заснавання Польскага інстытута кінамастацтва, прызначанага фінансаваць вытворчасць фільмаў, падтрымліваць маладых рэжысёраў і прасоўваць польскае кіно за мяжой. Цяпер ужо можна сказаць, што яго дзейнасць, як і дзейнасць усёй польскай кінематаграфічнай супольнасці, прыносіць вельмі вялікі плён.
Схема працы кінаінстытута першапачаткова ўзятая з аналагічных структур у іншых еўрапейскіх краінах. Фінансуецца ён непасрэдна з даходаў тых, хто паказвае кіно. Польскія кінасеткі, эфірныя, спадарожнікавыя і кабельныя тэлеканалы, дыстрыб’ютары дабравольна выплачваюць 1,5% ад сваіх даходаў у спецыяльны фонд, з якога ў тым ліку і ствараецца бюджэт новых стужак. Прыватныя кампаніі і прадзюсары ў стане разлічваць на фінансаванне кінаінстытутам 50% бюджэту сваёй карціны. Астатнія 50% яны павінны шукаць самі ў прыватных інвестараў або замежных арганізацый. Фундацыя стужак для дзяцей, дэбютных работ ды дакументальнай прадукцыі можа быць і ў большай прапорцыі.
Польскія кінематаграфісты наогул ганарацца празрыстасцю фінансавання сваёй кінаіндустрыі. Лёс падтрымкі новых праектаў вырашае камісія інстытута, якая збіраецца на свае сесіі два разы на год. Рада кінаінстытута перыядычна змяняецца, каб не было перадузятасці. Складаецца яна з адзінаццаці асобаў. Гэта вядомыя кінематаграфісты, прадстаўнікі прафсаюзаў, прадзюсары, дыстрыб’ютары, прадстаўнікі кінасетак, тэлеканалаў.
Польскі кінаінстытут таксама падтрымлівае дыстрыб’юцыю і рэкламу польскіх стужак, у тым ліку за мяжой, займаецца папулярызацыяй нацыянальнага кінамастацтва, захоўваннем і алічбоўкай архіваў. У кожным з польскіх рэгіёнаў створаны і мясцовыя кінафонды, якія фінансуюць і арганізуюць здымкі і мерапрыемствы на сваёй тэрыторыі.