З АДМІРАЛЬСКІМ КАРАБЛЁМ, ЯКІ НЕ МАЕ ГАРМАТ, АЛЕ ПЛЫВЕ ПАПЕРАДЗЕ ЎСІХ АСТАТНІХ І ПРЫМАЕ НА СЯБЕ ПЕРШЫЯ СТРЭЛЫ, ЯШЧЭ КОЛІСЬ ПАРАЎНАЎ ТЭАТР МАСТАЦКІ КІРАЎНІК ЯН ЭНГЛЕРТ, НАЙВЯДОМЕЙШЫ АРТЫСТ І РЭЖЫСЁР (У РЭПЕРТУАРЫ ТЭАТРА — ЯГОНЫЯ ПАСТАНОЎКІ «ІВАНАЎ» АНТОНА ЧЭХАВА, «КАРДЫЯН» ЮЛЬЮША СЛАВАЦКАГА, «ДЗЯВОЧЫЯ ЗАРОКІ» І «ФРЭДРАШКІ» ПАВОДЛЕ АЛЯКСАНДРА ФРЭДРЫ). СПАДАР ЭНГЛЕРТ ДА СЁННЯ ВЫКЛАДАЕ Ў ТЭАТРАЛЬНАЙ АКАДЭМІІ (З’ЯЎЛЯЎСЯ ТАКСАМА ДЭКАНАМ ТЭАТРАЛЬНАГА ФАКУЛЬТЭТА ДЫ РЭКТАРАМ) І ЛІЧЫЦЬ ВЫКЛАДАННЕ СВАЁЙ САМАЙ ВАЖНАЙ СПРАВАЙ.
— Я хачу, я мушу перадаць тое, чаму сам навучыўся ад вялікіх майстроў. І няхай вас не дзівіць: гэты занятак дае адчуванне бессмяротнасці. А спектаклі ды рэпетыцыі ў тэатры, любая праца на сцэне і па-за ёй — усяго толькі будзённы занятак, у якім няма аніякай місіі. Не-не, анічога гэткага місіянерскага і найзначнейшага, што так стараюцца яму прыпісаць. Я настойваў на гэтым неаднаразова і сваё меркаванне не змяніў: няма ў яго асаблівых задач! Раскоша і ўбогасць тэатра застаюцца пры ім ад часу з’яўлення. Тэатральны Фенікс нараджаецца на міг ды вокамгненна знікае. Моц тэатра ў тым, што ён не вымагае нейкіх асаблівых абставінаў і ніколі не спраўджваецца без гледачоў. Менавіта яны вырашаюць, чым тэатру займацца. І мера творчасці не тое, што я пасылаю да гледача, а тое, што ад яго вяртаецца да мяне. Праўда... глядач крочыць дахаты пасля спектакля і губляе, раскідае, забываецца на здабытыя адчуванні...
Чаму артысты, нягледзячы ні на што, трымаюцца ў тэатры? Яны ж маюць кіно, тэлебачанне, серыялы, працу вядоўцамі... Верагодна, іх трымае не толькі адчуванне ўлады над публікаю, але і магутны кантакт з ёю: штовечар — новая ўмова, новае пагадненне, новы спосаб паразумення і дачынення. У Польшчы акцёрская праца ў тэатры не з’яўляецца спосабам зарабіць грошы. Гэта, хутчэй, прафесійнае захапленне сваімі магчымасцямі. Толькі тэатр вызначае, хто сапраўдны акцёр, а хто — не.
Чаму я больш за ўсё займаюся тэатрам? Таму што гэта мяне і задавальняе, і здавальняе. Тэатр — гэта ўсё маё жыццё. Але кожны з маіх вучняў мусіць сам выбраць тое, што для яго важна. Мы жывем у часіну, калі разгубіліся ў крытэрыях каштоўнасцяў — эстэтычных, этычных, ды якія ні ўзяць... Няма ад чаго адштурхвацца. Мастацтва, асабліва ў нашых посткамуністычных краінах, часцяком схіляецца ў бок палітыкі, робіцца месцам і спосабам выказвання пратэсту творцы, ягонага ўласнага бунту. Гэта падтрымлівае, дае нам сілы і адначасова аслабляе тое галоўнае, для чаго мастацтва паклікана (такія два канцы ў кія!), а на маю думку, мастацтва з’яўляецца трансцэндэнтным: для адных — гэта духоўнасць, для іншых — гэта рэлігія, каханне, але для ўсіх — нешта, што выходзіць за межы разумення...
Падумаць толькі, у нашых умовах з’яўляюцца тысячы артыстаў! Ну, зрэдчас на гэтую тысячу прыпадае адзін рамеснік. Дарэчы, у дыхтоўнай сістэме якраз на тысячу рамеснікаў нараджаецца адзін артыст... А мы, артысты, вымагаем свабоды — але што такое свабода? Якія межы яна мусімець? А тое, што яна мусімець межы, па-за сумневам. Кожны з нас павінен вызначыць межы свабоды сваёй творчасці і сам адказваць за тое, як спраўдзіліся ягоныя здольнасці — і не варта сюды ўблытваць анархію. Мая думка такая: кожны чалавек, які мае нейкую ўладу, — настаўнік, ксёндз альбо палітык, — мусіць вельмі добра адчуваць межы паміж кампрамісам і канфармізмам. Кампраміс будуе. Канфармізм — руйнуе. Адчуваць мяжу трэба, каб на канфармізм не ўсцягнуць касцюм кампрамісу, каб не атрымалася, што кампраміс — для справы, а канфармізм — для мяне асабіста. Любое глупства мае межы, кожная правакацыя іх мае таксама. Зрэшты, гэтыя межы пакладзены мною для сябе і я не выходжу за іх. На сцэне можа адбывацца нешта вельмі жорсткае, моцнае, страшнае, але яно мецьме рысы высакародныя альбо паэтычныя...
Рысай, якая вылучае польскі тэатр сярод еўрапейскіх, я б назваў... эклектычнасць. Цяжка казаць пра польскі тэатр як пра з’яву ў адзіным стылі, кірунку, у адзінай форме: яго прадзімаюць усе вятры і ўсе скразнякі. А тое, што нам уласціва, — гэта спецыфічны польскі рамантызм, які нічога агульнага з сусветным рамантызмам не мае. Можна сказаць, што ён такі наш і толькі наш. Мы, палякі, — адзін з самых засяроджаных на сабе народаў, але ў нас ёсць і гістарычнае апраўданне... Растлумачыць гэта і лёгка, і нялёгка — і нас, і вас, дарэчы (бо мы вельмі падобныя), нялёгка растлумачыць... Гамбровіч з вялікім болем вызначыў: усё вырашае, так бы мовіць, нашае няпершынства ў свеце, якое намі не прымаецца, можа нас пераследаваць і можа знішчыць нашы мазгі праз тое, як мы стараемся яго пазбыцца... Стараемся і яшчэ далей адсоўваемся ад лідарства. Мабыць, мы гэтага не заслугоўваем, але так ужо выпала — гістарычна, геаграфічна. Але ж праўда і ў тым, што мяне, маё мастацтва любіць польскі глядач. Я ганаруся гэтым і мне абсалютна не баліць, што да сёння не маю «Оскара» — я не горшы за тых, хто яго мае. Я навучыўся не пераймацца. Дарэчы, ведаеце, у чым сусветны поспех Інтэрнэту? Там любы гатунак можа ўдаваць з сябе найвышэйшы. Хтосьці збірае пяцьсот падабаек пад паведамленнем пра свой панос. Я, відаць, як усе дзяды, гэткага не разумею — у чым тут палягае навіна, нашто гэта ведаць усім? Верагодна, што старэнне — гэта страта ўпэўненасці ў сабе. Таму старэйшыя людзі так часта абвяшчаюць, што яны маюць рацыю, — на ўсялякі выпадак. І не пасміхайцеся, што я мыслю афарызмамі: калі твайму тэатру 250 гадоў, а ты сядзіш у фатэлі тэатральнага кіраўніка, па-іншаму няможна...
Я патлумачу, як сёння ўяўляю сабе тэатр, бо заспеў шмат рэжысёраў розных генерацый, эстэтычных і палітычных поглядаў. Я служу ў тэатры, які фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, і сцвярджаю, што ён мусіць адукоўваць гледача, а таксама мае некаторыя абавязкі, якія не могуць абмяжоўвацца толькі пастаноўкаю спектакляў. Магу дадаць, што маю права толькі на дыхтоўныя спектаклі, але імкнуся, каб усе яны былі выбітнымі... Нацыянальны тэатр мае тры сцэны, на якіх можна заўважыць і акадэмічныя, і мадэрнісцкія тэндэнцыі, я часцяком прызнаю спектаклі, што мне асабіста не дужа даспадобы, толькі пільную, каб яны былі зроблены годна і паважліва — прафесійна. Калі трэба для добрай справы, я не зважаю на тое, што эстэтычна і нават этычна яны не ўзгадняюцца з межамі маёй свабоды. З якіх пазіцый выступаюць пастаноўшчыкі і як намагаюцца размаўляць з гледачом — для мяне мае другаснае значэнне.
Калі ў мяне пытаюцца, маўляў, як вы будзеце ставіць Мальера, традыцыйна альбо сучасна? — я не разумею пытання. Няма магчымасці ставіць Мальера несучасна! Калі мы шэсцьдзясят гадоў іграем Мальера ды Шэкспіра — яны перманентна сучасныя! Мяняецца толькі мова, якой мы размаўляем з публікай, — толькі яна... Рэжысёр (любога ўзросту, перакананняў, эстэтычных кірункаў) робіць прапанову тэатру — я выбіраю тое, што мне цікава, а потым назіраю, ці робіць гэты рэжысёр усё, што абяцаў, ці не? Быў момант, калі публіка, асабліва маладзейшая, прагнула то эксгібіцыянізму, то экспрэсіянізму (так была пастаўлена «Федра»), то немаведама чаго... І рэжысёры ўсё адно як паддаваліся на гэтыя неўсвядомленыя хістанні, і, здаралася, імкнулі за межы публічнай прыстойнасці. Бачыце, калі я навучаўся тэатру, гэта было сорамна, а цяпер — не сорамна. А калі не сорамна — значыць, лёгка. А калі творцу лёгка, гэта дрэнна для мастацтва; Гамбровіч, дарэчы, казаў, што літаратура не павінна рабіць жыццё лягчэйшым.
...Таму «Кардыян» Юльюша Славацкага, цудоўная няскончаная п’еса, — лепшае, што з’явілася ў маім рэжысёрскім жыцці. Так, у яе няма развязкі, але я нічога не мяняў, шукаў новыя магчымасці ўвасаблення і знайшоў выйсце ў фінал. Я зрабіў спектакль пра тое, як апошнія дзвесце гадоў у нас нічога не змянілася: быў рускі паркан, другая рэспубліка, германцы, камунізм... а мы звыкла, пабытова, будзённа марнуем свае жыцці, зводзім на нішто імпэт і магчымасці. Пры канцы спектакля з’яўляюцца польскі анёл і польскі д’ябал. Д’ябал кажа пра хмару, анёл адказвае, што гэта Польшча, і гучыць польскі рэлігійны спеў, якому больш за сто гадоў, — яго замовіў ксёндз Канстанты ў гонар цара Аляксандра, толькі калісьці спявалі пра нашага караля, а сёння мы спяваем пра Айчызну. І тамсама спраўджана сцэна, якую праз усе перашкоды адметна вырашылі тэхнічна, і я яе вельмі люблю: пляцоўка падзелена на гару і дол. На гары шыкуе баль з царом, на доле збіраюцца змоўцы, а побач ладзіцца пахаванне. І тыя, хто таньчыць на бале, сыходзяць да змоўшчыкаў, потым цягнуцца на пахаванне ды вяртаюцца баляваць — кругазварот ім пераканаўча імітуе жыццё, але нічога не мяняе.
«Кардыян» — вельмі важная пастаноўка. Яна карыстаецца папулярнасцю, і гэта мяне радуе, асабліва таму, што твор Славацкага ўваходзіць у школьную праграму і на ўсіх шасцідзесяці спектаклях, якія пакуль адбыліся, квіткі былі прададзены цалкам, а ладную частку залы займалі маладыя людзі (зала тэатра налічвае каля 580 месцаў. — Рэд.). Праўда, на пачатку партэр бываў падсвечаны блакітным колерам тэлефонных экранаў, але праз некаторы час западала цемра, а ў фінале заўжды гучала авацыя і ўся зала падымалася. І няма ў мяне мацнейшага здавальнення...
Дана Рагатка