Калі пытаюцца, адказваю: мне блізкая канцэпцыя вядомай даследчыцы Святлены Немагай. Яна не падзяляе музычную спадчыну на літоўскую, польскую, беларускую, а называе яе музыкай Рэчы Паспалітай. Вельмі слушная і ўзрушальная ідэя! Маю на ўвазе сачыненні мінулых стагоддзяў. Тыя, што адлюстроўваюць першую частку назвы ансамбля — «Класік». Атрымліваецца, спачатку як дырыжор я знаёмлюся з творамі, напісанымі на нашай зямлі, доўга выбіраю. Потым знаёмлю з імі публіку. Імкнемся іграць сачыненні, якія належалі нам і якія, на жаль, рэдка выконваюцца. Бо адна з галоўных задач калектыву — адраджэнне нацыянальнай культуры.
Нядаўна прайшоў юбілей Караля Шыманоўскага — гэта кампазітар сусветнага маштабу, але і яго грамадская дзейнасць мае такі ж маштаб. Ён быў запрошаны ў Каір працаваць рэктарам новай кансерваторыі і адначасова — на такую ж пасаду ў Варшаву. Але ў Польшчы яму не прапаноўвалі ніякіх фінансаў, хоць як вельмі хвораму для лячэння сухотаў яму патрабаваліся немалыя сродкі. Для Шыманоўскага і пытання выбару не паўставала, патрыятычны ўчынак быў для яго натуральным. Ён узначаліў Варшаўскую кансерваторыю, вярнуў музыкантаў, што з’ехалі з краіны ў неспрыяльны час — на пачатку ХХ стагоддзя. Трэба было ствараць структуры, неабходныя для развіцця нацыянальнай музыкі. І паступова паўстала кампазітарская школа, да якой належаць сёння такія велічыні, як Лютаслаўскі, Пэндэрэцкі!
Развівалася школа і дзякуючы фестывалю «Варшаўская восень». Увесь былы Савецкі Саюз павінен зняць капялюш перад ім, бо мажлівасць знаёміцца з найноўшымі тэндэнцыямі ў музыцы, вывучаць новую мову і стылі існавала толькі праз гэты фэст. Кампазітары многіх краін могуць сказаць: «Я выйшаў з "Варшаўскай восені"!» Музыкантам, якія прыязджалі на форум, плацілі тыднёвыя стыпендыі. Такая палітыка спрыяла прасоўванню і польскага, і сусветнага мастацтва. «Класік-авангард» удзельнічаў у фэсце двойчы, у 2000-м і 2005-м. Па традыцыі мы прадстаўлялі музыку гаспадароў форуму і беларускую. Упершыню айчынныя аўтары гучалі на такім буйным міжнародным фестывалі.
Дзякуючы Польскаму інстытуту ў Мінску наш ансамбль сыграў неймаверную колькасць праграм, у тым ліку «Анталогію сучаснай польскай музыкі», у якую ўвайшоў шэраг канцэртаў, новыя творы, што патрабуюць паглыблення і асэнсавання. Інстытут запрашае ў Мінск сучасных польскіх кампазітараў, ладзіць майстар-класы. Двойчы мы ігралі аўтарскія канцэрты Януша Бялецкага, які наведваў Мінск асабіста. Вядомы кампазітар Збігнеў Буярскі на свой юбілей у Кракаў запрасіў менавіта «Класік-авангард», хоць мае магчымасць выбіраць выканаўцаў, і ў былой польскай сталіцы мы ігралі яго аўтарскі канцэрт.
На мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў быў такі кірунак — «Маладая Польшча», ён ахапіў літаратуру, жывапіс, паэзію і музыку. Адна з нашых інструментальных праграм называлася «Музыка "Маладой Польшчы"». Апошні канцэрт, падрыхтаваны дзякуючы Польскаму інстытуту, быў прысвечаны Каралю Шыманоўскаму. Сыгралі яго ў Віцебску і Гродне. Для мяне тыя сачыненні — адкрыццё. Феерверк! Інстытут мае магчымасць пазнаёміць публіку са спадчынай нацыянальнага генія, у тым і выяўляецца ягоная місіянерская роля, для якой ёсць жаданне і сродкі. У такой дальнабачнасці — выразны клопат пра будучыню.
Увогуле дзейнасць Польскага інстытута ў Беларусі шматгранная. Акцэнты ўзнікаюць і ад зацікаўленасці кіраўніцтва. Напрыклад, былы дырэктар установы Пётр Казакевіч захоплены джазам, ён сабраў усе запісы выдатнага саксафаніста Джона Калтрэйна, нават калі той быў падлеткам. Дык вось, «Джазавыя вечарыны з Польскім інстытутам», што ідуць некалькі сезонаў, — заслуга менавіта Казакевіча.
У бліжэйшы час нас чакаюць дзве буйныя даты. У 2018-м — 220 год з часу нараджэння Адама Міцкевіча, адной з самых значных постацей беларускай і польскай культуры. А ў 2019-м свет адзначыць 200-годдзе Станіслава Манюшкі. Так, ён класік польскай музыкі, але нарадзіўся на Міншчыне, вучыўся ў гімназіі на сучаснай плошчы Свабоды. Выдатна, калі б юбілейная дата стала нагодай для пастаноўкі адной з ягоных опер.
Дарэчы, я быў госцем варшаўскага фэсту, прысвечанага 200-годдзю Шапэна. У Жалязовай Волі, раней невялікай вёсачцы, цяпер адбудавалі шыкоўную канцэртную залу — і каб прывабіць турыстаў, і каб сачыненні Шапэна гучалі часцей. На форум, прысвечаны кампазітару, сабраліся самыя знакамітыя выканаўцы свету. Думаю, калі б у Шапэна, як у Манюшкі, мелася шмат опер, дык усе яны былі б пастаўлены ў сувязі з юбілеем. Такім адносінам да ўласных геніяў можна пазайздросціць...