60-Ы ФОРУМ АКРЭСЛІЎ НОВУЮ ПРАСТОРУ МАСТАЦКІХ ПОШУКАЎ, ГУКАВЫХ АДКРЫЦЦЯЎ, РАЗВАЖАННЯЎ НА ТЭМУ СУТНАСЦІ МУЗЫКІ І СУЧАСНАГА АРТУ. АД УБАЧАНАГА І ПАЧУТАГА НА КАНЦЭРТАХ, МАЙСТАР-КЛАСАХ, ТВОРЧЫХ СУСТРЭЧАХ ФЭСТУ ЗАСТАЛІСЯ НЕЗАБЫЎНЫЯ ЎРАЖАННІ. ПАДЧАС ФОРУМУ АДБЫЛАСЯ ТАКСАМА ЦІКАВАЯ ГУТАРКА ПРА ПОЛЬСКУЮ МУЗЫЧНУЮ КУЛЬТУРУ І ЮБІЛЕЙНЫ ФЕСТЫВАЛЬ З ДЫРЭКТАРАМ «ВАРШАЎСКАЙ ВОСЕНІ», КАМПАЗІТАРАМ ЕЖЫ КАРНОВІЧАМ.
У чым прынцыповае адрозненне апошняга фэсту ад папярэдніх? Як іранічна заўважыў Тадэвуш Вялецкі, кіраўнік форуму з 1999 па 2016 гады, гэта першае пытанне, якое заўсёды хвалюе журналістаў, і юбілейная «Восень» па галоўнай ідэі нічым ад іншых не адрозніваецца (праўда, выказаўся ён пра тое напярэдадні 50-й гадавіны).
Ці змянілася штосьці за апошняе дзесяцігоддзе ў прынцыповых творчых устаноўках грандыёзнага арт-праекта? Насамрэч — не! Бо справа ў тым, што кожная «Варшаўская восень» сама па сабе — значная падзея ў культурным жыцці гэтай часткі Еўропы.
Мастацка-эстэтычная канцэпцыя юбілейнага фестывалю была вызначана як «трансавангард». Нагадаем: дадзены вектар у сучасным мастацтве быў пазначаны яшчэ пры канцы 1970-х італьянскім арт-крытыкам і куратарам Акіле Баніта Аліва як «той, што выходзіць за межы авангарда». Прычым у кірунку развіцця неаэкспрэсіянізму. Чаму амаль праз 40 гадоў трансавангардная ўстаноўка зноў набыла мастацкую сілу і творчы інтарэс? Гэта мы разумеем, калі бачым цэласную панараму музычных праграм юбілейнай «Варшаўскай восені». Тут пануе ярка выяўлены асобасны характар, умела расстаўлены інтэрнацыянальныя акцэнты, асаблівая ўвага звернута на нацыянальныя традыцыі, дамінуе дух экспрэсіўнасці і высокая тэхнічная (ва ўсіх сэнсах) аснашчанасць.
Сама ідэя трансавангарду дала магчымасць у мудрагелістым эклектычным узоры з’яднаць опусы кампазітараў розных пакаленняў: і радыкальна думаючых маладых аўтараў, а таксама тых, што ўжо сталі класікамі сучаснага мастацтва — Войцеха Кіляра, Кшыштафа Пэндэрэцкага, Луіджы Нона, Тадэвуша Бэрда, Жэрарда Грызі. Усе яны скіраваныя на спасціжэнне генетыкі гуку, паглыбленне ў акустычныя нетры, пульсуючыя плыні, хвалі, імпульсы, прыслухоўванне да касмічнай прасторы.
Наталля Ганул: «Варшаўская восень» вырасла на другой хвалі авангарду і ў свой час прагучала галоўнай тэмай у хоры бунтароў супраць сацрэалізму ў мастацтве. Зрабілася перш за ўсё магутнай платформай для звышактуальнага дыялогу Усходу і Захаду, месцам сустрэч і музычных адкрыццяў. У буклеце фестывалю музыказнаўца Кшыштаф Швайгер у якасці эпіграфа да ўступнага артыкула пра сутнасць «транс-аван-гард» (trans-avant-garde) прыводзіць глыбокія і сімвалічныя паэтычныя радкі Гіёма Апалінэра: «Мы хотим вам открыть неоглядные странные дали / Где любой, кто захочет, срывает расцветшую тайну». Ці атрымалася адкрыць тую таямніцу творчасці і як была рэалізавана канцэптуальная ідэя юб ілейнага форуму?
Ежы Карновіч: Ад самага свайго пачатку, з 1956 года, «Варшаўская восень» арыентавалася на тое, каб вызначыць чалавека ў ягоным часе. Паняцце «транс» мае некалькі аспектаў: працэс, час, прастора, эстэтыка. Менавіта апошні па-мастацку вельмі важны, ён тычыцца эвалюцыі музычнай мовы. Сёння на новым узроўні адбываюцца перапляценні і збліжэнні ўсіх відаў мастацтва: музыкі, тэатра, кіно. Асабіста я ў такім працэсе бачу ўвасабленне ідэй інструментальнага тэатра, тэатра гукаў (які яднае акустычную і электронную прасторы), новую санарыстыку. А вось з філасофскага пункту гледжання музыка сёння атрымлівае іншы статус быцця, яна з’яўляецца ўжо не проста гульнёй музычнымі структурамі (як гэта было на світанку авангарду), але набывае важнейшы сацыяльны аспект. Для нас само паняцце музыкі ў гэтым кантэксце напаўняецца асаблівай семантычнасцю і пачынае валодаць найважнейшым пазнавальным імпульсам. У гэтым і заключаецца асноўная ідэя трансавангарду, ці нават мета-авангарду — з яго крытычным падыходам да светабудовы, вострай музычнай публіцыстыкай і новымі пастулатамі сучаснай культуры. Відавочна, што сёння не існуе адзінай поставангарднай стылістычнай школы, але ёсць актыўны рух самога духу пазнання, у аснову якога пакладзена думка пра перадачу праз творчы аб’ект праекцыі сучаснага свету, дыялог мінулага / сучаснасці з будучыняй.
Наталля Ганул: З 2017 года вы ўзначальваеце «Варшаўскую восень», але на «кухні» фестывалю знаходзіцеся ўжо больш за 20 гадоў. Якія тэндэнцыі ў прадстаўленых на форуме прэм’ерных праектах успрымаюцца як найбольш актуальныя?
Ежы Карновіч: Думаю, гэта асаблівае збліжэнне музыкі з тэатрам, вынік якога — стварэнне кампазіцыі, што аб’ядноўвае ўсе мастацкія формы. Сёння кампазітар не проста спецыяліст па гуках, ён павінен валодаць самымі разнастайнымі тэхнічнымі сродкамі, выканальніцкімі прыёмамі, умець скласці сцэнарый, злучыць праз камп’ютарныя праграмы ў адной мультымедыйнай прасторы гукавыя і зрокавыя вобразы, зрэжысіраваць тое, што адбудзецца на сцэне.
Наталля Ганул: Мне вельмі падабаецца дэвіз сёлетняй «Варшаўскай восені»: «Пачуй тое, што іншыя не чуюць». Ці былі музычныя правакацыі для слухачоў на юбілейным форуме?
Ежы Карновіч: Існуе прадузятасць, што традыцыйную музыку слухаць больш прыемна, чым новую радыкальную. Аднак спадзяюся, што, нягледзячы на стэрэатып, фестываль нясе шмат інтэлектуальнага задавальнення і нават прыемнага баўлення часу.
Сёлета ў праграме фэсту шмат аўтараў з маладога пакалення. Творчыя інтарэсы адных скіраваныя ў бок перафразавання санарыстычнай прасторы, уключэння ў яе гукавых элементаў з Інтэрнэту, поп-культуры і гукавых гаджэтаў (як, напрыклад, твор для смартфонаў украінскай кампазітаркі Ганны Корсун). Іншыя выбудоўваюць складаныя структуры абстрактнага характару. Думаю, усіх іх аб’ядноўвае непрыманне «лёгкай» музычнай ежы, а таксама, як гэта бывае ў радыкалаў, адсутнасць сантыментаў да мінулага. Новыя, часцяком правакацыйныя падыходы адрозніваюцца арыгінальным бачаннем свету і пошукам невядомай гукавой прасторы, здатнай адлюстраваць гэтыя ідэі.
Наталля Ганул: Чым запомніцца юбілейная «Варшаўская восень»?
Ежы Карновіч: Мы прадставілі сачыненні больш як 80 кампазітараў, 27 сусветных прэм’ер і 30 першых выкананняў у Польшчы, 16 опусаў былі спецыяльна замоўленыя для фестывалю. Уся праграма атрымалася вельмі насычанай і канцэнтраванай: за дзесяць дзён — больш за 50 мерапрыемстваў, уключаючы канцэрты, інтэрактыўныя праекты, гукавыя інсталяцыі, варкшопы, майстар-класы і нават асобны канал інтэрнэт-радыё.
Наталля Ганул: Якія імёны вылучыліся ў гэтай маштабнай поліфанічнай гукавой партытуры?
Ежы Карновіч: У ліку тых, каго абсалютна дакладна запомніць юбілейная «Варшаўская восень», я б назваў імёны Тадэвуша Вялецкага (Польшча) і яго гукавыя эксперыменты ў опусе «I Sound Therefore I Am» («Я гучу, такім чынам я існую») для акардэона і віяланчэлі; Крыстафа Бертранда (Францыя) з кампазіцыяй «Vertigo» для двух фартэпіяна і аркестра з 83 музыкантаў; «Point Ones» Аляксандра Шуберта (Германія), што адкрывае мульціпрасторавы слоўнік рухальных сэнсарных жэстаў, якімі карыстаецца дырыжор, кіруючы адначасова акустычным ансамблем і жывой электронікай; пошукі Брыгіты Мунцендорф (Германія), што разважае на тэму суадносінаў гуку і чалавечых эмоцый, перажыванняў («Shivers on speed» для бас-флейты, бас-кларнета, скрыпкі, віяланчэлі і фартэпіяна); «Краіну духаў» (Ghostland) П’ера Жадлоўскага (Францыя), гэтую арыгінальную рытуальную містэрыю, сапраўдны інструментальны тэатр для чатырох перкусіяністаў, лялькавода і аўдыявізуальнай партытуры; тэмбравыя-акустычныя адкрыцці Артура Загаеўскага (Польшча) у опусе «Circulatio» для акардэона, чацверцітонавага акардэона і аркестра. Гэткімі ж цікавымі былі музычныя эксперыменты Ёханеса Крайдлера (Германія), кітайскага кампазітара Венчэна Квіна, італьянца Франчэска Філідэі, Пятра Табакерніка (Польшча), Уладзіміра Гарлінскага (Расія) і многіх іншых.
Наталля Ганул: Пачынаючы з 2010 года фестываль не мае ўзроставых абмежаванняў. Для дзяцей ствараецца асобная інтэрактыўная платформа «Малой варшаўскай восені», якая ўключае тэатральныя пастаноўкі, гукавыя спектаклі, праекты open-air. Выдатная ідэя выхавання свайго слухача, чалавека адкрытага да ўспрымання сучаснага мастацтва!
Ежы Карновіч: Над гэтай найважнейшай часткай фестывалю мы сапраўды сур’ёзна працуем. Як распавесці дзіцяці пра тое, што такое гук, ці можна яго ўбачыць? Як выглядае рух акустычнай хвалі ў вадзе і ў паветры? Праз музычны калаж, гукавыя пазлы мы спазнаем сябе, прыгажосць навакольнага свету. Адкрываем магчымасць тварыць гукамі, арганізуючы розныя гукавыя забавы з удзелам традыцыйных еўрапейскіх інструментаў, электронікі і экзатычных тэмбраў. Напрыклад, сёлета да нас прыехаў інданезійскі гамелан.
Наталля Ганул: Актуальным інтэрнацыянальным акцэнтам юбілейнага форуму стала музыка ўкраінскіх кампазітараў Максіма Каламійца, Ганны Корсун, Любавы Сідарэнка, канцэрт украінскага ансамбля сучаснай музыкі Nostri Temporis. У чым спецыфіка такога кшталту абавязковых субтэм, у якіх у розныя гады прымалі ўдзел і беларускія музыканты?
Ежы Карновіч: «Варшаўская восень» заўсёды сілкавалася музыкай краін-суседак. Мне здаецца, і для нас, і для тых, хто прыязджае на фэст, такая цікавасць узаемная. Адбываецца надзвычайны абмен творчым вопытам. Украінская субтэма была прадстаўлена ў арыгінальным прасторавым рашэнні — у кірунку клубнай музыкі з яе адмысловай атмасферай. Для ўкраінскіх калег зададзеныя намі тэмы таксама сталі свайго роду творчай правакацыяй, выхадам за межы сур’ёзнай акадэмічнай музыкі, на чым, як вядома, выдатна спецыялізуюцца ва Украіне.
Наталля Ганул: Раскажыце, калі ласка, пра сваю працу на пасадзе дырэктара такога грандыёзнага фестывалю. Бюджэт «Варшаўскай восені» сёлета склаў больш за мільён еўра. Як удаецца арганізаваць і завесці шматузроўневую творчую і адміністрацыйную машыну?
Ежы Карновіч: Я ўжо даўно знаходжуся ў асяродку працэсу і павінен сказаць, што арганізацыя фестывалю — гэта якасна адладжаны арганізм, дакладней бюро, у якім працуюць сапраўдныя прафесіяналы. Таму мая праца носіць хутчэй праграмны і кіруючы характар.
Наталля Ганул: На «Варшаўскай восені» мяне заўсёды ўражваюць поўныя канцэртныя залы, відавочная падрыхтаванасць слухачоў да ўспрымання складаных гукавых канцэпцый, высокая культура паводзін на канцэрце (напрыклад, поўная адсутнасць смартфонаў, аматарскіх фота- і відэазапісаў, якія насамрэч замінаюць успрыняццю і парушаюць канвенцыю аўтарскага права).
Ежы Карновіч: На працягу амаль 10 гадоў фестываль мае на сваіх мерапрыемствах больш за 12 тысяч наведвальнікаў, што, з аднаго боку, з’яўляецца паказчыкам яго статусу, але з другога — не абсалютнай дадзенасцю. І гэта мы ўвесь час памятаем, працуючы над кожнай новай канцэпцыяй і праграмай наступнага фэсту. Сёння мы робім стаўку на маладое пакаленне, людзей, зацікаўленых у спазнанні свету, тых, хто жадае развівацца. Палітыка звязаная з коштам квіткоў, таксама разлічана на сярэдняга спажыўца, скажам, не даражэй за білет у кіно з папкорнам (усміхаецца).
Наталля Ганул: Ва ўсіх адносінах «Варшаўская восень» з’яўляецца моцнай падтрымкай польскай нацыянальнай кампазітарскай школы.
Ежы Карновіч: Так. І ў гэтым таксама заключаецца адна са стратэгічных ліній. Практычна трэцюю частку музычнай праграмы фестывалю заўсёды прэзентуюць нацыянальныя аўтары. Мы падтрымліваем высокі ўзровень нашага выканальніцкага мастацтва, запрашаем вядучыя калектывы і салістаў. Па выніках фестывалю штогод выпускаюцца анталогіі ў выглядзе серыі аўдыя- і відэадыскаў. Важкія буклеты і шматлікая дадатковая друкаваная прадукцыя насычаны навукова і інфармацыйна.
Наталля Ганул: Напэўна, карціна апошняй па часе музычнай «Восені» была б не завершанай, калі б мы не згадалі выдатных выканаўцаў, пра якіх можна скласці асобную «песню песень».
У іх ліку французскі ансамбль перкусіяністаў Les Percussions de Strasbourg, аркестр Польскага нацыянальнага радыё, Diotima Quartet (Францыя), ансамбль сучаснай музыкі Spółdzielnia Muzyczna (Польшча). Якое дзіўнае тонкае адчуванне інтанацыі кожнага аўтара, дакладная ўвага да кожнага штрыха і каментарыя кампазітара, а калі неабходна, то з’яднанне ў адной асобе выканаўцы, акцёра і рэжысёра-драматурга! Пан Ежы, не магу не спытаць у вас пра ролю Інстытута музыкі і танца ў развіцці і захаванні польскай культуры.
Ежы Карновіч: Гэтая ўстанова была створана Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны і пачала сваю дзейнасць у 2010-м. Яна ажыццяўляе каардынацыю па ўсіх музычных напрамках, кіруе мастацкімі, даследчымі, выдавецкімі, адукацыйнымі праграмамі на конкурснай аснове. Дзейнасць Інстытута музыкі і танца запоўніла сістэмны прагал, які ўзнік пасля арганізацыі Інстытута кінематаграфіі, Тэатральнага інстытута і Інстытута імя Фрыдэрыка Шапэна. Адной з галоўных мэтаў Інстытута з’яўляецца прапаганда і папулярызацыя сучаснай кампазітарскай творчасці. Штогод на рэалізацыю праектаў вылучаюцца сотні грантаў, арганізуюцца выязныя творчыя школы, падтрымліваюцца прызавыя фонды розных конкурсаў, праводзяцца міжнародныя фестывалі, канцэрты, выставы, ствараюцца прафесійна арыентаваныя вэб-сайты, прысвечаныя, напрыклад, польскім інструментам, традыцыйным нацыянальным танцам, сучаснай акадэмічнай музыцы. Для польскай культуры функцыянаванне такой структуры бачыцца мне надзвычай важным.
Наталля Ганул: Некалькі разоў вы прыязджалі ў Беларусь і прадстаўлялі ўласныя музычныя творы. У іх ліку незабыўны санарыстычны праект «Балотныя кавалеры» і музыка для нябачнага кінафільма «Сцэны з Булгакава па-мінску» ў Белдзяржфілармоніі. Моцныя ўражанні засталіся ад арыгінальнага яднання электронікі, архаічных інструментаў, візуальных праекцый і паэтычных разважанняў. А што сёння хвалюе кампазітара Ежы Карновіча?
Ежы Карновіч: Як гэта часта здараецца ў кампазітараў, мяне цікавіць апошні опус, інакш кажучы, маё апошняе на сёння выяўленне самога сябе. Не хацеў бы вяртацца і аналізаваць тое, што напісаў раней. Больш за ўсё мне цяпер цікавыя ў творчых пошуках моманты інтэнсіўнасці, непрадказальнасці, тэхнічнай складанасці і асаблівай энергетыкі. Усё гэта вызначае спосабы майго выказвання, дыскурсу, я ўсё часцей адыходжу ад пісання нот на паперы, але адкрываю для сябе новыя спосабы кіравання гукавой прасторай у працэсе імправізацыі. У такім кантэксце былі напісаныя аркестравае разважанне «Вялікі пераход», опус «Extrema», створаны для польска-ўкраінскага ансамбля выканаўцаў Neo Temporis, «Эпіграмы» для дуэта флейтыстаў і Радамскага аркестра.
Наталля Ганул: І ўсё ж, чаго далей чакаць ад «Варшаўскай восені»?
Ежы Карновіч: Новая музыка пішацца бесперапынна. Трансавангард і «транс» авангарду працягваюцца.
Наталля Ганул