Адукацыя
Уладзіслаў нарадзіўся ў Мінску ў 1893 годзе. Яго бацькамі былі Эва Разалія з роду Аляхновічаў і Максіміліян Бенедыкт Стрэмінскі. Шляхецкае паходжанне Уладзіслава, як і тое, што яго бацька быў афіцэрам царскай арміі ў рангу падпалкоўніка, дазволіла яму вучыцца ў прэстыжных установах Расіі. У 1904-м ён быў аддадзены ў Маскоўскі кадэцкі корпус. Тады ж у Маскве жыў Казімір Малевіч, таму, магчыма, яны сустракаліся на вуліцы, бо камуна мастакоў знаходзілася побач.
У кадэцкім корпусе Стрэмінскі атрымаў цудоўную адукацыю: не толькі па ваенных дысцыплінах, але і па малюнку, музыцы, французскай і нямецкай мовах, гісторыі, філасофіі ды іншых гуманітарных прадметах. Дарэчы, шмат хто з мастакоў пачатку ХХ стагоддзя ў Расіі сканчвалі гэтую ўстанову. Уладзіслаў завяршыў навучанне з высокімі адзнакамі, што дазволіла яму здаць экзамены ў адну з лепшых школ Расійскай імперыі — Мікалаеўскае інжынернае вучылішча, якое размяшчалася ў Міхайлаўскім замку.
У той час, калі Стрэмінскі вучыўся ў Міхайлаўскім замку, у Пецярбургу развіваўся авангард. У снежні 1913 года футурысты паказалі знакамітую «Перамогу над Сонцам», сцэнаграфію якой рабіў Казімір Малевіч.
Вайна, раненне, ампутацыя
Па заканчэнні вучылішча, у 1914-м Стрэмінскі паступае на службу ў маленькую, але вельмі сучасную крэпасць Асавец. Там спадар Уладзіслаў праславіўся ваеннымі подзвігамі, атрымаў узнагароду Святога Георгія. У канцы акружэння адбылася падзея, вядомая як «атака мерцвякоў». У 1917 годзе, яшчэ перад рэвалюцыяй, генштаб расійскай арміі выдаў кнігу «Абарона Асаўца», у якой з’яўляецца падрабязнае апісанне гэтай контратакі і некалькі разоў згадваецца прозвішча Стрэмінскага. Важны факт для разумення таго, што Стрэмінскі быў чалавекам нязломнага духу. У выніку ран, атрыманых падчас той контратакі, ён страціў руку, нагу, меў праблемы са зрокам на адно вока, але пры гэтым не толькі не зламаўся, але і змог стаць правадніком авангарду ў мастацтве.
Дачка мастака Ніка напісала ў сваіх успамінах, і гэта перадрукавалі ўсе даследчыкі, што Стрэмінскі страціў руку і нагу ў маі 1915 года. Падчас даследавання ў Маскве ў расійскім ваенна-гістарычным архіве аўтаркі кнігі пра Стрэмінскага Івона Люба і Эва Паўліна Вавер знайшлі медыцынскія дакументы, якія сведчаць пра тое, што Стрэмінскі летам 1917-га, пасля года, праведзенага ў бальніцы ў Маскве, стаў на воінскі ўлік і павінен быў вярнуцца на службу. А гэта сведчыць пра тое, што ў яго мусіла быць і рука, і нага. Дакладна невядома, калі адбылася ампутацыя, але сучасныя спецыялісты сцвярджаюць, што не ў палявых умовах.
Вяртаемся да 1917 года, калі ў Стрэмінскага ёсць абедзве рукі і нагі. У апошніх ваенных дакументах, якія даследчыцам удалося знайсці, пазначана, што ён на месяц камандзіруецца ў Мінск на лячэнне. І тут губляецца яго шлях. Восень 1917-га — вельмі небяспечны перыяд у Расіі, і што з Уладзіславам тады адбывалася — невядома.
Мастак, чыноўнік
Але для Стрэмінскага няма нічога немагчымага... У Расійскім дзяржаўным архіве знаходзяцца дакументы за 1918 год, якія засведчваюць, што ён з’яўляецца мастаком авангарду, а яго творы захоўваюцца ў публічных калекцыях. Уладзіслаў Стрэмінскі становіцца важнай постаццю ў расійскім авангардзе, высокім чыноўнікам маскоўскага аддзела мастацтваў у Народным камісарыяце асветы. На пераломе 1918—1919 гадоў прэзентаваў на канферэнцыі гэтага аддзела даклад разам з Татліным і Родчанкам. Стрэмінскі гаварыў пра ідэальную арганізацыю мастацкага жыцця. Змест таго даклада — адна старонка — захаваўся. І там можна ўбачыць разуменне ім мастацтва як місіі, асэнсаванне высокай ролі творчасці ў жыцці чалавека.
На пачатку 1919 года ён быў выбраны першым дырэктарам агульнарасійскага Бюро мастацкіх выстаў. Таксама займаўся закупкай работ для Музея сучаснай культуры, захаваліся дакументы з яго ацэнкамі твораў. Усё гэта сведчыць пра тое, што Уладзіслаў Стрэмінскі не быў студэнтам ВХУТЕМАСа, як тое сцвярджаецца ў розных публікацыях, а быў актыўным аўтарам, чые працы экспанаваліся на выставах, ды і сам ён арганізоўваў экспазіцыі сучасных мастакоў. Першая выстава, якая адбылася пасля адкрыцця Бюро мастацкіх выстаў, прадстаўляла Вольгу Разанаву. Стрэмінскі зладзіў яе паводле цалкам сучасных мерак: суправадзіў лекцыямі і экскурсіямі.
Смаленск і Вільня
Калі ў Маскве сітуацыя становіцца неспрыяльнай для авангарду , мастак выязджае ў Смаленск, Малевіч — у Віцебск. Яны сустракаюцца, мы ведаем пра гэта з успамінаў, напісаных на беларускай мове Надзяй Лежэ.
У 1922-м Стрэмінскі знаходзіцца ў Вільні (тады гэта тэрыторыя Польшчы), актыўна працуе ў Польшчы як мастак і адначасова як спецыяліст па савецкім авангардзе. Пачынае кантактаваць з артыстычным асяродкам Кракава. У гэты ж год публікуе два тэксты пра расійскі авангард, дзе пазітыўна піша пра Малевіча, крытыкуе Татліна і вельмі хваліць Катажыну Кобру як маладую і паспяховую скульптарку. Разам з Вітаўтасам Кайрукштысам у 1923-м арганізоўвае першую выставу новага мастацтва ў Вільні.
Стаўленне да Малевіча
У 1923-м Стрэмінскі стварае кампазіцыю, якую называе «Канструкцыя», але насамрэч гэта відавочная дэканструкцыя «Чорнага квадрата». Творца вельмі шанаваў і паважаў Казіміра Малевіча, але лічыў, што супрэматызм належыць да часоў Першай сусветнай вайны, а з 1920-х настаў перыяд іншага мастацтва. І Стрэмінскі пачынае шукаць новую форму авангарду, крыніца якой у канструктывізме.
Рушчыц
Уладзіслаў Стрэмінскі запрасіў на першую авангардную выставу ў Вільні і вядомага мастака Фердынанда Рушчыца. Іх сем’і былі знаёмыя яшчэ з мінскага перыяду. У лісце 1922 года Рушчыц напісаў жонцы, што ў яго ў Мінску быў Стрэмінскі, а калі Уладзіслаў імкнуўся перавесці маму з Мінска ў Вільню, то ў якасці асобы для рэкамендацыі назваў Рушчыца. Фердынанд Рушчыц новае мастацтва не зразумеў, але гэты факт не зашкодзіў іх узаемнай сімпатыі і павазе адзін да аднаго.
«Блок»
Пасля выставы Стрэмінскі ў Варшаве разам з мастакамі, якія бралі ў ёй удзел, стварае першае аб’яднанне авангардыстаў «Блок», яны выдаюць аднайменны часопіс. У тым жа 1924 годзе Стрэмінскі едзе ў Рыгу, дзе жэніцца з Катажынай Кобрай і перавозіць яе ў Польшчу.
У 1927-м у Варшаве адбываецца лекцыя Стрэмінскага «Аналіз сучасных кірункаў у мастацтве», а таксама ён прымае ўдзел у выставе ў Нью-Ёрку «Machine Age», дзе прадстаўляе свае архітэктанічныя працы. Гэта вельмі важная выстава, у ёй удзельнічалі архітэктары з розных краін.
Стрэмінскі быў шматгранным мастаком, працаваў як жывапісец, скульптар, займаўся дызайнам кнігі і тыпаграфікай, спраектаваў алфавіт, як тэарэтык стварыў канцэпцыю ўнізму, выкладаў, пісаў рэцэнзіі, марыў пра стварэнне музея сучаснага мастацтва ў Польшчы. Яшчэ ў Маскве ён заўважыў, што людзі, якія прыходзяць на выставы, спачатку кепска ставіцца да сучаснага мастацтва, але праз часты кантакт асвойваюцца і пачынаюць разумець.
Тэарэтык
У адным са сваіх тэкстаў Стрэмінскі разглядае сучаснае мастацтва праз прызму гісторыі, згадваючы пры гэтым нямоднае тады барока. Адначасова ён аналізуе скульптуру праз працы Берніні і сцвярджае, што пасля гэтага творцы пачынаецца застой у развіцці гэтага віду, і толькі сучасныя мастакі — Бачоні і Пікаса — вяртаюць скульптуры яе дынамічны рост. Стрэмінскі фарміруе тэорыю ўнізму асобна для жывапісу і для скульптуры. Для ўністычнага вобраза ў жывапісе важная ўнутраная аднароднасць, адсутнасць кантрастаў. Некаторыя ўністычныя кампазіцыі можна разглядаць як прататыпы ап-арту: у сваіх працах Стрэмінскі дасягаў эфекту аптычнага пераламлення паверхні. Ніякіх кантактаў з атачэннем, вобраз замкнуты ўнутры сябе. Каб гэта зрабіць у скульптуры, трэба выкарыстоўваць іншыя сродкі — скульптура павінна стаць архітэктурай, арганізаваць прастору вакол сябе.
Калекцыя і школа ў Лодзі
1930 год важны для Стрэмінскага, ён стварае групу «а.r.» і пачынае збіраць міжнародную калекцыю сучаснага мастацтва. Гэта першая ў Еўропе і другая ў свеце (пасля нью-ёрскага МоМА) калекцыя сучаснага мастацтва. Усе працы атрымаў бясплатна — як дар, у выніку Уладзіслаў Стрэмінскі змог прадстаўляць творы эліты еўрапейскага авангарду
У 1946 годзе, пасля вайны, падчас якой ён жыў у Вілейцы, Стрэмінскі прымае ўдзел у стварэнні ў Лодзі вышэйшай школы выяўленчых мастацтваў, што мела цалкам сучасную праграму.
Памёр мастак у 1952 годзе, яго кніга «Новае бачанне», якая з’явілася пасля яго смерці, з сённяшняй мастацкай перспектывы — адна з найважнейшых выданняў сучаснага арту.
У Парыжы ладзіцца выстава, дзе паказваюцца працы Малевіча, Кобры і Стрэмінскага. А 60 год пазней у прэстыжным музеі Мадрыда летам 2017 года адбываецца выстава, на якой працы Стрэмінскага вісяць побач з «Гернікай» Пікаса.
Было б цудоўна, каб мы памяталі, што гэты значны мастак еўрапейскага авангарду Уладзіслаў Стрэмінскі паходзіць з Мінска. І разуменне сучаснасці ён успрыняў менавіта ў гэтым горадзе, які на пачатку ХХ стагоддзя развіваўся надзвычай дынамічна.
Алісія Чапуцька