Выклік сучаснасці. Вясёлка над Андрэеўскім спускам

№ 9 (414) 01.09.2017 - 01.01.2005 г

Міжнародны фестываль камерных спектакляў «AndriyivskyFest»
Сваёй назвай гэты фэст абавязаны дзівоснай вуліцы старажытнага Падолу — Андрэеўскаму спуску, які мае асаблівую славу і прыцягальнасць.

Літаральна кожны ягоны будынак з’яўляецца гістарычнай, мемарыяльнай, культурнай каштоўнасцю, і менавіта тут асталяваўся кіеўскі акадэмічны тэатр «Колесо» — надзвычай актыўны творчы калектыў, што выступіў арганізатарам новага тэатральнага форуму. Дырэктарка «AndriyivskyFest» — дырэктарка і мастацкая кіраўніца тэатра Ірына Клішчэўская — ужо зладзіла колькі фэстаў і лічыць фестывальны рух вельмі станоўчым стымулам для творчасці.

Новым форумам, які падтрымалі Міністэрства культуры Украіны і сталічны Дэпартамент культуры, спадарыня Ірына працягвае ўвасабляць у жыццё ідэю стварэння вакол свайго тэатра тэрыторыі мастацтва.

Сцэнічныя пляцоўкі «Колеса» можна назваць мініяцюрнымі (залы разлічаны на 60 і 40 месцаў), адсюль цікавасць да малых формаў і засяроджванне на іх. Да ўсяго менавіта камерныя тэатры, невялікія сцэны, маланаселеныя спектаклі апошнімі дзесяцігоддзямі ўсё больш уплывова фармуюць эстэтычныя прыярытэты гледачоў. Яны мабільныя, прадугледжваюць момант спавядальнасці, падрабязнасці «буйнога плану», выключаюць фальш на адлегласці выцягнутай рукі… Якія магчымасці для акцёраў, якія адкрыцці для гледачоў!

У адзін з першых дзён «AndriyivskyFest» над Кіевам прашумеў цёплы летні дождж і ўсе вохнулі ад выгляду вясёлкі, што выгнулася над Падолам. У гэтай дзіўнай з'яве прыроды можна знайсці шмат асацыяцый і параўнанняў, а для мяне ў такой насычанай шматколернасці паўстаў вобраз шматаблічнасці тэатра, які павінен быць разнастайным і адметным.

Палітру магчымасцяў у катэгорыі «камернае мастацтва» фэст прадэманстраваў напоўніцу дзякуючы тэатрам з васьмі краін — Беларусі, Румыніі, Грузіі, Балгарыі, Ізраіля, Польшчы, Францыі, Украіны. Тут і разбег творчых манер, школ, сцэнічных вырашэнняў, мастацкіх пераваг, драматургічных зваротаў. Агульны момант — чулае ўлоўліванне выклікаў сучаснасці, услухоўванне ў час, які ставіць катэгарычныя пытанні, аб'ядноўвае, але і раз'ядноўвае людзей, народы, краіны.

Сведчаннем жадання зрабіць пэўныя мастацкія абагульненні і асэнсаваць падзеі, што адбываюцца ў сённяшнім свеце, стаў спектакль «Саша, вынесі смецце» Наталлі Варажбіт Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра з Мінска. У спектаклі, які адкрыў эксперыментальную сцэну свайго тэатра, адбыўся рэжысёрскі дэбют артыста і драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага. Ён самы стварыў і сцэнаграфію пастаноўкі.

Здавалася б, немудрагелісты сюжэтны ход: ад сардэчнай недастатковасці памірае былы афіцэр, пакінуўшы жонку і цяжарную падчарку. Але ў драматычным містычным пераламленні сюжэт ператвараецца ў прыпавесць пра вернасць прысязе, і нават смерць не апраўданне, калі трэба абараняць Радзіму. Драматург мадэлюе выйгрышную для тэатра сітуацыю — злучэнне дзвюх рэальнасцяў: існай і тагасветнай. Жонка Каця (Наталля Анішчанка) і падчарка Аксана (Любоў Пукіта) рыхтуюцца да пахавання Сашы (Аляксандр Пашкевіч). Яны спакойныя і засяро­джаныя. Наталля Анішчанка выяўляе псіхалагічны стан чалавека, які не здолеў змірыцца з тым, што здарылася. Яна размаўляе з дачкой і адначасова звяртаецца да мужа як да жывога, працягваючы папракаць і патрабаваць.

Галоўным выразным элементам лаканічнай сцэнаграфіі робіцца сямейны стол, чыя стальніца падсветлена па перыметры. Каця замесіць цеста, і ягонае жывое «цела» стане метафарай зара­джэння жыцця, якое пачынаецца і калісьці скончыцца. Раскатаны цеставы пласт ператворыцца ў плоскасць помніка Сашу з кружком пустэчы для фатаграфіі, а стальніца — у сімвалічнае надмагілле. Багаслаўскі прапануе «пагуляць» мукой, асацыяванай з соллю зямлі. Муку падкідаюць, яна пырскае фантанчыкамі, асядае на прадметах і гледачах, але гэта нагадвае зямлю, параскіданую выбухамі. Успаміны жанчын, у якія ўрываюцца дыялогі з памерлым Сашам, утвараюць ірваны тэмпарытм, быццам мінулае і рэчаіснасць суіснуюць адначасова. Актрысы паўтараюць фразы ў розных рэгістрах («рэха» станаў надае перажыванням аб'ёму), грамадуюць праз залу, нават не глядзяць адна на адну, іх позіркі скіраваныя ў прастору, быццам яны ўзіраюцца ў свае душы, імкнучыся адшукаць там заспакаенне. Моманты адыходу ад рэальнасці, заглыблення ў ілюзію шчаслівага мінулага рэжысёр трактуе як адзіную магчымасць выжыць эмацыйна і фізічна. Згадка з агульнай постсавецкай прасторы (яна лёгка пазнаецца праз тэму папулярнай песні «Белы цеплаход» і відэавыявы былога бестурботнага сямейнага жыцця Каці і Сашы) пераплятаецца з містыкай сучаснасці. Мяшкі з бульбай, якую нарыхтоўвае сям'я, нагадваюць пра блокпасты ваеннай Украіны, а простая пабытовая просьба «Вынесі смецце!», звыкла звернутая да мужа, нібы вяртае яго з памерлых, бо, калі Саша высыпае пясок з фуражкі і кішэняў нясвоечасова параднай формы, робіцца зразумелым — абараняць радзіму падымуцца нават мёртвыя. Такім чынам закальцуецца прастора спектакля, дзе гісторыя адной сям'і адлюстроўвае гісторыю цэлай краіны, а мінулае злучыцца з сучаснасцю ў імя будучыні.

Ажно дзве чэхаўскія «Прапановы» апынуліся на фестывальнай афішы. У польскім спектаклі «Мядзведзь і Прапанова» Тэат­ра імя Аляксандра Сеўрука (Эльблонг, Польшча), які ажыццявіў украінскі рэжысёр Вячаслаў Жыла, — рэй акцёрскага майстэрства, а філіграннае выкананне бліскучага чэхаўскага тэксту ў класічнай манеры дае магчымасць цешыцца перыпетыямі сітуацый вечнага эмацыйнага супрацьстаяння жанчыны і мужчыны.

Нечаканы рэжысёрскі ход для сваёй «Прапановы» знайшоў румынскі рэжысёр Раду Гілаш з Тэатра Ateneul Din Lasi (Ясы). Спрэчку аб прыналежнасці зямлі з памежных маёнткаў ён прадставіў метафарай... падзелу Савецкага Саюза. На сцэне — сапраўдны гаспадарчы двор з пакункамі саломы, касцякамі хлявоў, сельскагаспадарчымі прыладамі, вёдрамі кветак. Уважлівы глядач налічыць іх пятнаццаць, заўважыць розную афарбоўку кветак ды скеміць, што гэта сцягі былых рэспублік. Так інтрыга спрэчкі Ломава (Кодрын Дэнілэ) і Наталлі Сцяпанаўны (Чазарэ Фантом) удала прыпадзе на моманты канфліктаў краін-суседак. Рэжысёр, не змяняючы аніводнага чэхаўскага слова, стварае алегорыю ўзнікнення сусветнага канфлікту. Лапік зямлі, праз які ўсчалася спрэчка, прадстаўлены ў выглядзе жалезнай дзіцячай ванначкі з зямлёй. Закаханыя суседзі маглі б купаць у ёй сваё будучае дзіця, але ж не — кожны ўпарта цягне ванначку сабе. Адметнае музычнае суправаджэнне заснавана на жывым выкананні — скрыпка і акардэон граюць вядомыя мелодыі і песні часоў Савецкага Саюза. Камізму спаборніцтву надаюць вобразы гаспадарскіх сабак Адкатая (Дзіяна Букур) і Угадая (Стэфана Міхай) — яны не брэшуць, а перамаўляюцца музыкай. Пастаноўка атрымалася яркай па форме і эмацыйнай па змесце, забілася адметным прыкладам перакладу на тэатральную мову літаратурнага матэрыялу.

Зрабіць немагчымае — прыспаць вайну — паспрабавалі ў спектаклі «Калыханка вайне» Атара Катамадзэ акцёры Тбіліскага драмтэатра імя Сандро Ахметэлі. Тэма — трагічныя лёсы дзяцей свету, загінулых праз войны, тэракты, розрух, голад. Гукавая партытура назаляе няспынным трывожным фонам, якога, здаецца, не пазбыцца. Такі экспрэсіўны прыём стварае атмасферу жаху ды ўзмацняецца ў моманты звароту да гледачоў. Набліжае да падзеяў дакументальнай аповесці сцэнаграфія — школьная спартыўная зала, дзе на матах спяць ацалелыя. Скарыстаны шматузроўневы палілог: свае гісторыі распавядаюць і дзеці, і баевікі, і ўцекачы, і закладнікі, і тэрарысты. Іх зносіны гранічна напружаныя, а галасы, зліваючыся з агульным фонам, сягаюць эмацыйнага апагею. Выканаўцы рухаюцца хаатычна, нібы намацваюць нейкі парадак траекторыямі руху, і ўсё ж не дасягаюць яго. Напружанне ўзмацняюць візуальныя моманты. Бязгучны крык у мегафон — метафара глухаты чалавецтва, немагчымасці дастукацца да розуму і сэрца. Скалечаныя дзіцячыя цацкі ў вадзе круглых акварыумаў — гэта ненароджаныя альбо забітыя дзеці ў матчыным улонні... На экране — твары цудоўных малых з дапытлівымі вачыма. Калі выявы расплываюцца, знікаюць, робіцца зразумелым: іх ужо няма ў жывых.

Гэты аповед — не пра канкрэтную краіну, не пра дзяцей пэўнага народа, але пра трагедыю ўсяго чалавецтва, якое загразла ў войнах і забойствах. Спектакль-крык, роспачны лямант безвыходнасці, лютасці, пратэсту. Артысты крычалі так, нібы спадзяваліся, што іх пачуюць на ўсіх войнах свету! І фінал пакідаў гэтую надзею: шахідка (Вераніка Каландарышвілі) здымала свой забойчы пояс і сцэну ахутваў чароўны голас Ніны Мацвіенка — яна спявала калыханку...

У пастаноўцы «Не пакідайце без нагляду сяброў» Ясміны Рэза Кіраваградскага муздрамтэатра імя Маркі Крапіўніцкага пэўную літаратурнасць сюжэту рэжысура пераадолела выразна прапрацаванымі станамі персанажаў Яўгена Скрыпніка, Аляксандра Малахацькі і Валерыя Ланецкага — яны даследаваліся з мэтай знайсці нейкую заканамернасць у сутыкненнях характараў. Праз стаўленне да карціны, якую купіў адзін з сяброў, выяўляліся іх сапраўдныя чалавечыя якасці. Яны лаяліся, спрачаліся, супярэчылі, стаялі на сваім, каб у рэшце рэшт паразумецца і давесці, як важна дачуць іншага, памяркоўна ставіцца да іншае думкі, вызначаць слушныя арыенціры. Мо так і нараджаецца ісціна?

Артыст Мікалай Бічук у монаспектаклі «Чаму людзі не...?» Сяргея Астраханцава (Творчая ініцыятыва THEATRUM MUNDI, Чарнігаў, Украіна) прадставіў паўнавартасны роздум пра сэнс жыцця. Для гісторыі пра спробу самагубства (малады чалавек прагне скокнуць з даху) рэжысёр Яўген Сідарэнка прапанаваў артысту раскладныя драбіны, на якія караскаецца як на дах. Прыстасаванне дзейснае і дапамагае быць пераканаўчым. Траекторыі спускаў і пад'ёмаў дэманструюць сінусоіду настрояў персанажа, у якога размова з самім сабой ператвараецца ў гутарку з Богам. Для ўзмацнення ўздзеяння разумнага, іранічнага тэксту рэжысёр уводзіць дакументальныя кадры, дзе на пытанне пра Бога адказваюць дзеці. Гэта не пастановачнае відэа, таму дзіцячая шчырасць проста скаланае. Акцёрская ігра настолькі арганічна спалучаецца з дзіцячай непасрэднасцю, што на сцэне ўтвараецца дзівоснае поле спавядальнасці, на якую здольнае толькі камернае мастацтва: «Божа, не бойся, я з табой!» — запэўнівае ў фінале малая з экрана.

Такой самай выключнай спавядальнасцю поўніўся і спектакль «Песня песняў» паводле Шолам-Алейхема Тэатра «Лесвіца» (Тэль-Авіў, Ізраіль). Сцэнічную адаптацыю вядомага твора прапанавала рэжысёрка Вольга Тубяроўская: Шымек (Мікалай Тубяроўскі) праз гады распавядае пра сваю дзіцячую любоў да Бузі (Ганна Гланц-Маргуліс). Вобраз пастаноўкі ўтварае відэа з пясочнай анімацыяй, якая ілюструе аповед героя, злучаючы акцёрскае выкананне з наіўнымі карцінкамі Шымекава дзяцінства і выклікаючы мноства эмоцый. Кадры відэа накладаюцца на акцёраў і атрымліваецца, што яны нібы ўтвараюцца з уласных успамінаў. У момант пахавання ілюзій выканаўца «засыпаецца» пяском, аж пакуль ягоную постаць цалкам не паглынае выява на экране: так у пранізлівай біблейскай гісторыі кожны дачувае мелодыю свайго кахання.

У спектаклі «Лёгкія» Дункана Макмілана Луганскага ўкраінскага муздрамтэатра (Севераданецк) падстава ўсіх канфліктаў — дачыненні мужчыны і жанчыны. Рэжысёр Яўген Мерзлякоў робіць гісторыю пластычна-візуальнай, каб як найбольш адкаснуцца побыту і дасягнуць узроўню прыпавесці пра адказнасць чалавека перад светам. Ён і яна (Вераніка Залатаверхая і Яраслаў Грошаў) кахаюць адно аднаго і рыхтуюцца да нараджэння дзіцяці. На вачах у гледачоў празрысты поліэтыленавы шар набірае аб'ём, сімвалізуючы пачатак новага жыцця. Праз чорны кабінет сцэны, які мігціць сінім святлом, праз шар, раскалыханы, нібы жывы арганізм, герой і гераіня ў цялесных трэсах нагадваюць Адама і Еву, адных на ўсёй зямлі перад выклікамі жыцця. Яны выдаюць амаль увесь спектр перажыванняў — цягу, лютасць, запал, пакору, агрэсіўнасць, медытацыю, мудрасць і боязь свету, адказнасці, выклікаў лёсу... Форма спектакля сведчыць пра жаданне пастаноўшчыка не ісці банальным шляхам развязання канфлікту, а шукаць адпаведную вобразную ілюстрацыю. «Лёгкія», якія ў моманты любові свецяцца на касцюмах герояў, звернуты перш за ўсё да моладзевай аўдыторыі.

Спектакль, які міжнароднае журы назвала лепшым, прадставіў балгарскі Дзяржаўны тэатр лялек з Відзіна — «Дзіця» драматурга і рэжысёркі Магдалены Міневай. Дзеянне заснавана на старым балгарскім звычаі называць нованароджанага сына імем дзеда. Але маладая цяжарная дачка хоча даць яму імя свайго мужа. Маці супраць. На спрэчцы будуецца дзеянне, водгуллем якога становіцца канфлікт пакаленняў праз маральныя каштоўнасці ды традыцыі. Актрысы Радаслава Нядзелчава і Біляна Бузінарава працавалі жывым планам і па-майстэрску абжывалі сцэнічную прастору, запоўненую прадметамі народнага побыту. Гэта нара­джала стыль ігры, манеру акцёрскага выканання з віртуознай рэакцыяй, вынаходлівай пластыкай і абаяннем. У жаданні пераканаць адна адну маці і дачка здольныя на цуды выдумкі. За што ні возьмуцца — усё «ажывае», становіцца адушаўлёным, а гледачы ў гэтым змаганні фантазій бачаць нараджэнне новага свету.

Ала Падлужная (Кіеў)