Тут абсалютна непаўторная атмасфера, якая кружыць галаву, а за спінай вырастаюць крылы. Падлеткі кажуць, што самы страшны дзень у «Сірыусе» — дзень ад’езду. Я іх разумею. Змена доўжыцца дваццаць чатыры дні.
Што такое «Сірыус»? Гэта дзіцячы адукацыйны цэнтр. Спалучае тры кірункі — навуку, мастацтва і спорт. Знаходзіцца ў Сочы (Расія). Такіх у свеце больш няма. Цэнтру аддалі алімпійскі прэс-цэнтр і адзін з алімпійскіх гатэляў, збярогшы інфраструктуру чатырох зорак. Шасціразовае харчаванне, басейн, вялікая зялёная тэрыторыя, бяспека (кваліфікаваная ахова, якая паводзіць сябе бездакорна, немагчымасць выйсці за вароты), пральня, доктар — гэта побыт. А галоўнае — абсалютна адметныя адукацыйныя праграмы, склад педагогаў і падлеткаў, што там збіраецца. Цэнтр працуе два гады, адначасова можа прымаць шэсцьсот чалавек, але плануецца павялічыць прыём да васьмісот. Нас з Андрэем Жвалеўскім запрасілі на літаратурную змену, бо адным з праектаў была пастаноўка спектакля паводле нашай кнігі «Час добры заўжды».
Пяць творчых гуртоў атрымалі свае жанры: мюзікл, дакументальны тэатр, фанфік, прыквел, фантастыка. На праект выдаткавана пяць дзён — напісаць п’есу, увасобіць яе, стварыць афішы з праграмкамі, прадумаць рэкламную кампанію. І самым складаным у гэтай працы для нас было не ўмешвацца, не прапаноўваць свае ідэі, а рабіць так, каб дзеці самі заўважылі і выправілі памылкі. Сярод дарослых акрамя нас са Жвалеўскім — кіраўніца праграмы Таццяна Галактыёнава, рэжысёр Віктар Нікалаеў, прафесар кафедры рускай літаратуры Марыя Чарняк, а таксама пастаянны майстар кожнага гурта — малады педагог, памочнік, які можа дастаць хоць піянерскія гальштукі, хоць сукенкі ХІХ стагоддзя, гатовы падказаць і скіраваць, калі пастановачная каманда сама не спраўляецца з размеркаваннем абавязкаў і не сочыць за часам.
Мы з Андрэем Жвалеўскім мусілі распавесці агульныя прынцыпы пісання п’ес, але лекцыя хутка скруцілася на абмеркаванне жыцця і кніжак. Заняткі вялі паасобку — спачатку вельмі страшна было, а потым высветлілася — так лепш, бо разам мы выдаем фантан ідэй і дзецям нічога не застаецца. Самае складанае для падлеткаў-літаратараў не раскідацца думкамі і дбаць не пра тое, «якім гэта будзе», а пра тое, «як мы гэта будзем рабіць». За два дні трэба было напісаць п’есы на пятнаццаць хвілін, таму давялося структураваць работу. Калі ў групе трапляліся падлеткі з сістэмным мысленнем, ад нас, дарослых, амаль не патрабавалася дапамогі, хіба своечасова падкідаць пытанні, пільнаваць логіку падзей, нагадваць пра асноўны канфлікт, неабходнасць перыпетый ды пра завязку з кульмінацыяй. Амаль усе справіліся своечасова, а потым праца перайшла да рэжысёра і нам заставалася толькі зайздросліва ўздыхаць...
Атрымалася пяць цікавых гісторый — мюзікл у стылі індыйскага кіно, вытрыманы паводле жанру, лірычная фантастыка пра агента Сінічку, фанфік, дзе пакрыжаваліся плыні з кніг «Панядзелак пачынаецца ў суботу» братоў Стругацкіх і нашай з Андрэем Жвалеўскім «Час добры заўжды», сіквел — там персанажы траплялі ў Францыю ХVІІІ стагоддзя, а таксама выбітная пастаноўка дакументальнага жанру. Прысутнічаць пры гэтым было чароўна, бо тое творчасць у яе сапраўдным абліччы, са свабодай меркаванняў і выказванняў, якой так бракуе сучасным школам. Я ўпэўненая: сучасная адукацыя мусіць быць менавіта такой. І вельмі спадзяюся, што вірус «Сірыуса» распаўсюдзіцца і мяжа яму не перашкодзіць.
Яўгенія Пастарнак