Што такое аўдыяспектакль, зразумела без асаблівых тлумачэнняў. Залатая скарбонка беларускага дзяржаўнага радыё да сёння радуе імі на хвалях культурніцкіх FM-станцый. «Праменад» з французскай перакладаецца як «шпацыр»: слухачу даводзіцца вандраваць па лакацыях, у нашым выпадку — па вуліцах Брэста. Праўда, такія «бадзялкі» ўжо колькі гадоў прапануюць вулічныя тэатры, напрыклад, перформанс «Aliens» пластычнага тэатра «Інжэст» больш за пяць гадоў змушае гледачоў рухацца ўслед за фантастычнымі чужынцамі, а беларуска-славенскі «Streetwalker gallery» на Другім мінскім форуме вулічных тэатраў змушаў дзівіцца на дворыкі Верхняга горада Мінска як на прадмет мастацтва. Брэсцкі праект засвоіў гэтыя здабыткі і дадаў рэвалюцыйны складнік — інфармацыйныя тэхналогіі.
Паводле тэхнічнай існасці «Brest stories guide» уяўляе з сябе аплікацыю, якую можна бясплатна спампаваць з сэрвісу «Google play». Пачатак дзеяння вымагае ад вас прысутнасці ў Брэсце, смартфона або планшэта на Android, слухавак і Інтэрнэту. Варта паклапаціцца і пра зручны абутак, бо з віртуальнай мапай аплікацыі выпадае заставацца на нагах каля трох з паловай гадзін.
З мастацкага гледзішча праект уяўляе з сябе збор дакументальных сведчанняў пра жыццё яўрэйскай суполкі Брэста на пачатку Другой сусветнай вайны і падчас яе. На падставе матэрыялаў рапартаў нямецкіх салдат, паказанняў з пратаколаў архіва Брэсцкай вобласці, а таксама ўспамінаў брэсцкіх яўрэяў складзены пяць маршрутаў-гісторый: «1937—1939», «Лета 1941», «Жыццё ў гета (1941—1942)», «Знішчэнне гета» і «Тыя, хто выжыў». У слухаўках гучаць галасы тузіну вядомых і маладых брэсцкіх артыстаў, перад глядацкімі вачыма — сучасны горад, чыя гісторыя ўспрымаецца праз падрабязнасці: лакацыі выбраны вельмі розныя, але ўсе яны знаходзяцца ў цэнтры Брэста, часам у нечаканых месцах. Расстрэльныя двары проста за прыгожым домам на вуліцы Савецкай, рэшткі былой сінагогі ў цокальным паверсе кінатэатра «Беларусь», жылы квартал на месцы масавага расстрэлу...
Вобразы спектакля ствараюцца непасрэдна самім слухачом (наўпрост у галаве) з дапамогай галасоў і месцаў, а горад становіцца сімультаннай дэкарацыяй. Для кожнага карыстальніка аплікацыі героі і лакацыі набываюць сваё асабістае гучанне і вонкавы выгляд.
Нягледзячы на гістарычную і мастацкую важнасць праекта, варта адзначыць некалькі недахопаў. З першага позірку даволі цяжка разабрацца, як працуе сістэма навігацыі і гучання, таму пажадана было б дадаць адпаведны тэхнічны раздзел для карыстальнікаў. Па-другое, усе пяць сцежак-гісторый маюць надта вялікую даўжыню-працягласць, але ўдзельнік пра гэта не папярэджаны і да канца можна прайсці толькі ў тым выпадку, калі яму хопіць часу. Дый доўга слухаць гісторыі ў манатонным рэжыме выкладання досыць цяжка. Гледачы-слухачы адзначаюць выпадкі, калі яны «выпадалі» з кантэксту падзей і заглыбляліся ў свае думкі.
«Brest stories guide» — непаўторны гарадскі крассектаральны праект, зроблены супольнымі намаганнямі «Крылаў халопа» і міжнароднага фонду «CHOICE — Cultural Heritage: Opportunity for Improving Civic Engagement», які займаецца аховай і рэканструкцыяй сусветнай культурнай спадчыны. Фактычна гэта спектакль-феномен з невычэрпным крэатыўным, турыстычным і эканамічным патэнцыялам — такім неабходным сучаснаму айчыннаму тэатру.
Уладзімір Галак