Каледж да сваіх праектаў заўжды рыхтуецца грунтоўна. Абавязвае акадэмічная пляцоўка, ад вынікаў дзяржэкзаменаў залежыць лёс выпускнікоў (куды запросяць, якія партыі даручаць). Але ж і эмоцыі чулай, зацікаўленай залы, што горача рэагуе на кожную варыяцыю і кожны эфектны пластычны пасаж, таксама падаграваюць выканаўцаў.
У першую чаргу адзначу вельмі высокую тэхнічную ўзброенасць і свабоду адчування сябе на сцэне, у пластыцы класічнай або сучаснай, якую выявілі выпускнікі і выпускніцы — Анастасія Ложнікава, Ксенія Ржэўская, Максім Улас, Уладзіслаў Крук, выхаванцы знакамітых артыстаў Клары Малышавай і Сяргея Пясцехіна.
Але запамінаюцца і тыя, хто неўзабаве выйдзе на фінішную прамую, як, напрыклад, японка Рээ Ісікава. Дарэчы, у каледжы навучэнцаў з розных краін з кожным годам становіцца болей. Гэта сведчанне інтарэсу замежнікаў да нашай школы балета і высокага рэйтынгу педагогаў. Бо навучанне іншаземцаў платнае, а той, хто мае сродкі, мае магчымасць выбіраць гарады і краіны. Да традыцыйных японскіх танцоўшчыкаў дадаліся апошнім часам канадцы і французы. Летась у справаздачным канцэрце запомніўся выступленнем Эвен Капітэн, прадстаўнік Францыі. Цяпер ён саліст нашай акадэмічнай балетнай трупы. Сёлета Эвен выступаў у дуэце з Перл Капітэн, таксама францужанкай. У віртуозным Класічным па-дэ-дэ на музыку Даніэля Абэра (харэаграфія Віктара Гзоўскага) яны здзівілі пластычнай карункавасцю, дакладна ўвасобленым стылем.
Наяўнасць сучаснага танца ў праграме можна толькі вітаць. Зала адгукаецца на яго нават цяплей, чым на звыклую класіку. Такой атрымалася мініяцюра «Мой маленькі свет» (выканаўца Кацярына Арцёменка, харэаграфія Дзмітрыя Залескага). Вытанчанасцю вызначалася пластыка «Рускага танца» (пастаноўка Вольгі Лапо).
Нечаканым сюрпрызам успрымаліся тры фрагменты з балета «Іспанскія мініяцюры» (харэаграфія Віана Гомеса дэ Фонсеа Херарда). Эфектная пастаноўка, у якой хапала свежай, «незацяганай» пластыкі, сведчыла: усё, што звязана з тэмпераментнай і маляўнічай Іспаніяй, айчынны глядач, задуменны і меланхалічны, успрымае на «ўра». У дадатак выйгрышна і стыльна выглядалі салісты — Арына Лобан і Дзмітрый Душкевіч.
У другім аддзяленні быў паказаны аднаактовы «Прывал кавалерыі». Каледж прэзентуе спектакль не першы раз, але ў ім штогод мяняюцца салісты і кардэбалет. Касцюмы і дэкарацыі належаць самому каледжу. Варта было б паказваць спектакль часцей — або на сцэне самога каледжа, або на сцэне тэатра, тым больш калі ён ідзе ў суправаджэнні аркестра.
Цяпер пра другую вечарыну. І тут мае эмоцыі не будуць такія вясёлкавыя. Не таму, што творчая асоба Наталлі Фурман выклікае сумненні. Якраз наадварот! Яна паспела паставіць шэраг удалых спектакляў у акадэмічных тэатрах («Макбета» і «Беласнежку» ў Оперным, «Баль кветак» у Музычным), мноства мініяцюр, з якімі на міжнародных конкурсах нашы выканаўцы мелі прызавыя месцы.
Вечарына меркавалася ў кансерваторыі, але там чамусьці не адбылася, і балетмайстарцы прадставіў сцэну каледж. Праект уключаў дзяржэкзамен па мастацтве балетмайстра (у ім удзельнічалі студэнты з Акадэміі музыкі) і шэраг нумароў, пастаўленых Наталляй (сярод іх асабліва моцным падаўся дуэт з балета «Макбет» у выкананні Марыны Вежнавец і Юрыя Кавалёва). Нарэшце аднаактовы спектакль «Развітанне з радзімай. 1830 год», які ўспрымаўся як клічнік і годнае завяршэнне праграмы.
Мастацкі вынік выдатны. Цудоўны. А зала каледжа... напаўпустая. Чаму? Бо ў нас кожны слесар — ён жа і наладчык. А кожны творца — ён жа і менеджар. Ідэя пастаноўкі, прысвечанай знакамітаму Міхалу Клеафасу Агінскаму, нарадзілася ў Віктара Скарабагатава. Аднаактовы балет працягласцю 18 хвілін пастаўлены на аснове партытуры «Клеафас» Вячаслава Кузняцова. Так, спектакль меў зайздросны лёс у замежжы. Быў прэзентаваны на прэстыжных пляцоўках у Вільнюсе, Парыжы, Варшаве, Маскве. Два гады таму з нагоды 250-годдзя Агінскага. А ў Мінску яго паказалі некалькі разоў. І штораз рэкламы ніякай! Каб не запрашэнне харэографкі, на паказ у каледж не трапіла б і я.
Вечарына Фурман — бліскучая ілюстрацыя тэндэнцыі, якую досыць часта можна назіраць у розных відах мастацтва. З аднаго боку, на ўсіх узроўнях чуюцца заклікі-лозунгі: «Нам патрэбны новыя ідэі і творы! Іх не хапае! Дзе вы, таленты?!» З другога — як толькі новыя творы з’яўляюцца, яны аказваюцца патрэбныя выключна аўтарам і выканаўцам. А шлях на сцэну трэба літаральна «прабіваць». З усёй адказнасцю сцвярджаю: па напале эмоцый, пластычнай арыгінальнасці, патрыятычным змесце гэты спектакль непараўнальна вышэй за тыя, на стварэнне якіх дзяржаўным трупам вылучаюцца сур’ёзныя бюджэтныя сродкі. Ды вось каб не залежаць ад таго, дадуць артыстам касцюмы для паказу ці не, стваральнікі балета шылі сцэнічную вопратку... у складчыну. Удакладню: толькі адна сукенка чырвонага колеру каштуе блізу 500 рублёў (кошт тканіны і працы).
Таленты грамадству патрэбныя. Як свежае паветра. Дык мо і падтрымка павінна быць адпаведная?