Антрапаморфныя парадоксы

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

Руслан ВАШКЕВІЧ. З серыі "Парад планет" 2006 - 2007

 /i/content/pi/mast/8/197/Vashkevich1.jpg
Руслан Вашкевіч даследуе эвалюцыю партрэтнага жанру ў грамадстве, дзе кожны можа атрымаць увасабленне сваёй персоны ў залачонай раме і праз тое ўвайсці ў галерэю бессмяротнасці. Вось абставіны, якія гэтаму спрыяюць і мусяць улічвацца неабыякавым да мастацкага складніка творцам: пераканальны чалавечы фактар -- асабістыя якасці, якія, як каркас скульптуру, будуць трымаць знутры кампазіцыйную канструкцыю; герметычная завершанасць любога кавалка светаўладкавання; спасціжэнне ўнутранага характару персанажа ці, калі гэта сямейны партрэт, -- узаемаадносін паміж людзьмі ў непасрэдным кантакце з заказчыкам. Даследаванні формулы партрэта Р.Вашкевіч працягвае ў серыі вобразаў -- напачатку ўмоўна-абагульненых, заснаваных на моўных клішэ і сэнсавых парадоксах (накшталт: «у сям’і не без вырадка», каханка на зрэзе галавы мужа). Яднаць іх мусіў мегасюжэт сямейнага партрэта. Аднак вербальныя каментарыі сталі перашкаджаць пазнаванню сутнасці, і літаратурны складнік быў без шкадаванняў адкінуты. Пачалася «чыстая» праца з формай, цягам якой мастак выходзіць за межы вузкага жанру сямейнага партрэта і звяртаецца да шырокага антрапалагічнага аналізу. Задача патрабавала іншых прынцыпаў
 /i/content/pi/mast/8/197/Vashkevich2.jpg
формаўтварэння. Гульня тут вядзецца па ўласных правілах. У аснове яе вынайдзеныя Вашкевічам формулы цялеснасці, адпаведна ім і адбываюцца метамарфозы. Стымулам пераўтварэння могуць стаць звычайная каса ці акуляры, якія раптам пачынаюць выконваць ролю метафізічнага мастка для выхаду форм за свае межы. Часам акт тварэння нагадвае працэс разрастання ракавых клетак, якія паводле сваёй злавеснай логікі выклікаюць муціраванне органаў, падмену іх функцый. Сцэны распаду і трансфармацыі цела прадугледжваюць уключэнне ў мастакоўскую рэфлексію сацыяльнага ці этычнага кампанента, аднак наперад выходзіць азарт даследчыка, не заклапочанага наступствамі сваіх эксперыментаў. Твары-планеты, народжаныя іранічным поглядам Р.Вашкевіча, прымушаюць адчуць усю прывабнасць вольнага жэсту, якім мастак уцягвае нас у правакацыйны дыялог.

Алеся БЕЛЯВЕЦ