Што тычыцца асоб — з імі ў нас, дзякуй богу, праблем ніколі не было: здымай не хачу. Больш за тое, гісторыі шмат каго са знакамітых людзей, народжаных на беларускіх землях, яшчэ толькі чакаюць свайго экраннага ўвасаблення. Але ёсць і такія постаці, што не раз з’яўляліся на экране і, відавочна, будуць з’яўляцца яшчэ і яшчэ.
Асоба Янкі Купалы — не проста з катэгорыі знакамітых суайчыннікаў. Яна даўно стала часткай нацыяўтваральнай міфалогіі, якая не мае абмежаванняў па часе або прасторы. 135-годдзе з дня нараджэння Купалы — лічба ўнушальная. Але ўнушаць яна павінна не толькі павагу перад забранзавелым манументам. Як зрабіць постаць Народнага Паэта блізкай сучаснаму беларусу? Паказаць, што «Янка Купала» не адно параграф у падручніку і што без яго не было б і нас? Ці такую задачу ставілі перад сабой стваральнікі новай карціны студыі «Летапіс»?
Адзін з нас
Постаць Янкі Купалы цяпер успрымаецца амаль выключна праз рамантычную прызму нацыянальнага адраджэння. Лірычная фігура пісьменніка прываблівае сваёй трагічнай інтанацыяй, пакручастым лёсам. Многія падзеі з жыцця Купалы могуць стаць выдатнымі эпізодамі для сюжэта біяграфічнай кінастужкі. Народны паэт — адзін з нешматлікіх дзеячаў савецкай эпохі, жыццё якога не пераглядалася і не падвяргалася пераасэнсаванню пасля падзення таталітарнай сістэмы.
Кінадакументалістыка шмат разоў і ў рознай форме звярталася да яго асобы. Вось толькі некалькі прыкладаў. У 1972 годзе па сцэнарыі паэта Анатоля Вялюгіна вялікую (пяць частак) карціну «А зязюля кукавала...» зняў Віктар Дашук. У 1988 годзе выходзіць стужка Валерыя Каралёва «Шлях паэта», дзе аўтарам сцэнарыя выступіў Яўген Лецка. Неразгаданай таямніцы гібелі Купалы прысвечана аўтарскае даследаванне Уладзіміра Бокуна «Ніколі я не паміраў...» (1992). Адносна нядаўна, у 2012 годзе, Сяргей Лук’янчыкаў на «Белвідэацэнтры» выпусціў паэтычнае эсэ з эпізодамі спектакляў па творах пісьменніка «Янка Купала... Я адплаціў народу».
Аўтары вышэйзгаданых стужак стараліся як мага лепш адлюстраваць асобу і творчасць самога Купалы, так ці інакш выкарыстоўвалі фрагменты яго твораў, шматлікія фотакінадакументы.
Стужка «Янка Купала» лідараў нацыянальнай дакументалістыкі Віктара Аслюка і Вольгі Дашук (сцэнарый) фармальна таксама прысвечана чарговай прыгожай даце. Але менавіта яе вельмі цяжка назваць «датскай», або юбілейнай. Няхай «юбілейныя», святочныя элементы ў ёй і прысутнічаюць — праўда, толькі ў выглядзе асобных фрагментаў сюжэту. Новая праца кінематаграфічнай «Купаліяны» адыходзіць ад стандартаў экранных біяграфій. І сапраўды, яе назва аказваецца невялікім падманам — карціна распавядае не пра біяграфію або творчасць канкрэтнага пісьменніка, а пра нас, беларусаў.
Асабістую нацыянальную кінаэпапею аўтарскі тандэм Віктара Аслюка і Вольгі Дашук стварае ўжо больш за дваццаць год. Найчасцей у аб’ектыве іх камеры аказваецца беларуская вёска як квінтэсенцыя зыходзячай традыцыйнай культуры. «Нацыянальнай ідэяй можа быць толькі барацьба са смерцю нацыі», — сцвярджае Віктар Аслюк у адным з інтэрв’ю. І кожным сваім фільмам даказвае, што прымае актыўны ўдзел у выжыванні беларусаў, нашай культуры і мовы.
Збольшага «Янка Купала» распавядае якраз пра гэта. Постаць паэта даўна ператварылася ў пэўную абстракцыю, нейкі няўлоўны вобраз, асобныя радкі вершаў, што круцяцца са школьных часоў на языку і ў падсвядомасці кожнага беларуса. Але кім з’яўляецца Купала для шараговых сучаснікаў — часткай паўсядзённага жыцця або цьмяным напамінам пра нацыянальную свядомасць, годнасць, прыкладам таго, якім павінен быць сапраўдны беларус, — зразумець цяжка. Зімовы пейзаж, партрэты звычайных суайчыннікаў— аўтары стужкі знаходзяць у іх паэзію краіны, пра якую ўсё жыццё пісаў Янка Купала.
Праз зіму і туман
Віктар Аслюк у чарговы раз зняў фільм пра ўсіх нас і пра краіну, застылую ў вільготным марыве зімовых туманаў, яшчэ адну серыю сваёй антрапалагічнай эпапеі пра беларусаў і іх месца на карце свету. У стужцы мы бачым амбасадараў з розных краін, якія па-беларуску — кожны са сваім акцэнтам — чытаюць вершы Купалы на адной з урачыстасцей у зале ганаровых прыёмаў мінскай Ратушы. Гэтыя кадры змяняюцца інтэрв’ю з вяскоўцамі, іх рэжысёр просіць прачытаць з Купалы на памяць. Аўтары карціны не карыстаюцца багатым ілюстрацыйным матэрыялам, што, здавалася, сам сабою напрошваецца ў дадзеным выпадку. Так, пасля Купалы засталося багата яго выяў, ёсць кінахроніка, шматлікія ўспаміны. Але праца Віктара Аслюка і Вольгі Дашук выкарыстоўвае толькі фрагменты хронікі пахавання паэта і дакументальныя кадры з жыцця вясковых беларусаў у 1920-я.
Пэўны пафас пасольскага мерапрыемства з яго адпаведнасцю дыпламатычнаму пратаколу разбіваецца аб тое, як старанна амбасадары гавораць на мове, з якой шмат хто з іх сустрэўся нядаўна ўпершыню. Гэтае пасольскае чытанне радкоў Купалы пра «людзьмі звацца» і прыродная сарамлівасць, заціснутасць «простых» беларусаў перад аб’ектывам ствараюць незвычайны кантраст. На ім трымаецца канцэпцыя стужкі, яе публіцыстычны эфект.
Аўтарскі стыль Віктара Аслюка — сучасны, ён адпавядае тэндэнцыям у сусветнай дакументалістыцы. У фільме «Янка Купала» рэжысёр адмаўляецца ад прамога кадру, доўгіх планаў і наўпроставага запісу гуку, як у большасці сваіх папярэдніх работ, і карыстаецца прыёмамі складанага мантажу, выкарыстоўвае ўнутрыкадравае інтэрв’ю, накладвае сучасны гук на старую хроніку. У тым ліку мы чуем і голас самога паэта, які чытае свае вершы. У пачатку карціны ёсць і вельмі трапныя, атмасферныя кадры зімова-вясенняга Мінску, знятыя камерай Анатоля Казазаева і па-майстэрску ілюстраваныя музычнай партытурай знакамітай кампазіцыі «Явар і каліна» групы «Песняры» (як заўсёды выбітная праца гукааператара Уладзіміра Мірашнічэнкі).
Паэзія Купалы праяўляецца якраз так, у самых нечаканых месцах, насуперак юбілейнаму афіцыёзу. Зрэшты, як насуперак клімату, гістарычным умовам і шматлікім перашкодам існуе і развіваецца сама Беларушчына. «Янка Купала», мо адна з лепшых стужак Віктара Аслюка за апошнія некалькі год, распавядае акурат пра апошняе. Мінорны лад, характэрны для гэтага кінарэжысёра, не можа не бянтэжыць. Але тужлівы настрой кампенсуецца шчырасцю і відавочнай грамадзянскай пазіцыяй аўтараў фільма.
Для студыі дакументальнага кіно «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» стужка «Янка Купала» сталі важным момантам своеасаблівай перазагрузкі пасля пэўнага перыяду маўчання. Але часам маўчанне ідзе толькі на карысць.
Антон Сідарэнка