Версіі 1973-га і 1996-га я не заспела, хоць памятаю, што знакамітая Алена Абразцова спявала ў Мінску ў адной з пастановак партыю Сантуцы перад тым, як выконваць яе ў Італіі. Затое магу параўнаць версію 2007 года і апошнюю па часе. Інтэрпрэтацыя «Сельскага гонару» дзесяцігадовай даўнасці рабілася шведскім рэжысёрам Аляксандрам Нардштрэмам з разлікам на сцэну Дома афіцэраў (у тэатры ішоў капрамонт) — не надта вялікую і мала прыстасаваную для грандыёзных оперных палотнаў. У тым спектаклі мелася мінімальная, хоць і выразная, сцэнаграфія. Памятаю, велікоднаму шэсцю было вельмі цесна. Але надзвычай яркімі атрымаліся акцёрскія працы і музычны складнік пастаноўкі.
Новы «Сельскі гонар» ад пачатку робіць дастаткова моцнае ўздзеянне. Па-першае, ён адпавядае маштабу сцэны. Па-другое, кранае і дзівіць неверагоднай гармоніяй паміж уражаннямі музычнымі (аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Пласкіны), візуальнымі (сцэнаграфія Аляксандра Касцючэнкі) і рэжысёрскім бачаннем (пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ). Музыка Масканьі задае мастацкія каардынаты, узровень, сучаснасць (і пазачасавасць) прачытання канфлікту. Уверцюра і Інтэрмецца на пачатку 2-й дзеі падаюцца аркестрам як сапраўдныя музычныя шэдэўры.
Панджавідзэ і Касцючэнка любяць у агульных спектаклях выкарыстоўваць лесвіцы (ёсць яны ў «Набука», «Турандот», «Макбэце»). Лесвіца — сімвал сацыяльнай іерархіі — у новым «Сельскім гонары» таксама прысутнічае. Шматузроўневая пабудова дае магчымасць эфектна размясціць хор. А ён у гэтай оперы — адна з асноўных дзейных асоб. Масавыя сцэны па гучанні тут надзвычай прыгожыя. І ва ўласна харавых эпізодах, і ў ансамблях з салістамі вабяць магутная плынь, злітнасць і маляўнічасць гукавога патоку. Гэтыя сцэны вывераныя, зробленыя густоўна, з улікам шматлікіх адценняў (хормайстарка Ніна Ламановіч).
Хор славіць дзень уваскрэсення Хрыста, удзельнічае ў хросным шэсці. Заслуга і артыстаў, і рэжысёра, які ўмее працаваць з вялікай масай народу на сцэне, у тым, што стракаты натоўп жывы і натуральны. У ім кожны заняты ўласнай справай. Няма статыкі і опернай штучнасці. Уражанняў дадае і ўдала вытрыманая колеравая гама касцюмаў (мастачка Кацярына Шымановіч). Прыглушана-карычневы, разнастайныя адценні шэрага і грыфельна-чорнага пануюць у будзённых строях. Вішнёва-чырвоны і белы — у святочных. Разумееш: перад намі не надта заможная публіка. Яна стварае пераканаўчы фон, на якім разгортваецца драма.
Маляўнічая сцэнаграфія працуе і калі адбываюцца эпізоды велікоднага свята. І калі авансцэна нечакана трансфармуецца і ператвараецца ў пакоі Лючыі, дзе адбываецца дыялог між ёй і Сантуцай. Рэалістычныя ўражанні ўзнікаюць ад сузірання сцен дамоў з абадранай тынкоўкай, драўлянымі жалюзі (каб схавацца ад спякотнага сіцылійскага сонца), фіранкамі, што ўзлятаюць ад ветру.
Моцнае ўздзеянне оперы запраграмавана і дзякуючы лібрэта, скампанаванаму цвёрдай і ўпэўненай рукой. Падзеі разгортваюцца на працягу аднаго дня, у тым самым месцы. Праўда, рэжысёр унёс карэктывы, бо перасунуў час, пазначаны кампазітарам як 1880-я, на дзесяцігоддзі наперад (у 20-я гады ХХ стагоддзя).
Напружанасць спектаклю надае моцны і нечаканы кантраст эмоцый і псіхалагічных станаў. Святочная працэсія — і невымерны душэўны боль Сантуцы; пачуццёвая любоўная сцэна Турыду і Лолы — і нервовы, раздражнёны дыялог Сантуцы і Турыду. Прасветленасць пачатку спектакля — і змрочнае забойства ў фінале.
Цяпер больш падрабязна пра галоўных персанажаў. Паколькі ў мінулай версіі мне давялося пабачыць і пачуць у гэтай оперы Ніну Шарубіну, Сяргея Франкоўскага, Уладзіміра Пятрова (гэтыя ж салісты ўвасобілі і сёлета першы паказ «Сельскага гонару»), я знарок выбрала той склад выканаўцаў, з якім не была знаёмая. Такім чынам, Кацярына Галаўлёва (Сантуца), Васіль Мінгалёў (Турыду), Іна Русіноўская (Лола), Станіслаў Трыфанаў (Альфіа), Марына Аксёнцава (мама Лючыя).
У кожнага з іх атрымаўся вельмі пераканаўчы вобраз, трапнае разуменне сутнасці персанажа. Пачнем з Сантуцы, што воляй рэжысёра стала не толькі пакінутай каханкай Турыду. Жанчына працуе... прыбіральшчыцай у таверне (невялікім сямейным рэстаране), які трымае Лючыя, маці Турыду. Танюткую, хударлявую, з вялікім выразнымі вачыма, Сантуцу не адразу і заўважаеш сярод такой жа прыгнечанай, як і яна, прыслугі. Дзяўчына бедная, лічыце, парыя, адрынутая грамадствам і нецікавая яму. І таму, што вёска ведае пра яе былую сувязь з Турыду. І таму, што Сантуца стаіць на самых нізкіх прыступках сацыяльнай лесвіцы. Такім чынам, канфлікт псіхалагічны ўзмацняецца канфліктам сацыяльным. Калі мама Лючыя трымае рэстаранчык, разумееш, чаму Турыду выпраўляецца па віно (так бы мовіць, заўсёдная патрэба «ядальняў» і наведвальнікаў), разумееш, чаму ў ягоных пакоях расстаўлены вялікія і малыя бочкі з віном.
Раней мне даводзілася бачыць Кацярыну Галаўлёву ў партыях гераінь моцных і ўладарных — кшталту Амнерыс («Аіда») і Абігайль («Набука»). У магутных гістарычных спектаклях-фрэсках, дзе вялікую ролю адыгрываюць масавыя сцэны, надзвычай істотная роля хору, а саліст досыць часта — толькі адзін з «пазлаў» агульнай карціны. Калі ад спевака патрабуецца не столькі псіхалагічнае майстэрства, колькі магутны вакал, выразная гукавая плынь.
Роля Сантуцы ў інтэрпрэтацыі Галаўлёвай дэталёва зроблена. Прадуманы мізансцэны, пластыка, моцныя перапады настрою. Ад бязмернага адчаю ў знакамітым рамансе — да бязмернага кахання ў сцэнах з Турыду. Ад крохкага спадзявання — да праклёнаў пакут рэўнасці, якія літаральна спапяляюць знутры. Ад эмацыйнай прыгнечанасці да жадання вярнуць з пачуццямі Турыду павагу аднавяскоўцаў, свой ранейшы сацыяльны статус. Пераходы ад любові да нянавісці ўвасоблены вельмі пераканаўча.
Турыду ў інтэрпрэтацыі Васіля Мінгалёва — гэткі вясковы прыгажун. Упэўнены ў сабе, удалы, але не здатны да глыбокіх пачуццяў. Быў некалі закаханы ў Лолу, але яна не дачакалася яго з войска, выйшла замуж за іншага, багацейшага і прадстаўнічага Альфіа. Лола замужам? Тады побач апынулася Сантуца. Захацела Лола, больш заможная і эратычная, вярнуць былога каханка? І Турыду імгненна забыў пра Сантуцу і абяцанні ажаніцца з ёй. Цяпер былая раўнівая каханка выклікае ў яго толькі раздражненне, яна — перашкода на шляху да ўяўнага шчасця з Лолай. Турыду — матылёк, які пералятае з кветкі на кветку, не задумваючыся пра наступствы сваіх учынкаў. Куды вецер нясе, туды Турыду і ляціць.
Мама Лючыя, гераіня Марыны Аксёнцавай, у спектаклі паўстае жанчынай фанабэрыстай, у нечым жорсткай, нават бяздушнай. Такую нявестку, як Сантуца Галаўлёвай, Лючыя не здолее прыняць ніколі. Маўляў, гэтая жабрачка нам не роўня! І калі Турыду абірае Лолу, у тым выяўляецца падсвядомы выбар і яго маці. Цікава: тая ж Марына Аксёнцава спявала гераіню ў папярэдняй версіі. Там яна паўставала цёплай, душэўнай жанчынай, што ад пачатку спачувала Сантуцы, бачыла ў ёй патэнцыйную нявестку і са шкадаваннем паглядала на неразумнага сына, які дарэмна звязаўся з вяртлявай і ненадзейнай Лолай — замест таго каб адказаць на шчырасць і клопат Сантуцы.
У мамы Лючыі новай версіі ад спачування не засталося і следу. Нават дзівішся, як адна і тая ж артыстка ў адной і той жа партыі, маючы тыя самыя ноты, здатная стварыць вобразы ледзь не супрацьлеглыя.
Іна Русіноўская малюе Лолу вабнай, але хцівай і падступнай коткай. Яна пластычная і сэксуальная. Прыгожа, па апошняй модзе апранутая. У элегантнай сукенцы вішнёвага колеру, грацыёзным капялюшыку, Лола нібыта сышла з вокладкі тагачаснага часопіса мод. Выгляд гэтай пані моцна кантрастуе з абліччам вяскоўцаў. Яна тут — каралева, аб’ект суцэльнага і татальнага захаплення! Вядома, не ў апошнюю чаргу дзякуючы грашам заможнага мужа. Але які моцны кантраст паміж знешняй прывабнасцю і татальнай адсутнасцю высакародства! Гэта выяўляецца ў сцэне, калі Лола ў прысутнасці каханка з радасцю прыніжае сваю былую саперніцу. І Турыду, і Лолу яднае ўменне іграць на чужых пачуццях, спрытна і без усялякіх згрызотаў сумлення карыстацца тымі, хто іх шчыра любіць.
Станіславу Трыфанаву заўжды імпануюць ролі герояў таямнічых і крыху змрочных (граф дзі Луна, Галандзец, Кізгайла, Гразной), у душы якіх віруюць моцныя жарсці, ідзе бязлітасная барацьба паміж высокім і нізкім. Водгулле ранейшых герояў міжволі прысутнічае і ў «Сельскім гонары». Ягоны Альфіа, «гарачы» паўднёвы мужчына, прыязджае ў вёску не на кані (у лібрэта ён возчык), а на шыкоўным лімузіне чырвонага колеру. Вакол круціцца фатограф, робячы здымкі самага багатага жыхара мястэчка. Альфіа або ўладальнік, кажучы сучаснай мовай, буйной фірмы, або сіцылійскі мафіёзі, чыя відавочная дзейнасць прыкрывае справы цёмныя і надта незразумелыя, што, магчыма, і супярэчаць закону. Герой Трыфанава — уплывовая асоба ў паселішчы. Бо нават святар даруе Сантуцы былыя грахі і дазваляе ўвайсці ў царкву толькі пасля ледзь прыкметнага кіўка Альфіа.
Артыст пераканаўча праводзіць лінію паводзін героя. Дакладна абмалёўвае яго псіхалагічны стан. Спачатку, падчас арыі «Дома Лола мяне чакае...», ён абсалютна шчаслівы. Упэўнены ў сабе, ён ганарыцца красуняй-жонкай. Будучыня малюецца ў зіхоткіх фарбах. Дуэтная сцэна з Сантуцай на пачатку 2-й дзеі, калі жанчына па сутнасці «здае» герою ягоную жонку і свайго былога каханка, пазначае моцны эмацыйны злом, які адбываецца ў характары Альфіа. Спачатку ён мо і не надта хоча размаўляць з нервовай і змэнчанай прыбіральшчыцай, ставіцца да яе грэбліва. Потым не можа паверыць у яе словы. Нават калі Альфіа стаіць спінай да гледача, адчуваеш, што робіцца ў ягонай, няхай не надта светлай, душы. Вясёлкавы навакольны свет разляцеўся на друз і ператварыўся ў смецце. Былое шчасце не вернецца. Падмануты муж не хоча верыць. І разам з тым здагадваешся: яго помста, калі словы Сантуцы пацвердзяцца, будзе жудаснай.
Услед за напружаным дыялогам узнікае (па прынцыпе кантрасту) шматлюдны харавы эпізод: народ славіць Вялікдзень, за велізарным сталом сядзяць вяскоўцы, а на стале Лола і Турыду, захопленыя ўласнымі жаданнямі, абдымаюцца і цалуюцца пры ўсіх. Калі на сцэне з’яўляюцца Альфіа і ягоныя ахоўнікі са зброяй, разумееш: гісторыя пачынае імкліва рушыць да трагічнага фіналу. Толькі блізкасць смерці нечакана прасвятляе Турыду, і ён просіць маці паклапаціцца пра Сантуцу, перад якой адчувае віну.
Зразумела, Альфіа не стаў, як кажуць, пэцкаць рукі, каб знішчыць таго, хто разбурыў ягонае шчасце. Гэта зрабіла бязлітасная ахова. А пры канцы спектакля гучыць яшчэ і стрэл — з дома, дзе раней жыла Лола (у лібрэта Лола застаецца жывой). Калі ў фінале Альфіа грэбліва кідае Сантуцы чамаданчык з рэчамі былой жонкі, у гэтым чытаецца шмат сэнсаў. Маўляў, некалі ты была беднай, а цяпер можаш апранаць яе дарагія рэчы. І яшчэ: ты хацела такога выніку? Вось ён! Хоць, вядома, Сантуца марыла вярнуць каханага, але не ўбачыць яго забітым.
Калі разважаць пра новую версію «Сельскага гонару» ўвогуле, дык яна, нягледзячы на трагічны напал, атрымалася надзіва гарманічнай, дзе асобныя складнікі (музыка, рэжысура, сцэнаграфія, акцёрскія працы) дакладна адпавядаюць адно аднаму. Павіншуем калектыў з удачай. Думаю, спектакль будзе добра наведвацца. Ён не зацягнуты (усяго паўтары гадзіны разам з антрактам). Дае прастору для выдатных артыстычных прац. А над усім — памкненнямі, страхамі, страсцямі, здрадай — пануе геніяльная музыка П’етра Масканьі, акрэсліваючы той ідэальны свет і тую прыгажосць, што не здолелі стварыць у сваім жыцці героі.