Куратар выставы Масіма Дуранці сумесна з Андрэа Бафоні і Франчэскай Дуранці адабраў са збору Музея-палаца Палаца дэла Пэна ў Перуджы і прыватных калекцый творы Джэрарда Даторы ў памяць 40-х угодкаў з дня яго смерці. Ідэя экспазіцыі ў мінскім музеі — адшукаць паралелі паміж працамі мастака-футурыста і трыма аўтарамі пачатку ХХ стагоддзя — Маркам Шагалам, Хаімам Суціным (усе працы з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка) і Надзяй Хадасевіч-Лежэ (са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь). Куратары з беларускага боку — Вольга Клёцкіна з Нацыянальнага мастацкага музея і Аляксандр Зіменка з Белгазпрамбанка. Словы ў назве «Энергія, экспрэсія, сімволіка і сны» акрэсліваюць агульныя рысы ў творчасці ўсіх чатырох мастакоў, трое з якіх маюць беларускае паходжанне і ўнеслі значны ўклад у станаўленне еўрапейскага авангарду.
Масіма Дуранці агледзеў пастаянную экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага і, убачыўшы працы Язэпа Драздовіча, пашкадаваў, што не ведаў пра яго раней: беларускі творца ідэальна падыходзіць пад канцэпцыю выставы «Даторы, Шагал, Суцін, Хадасевіч-Лежэ. Энергія, экспрэсія, сімволіка і сны. Погляд на мастацтва Італіі і Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя».
Надзея Усава і Вольга Архіпава — даследчыцы з Нацыянальнага мастацкага музея — разважаюць пра паралелі, якія яны заўважылі ў творчасці Драздовіча і італьянскім футурызме — больш ідэалагічныя, чым стылістычныя.
Надзея Усава: Калі мы ўпершыню пабачылі гэтую найцікавейшую выставу, адразу амаль ва ўсіх мастацтвазнаўцаў склалася пытанне — а наш Язэп Драздовіч? Ён быў бы тут дарэчы са сваімі касмічнымі візіямі 1930-х побач з лятаючымі ў небе персанажамі Шагала, з «аэражывапісам» Даторы, з яго рэальнымі пейзажамі Умбрыі, якія выглядаюць фантастычнымі... У Драздовіча, праўда, усё наадварот — прыдуманыя (убачаныя ў сне) пейзажы касмічных гарадоў выглядаюць рэальнымі. І мы задумаліся — а ці можна назваць Драздовіча футурыстам, а калі — так, чым ён як мастак адрозніваецца ад італьянскіх футурыстаў? І ўвогуле: ці быў беларускі футурызм? Каб адказаць на гэтыя пытанні, трэба згадаць гісторыю гэтага напрамку ў мастацтве.
Футурызм узнік у 1909 годзе ў Італіі з маніфеста Марынеці. Гэтая новая мастацкая ідэалогія была напорыстай, нават агрэсіўнай, скіраванай супраць традыцыі, музеяў, бібліятэк, класічнага мастацтва... Футурысты ўхвалялі мастацтва будучыні — мастацтва тэхнічнага прагрэсу, хуткасці, руху, новых тэхналогій, лаканізму, урбанізму. Футурызм ухваляў вайну — дзеля «гігіены» свету. Быў мужчынскім, выразна антыфеміністычным, экстрэмісцкім напрамкам. Другая хваля футурызму —
з 1921-га па 1930-я — ужо крытыкуе Марынеці, страчвае пафас агрэсіі і факусуецца на «перабудове свету». Да яе адносіцца малодшае пакаленне футурыстаў,
у тым ліку і Даторы. На першы погляд, Драздовіч не мае да гэтага ніякага дачынення. Ён быў ціхім чалавекам, і мастацтва яго пазбаўлена агрэсіўнасці і тэхніцызму. Яго прыцягвалі гісторыя і этнаграфія. Як і італьянцы-футурысты, Даторы быў не толькі мастаком, але і пісьменнікам — стваральнікам шматлікіх неалагізмаў, самабытным утапічным тэарэтыкам касмізму. Але ж... Намаляваныя ім сатурніянскія ці марсіянскія гарады — такія злавесныя, — што гэта, як не інтуітыўнае прадбачанне таталітарызму? Тут ён супадае з футурыстамі. Асобна трэба згадаць архітэктуру касмічных гарадоў розных планет на карцінах Драздовіча, якая хоць і змяшчаецца ў космасе, але ўспрымаецца намі як архітэктура будучыні. Гэтым зай-
маюцца ў 1920-я і савецкія авангардысты-футурысты, яны ўвасаблялі касмічныя гарады — гэта так званая «папяровая архітэктура», што існавала толькі ў праектах. Тое ж бачым і ў і італьянскіх футурыстаў, у прыватнасці ў Антоні Сант-Эліана, які ствараў вялізную колькасць футурыстычных краявідаў гарадоў, і сёння падобная архітэктура сапраўды стала з’яўляцца. На мой погляд, архітэктурныя краявіды Драздовіча заснаваны выключна на яго кніжнай эрудыцыі, бо ў гэтых выявах угадваюцца і Вялікая кітайская сцяна, і сцены Крамля, егіпецкія піраміды і зікураты.
Вольга Архіпава: А той жа сатурніянскі святлафор — яму няма аналагаў. Абсерваторыя — будынак з адным акном. У дзённіку Драздовіч апісвае, як прыляцеў на Сатурн і ўбачыў дом толькі з адным акном, ён туды зазірае і бачыць тысячы вачэй. То-бок сатурніяне назіралі за космасам, гэта такая абсерваторыя. Язэп Драздовіч быў неверагодным эрудытам, шмат чытаў, у сваіх дзённіках піша пра Індыю, Канаду.
Футурызм — гэта такі ж авангардны кірунак, як супрэматызм ці кубізм, дзе адбываўся актыўны пошук новых форм. Верагодна, у беларускіх мастакоў можна знайсці эксперыменты, калі яны спрабавалі сябе ў футурыстычнай плыні, але такога прамога цытавання, каб сказалі, што гэта работа напісана паводле законаў футурызму... Напрыклад, у нашай калекцыі такіх прац няма.
Калі мы глядзім на творы Даторы, то бачым, што ён ствараў кампазіцыі, у якіх даследаваў розныя формы руху. Стаяла задача паказаць хуткасць, таму з’яўляецца сімультанізм — раскладка руху на спыненыя фрагменты. Сцвярджаюць, маўляў, футурызм запазычыў стылістычныя прыёмы фавізму і кубізму, але для кубізму змена формы не была звязана з хуткасцю, з рухам. Сказаць, што ў Даторы выразныя кубістычныя формы, нельга, але фармальныя прыёмы прысутнічаюць. Напрыклад, сонца становіцца цэнтрам кампазіцыі —
і ўсё да яго рухаецца, выбірае вясёлку — і ўся кампазіцыя падначальваецца ёй. Круг — і ўсё кружыцца. Што тычыцца Драздовіча, ён у аснове сваёй быў рэалістам — увасабляў тыя формы, якія бачыў. Яго кампазіцыі вельмі статычныя, у іх няма руху, і кампазіцыя не падначальваецца ніякім футурыстычным фармальным прыёмам. Агульнасць можна ўбачыць толькі ў змесце твораў... Слова «футурызм» я не сустракала ў яго тэкстах. Бо пасля рэалістычнай школы Трутнёва ён не імкнуўся ні да фавізму, ні да кубізму, а бачыў сваю задачу ў іншым: Драздовіч навуковец, і гэтак жа, як расказвае нам пра Скарыну і Усяслава Чарадзея, распавядае і пра космас — як пра нешта рэальнае.
Ён лічыў сябе вучоным, асветнікам і проста расказваў, як выглядаюць жыццё на іншых планетах і іх насельнікі. Напрыклад, паказваў, што сатурніяне без вушэй, што ў іх безбялковыя вочы, што камунікуюць пры дапамозе магнетызму. У 1930-я навука яшчэ не ведала, што ў бліжэйшым космасе няма жыцця, гэта высветлілі пасля смерці мастака — у 1960-я. Датуль існавалі касмічныя ўтопіі, Драздовіч на аснове гэтых утопій рабіў прагнозы, казаў, маўляў, я ў самнамбулічным сне наведаў Месяц, а потым, разглядаючы карту Месяца, яго кратары, моры і акіяны, зразумеў, дзе знаходзіцца ўбачаны горад Трывеж, а на адваротным баку Месяца знаходзіцца «Бастылія» і выглядае вось так...
Надзея Усава: І футурысты Італіі лічылі, што мастак павінен быць агітатарам, змагаром-прапагандыстам, актыўна кантактаваць з публікай.
Але Даторы ўвасабляе аэражывапіс, зямлю з вышыні самалёта (прычым невядома, ці быў ён калі-небудзь на борце). Гэта быў новы погляд на Зямлю: «З дапамогай аэражывапісу я зрабіў пейзаж па-за прасторай і часам, адкуль наша зямля падаецца раем», — пісаў Даторы. Гэта лічыцца адметным дасягненнем футурызму. А наш Драздовіч падняўся вышэй — у космас, пісаў касмічныя гарады, апісаў «расы» іх жыхароў. Тое, як ён вельмі падрабязна іх апісвае, паказвае чалавека будучага, таго, што будзе вандраваць з дапамогай промняў.
Вольга Архіпава: Гэта таксама новая ідэя святла, бо было адкрыта: усё, што мы бачым, уся гэтая разнастайнасць колераў — толькі сонечны прамень. Гэта бударажыла мастакоў. Даторы дэманструе ідэальнае ўяўленне пра свет, нават калі паказвае прыродны матыў, ён яго ўсё роўна ідэалізуе, робіць з яго ікону прыгажосці.
Надзея Усава: Марынеці марыць пра «механічнага чалавека са зменнымі запчасткамі», Драздовіч першым увасабляе іншапланецяніна ў беларускім мастацтве.
Вольга Архіпава: Напэўна, не толькі ў беларускім. Я шукала, але гэтыя іміджы з’явілася ў масавай культуры пазней, але ён, верагодна, першы, хто прадставіў іншапланецян з чорнымі вачыма.
У яго есць луніды-антрапоіды і луніды-хімероіды — «уцюгатварыстыя».
Ці возьмем марсіян. Драздовіч ведаў, што на Марсе вельмі нізкі атмасферны ціск, таму жыхары гэтай планеты маленькія, як васьмігадовыя хлопчыкі.
Ён таксама ўяўляў, як людзі паляцяць у космас, прыдумаў ракету. Для творчай натуры гэта натуральна — уяўляць рэчы з будучага, згадаем Леанарда, які намаляваў прапелер. Калі чалавек можа лятаць самалётам, то наступны яго крок — ён садзіцца ў ракету і ляціць на Месяц.
Чарцяжы ракеты — гэта футурызм. Паўтараю, ідэйна Драздовіч — футурыст, чалавек, які марыў пра будучыню. Гэта вельмі характэрна для таго часу, калі мастакі не проста распавядалі пра свет, у якім жылі, а сталі ўвасабляць новыя сусветы. Гэта было звязана з навукова-тэхнічным прагрэсам, са з’яўленнем машын і самалётаў. Дзякуючы пераменам майстры сталі фантаніраваць ідэямі будучага.
Надзея Усава: Драздовіч не адзіны творца з футурыстычнымі ідэямі, згадаем яшчэ Аляксандра Ахола-Вало, пра якога таксама не ведаюць пакуль ні беларусы, ні — тым больш — італьянцы.
Кніга пра наробак гэтага цікавага мастака-філосафа яшчэ ў нас не выдадзена.
А менавіта ён у 1925 годзе надрукаваў малюнак «Кастрычнік на арбіце» — мару пра сусветную рэвалюцыю, нават у планетарным маштабе.
Вольга Архіпава: Згадаем і рускую плынь, таго ж Маякоўскага з яго эпатажам і візуальнай паэзіяй...
Надзея Усава: Гэтыя творцы актыўна супрацоўнічалі з пануючымі рэжымамі. Італьянскі футурызм скампраметаваў сябе тым, што падтрымліваў Мусаліні, Даторы ўдзельнічаў у «Выставе Фашысцкай рэвалюцыі» ў 1932 годзе. Драздовіч паслядоўна пазбягаў усялякага сутыкнення з уладай, але яна і не цікавілася нейкім дзіваком-мастаком.
Вольга Архіпава: Мастакі хацелі ператварыць рэальнасць. Адбываецца рэвалюцыя, і Ахола-Вало ў савецкай Беларусі марыць пра новае грамадства, пра тое, як можна ператварыць свет, каб ён стаў лепшым.
Надзея Усава: Дарэчы, футурысты Італіі таксама мараць пра выхаванне новага чалавека, чалавека-робата.
Вольга Архіпава: Да фармальнага мастацтва ў нашым музеі блізкія карціна «Мастацтва камуны» Майсея Куніна. Нам нават вядомая сапраўдная пецярбургская газета «Искусство коммуны» за 1919 год, дзе эпіграф — «Довольно шагать, футуристы! В будущее — прыжок!».
Надзея Усава: Што яшчэ яднае Драздовіча з Даторы — яны абодва пачынаюць з сімвалізму. І такая карціна Даторы — партрэт яго сястры — нездарма прысутнічае на гэтай выставе, каб паказаць карані футурызму. Мы ведаем Драздовіча-сімваліста па яго раннім жывапісе, напрыклад яго карціна «Прарок», дзе ён выкарыстоўвае прынцып анаморфнага мастацтва, калі жывапісныя контуры сцен замка візуальна і ілюзорна ператвараюцца ў сілуэт фігуры Прарока, Хрыста.
Вольга Архіпава: Так, Драздовіч блізкі да сімвалізму Чурлёніса. Яго карціна «Дух зла» або «Дух помсты», якая не мае дачынення ні да якіх касмічных рэчаў, а толькі да духоўнага ператварэння асобы, паказвае тое, чаго не існуе, але што звязана з моцнымі чалавечымі пачуццямі.
Надзея Усава: Драздовіч, хутчэй за ўсё, не ведаў пра існаванне італьянскага футурызму, аднак стылістычна з футурызмам у яго можна знайсці перасячэнні. І не толькі ў тэматыцы. Напрыклад, ён ужывае такія ж яркія лакальныя фарбы, як і футурысты.
Што мне яшчэ цікава: італьянскія футурысты жылі ў цэнтры Еўропы — у Італіі, у Парыжы круціліся, сустракаліся з авангардыстамі з усяго свету. Драздовіч жа ў Заходняй Беларусі — мастак-адзіночка, абсалютна маргінальны — займаўся тым жа самым на прасторах беларускіх дарог ці седзячы на падстрэшку віленскага дома і ствараў сваю касмічную тэорыю без ніякай падтрымкі. Яго з-за гэтага лічылі дзіваком, ледзь не вар’ятам — нават блізкія сябры. Нарэшце ў 1930-я ён растварыўся ў народнай масе, стаў вандроўнікам... Пасля ён пісаў касмічныя пейзажы, але ўжо ў рамках народнага мастацтва, дыванкоў. Дзіўна, але і гэта суадносіцца з прынцыпам футурызму — неабходнасць ахвярнай працы: «Трэба проста тварыць, тварыць без узнагароды, у невядомасці, у заняпадзе, словам — гераічна», — пісаў Марынеці.
Вольга Архіпава: Касмічныя матывы ён сапраўды выкарыстоўваў і пазней, ёсць успаміны, што ў хаце, дзе некалі жыў Драздовіч, знаходзілі шафу, размаляваную касмічнымі планетамі. У вёсках ён маляваў на мэблі, на тканінах. Шмат займаўся разьбой, рабіў скрыні для дзённікаў з гэтымі матывамі.
Надзея Усава: Драздовіч — шматгранная асоба, якую належыць уключыць у гісторыю еўрапейскага футурызму. Яго касмагонія — гэта яшчэ непадняты і невядомы пласт, асабліва яго графічныя карты, малюнкі, апісанні касмічных гарадоў...
І як асоба ён абсалютна не раскручаны, яго не ведае свет. І гэта наша задача: зрабіць з яго феномен еўрапейскага маштабу, як гэта адбылося з Аленай Кіш, таму што яго касмічная тэорыя вельмі самабытная, блізкая да авангардных тэорый свету. Даторы, напрыклад, мае вялікую экспазіцыю ў музеі ў Перуджы. Драздовіч, хоць і мае помнік у Мінску, таксама заслугоўвае персанальнага музея. Мы можам яго назваць не толькі прымітывістам, рэалістам, сімвалістам...
Вольга Архіпава: Нават крыху сюррэалістам можам яго назваць. Фантазія Драздовіча была настолькі зямная, што нават марсіянскіх звяроў ён паказвае як гібрыд зямных — вярблюдастраус, амфібіі.
Надзея Усава: Нездарма яго называюць фантастычным рэалістам-візіянерам... Але яшчэ часткова ён быў і футурыстам, таму што нейкай сваёй гранню Драздовіч датыкаецца да гэтай плыні. Хоць, канешне, шмат у чым ён настолькі самабытны, што не можа цалкам быць залічаны да нейкага канкрэтнага стылю.
Вольга Архіпава: Беларускіх мастакоў увогуле цяжка пакласці ў гэтае пракрустава ложа — сюррэаліста, рэаліста, абстракцыяніста. Яны заўсёды спрабуюць сябе ў розных плынях, бо мы існуем на перакрыжаванні розных шляхоў. Мы на працягу стагоддзяў стваралі сваё «тутэйшае» мастацтва. Беларускі іканапіс, беларускае барока, сацрэалізм, «суровы стыль», авангард і постмадэрнізм. Гэта сведчыць пра таленавітае пераасэнсаванне ідэй, што прыходзяць з захаду і ўсходу, з поўначы і поўдня, ідэй, якія мастакі разумеюць па-свойму.