Прадзюсера не выбіраем...
Увесь сучасны кінематограф грунтуецца на прадзюсерстве ці, калі хочаце, -- на прадзюсерскай свядомасці. Менавіта ў гэтым прычыны наймавернага прарыву расійскай кінагаліны. Што ж гэта за свядомасць такая?
Усё проста: персанальная адказнасць і крэўная зацікаўленасць прадзюсера ў канчатковым выніку. Маркетынг, менеджмент, папярэднія разлікі. Інакш кажучы, будучы фільм прададзены ўжо, хоць да яго здымак і не падступаліся. Чым больш удалы праект, тым больш удачлівы і заможны прадзюсер.
«Як Несцерка гаршкі прадаваў». Трэцяя частка серыяла. 2007. |
Дык вось, сродкі ёсць. Пачынаецца вытворчасць фільма. Нагода для яго запуску -- рашэнне экспертнага савета пры дэпартаменце па кінематаграфіі і мастацкага савета студыі. Натуральна, густы ў членаў гэтых інстытуцый розныя, таму рашэнне прымаецца звыклай большасцю галасоў. Ніхто маральнай адказнасці не нясе і матэрыяльнай зацікаўленасці не мае. Таму і запускаюцца ў вытворчасць слабыя сцэнарыі. Увесь спадзеў -- на рэжысёрскі талент, бо эканоміка ў нас планавая і грошы, як ні круці, неабходна асвойваць. Створаны на «Беларусьфільме» аддзел маркетынгу і менеджменту, на жаль, падключаецца да працэсу толькі на канчатковым этапе, калі фільм гатовы і паўстае пытанне пра ягоны пракатны лёс.
Прадзюсерскую свядомасць, як лічу, меў М.Пташук, які не дазваляў сабе здымаць фільм па слабым ці недапрацаваным сцэнарыі. А ў групе ягонай заўжды працавалі лепшыя спецы: сцэнарысты, аператары, мастакі, акцёры... Ці не таму карціны былі паспяховымі? Анімацыя -- не жанр кінематографа
Мы настолькі прызвычаіліся лічыць галоўнай фігурай у кінематографе рэжысёра, што нават не задумваемся: ён жа ўсяго толькі наёмны работнік, якому ствараюцца ўсе ўмовы для выніковай працы. Гэта творца, запрошаны прадзюсерам. Калі не спраўляецца з пастаўленай задачай -- яго мяняюць на іншага. Так адбываецца ва ўсім свеце: з рэжысёрам заключаюць кантракт, дзе абумоўлены ўсе ягоныя стасункі з прадзюсерам. Для падобнага падыходу надта актуальнае пытанне жанру.
Не ўсе кінарэжысёры «многастаночнікі»: хтосьці моцны ў камедыі, хтосьці ў драме. Я штосьці не прыгадаю, каб апошнім часам узнімалася праблема жанравай чысціні. Больш таго, тут страшэнная блытаніна. У выніку анімацыю лічаць кінематаграфічным жанрам. Даводжу да агульнага ведама: мультыплікацыя -- самастойны від мастацтва, у якім прадстаўлены ўсе вядомыя жанры. Падкрэслю і тое, што анімацыя пачынаецца там, дзе заканчваюцца магчымасці ігравога кіно. Але чыноўнікі ад кінематографа прызвычаіліся мысліць настолькі маштабна, што абсалютна забыліся: мастацтва вымяраецца не
«Пастараль». 1997. |
«Мульцікі» -- сур’ёзнае мастацтва. Робяцца яны не толькі дзеля забаўкі. Анімацыйныя стужкі «Беларусьфільма» маюць пэўны аўтарытэт у прафесіяналаў свету. Доказ таму -- шматлікія прызы шматлікіх фестываляў. Але такімі карцінамі, як «Вожык у тумане», «Жыў-быў сабака», «Прыгоды Віні-Пуха», адначасова прывабнымі і для дзіцяці, і для эстэта, ганарыцца, на жаль, пакуль не можам. Спадзяюся, гэта толькі пытанне часу.
Дарасці да Майстра
Дарэчы, пра фестывалі. У свеце іх столькі, што часам ужо не разумееш: фестываль гэта ўвогуле ці шараговыя Дні кіно? Натуральна, наладзіць такія мерапрыемствы лічыцца прэстыжным. Атрымліваюцца яны па-рознаму. У 2004-м мне давялося ўдзельнічаць у рабоце міжнароднай селекцыйнай камісіі буйнейшага анімацыйнага фестывалю ў Хірасіме. З 1650(!) стужак было адабрана толькі 68. Безумоўна, удзел у такой падзеі надзвычай пашанотны, чаго нельга сказаць пра бясконцыя кінафэсты, для правядзення якіх ледзь набіраюць неабходную колькасць фільмаў. Якая ўжо тут гаворка пра селекцыю!..
Атрымліваць прызы прыемна і карысна. Але не варта цешыць сябе надзеяй на неаспрэчнасць уласнай геніяльнасці, бо ваш прыз зусім не гарантуе, што фільм калегі -- горшы. Варта дакладна вызначыць, на якой адлегласці ад стужак прызнаных майстроў знаходзіцца ваш твор. Калі атрымаецца -- ёсць шанец дарасці да Майстра. Да таго ж, існуе істотная розніца паміж прызамі, атрыманымі ў конкурсе, і прызамі заахвочвальнымі, ад грамадскіх арганізацый... «Беларусьфільм» пакуль бярэ колькасцю, якая, спадзяюся, калі-небудзь ды пяройдзе ў якасць.
Цяпер на нашай кінастудыі -- час сур’ёзных пераўтварэнняў. Маю на ўвазе рэканструкцыю будынка і матэрыяльна-тэхнічнай базы, якія прыйшлі ў заняпад. Маштабы рэканструкцыі ўражваюць. Але для каго яна? «Беларусьфільм» не можа пахваліцца асаблівымі дасягненнямі ў ігравым кіно. І лядашчая база тут не пры чым. Бо паралельна з айчыннымі рэжысёрамі на гэтай базе здымаюць свае шэдэўры П. і В.Тадароўскія, Г.Палока...
Эскізы да стужкі «На зары, у двары», 1985, мастак А.Мацюшэўская. |
Цудоўна разумею, што без фінансавання справа з месца не скранецца. Творцаў не вырасціць, калі не даваць ім магчымасці здымаць. Але частку бюджэтных грошай, якія выдаткоўваюцца на здымкі, варта выкарыстоўваць для вучобы кадраў. Банальна, але факт: скнара плаціць двойчы. А маладым нагадаю толькі адно: няма юнацтва без амбіцый, але з талентам і прафесіяналізмам яны ніколі не атаясамліваліся. Калі ігнараваць гэта, дык трыумф застаецца, па словах А.Чэхава, за самаўлюбёным невуцтвам...
Не сумняваюся, генеральны дырэктар «Беларусьфільма» з кадравай праблемай сутыкаецца штодзённа і, як падаецца, выдатна разумее яе значнасць. Але пустазелля на нашай дзялянцы пакуль хапае. Рэкультывацыі прагне зямля, рэкультывацыі!
Ад капейкі -- капеечны вынік
У адным з інтэрв’ю сказаў, што калі ў мяне будзе магчымасць здымаць фільм нават за капейкі, я ўсё роўна стану яго здымаць, бо кіно -- мае светаўспрыманне, светаадчуванне, светапогляд. І надта здзівіўся, калі калегі ўспрынялі гэтыя словы вельмі спрошчана і недакладна: «Волчак выступае за малабюджэтнае кіно!». Ды не казаў я гэтага ніколі, але сцвярджаў і сцвярджаю, што ад грошай таленту не прыбавіцца. Больш за тое, так званыя пастановачныя фільмы злачынна разглядаць як малабюджэтнае кіно, бо дасягнуць жаданага выніку за капейкі не атрымаецца, а патрачаныя фінансы -- гэта грошы на вецер.
І, бадай, апошняе ў гаворцы пра тое, якім павінна быць кіно. Як немагчыма ўявіць тэатр без глядзельнай залы, так немагчыма ўявіць кінематограф без пракату. І калі айчынныя карціны сябе не акупляюць, дык лагічна ўзяць пэўны працэнт на вытворчасць і падтрымку беларускіх творцаў з манапалістаў рынку -- з амерыканскіх фільмаў. Прынамсі, менавіта так робяць у іншых краінах.
Карацей, глядзі ў корань...
Ігар ВОЛЧАК