Упершыню ў гісторыі беларускага тэатра галоўны герой, праз прызму пачуццяў якога глядзельня ўспрымае сцэнічныя падзеі, — прадстаўнік нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Гэта фотамастак Ілля (Дзмітрый Рачкоўскі). У ягоных постмадэрнісцкіх інтэрпрэтацыях біблейскіх сюжэтаў і старажытных еўрапейскіх казак паўстае крызіс заходнееўрапейскай культуры. Гомасэксуальнасць, бясплоддзе, клімакс і іх перажыванне выклікаюць прагу «духоўнай апладнёнасці». Для Іллі доўгачаканым натхненнем і надзеяй на каханне становіцца малады гастарбайтар з ісламскага свету (Дзмітрый Ягораў). Аглухлы юнак прыдумляе сабе бога козыту, бо «калі казытліва, хочацца жыць». Ілля кліча новага сябра Цімам — у гонар упадабанка, які нядаўна памёр…
Мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага грузінскага драматычнага тэатра імя Валяр’яна Гунія, рэжысёр спектакля Давід Мгебрышвілі працуе буйнымі, вольнымі, яркімі мазкамі ў палітры ад жывых эмоцый да штучнай крыві. Ягоным палатном робіцца ўся арт-прастора «Сталоўкі XYZ». Да пытання пра інтэрактыўнасць сучаснага тэатра: я не памятаю спектакля, дзе глядзельня была б так шчыльна залучана ў дзеянне (напэўна, так пачуваліся гледачы на пастаноўках Шэкспіра ці Мальера).
Мастачка-пастаноўшчыца Тамара Ахікян увасабляе фатаграфічныя выявы мадоннаў Іллі, апісаныя ў драматургічным тэксце. У візуальным вырашэнні спектакля яна досыць стэрэатыпна звяртаецца да геаметрычных ліній і суадносін колераў (чырвонага, чорнага, белага і шэрага); пераканаўчым знакам непераадольнай дэпрэсіі галоўнага героя паўстае акно з чорнымі драпіроўкамі, што дастаюць да падлогі. Сімвал дапаўняецца графічным малюнкам на белай сцяне, які цытуе «Стварэнне Адама» Мікеланджэла.
Музычным лейтматывам абраны «Накцюрн № 20» Фрэдэрыка Шапэна (а эпізодам, дзе Ілля звяртаецца да новых інтэрпрэтацый — выявы Чырвонай Шапачкі, Дзяўчынкі з запалкамі, Дзюймовачкі, — папярэднічае дыктарскі тэкст, што зусім залішне). Цягам дзеяння ён успрымаецца дакучліва. Лепшым рашэннем магла б зрабіцца акцэнтна-ўмоўная музычна-гукавая партытура без вызначаных (і адназначных) адзнак.
Спектакль патрабавальны да артыстаў — і таму што адлегласць ад гледачоў мінімальная, і таму што тэкст драматурга віртуозны. Асобныя сцэны вырашаюцца праз відэа — прафесійна зробленае чорна-белае кіно, трансляванае на два імправізаваныя экраны, а гэта вымагае спрытнай працы ў розных мастацкіх плоскасцях. Бясспрэчная акцёрская перамога — складаны маналог маці Іллі буйным кінематаграфічным планам у выкананні Ганны Маланкінай: часам мы кахаем роўна настолькі, наколькі можам, але для таго, каго мы кахаем, гэтага нікчэмна мала…
Натурніца Іллі Ева (Марына Дзямідчык-Здаранкова) не можа мець дзяцей ад бясплоднага багатага мужа, а спробы зацяжарыць ад іншых мужчын застаюцца няўдалымі. Сярод постмадэрнісцкіх мадоннаў з карцін Іллі прыроду мужчынскай гомасэксуальнасці Мікалай Рудкоўскі небеспадстаўна бачыць у адносінах з маці (у пацвержанне гучыць малітва Евы да Панны Марыі). Ева просіць Іллю пра дзіця — і толькі з ім яе мара спраўджваецца, бо яе сябра-гей — менавіта той мужчына, якога яна кахае душой.
Экспазіцыя дзіўных мадоннаў не прыносіць Іллі творчага здавальнення. Цім пытае ў Іллі: «Ты хочаш трапіць у рай?..» — і гэтае пытанне бачыцца не выпадковым, а сустрэча стае апошняй: забіваючы Іллю, Цім выпраўляе яго ў той самы рай…
Часам, сустрэўшы чалавека, цвёрдага ў перакананнях ды паслядоўнага ў памкненнях, немагчыма не ўсцешыцца гэтым знаёмствам — нават калі ягоных поглядаў ты не падзяляеш. Новы праектны тэатр «HomoCosmos» напрацоўвае свой непаўторны рэпертуар і спраўджвае мастацкую місію сацыяльнай дэтабуізацыі. Драматычная фотасесія пакідае вострую прагу Кахання і прысутнасці Бога.
Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі