Венецыянскае біенале сучаснага мастацтва дадае да звычайных летніх натоўпаў ахвочых напаўзатопленай рамантыкі процьму аматараў найноўшага арту, рэклама шматлікіх выстаў выціскае з банераў і бартоў водных трамвайчыкаў спажывецкую рэкламу, адчыняюцца і напаўняюцца інтэрнацыянальнай арт-тусоўкай запусцелыя кафэшкі вакол біенальных лакацый і не толькі. «Жыве жывое мастацтва!» — дэвіз сёлетняй біенале, абраны куратаркай, францужанкай Крысцін Марсэль, вельмі дарэчны, бо дэкларуе відавочную жыццесцвярджальнасць нашай мастакоўскай справы. Але не толькі ў дачыненні да канкрэтнага месца — значна шырэй! Па словах Крысцін, менавіта мастацтва — «каталізатар чалавечых стасункаў, якія караняцца ў прыродзе і космасе, узвышаючы нас да духоўных вымярэнняў… Яно ўздымае і настаўляе нас. У часы глабальнага хаосу мастацтва заключае ў сябе жыццё, нават сярод непазбежных сумненняў».
Не варта прыкідвацца надта разумным і руцінна памнажаць тыповыя справаздачы з вышыні наднацыянальнага досведу накшталт «Венецыянская біенале — абсалютна рэакцыйны праект, які сябе вычарпаў» (ці «прагрэсіўны форум дэманстрацыіі найноўшых мастацкіх дасягненняў, у гэтым годзе асабліва цікавы», як варыянт) альбо «Топ-дзесяць біенальных павільёнаў». Лепш зірнуць на сёлетняе біенале з пункту гледжання нашай лакальнасці, праз іранічна прыжмураныя шчылінкі вачэй «тутэйшага». Каб, разважаючы ў нацыянальнай манеры — крытычна і, зразумела, функцыянальна, — высветліць, дзе ж нашае месца на гэтым свяце сусветнага арт-жыцця?
Што робіць тыповы беларус, калі займаецца нейкай справай у грамадзе? Глядзіць, каб было не горш, чым у суседзяў. І што ж там набіеналілі нашы геаграфічныя суседзі?
Вось расійскі павільён, дзе адначасова камісарыць і куратарыць рэктар піцерскай «рэпінкі» Сямён Міхайлоўскі. Пад сусветастваральным канцэптам «Theatrum Orbis» сабраны выдатныя, інтэграваныя ў міжнародныя кантэксты мастакі, чаго варты толькі Грыша Брускін, сапраўдны постсавецкі выразнік савецкай эпохі! Цудоўная праца з прасторай і аб’ёмам (пераважна скульптурным); выкарыстанне модных 3D-мапінга і дапоўненай рэальнасці; музыкальны перформанс у якасці паўнавартаснага складніка праекта; добрыя тэксты ў шыкоўна выдадзеным каталогу; гарэлка і асятрына на шматлюдным адкрыцці.
Адчуваюцца сур’ёзныя фінансавыя ўкладанні — куды нам да суседзяў з усходу! Аднак, пры ўсіх тэхнагеннасці, складанасці і эфектнасці, іх павільён не дацягвае да заяўленай глабальнасці зместу, бо аўтарскія пасланні чацвёркі экспанентаў не складаюцца ў крэшчэнда сэнсу... Прынамсі гэта распаўсюджаны венецыянскі казус, датычны нацыянальных рэпрэзентацый. Нібыта ўсё робіцца паводле правільных біенальных рэцэптаў, а павільён «не працуе» — нават такі яркі і прывабны, што навагодняя ялінка. Хоць бывае і ўдала наадварот: у цяперашнім, напрыклад, павільёне Карэі (праект «Контр-Баланс» куратарства Лі Дайхунга), мэсэджы двух мастакоў збіраюцца шчыльна — як канструктар «Лега». Агульная паўночна-паўдзённая карэйская гісторыя гучыць нават ва ўнісон з крытыкай сучаснай капіталістычнай светабудовы. Але зноў жа — у павільёне Аўстрыі зоркі-антыподы Эрвін Вурм і Брыджыт Кованц папросту разведзеныя ў дзве розныя залы — прыўкрасныя, але нічым і ніяк не аб’яднаныя. Карацей, як пашчасціць.
Вернемся да суседзяў — павільёна Літвы. Ён заўсёды асаблівы, бо мы зайздросна памятаем аж два Спецыяльныя ўзгадванні нашых былых суайчыннікаў на дзесяць венецыянскіх выступаў, камісарам большасці з якіх быў наш добры знаёмы Кейстуціс Куйзінас. Нязменны дырэктар вільнюскага ЦСМ, дзе ён аднойчы зладзіў выдатную выставу найноўшага беларускага мастацтва. На жаль, на юбілеі свайго венецыянскага прадстаўніцтва павільён не прагучаў. Вытанчаная мастацкая інсталяцыя Жальвінаса Ланзбергіса сабрала шэраг рэчаў і з’яваў, што пачынаюцца на літару «р», назва экспазіцыі адпаведна «Р» — гэта дзіўна, як ні канцэптуалізуй. У дадатак нашы літоўскія калегі яшчэ і прымудрыліся амаль цалкам дэканструяваць звышвыразную архітэктурную прастору, якая дасталася ім для павільёна. Муляж велізарных «р»агоў, які няроўна стаіць на сярэднявечнай надмагільнай пліце… А яшчэ — закрытая паперай на каркасе з неапрацаванага бруса архітэктура, чорна-белая, наўмысна прымітыўная графіка — у простым белым кубе глядзелася б нармалёва, але ў барочным культавым будынку ХVІІ стагоддзя? Нават арт-дэгустацыйны праект, што прыкладаўся да павільёна, не выправіў суседскія недарэчнасці.
Затое павільён Латвіі ў Арсенале — прыгожы і жудасны адначасова. Макабрычны абсурд «Што можа пайсці не так» мастака Мікеліса Фішэрса — а шмат чаго, як высвятляецца. Пякельныя пачвары, што займаюцца забойствамі і гвалтам — у графіцы, жывапісу і велізарнай светлавой дыяраме «Рэптылоід абезрухоўвае галюцынуючых дарвіністаў» на тле чорным як ноч. Нечакана і крута, але неяк нацыянальна неідэнтыфікавана — бо штосьці не рэпрэзентуе нечага спецыфічна латышскага. Можа, і няблага?
Палякі надта правільна і сур’ёзна звязваюць сучаснасць і гісторыю. Высілкамі куратарскай каманды «Захэнты» яны выстаўляюць амерыканку Шэран Локхарт, якая стала пераможцай конкурсу на лепшую прапанову для павільёна. Мастачка працуе з польскім матэрыялам: у калабарацыі з падлеткамі з аднаго з польскіх сацыякультурных юнацкіх цэнтраў яна па-мастацку рэканструюе «Малы агляд» — друкаванае дзіця вядомага польскага педагога Януша Корчака. Так, мы ведаем, што гэта газета, якая выдавалася дзецьмі для дзяцей пад кіраўніцтвам Корчака, і захапляемся чалавечым подзвігам педагога, які палічыў лепшым за выратаванне смерць разам са сваімі выхаванцамі ў сорак другім. Адсылкі да гісторыі вельмі кранальныя, але… прыгожыя дзяўчынкі, што дэманстратыўна гартаюць нумары «Агляду» і амаль гламурна пазіруюць для відэа, не вельмі пераканаўча сумяшчаюцца з заяўленымі ідэямі праекта. Больш цікавай і сумленнай выглядае яшчэ адна польская выстава, таксама гістарычная — у паралельнай праграме біенале. Экспазіцыя выдатнага польскага матэматыка і мастака, папярэдніка лічбавага мастацтва Рышарда Вінярскага, арганізаваная Фундацыяй сям’і Старак. Матаем на тутэйшы вус: нацыянальна рэпрэзентавацца можна «шырокім фронтам мастацтваў» — не толькі павільёнам, але і некалькімі (пажадана добрымі) праектамі.
Мабыць, толькі ўкраінцы здолелі выразна згуляць на сваёй цяперашняй грамадска-палітычнай сітуацыі. Сімвалам бягучых змен (з экспазіцыі не вынікае, ці да лепшага) найперш стаў конкурс куратарскіх канцэпцый — ва Украіне ён быў праведзены ўпершыню. У выніку краіна прадстаўлена вострасацыяльным фотамастацтвам маладых аўтараў. А хэдлайнер павільёна — Барыс Міхайлаў — паказаў фотапраект «Парламент», які літаральна дэканструюе заяўлены ў назве феномен новачаснага ўкраінскага грамадства. Здаецца, скажоныя дыгітальным шумам твары ўкраінскіх дэпутатаў на шырокафарматных прынтах знятыя наўпрост з тэлевізара з кепскай трансляцыяй.
Нашы нядаўнія суседзі па савецкай прасторы, ад чаго пакуль агульнай застаецца прастора культурная, таксама цікавыя — найперш шляхамі, на якіх будуюцца іх уласныя венецыянскія прадстаўніцтвы. Тут два выразныя полюсы. Першы — Грузія і падкрэсленая аўтэнтычнасць. Зачынены драўляны дамок Важыко Чачхіяні ў праекце «Жывы сабака ў асяроддзі мёртвых львоў» вывезены з Грузіі і зноўку сабраны ў Арсенале. У напоўненым арыгінальнымі рэчамі інтэр’еры безупынна ідзе дождж. Шоргат капель, пах мокрага дрэва і, напэўна, натуральнае разбурэнне знутры з цягам часу — прыкладаюцца да моцных візуальнасцей праекту. Другі — Азербайджан, які стварае «пазітыўны імідж краіны» ўсімі наяўнымі сродкамі. Назва азербайджанскага праекта — «Пад адным сонцам. Мастацтва жыць разам» — расцягнутая на цэлы фасад палаца, укліньваецца ў сярэдзіну самага знанага венецыянскага віду набярэжнай Сан-Марка. І шматпакаёвы павільён у самым цэнтры, ля моста «Акадэмія», у якім — камплект навамодных тэхналогій і адпаведных беспраблемна-дэкларатыўных пасланняў. Паміж грузінамі і азербайджанцамі — розныя рознасці: тут і літаральныя золата/бляск Арменіі, і іранічны low-tech футурызм Эстоніі, і… гэта ўсё, бо астатнія незалежныя постсавецкія краіны не паклапаціліся пра сваю афіцыйную прысутнасць на 57-м Венецыянскім біенале.
А зараз да астатніх 75-ці нацыянальных павільёнаў! Тут шмат для нас цікавага, але, напэўна, цікавейшымі будуць ніжэйназваныя тры.
Калі маюць рацыю навукоўцы і канцэпт «тутэйшасці» сапраўды пабудаваны на адмаўленні нацыянальных маркераў, з дапамогай якіх дамінуючыя нацпраекты імкнуцца «тутэйшых» падпарадкаваць, то апафатычныя чысціня і прыгажосць італьянскага павільёна ў Арсенале павінны нам імпанаваць. Пад назваю «Il mondo magico» («Чарадзейны сусвет») нам прапануецца шэраг цудаў. Тут сапраўдная фабрыка па вытворчасці мошчаў —«Імітацыя Хрыста» аўтарства Раберта Куогі. На вачах шакаваных гледачоў ствараюцца — з дапамогай сучасных скульптурных тэхналогій — поўнафігурныя скульптуры распятага Езуса з расліннага жэлаціну — і адпраўляюцца ў кароткае плаванне па хвалях часу на сталах імправізаванай баракамеры. У фінале — татальная дэканструкцыя з дапамогай нажа і высокай тэмпературы. А яшчэ супакой і ніякасць адлюстраванага вадою аголенага каркасу столі (накшталт нашага Палаца мастацтва), які сыходзіць у цемру люстэркавай перспектывы, — містычная праца другога італьянскага мастака Джоржыа Адрыёта Кало.
Нам безумоўна спадабаецца звышіранічная спроба стварэння штучнага нацыяналізму, рэпрэзентаваная з дапамогай відэа і аніматранічных марыянетак у павільёне Фінляндыі, — вынік сумеснай працы двух мастакоў: Натаніэля Мэларса (ЗША) і Эркі Нісенена (Фінляндыя). У сваёй інсталяцыі «Тубыльцы Аальта», што заняла ўвесь павільён, створаны славутым фінскім архітэктарам Алварам Аальта, Мэларс і Нісенен пераканаўча і таленавіта здзекуюцца з наяўных стэрэатыпаў пра гісторыю і нацыянальную ідэнтычнасць Фінляндыі, а таксама з бюракратыі, ксенафобіі, нецярпімасці ды іншых «харостваў» сучаснасці, даводзячы іх да абсурду.
Глытаючы мінулагодні бутафорскі дым на адкрыцці выставы Анне Імхоф у берлінскім «Хамбургер Банхоф», на тамтэйшым Тыдні мастацтваў ужо можна было меркаваць, што татальнае дзеянне з выкарыстаннем жывёл, оперных спеваў і, уласна, нас — наведвальнікаў — гэта нешта новае. І вось «Залаты леў» Венецыянскага біенале за лепшы нацыянальны ўдзел дастаўся менавіта ёй, а дакладней — павільёну Германіі. Прастора павільёна падзелена шклянымі перагародкамі, якія аддзяляюць часткі пяцігадзіннага перформансу «Фаўст» адна ад адной толькі намінальна. Перформеры перасоўваюцца паміж гэтымі пранікальнымі прасторамі, дзеі адбываюцца на некалькіх узроўнях, але найчасцей у натоўпе гасцей павільёна, што знаходзяцца літаральна ў яго сярэдзіне — паднятыя над узроўнем зямлі шкляной падлогай. Магчыма, з гэтай падвісласці ў прасторы і пачынаецца адчуванне няўпэўненасці і трывогі, што культывуе павільён. Вытанчаныя постаці перформераў перамяшчаюцца па памяшканнях, іх дзеянні, з аднаго боку, нагадваюць звычайныя паўсядзённыя рухі, а з іншага — таямнічыя рытуалы. Выдатна адрэжысараваныя кантрапункты — паўзы і канцэнтрацыі шматкропачнай падзеі, без мішуры касцюмаў і сімвалізму. У функцыянальнасці, цынічным «выкарыстанні» акцёраў і гледачоў нібыта можна ўгледзець эстэтыку Трэцяга рэйху — і гэты папрок не раз даводзілася чуць, — але хочацца верыць, што адпаведныя алюзіі прысутнічаюць у праекце толькі ў якасці крытыкі. Як бы там ні было, нямецкі павільён — адно з наймацнейшых уражанняў сёлетняга біенале. Бярэ за жывое, калі нехта побач пачынае ўрачыста і надрыўна спяваць. Ты — частка перформансу, частка мастацтва.
З пазіцый нашай «тутэйшасці» бессаромнай выглядае непрыкрытая дэманстрацыя сімвалаў сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці — толькі ўявіце сябе нашых зубра/бусла/выцінанку ў Венецыі! А некаторыя краіны гэта робяць! Напрыклад, Уругвай, які запускае наведвальнікаў у варонку драўлянай канструкцыі — рэплікі традыцыйнага мясцовага прыстасавання для селекцыі дамашніх жывёл. Праект «Закон варонкі» мастака Марыё Сагардзіні нібыта звязвае нацыянальнае з агульначалавечымі праблемамі адсутнасці выбару і несвабоды. Павільён Новай Зеландыі — адзін з маіх улюбёных, на шматметровай панараме тэатральна зменьваюцца падзеі тамтэйшай гісторыі. Напэўна, значна рамантызаванай, — а зрэшты, якая розніца? Мультыканальнае відэа Лізы Рэйхана «У пагоні за Венерай [інфіцыравана]» уражвае не толькі эпічнасцю наратыву, але і манументальнасцю яго візуалізацыі.
Адваротны бок фіксацыі на нацыянальным — яго фальклорныя канцэпты. Пабудаваныя на звязванні гістарычных культурных каштоўнасцей з сучаснасцю, што выглядае даволі штучна. Характэрны прыклад — павільён Ірака «Архаіка»: пры наяўнасці грунтоўных складнікаў нацыянальнай рэпрэзентацыі — канцэпцыя, прастора (у добрым месцы), каталог — няма нечага кранаючага, што б выходзіла за рамкі.
«Тутэйшасць» не адмаўляе асобу, і павышана асобасныя павільёны вельмі яе цешаць: Чэхіі ды Славакіі, дзе ладзіць свой «Лебядзіны спеў» Яна Жалібска — з відэапраекцыі вады і пластмасавых ліхтароў-лебедзей; Канады, у якім Джэфры Фармер ператварае складаныя мастацка-філасофскія канцэпты ў фантаны вады, пульсуючыя ў залежнасці ад прысутнасці і становішча гледачоў.
Мае сэнс звярнуць увагу на штучныя канцэпцыі-сітуацыі, што выглядаюць вельмі жвава ў асобных павільёнах: грэчаскага, дзе мы становімся сведкамі сімуляванай катастрофы, выкліканай мутацыяй нейкага вірусу («Лабараторыя дылем» Георга Дрываса); ізраільскага — тут па матывах біблейскага падання Гал Вейнштэйн «Спыняе сонца», выкарыстоўваючы розныя інсталяцыйныя тэхнікі і матэрыялы. Да гэтага, напэўна, «Мір на зямлі!» Гаялы Варнаі, што прадстаўляе Венгрыю, таксама з’яўляецца цалкам нерэальна-ўтапічным маніфестам.
Атракцыён заўсёды мае поспех — бяскрыўдна-правакатыўная інтэракцыя. Сёлета — павільён Туніса, закамуфляваны пад тыповы пашпартны кантроль на некалькіх кропках Венецыі. Да яго вышнуроўваюцца немалыя чэргі жадаючых атрымаць універсальны — і, вядома, фіктыўны — дакумент для падарожжаў ва ўсе краіны свету.
Яшчэ колькі тэмаў, звязаных з бягучымі беларускімі дыскурсамі.
Чысціня і цяга да парадку падвяргаюцца сумневу літаральна ў кожным чацвёртым павільёне. Пасля нядаўняга траўматычнага досведу даказвання, што выдатныя творы беларускіх мастакоў трэш-арту не з’яўляюцца смеццем і павінны прысутнічаць у экспазіцыі рэспубліканскай выставы сучаснага мастацтва (іх удалося адстаяць) з задавальненнем адзначу, што эфектныя экспазіцыі Вялікабрытаніі («неразважлівасць» Філінды Барлаў) і ЗША («Заўтра — іншы дзень» Марка Брэдфарда) зроблены пераважна са смецця. Ды як зроблены!
Дарэчы, матэрыял можа зрабіць нацыянальную рэпрэзентацыю асаблівай. Як сталася ў павільёне Андоры «Мармыры» (Murmuri — ад «мармытанні») мастачкі Эве Арыза — сцены залы, цалкам пакрытыя «галаснікамі» сотняў цагляных глечыкаў, каб захоўваць рэха чалавечых мармытанняў. Цэгла розных колераў, у залежнасці ад тэмпературы абпалу, працуе разам з натуральным гукам пустэчы керамічных аб’ёмаў. Ці чысты гук у павільёне Францыі, ператвораным у выставу музычных інструментаў, канцэртную пляцоўку і адначасова студыю гуказапісу. «Студыя Венецыя. Музычны Merzbau» — інсталяцыя Ксаўе Вейльяна. Тут можна паслухаць гульню музыкаў розных напрамкаў і самому сыграць на інструментах, некаторыя з якіх створаныя спецыяльна для павільёна. Час працы студыі ўжо распісаны для запісаў шэрагу прафесійных музыкаў.
І месца, бо не ўсім краінам-удзельніцам пашчасціла займець уласны павільён у Садах Джардзіні. Ёсць яшчэ Арсенал, але параметры выставы абмежаваныя там цаглянымі сценамі і прамавугольнымі прасторамі. Нягледзячы на адзін велізарны плюс — выстава ў біенальным месцы, дзе доступ наведвальнікаў забяспечаны, — шмат краін абіраюць для павільёна аўтаномныя гарадскія лакацыі. Адкінуўшы пытанні лагістыкі — напэўна, не так цяжка пралічыць наведвальнасць павільёна ў залежнасці ад турыстычных маршрутаў і блізкасці да асноўных біенальных праектаў, — трэба разумець, што Венецыя — гэта горад з характарам, з якім немагчыма змагацца, але які можа гучаць ва ўнісон. Не назіралася грунтоўнага ўзаемадзеяння мастацтва з месцам яго экспанавання ў «мабільных» нацыянальных павільёнах —відаць, праз недахоп часу на экспазіцыйную працу. Але сярод паралельных і калябіенальных праектаў ёсць вельмі яскравыя прыклады адпаведнага ўзаемадзеяння. Рэтраспектыва Мікеланджэла Пісталета — сумаштабная манументальнасці і раскошы архітэктуры былога бенедыктынскага манастыра на востраве Сан-Джорджыа-Маджоры. Нарэшце, Дэміен Хёрст, што годна ўварваўся аж у два найпрыгажэйшыя венецыянскія палацы Фонду Франсуа Піно, стварыўшы там цэлыя фіктыўныя «музеі».
Ідэал — экспазіцыя «Адзін мільён гадоў» Он Кавары. Яна стоадсоткава трапіла ў цэль, зводзячы час у манатоннасці пералічвання датаў і час, закансерваваны ў невялічкай венецыянскай капліцы Араторыі дзі Сан-Людовіка.
Дрэнна — «Future Generation Art Prize», экспанаваны яго заснавальнікам, украінскім мецэнатам Віктарам Пінчуком у аўтэнтычным Палацы Кантарыні-Паліньяк, фасад якога выходзіць акурат на Гранд-канал. Маладыя мастакі з усяго свету паўдзельнічалі ў конкурсе, абвешчаным Пінчуком, — перамаглі самыя годныя. Але Палац, у сваю чаргу, перамог усе творы сучаснага мастацтва. Ён аказаўся выразнейшым за ўсё, што ў ім экспанавана. Штучнаму мастацтву змагацца з сапраўднасцю венецыянскіх інтэр’ераў бессэнсоўна — яшчэ раз згадаем літоўцаў.
Беларусь пакуль турбуюць ідэі кшталту «мастацтва дзеля мастацтва», і вытанчанае мастацтва-мастацтва ў Садах Джардзіні таксама маецца. Напрыклад, у выкшталцоным павільёне Японіі — «Перакулі нагамі да гары — і гэта лес» Такахіра Івасакі — ажурныя пад’ёмныя краны, апоры ЛЭП і іншыя ўрбаністычныя маркеры сучасных скайлайнаў уздымаюцца з ландшафтаў, складзеных з бытавых рэчаў. Аднак экспазіцыя не пазбаўленая вострасюжэтнасці, бо прысутныя ў ёй макеты пабудоў датычныя посткатастрафічнага досведу мастака ці, хутчэй, тэрыторыі, да якой мастак належыць. Ён паходзіць з Хірасімы — японскага горада, знішчанага атамным бамбаваннем у апошняй сусветнай вайне.
Біенале дэманструе актуальнасць дыскурсу цялеснасці ў мастацтве, але цела ў Венецыі — тэма для асобнага артыкула, спадзяюся, на яго хопіць сілаў.
Здаецца, мы крочым верным шляхам, конкурсна адбіраючы для павільёна менавіта праекты. Досвед іншых краін дэманструе нам, што выстава заслужанага суайчынніка — гэта, бадай, асобная нацыянальная выстава ў паралельнай праграме біенале. Вастрыня выказвання не залежыць ад аўтарытэту мастака — хутчэй ад здольнасцей куратара.
Наша «тутэйшасць» не выключае іншых фарматаў мастакоўскіх калабарацый, прыкладаў якіх зашмат у Паралельнай праграме біенале. Су-даследаванні ў межах Антарктычнага біенале і аднайменнага павільёна, арганізаванага нястомным даследчыкам мастаком і мараком Аляксандрам Панамаровым. Су-творчасць — у прынцыпова новым і нечаканым матэрыяле — шкле, — доступ да якога прадастаўляе неўтаймоўны Адрыяна Бярэнга на ўласнай фабрыцы па вытворчасці шкла. У выніку атрымліваюцца моцныя экспазіцыі «GLASSTRESS», складзеныя са шкляных твораў сусветна вядомых мастакоў. Су-экспанаванне — прыкладаў сумесных выстаў мастакоў з розных краін не мае сэнсу нават пералічваць: яны складаюць большасць венецыянскіх праектаў.
На жаль, у асноўным праекце 57-га Венецыянскага біенале няма ніводнага беларускага мастака. Таму марна шукаць там тутэйшыя сугучнасці — хоць яны, безумоўна, ёсць. Цалкам адпавядае нашым сучасным рэаліям «спячы мастак» казахстанцаў Алены і Віктара Вараб’ёвых; пранікальнасць-непранікальнасць дзвярэй-парталаў славенца Вадзіма Фішкіна і мексіканца Себасцьяна Дзіяса Маралеса; дасканаласць каменных паверхняў берлінцаў Марычэна Данза і Алісьі Квадэ; гульні з маштабамі аргенціна-амерыканкі Ліліяны Портэр. І шмат яшчэ чаго падобнага да нашага, але мы відавочна здольныя прынесці ў любую інтэрнацыянальную выставу нешта сваё, аўтэнтычнае.
У крайнім выпадку беларусы маглі б увайсці ў асноўны праект хоць у якасці экзотыкі. Як гэта зрабіў выбітны прадстаўнік мастакоў-інуітаў — тутэйшага насельніцтва Канады — Канагінак Путугуук. У Канадзе (перша)нацыянальнае мастацтва мае лакальную вобласць распаўсюджання і асобнае гета калекцыянераў-аматараў, але ў экспазіцыі Венецыянскага біенале якасны ўзор нацыянальнай унікальнасці выглядае цалкам годна.
Дзе беларусы сярод 120-ці ўдзельнікаў асноўнага праекта? Пры тым, што існавала магчымасць заявіцца да ўдзелу праз сайт біенале! Ці многія гэта зрабілі? Ці ўвогуле нехта зрабіў? Як бы там ні было, наша прысутнасць на 57-м Венецыянскім біенале мінімальная. Здаецца, толькі Андрэй Лянкевіч у міжнародным паралельным праекце «Персанальныя структуры» і мы з Аленай Златкавіч, далучыўшыся да ініцыятывы расійскіх сяброў-арганізатараў «Адзіночнага пікету». Спадзяюся, да Венецыі дабраўся і Руслан Вашкевіч са сваёй сацыяльна-мастацкай ініцыятывай…
Паболей імпэту, калегі! Падтрыманы дзяржавай нацыянальны павільён — выдатная, але не адзіная магчымасць паказаць сябе ў прыўкраснай біенальнай Венецыі, дзе абавязкова варта пабываць.
Павел Вайніцкі