Сучасны малады гараджанін, сталы наведнік розных імпрэз, цягнецца да інтэрактыву. Лекцыі, семінары, майстар-класы часам прыцягваюць больш увагі, чым самі кінапаказы. «Паўночнае ззянне» прапанавала збалансаваную праграму, у якой знайшлося месца і паказам, і сустрэчам з адмыслова запрошанымі гасцямі — ад прадзюсараў і рэжысёраў з краін Паўночнай Еўропы да медыйнай знакамітасці, маскоўскага кінакрытыка Антона Доліна. Лекцыю апошняга цяжка назваць нейкім выключным даведнікам па скандынаўскім кіно, гаворка ішла якраз пра самыя яркія імёны нашага часу — Ларса фон Трыера, Рое Андэрсана, Акі Каўрысмякі, а «Паўночнае ззянне» сёлета зіхацела іншымі аўтарамі, кожны з якіх быў па-свойму незвычайным.
Галоўная рыса пераважнай большасці фільмаў сёлетняй праграмы — глыбокі ўнутраны канфлікт кожнага героя. Дзіўным чынам гэты канфлікт адклікаецца ў розумах і сэрцах гледачоў іншых краін і менталітэтаў.
Так, «Каменнае сэрца» рэжысёра Гунмундура Арнара Гудмунсана — гэта гісторыя падлеткавага сталення і сяброўства. Сюжэт карціны разгортваецца на фоне ашаламляльных самадастатковых краявідаў Ісландыі. Менавіта дзякуючы кантрасту фантастычнай прыроды і перажыванняў герояў канфлікт у фільме атрымлівае выбітнае гучанне. Тут, як і ў шэрагу іншых карцін «Паўночнага ззяння», узнікае тэма «іншага» і яго спробы ўпісацца ў «нармальнае» грамадства: адзін з падлеткаў пакутліва ўсведамляе сваю гомасэксуальнасць.
Ісландскае кіно яшчэ не так даўно абмяжоўвалася парай-тройкай імёнаў. І вось ужо можна казаць пра яго як пра паўнавартасны брэнд. Самым незвычайным фільмам праграмы стала «Усім відовішчам відовішча». Шырока вядомы па сваёй карціне «Пра коней і людзей» рэжысёр Бенедыкт Эрлінгсан змантаваў кінахроніку розных цыркавых прадстаўленняў, спартыўных і эстрадных шоу, а музыканты знакамітай ісландскай групы «Sigur Ros» напісалі музыку адмыслова для візуальнага шэрагу. Гэты фільм без закадравага тэксту выклікаў у гледачоў адчуванне таго самага сакраменту, якое ахоплівала наведнікаў першых сінематографаў у кірмашовых балаганах часоў братоў Люмьер.
У цэлым «Іншы» — вельмі актуальная тэма для краін Паўночнай Еўропы. Заснаванае на прынцыпе адкрытасці грамадства раптам сутыкнулася з наплывам мігрантаў, якія не могуць адаптавацца да новай для сябе культуры. Паказальна, што ў праграме «Паўночнага ззяння» сёлета не было карцін пра міграцыю (за адным выняткам — дацкай стужкай «Разіта» рэжысёркі Фрэдэрыкі Аспёк). У большасці фільмаў людзей нееўрапейскай знешнасці нават не было ў кадры! Можна выказаць здагадку, што скандынаўскія аўтары стараюцца не чапаць вострую і хваравітую тэму. Нават кінапрыпавесць «Нарвежскі дамок» Яна Вардзёена, галоўны герой якой — мігрант з нейкай паўднёвай краіны, распавядае не пра прыезджага, а пра мясцовых. «Нарвежскі дамок» — яркае сатырычнае выказванне пра саміх нарвежцаў, іх комплексы і асаблівасці палітычнага жыцця. Адзначым, што беларускі глядач цёпла прымаў жарты, прызначаныя толькі для нарвежскага гледача. Фільм прадстаўляў сам рэжысёр, які даў у Мінску яшчэ і два надзвычай цікавых майстар-класы, дзе расказваў пра асаблівасці фінансавання незалежнага кіно ў Нарвегіі.
«Іншыя» ў фільмах «Паўночнага ззяння» — перадусім людзі, якія з той ці іншай прычыны выбіваюцца з агульнага ладу. Як, прыкладам, герой шведскай драмы «Гігант». Трыццацігадовы Рыхард пакутуе на рэдкае генетычнае захворванне і, здавалася б, вырачаны на адзіноту. Але экзатычная для Скандынавіі гульня ў петанк прыносіць яму не толькі сяброў, але і заслужанае прызнанне. Што, праўда, не ратуе яго ад наступстваў сямейнай трагедыі. Рэжысёр Ёханэс Нюхольм знайшоў выдатны спосаб паказаць унутраны эмацыйны свет Рыхарда. Рэжысёр дэманструе драму свайго героя ў дзвюх плоскасцях — рэалістычнай і абсалютна казачнай, фантазійнай. Гэты незвычайны прыём стварае неверагоднае ўражанне. «Гігант» разбурае пашыраны стэрэатып пра скандынаваў як пра малаэмацыйных людзей. Трагічная гісторыя Рыхарда не зводзіцца толькі да праблемы жыццёвай адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта магутнае гуманістычнае выказванне, што нячаста ўбачыш у кінематографе апошнім часам.
Анатацыя фільма «Паўкроўка» насцярожвала — сюжэт пра саамскую дзяўчыну, якой давялося трываць розныя знявагі, каб стаць сваёй у шведскім грамадстве, грашыць выразным ухілам у паліткарэктнасць, што ў апошнія дзесяцігоддзі стала агульным месцам еўрапейскага кіно, часцяком нічога не дадаючы да мастацкага ўзроўню. У фільме Аманды Кернэль сапраўды ёсць вызначаная палітычная зададзенасць — гаворка ідзе пра тыповы комплекс віны перад карэннымі народамі. Але яркая, пранікнёная ігра выканаўцы галоўнай ролі Лены Сесіліі Спарак ператварыла «Паўкроўку» з маралізатарскай гістарычнай агіткі ў карціну пра сілу чалавечага характару.
Пра сілу характару распавядаў і фільм афіцыйнага адкрыцця фэсту — «Маленькія крылы» Сельмы Вільхунен. Фінскае кіно дагэтуль знаходзіцца ў арэоле славы братоў Каўрысмякі. Гэтым разам можна было ўбачыць, што постмадэрнісцкая іронія Акі Каўрысмякі — не адзіны шлях развіцця для мясцовых аўтараў. Сельма Вільхунен паказала рэалістычную драму сталення з добра прадуманым сюжэтам і выпісанымі характарамі — безумоўна, адзін з лепшых фільмаў сёлетняга «Паўночнага ззяння». Гісторыю заснавання знакамітай фінскай рок-групы «Apulanta» «Народжаныя ў Хэйнала» зняў адзін са стваральнікаў групы Туука Тэманен. Гэтую простую, на першы погляд, стужку можна лічыць выдатным спосабам прэзентацыі сваёй краіны на сусветнай арэне: цяжкі рок — адзін з самых пазнавальных фінскіх брэндаў.
«Афтэпаці» Патрыка Сіверсэна (знятае без прыцягнення сродкаў мясцовага кінаінстытута, як і «Нарвежскі дамок») распавядае пра адзін вечар з жыцця дзвюх сябровак. Стужка, зробленая ў стылі, блізкім да знакамітай дацкай «Догмы», ставіць смяротны дыягназ цэламу пакаленню і ледзь не ўсёй сучаснай еўрапейскай цывілізацыі, якая дасягнула стадыі максімальнага матэрыяльнага дабрабыту і страціла стымулы для далейшага развіцця.
Здавалася, у вызначаным тупіку знаходзіцца і герой драмы Расмуса Хейстэрберга «У крыві». Почырк дацкага рэжысёра блізкі да стылю Патрыка Сіверсэна. Вось толькі высновы пасля прагляду «У крыві» можна зрабіць зусім іншыя. Герой дацкай карціны куды маладзейшы за гераінь нарвежскай гісторыі. Яго ўнутраны крызіс адбываецца не ад гультайства і бяздзейнасці, а наадварот — ад напоўненасці жыцця. Малады доктар знаходзіцца на жыццёвай ростані — юнацкасць дорыць неверагодную магчымасць выбару, але выбар гэты выглядае даволі драматычным.
Свабода выяўлення асобы, яе аўтаномнасць ад грамадства і дзяржавы — аснова пратэстанцкай свядомасці краін Паўночнай Еўропы. У гэтым сэнсе фільмы з краін Балтыі, упершыню прадстаўленыя на «Паўночным ззянні», былі зусім іншымі. Найбольш прывабным для ўвасаблення на экране тамтэйшым кінематаграфістам па-ранейшаму здаецца вобраз калектыўнага. Мабыць, толькі ў эстонскім дэтэктыве Кадры Кыўсаар «Маці» гісторыя паказана з гранічна індывідуальнага пункту гледжання.
У ігравым дэбюце знакамітай латвійскай дакументалісткі Лайлы Пакальніні «Світанак» герой абсалютна абагульнены. Фармалістычная чорна-белая карціна адсылае да часоў вялікага кіно і вялікага тэрору. Па-сапраўднаму аўтарскі фільм Пакальніні паказвае, што пакаленне, якое перажыло СССР, дагэтуль спрабуе пазбавіцца агульных таталітарных фобій. Калектыўны герой і ў дакументальнай стужцы «Мурашнік» Уладзіміра Логінава. Дзеянне карціны разгортваецца ў велізарным паркінгу ў адным са спальных раёнаў эстонскай сталіцы. Героі — пераважна рускамоўныя пенсіянеры, якія абслугоўваюць гаражны комплекс. Тэма пераадолення савецкага мінулага ёсць і ў гэтай незвычайна таленавітай карціне. Але ў цэлым «Мурашнік» расказвае пра старасць — і тут фільм стаў кантрапунктам астатняй праграмы фэсту з яе пераважна маладымі і вельмі энергічнымі героямі.
Стужкі з краін Балтыі сталі своеасаблівым мастком паміж карцінамі з Паўночнай Еўропы і беларускім гледачом. Хоць «Паўночнае ззянне» ў трэці раз пацвердзіла, што глабальнага разрыву ў менталітэце і тэмпераменце паміж еўрапейскімі аўтарамі і нашым гледачом не існуе, а беларуская кінааўдыторыя — частка еўрапейскай культурнай прасторы. Спадзяемся, што і айчыннае кіно ў хуткім часе да яе далучыцца.
Антон Сідарэнка